Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка
Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
— Бачыш, уся справа ў тэхніцы кідання дзіды — кашэчая адрозніваецца ад чалавечай, але ўсё-ткі скарыстацца дзідай я магу не горай за цябе.
Вартаўнік зірнуў, як паляцела ягоная дзіда, ды і застыў на месцы ад здзіўлення з шырока адкрытымі вачыма.
— Я пагляджу, ты вельмі марудна разважаеш,— ацаніў яго выраз твару кот.— Але вартаўнік Вялікага Хана павінен кеміць вельмі хутка і прытым свайму камандзіру ён павінен усё неадкладна і дакладна дакладваць. Ты, наагул, можаш неадкладна дакладна дакладваць?
— Неадкладна кладна ладна...— затаптаўся таўстун — ммагу...
— Зразумела... Здаецца, цябе пара звальняць з велікаханскай варты...
— Ну, што ты!
— I няма чаго мне тыкаць, ты на працы,— абурыўся кот Міамурмарор.
— Прабачце, спадар кот. He, не трэба мяне звальняць. Я магу хутка думаць. I хутка дакладваць таксама магу.
— Калі так, дык трэба праверыць.
Рахмадул хацеў было ўстаць з зямлі, але кот сказаў:
— Можаш сядзець. Паўтарай за мной так хутка, як толькі зможаш. I, глядзі, без памылак.
Кот Міамурмарор набраў паветра ў лёгкія і роўным голасам стаў вымуркваць:
Муляр мыў мур мармуровы, Мармур муру быў пурпуровы. Муляр мыў мур мармуровы, Мармур муру быў пурпуровы...
Рахмадул пачаў было паўтараць за катом, аднак чалавеку паўтарыць каціную прымаўку без памылак практычна немагчыма. Таўстун збіваўся, збіваўся, а потым у яго стала атрымлівацца адно толькі мур-мур-мур... Ён пачаў дзюбаць носам, а вочы самі сабою заплюшчыліся. Тоўсты вартаўнік падціснуў ногі ў бліскучых чорных ботах да жывата і замармытаў: мур-мур-мур...
Алеола пачула салодкае пасопванне і наблізілася да KaMena. Акурат у гэты момант на каменным выступе набралася сляза. Яна адарвалася і паляцела ў каменную выбоінку. Алеола падставіла свой напарстак, злавіла слязу каменя і хуценька зашмаравала напарстак воскам.
У гэты ж самы час па садзе гуляў бела-чорны, мармуровы дог хана Файран — вялікі сабака з ганарлівай паставай. Яму было вельмі шкада свайго любімага гаспадара, таму дог таксама ўвесь час сумаваў. Раптам ягоны востры нюх улавіў пах ката, і Файран з усіх ног кінуўся да каменя. Ён бег, грозна брэшучы нізкім басам — боў-боў! — як брэшуць вялікія сабакі, а ягоныя вушы ўзмахвалі, як крылы.
Заўважыўшы ката, дог скокнуў на яго, але Міамурмарор ліха выкруціўся і імгненна ўзлез на верхавіну дрэва.
Ад усёй гэтай сумятні прачнуўся вартаўнік Рахмадул. Ён вызірнуў з-за акацыі і пабачыў каля каменя Алеолу.
— Ага! — падбег ён да дзяўчыны і моцна схапіў яе за руку.
Добра, што Алеола яшчэ імгненне назад паспела схаваць напарстак са слязой каменя ў кішэню.
— Вось і трапілася! Хацела да каменя прайсці! He дазваляецца. Толькі Вялікі Хан можа тут знаходзіцца. А за тое, што ты парушыла жалобу каменя, цябе чакае смерць.
Моцна, як жалезнымі абцугамі, трымаючы Алеолу за руку, Рахмадул павёў яе ў ханскі палац. I колькі яна ні вырывалася, колькі ні ўпрошвала адпусціць яе, вартаўнік быў няўмольны.
