Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— Так, калі я за стырном, дык я — капітан. Па-мойму, гэта зразумела. Мяне клічуць Палямон.
— Я начальнік прыстані горада Гняздо Рыб — Бердыбігей Гурахмалі,— прадставіўся ён, ледзь прыкметна кіўнуў чалмой баклажанавага колеру і грозным тонам прамовіў:
— Які тавар на борце?
Чалма адмыслова была такога яскрава-сіняга, бліскучага колеру, каб яго — начальніка прыстані — здалёку ўсе прыезджыя бачылі.
Бердыбігей Гурахмалі яшчэ са сваёй глінянай хаціны, вокны якой выходзілі на мора, пабачыў, як у бухту ўвайшла чужаземная ладдзя. Ён павесіў на гачок звычайную белую чалму, нацягнуў на лысую галаву чалму колеру баклажана і з ганарлівым выглядам выйшаў на двор. Няўклюдна расстаўляючы пад сваім жыватом кароткія ножкі, ён спусціўся каменнымі сходамі да прыстані.
— Пільнасць нумар адзін! — сказаў ён двум вартаўнікам, якія стаялі леваруч і праваруч ад першай прыступкі сходаў, якія вялі з прыстані ў горад.
Прыстань была маленькая, таму начальнік быў таксама маленькі. He, на выгляд ён быў вялікі — з круглымі шчокамі, мясістым грушападобным носам, з тоўстым, нібы кабачок-пераростак, жыватом і з насунутай на галаву чалмой начальніцкага колеру. А маленькі ён быў паводле рангу. Але на чужаземцаў Бердыбігей Гурахмалі жадаў зрабіць вялікае ўражанне.
— Тавар?.. Ёсць тавар? За тавар трэба плаціць мыту,— начальнік звярнуўся да Палямона на міжнародным кайнэ —
гаворцы, якую ведаюць усе купцы, мараплаўцы, падарожнікі, адукаваныя альбо проста дапытлівыя людзі.
Смешна падскокваючы на караценькіх ножках, начальнік прыстані пачаў хадзіць уздоўж ладдзі і зазіраць за борт.
— Мы не купцы. Тавару няма. Мы рыбакі,— на міжнароднае кайнэ перайшоў і Палямон.
Тым часам Бердыбігей Гурахмалі наблізіўся да ладдзі ўшчыльную.
— Р’ібакі... Р’ібакі...— вымавіў начальнік прыстані на свой манер.— Усе гавораць — р’ібакі... Пр’ёстыя р’ібакі. A потым па ўсім горадзе водар заморскіх духмянаў разносіцца. А вы ведаеце, што нават за адно каліўца духмянаў вялікую мыту заплаціць належыць? — ён прыскокнуў над бортам ладдзі і шмаргануў носам.
За бортам, нахіліўшыся да самай палубы, каб яго не было відаць з берага, хадзіў Санцелямон. У руцэ ён трымаў дрэнна правяленую рыбу. Санцелямон даўно хацеў яе па кавалачках скарміць чайкам, але цяпер гэтая сапсаваная рыба была акурат дарэчы.
Ягоны брат Панцелямон тым часам сядзеў на носе ладдзі і сачыў за начальнікам прыстані. Назіраў, як той смешна скача.
Як толькі Бердыбігей Гурахмалі ў чарговы раз сагнуў у каленках свае таўсцюткія ножкі і прыгатаваўся прыскокнуць, Панцелямон махнуў рукой — даў знак Санцелямону.
— У мяне нос, ведаеце які! Ого-го! Я ўчую нават наймалейшы пах,— начальнік прыстані прыскокнуў і, выцягнуўшы да палубы свой мясісты нос з махнатымі і шырокімі — памерам з добрыя чарнаслівіны — ноздрамі, і моцна пацягнуў у сябе паветра.
Панцелямон у гэты час з іншага боку борта прыпадняў дрэнна правяленую рыбу амаль да самага носа Бердыбігея Гурахмалі.
— Фу-фе-фі...— начальнік прыстані заціснуў нос рукамі, увесь счырванеў, як бурак, надзьмуўся і скрозь заціснуты нос сказаў:
— Так... духмянамі тут і не пахне...
Бердыбігей Гурахмалі адышоў ад ладдзі, пасылаючы ў ейны бок страшныя зіркі. Аднак ён ніяк не хацеў суцішвацца. Уважліва паглядзеў на Алеолу, на Арціна, на Халямона, Панцелямона, і, урэшце, на капітана Палямона, прымружыў адно вока, ад чаго ягоны твар прыняў выраз, які можа быць у чалавека, які ўсіх вакол ва ўсім самым дрэнным падазрае.
— А незвычайныя рэчы ёсць? — рэзка запытаў ён, каб раптоўным пытаннем агаломшыць рыбакоў-кантрабандыстаў, і самому тым часам прасачыць за іх рэакцыяй.
Аднак рэакцыя была зусім не такая, якую Бердыбігей Гурахмалі чакаў.
— Гэта якія? — спакойна перапытаў Палямон.
— Як гэта, якія... чароўныя, магічныя, чарадзейныя.
— Ёсць! — сказаў Палямон.
— Ага... Што гэта? Паказвай! — вочы Бердыбігея Гурахмалі радасна і ў той самы час зласліва ўспыхнулі.
Ён махнуў рукой двум вартаўнікам, якія ахоўвалі ўваход у горад:
— Сюды, хутчэй! Кантрабанда!
Вартаўнікі прыбеглі, спадылба зірнулі на Палямона і скіравалі вастрыё дзідаў у ягоны бок.
— I што ж гэта за чароўныя рэчы? — прыкрым голасам спытаў Бердыбігей Гурахмалі.
— Гэта толькі адна рэч,— прызнаўся Палямон.
— Ну, хоць бы адна,— пацёр ад задавальнення рукі начальнік прыстані.
— Гэта чароўны на смак вугор. Ён прызначаны для хана Ісмірая. Гэта дарунак ад светлаазёрскіх і сінеазёрскіх рыбакоў, а аднясуць яго да вашага хана вось гэтыя хлопец і дзяўчына,— Палямон паказаў на Алеолу і Арціна.
— Наш хан нікога не прымае,— з пачуццём уласнай годнасці сказаў Бердыбігей Гурахмалі.
— Добра, можа быць, і не прымае, але, адкажы, ён есць?
Бердыбігей Гурахмалі зірнуў на чужаземца, вырашыўшы, што той яго падначвае:
— Ну вядома ж, есць. Без ежы чалавек памірае.
— Значыцца, яму могуць перадаць пачастунак ад прадстаўнікоў суседніх краін.
Бердыбігей Гурахмалі трохі задумаўся, а затым сказаў:
— Могуць.
— А цяпер уявіце, што хан Ісмірай загадае прынесці сабе на полудзень наш пачастунак — гэтага вугра з чароўным смакам. А пасля ягоны асабісты дэгустатар пакаштуе — пераканаецца, што страва не атручаная...
— А вугор сапраўды не атручаны? — з падазрэннем спытаў Бердыбігей Гурахмалі.
— Можаце самі ўпэўніцца. Вугор насамрэч не атручаны, але калі вы яго пакаштуеце, тады вы сканаеце.
— Гэта чаму ж?
— Скажыце, ваш Вялікі Хан дазваляе вам... як вас клічуць, прабачце?
— Бердыбігей	Гурахмалі,—	разгублена прамовіў
начальнік прыстані.
— Няўжо Вялікі Хан дазваляе персанальна вам, начальніку прыстані горада Гняздо Рыб, Бердыбігею Гурахмалі, каштаваць яго, ханскія, стравы?
— He, вядома, не...— Бердыбігей Гурахмалі раптам узмакрэў і пачаў азірацца па баках.
— А што Вялікі Хан зробіць з тым, хто без дазволу пакаштуе ягоную страву?
Бердыбігей Гурахмалі збялеў, потым пабарвавеў, потым зноў збялеў, дакладней у яго збялела толькі галава, а шыя засталася чырвонай.
— Вось вы адчуваеце слушна, што зрабіў бы Вялікі Хан з такім чалавекам — адсёк бы яму галаву.
— Мы-гы,— выціснуў з сябе ў знак згоды Бердыбігей Гурахмалі.
— А цяпер падумайце,— працягваў Палямон,— што будзе, калі Вялікі Хан альбо яго асабісты дэгустатар пакаштуе наш падарунак, а замест чароўнага смаку будзе поўная гідкая гадасць? Што ён зробіць, па-вашаму?
— Што-што? — кроў зноў прыліла да галавы начальніка прыстані.
Ён адчуў сябе значна лепей і нават, ухмыльнуўшыся, сказаў:
— Загадае адсекчы галаву паслам рыбакоў. А ўсіх рыбакоў і сінеазёрскіх, і светлаазёрскіх, і жаўтарэчанскіх загадае патапіць. Вось як паступіць наш Вялікі Хан,—
ганарліва сказаў Бердыбігей Гурахмалі і з пафасам дадаў: «Няхай жыве наш Вялікі і Мудры Хан Ісмірай!»
— Няхай жыве Вялікі і Мудры Хан Ісмірай! — гыркнулі ахоўнікі прыстані.
Адразу гыркнулі і ўсе, хто гэта гырканне пачуў.
Апошнімі, паводле знака Палямона, гучна ўсклікнулі: «Няхай Жыве Вялікі і Мудры Хан Ісмірай»,— Халямон, Панцелямон, Алеола, Арцін і сам Палямон.
— Заўважце,— амаль без паўзы працягваў Палямон,— усе гавораць: «Вялікі і Мудры Хан Ісмірай».
Над бухтай зноў пранеслася: «Жыве Вялікі і Мудры Хан Ісмірай!»
— Вось менавіта... Мудры. А мудры кіраўнік, не разабраўшыся, не стане галовы секчы і караблі тапіць. Ён захоча даведацца, па чыёй віне чароўны смак ператварыўся ў гідкі. I хто ж будзе ў гэтым вінаваты?
— Хто? — залыпаў вачыма Бердыбігей Гурахмалі.
— Як хто? — здзівіўся Палямон.— Хіба вы не разумееце?
— He.
— Будзе вінаваты той, хто затрымаў ханскую страву. Бо яна з кожнай хвілінай псуецца.
— I хто яе затрымаў?
— Вы, дарагі і высокашаноўны Бердыбігей Гурахмалі,— ветліва пакланіўся Палямон.
— Дык я яшчэ яе не затрымаў! — усклікнуў начальнік прыстані, пачынаючы разумець, што да чаго.
— Дык вы яе затрымліваеце!
— Ай-ай-ай! — закруціў галавой Бердыбігей Гурахмалі,— што ж рабіць? Хто з вас паслы да Вялікага Хана?
— Вось гэты хлопец і гэтая дзяўчына. Іх клічуць Арцін і Алеола, запомнеце,— сказаў Палямон.
— Ай-ай-ай! — забегаў па прыстані начальнік прыстані.— Хутчэй сыходзьце, мае дарагія Арцін і Алеола, з ладдзі! Каня мне, каня! — закрычаў ён.
Ніхто з вартаўнікоў нават не паварухнуўся.
— Чаго вы стаіце? — рыкаў на ахоўнікаў Бердыбігей Гурахмалі.— Бяжэце па каня! Мігам!
— Выбачайце,— сказаў адзін з вартаўнікоў,— нашага казённага каня вы з раніцы адправілі адвезці сушаныя дулі купцу Фарэнбеку. Ён жыве з іншага боку мыса.
— Конь пакуль не вярнуўся,— дадаў другі вартаўнік.
— Што ж рабіць! Што ж рабіць? — пыхкаў Бердыбігей Гурахмалі.
— Спадар начальнік прыстані...— пачаў першы ахоўнік.
— Ну-у! — надрыўна прароў Бердыбігей Гурахмалі, ад роспачы заломваючы сабе рукі.
— У стадоле застаўся казённы ішак,— працягнуў першы ахоўнік.
Бердыбігей Гурахмалі вытарашчыў вочы і яшчэ гучней закрычаў:
— Ішака мне, ішака!
Ахоўнікі пераглянуліся і абодва, што ёсць духу, пусціліся да дзяржаўнай стадолы.
Начальнік прыстані аддыхаўся і вярнуўся да ладдзі Палямона. Якраз у гэты момант Арцін спускаўся на прыстань па перакінутай цераз борт дошцы. Юнак сабраў свае рэчы ў паходную торбу. Туды ж паклаў і льняны мяшок з вугром.
Бердыбігей Гурахмалі дапамог Арціну сысці, потым дапамог сысці і Алеоле. Яны памахалі рукой Палямону і ягоным сынам, але тыя стаялі, нічога не казалі і не падымалі рук. Толькі Брахіндзей саскочыў з ладдзі, абабег вакол Арціна і Алеолы, паматляў хвастом і гаўкнуў — маўляў, вы куды? Раптам востры нюх сабакі ўчуў пах туфляў Бердыбігея Гурахмалі. Яны былі зробленыя з цвёрдай скуры, зялёныя, з загнутымі ўгару насамі. Брахіндзей рыкнуў на іх, нібы на яшчарак, гучна чхнуў, развярнуўся і зноў заскочыў у ладдзю.
У гэты момант з’явіліся двое вартаўнікоў. Яны вялі ішака — адзін цягнуў яго пад аброць, другі штурхаў ззаду. 3 вялікім намаганнем ішака ўдалося спусціць прыступкамі да начальніка прыстані.
«Ладачка» адчаліла і пачала плаўна аддаляцца ад прыстані. Палямон і ягоныя сыны яшчэ раз зірнулі праз правае плячо на Арціна і Алеолу.
Палямон быў упэўнены, што цяпер з іх новымі сябрамі ў чужым горадзе нічога не здарыцца.
— Да сустрэчы! — крыкнулі рыбакам юнак і дзяўчына.
На ладдзі выпрастаўся жоўта-чырвоны ветразь.
V
ПАКУЛЬ ВУГОР СВЕЖЫ
— У каго... У каго пачастунак для хана? — дрыготкім голасам запытаў Бердыбігей Гурахмалі.