Ен заўважыў Вялікага Хана, які стаяў каля бірузовага фантана.
— О, Вялікі Хан Ісмірай,— здалёк прамовіў Рахмадул і прыкленчыў, пацягнуўшы за руку Алеолу, каб тая таксама апусцілася на калені,— не глядзі на яго,— прашаптаў ёй Рахмадул, а ўголас прамовіў: — гэтая дзёрзкая дзяўчына спарушыла жалобу слёзнага каменя.
— Вялікі Хан! — пачала Алеола,— мне трэба вызваліць ад чараў віцязя Арціна, а пасля гэтага мы зможам вызваліць з вязніцы Паляндры ўсіх людзей, якіх яна забрала з сабою... і вашу каханую. Калі ласка, адпусцеце мяне.
— Шмат людзей хацелі б пабачыць гэты незвычайны камень, набраць сабе ягоных слёз у якасці талісмана. Але хіба можна рабіць з гора і жалобы відовішча, атракцыён, каб чэргі разявак цягнуліся да яго? — роўным, але поўным горычы голасам спытаў Вялікі Хан Ісмірай.— Я выдаў указ: таму, хто наблізіцца да каменя, адсякуць галаву.
— Ну, як жа вы не разумееце? Мы ж вернем вам вашу каханую...
— О, калі б гэта было так проста... Некалькі маіх віцязяў ужо адпраўляліся на пошукі Паляндры, каб вызваліць Джайміну. I ніхто з тых часоў пра іх нічога не чуў. Я і сам хацеў ісці яе вызваляць, але мае падданыя мяне не адпусцілі, бо ім патрэбны Вялікі Хан. Я павінен быць тут, разумееце?
— Мы з Арцінам і мастаком Дроздзічам зможам!
— Але да майго найглыбокага шкадавання, я не маю права парушаць закон,— холадна сказаў Ісмірай.— Адвядзеце яе да слуг, хай пераапрануць. I перадайце кату, каб лепей навастрыў сваю сякеру.
Алеолу адвялі ў далёкі пакой-вязніцу.
— А як жа вы будзеце мяне пераапранаць, калі тут так цёмна? — запытала ў ханскіх прыслужніц Алеола.
— Мы запалім лямпы.
— А ў мяне акурат адна з сабою.
— Мы і тваю запалім,— сказалі прыслужніцы.— Можаш палюбавацца на вясёлы агеньчык, пакуль у цябе яшчэ ёсць час.
Прыслужніцы, усе ў чорнай вопратцы, выглядалі дужа змрочнымі. Яны, як і хан, насілі жалобу. Хоць і адчувалася, што такая доўгая жалоба была ім зацяжкая.
Як толькі лямпа Алеолы загарэлася, па вязніцы распаўсюдзіўся прыемны водар ядвабнічнага алею. Напачатку прыслужніцы сталі ўсміхацца, потым хіхікаць, пасля і хохокаць, і хахакаць.
— Вы што, таго? — у вязніцу зазірнуў Рахмадул. Ён стаяў знадворку, побач з дзвярыма і ахоўваў памяшканне. Але як толькі ён павёў носам, таксама засмяяўся, нават загагокаў, затуляючы рот дзвюма далонямі.
Хан Ісмірай сядзеў каля фантана, падобнага да вялікай яловай шышкі, з якой тонкімі струменьчыкамі біла крыштальна чыстая вада. Ля ног хана ляжаў ягоны любімы дог Файран. Сабака ўчуў пах араматычнага алею, які праз адчыненыя дзверы вязніцы пранік у сад. Файран па-сабачы шыро-
ка ўсміхнуўся, высунуў язык, і, размахваючы ім, гучна захыкаў — гэта ён так па-свойму засмяяўся.
— Што з табой? — нахмурыў бровы хан Ісмірай.
Файран толькі заматляў хвастом.
— Даўно я не бачыў цябе вясёлым...
I раптам хан пачуў смех, які ішоў з вязніцы. Ісмірай хуткім крокам пайшоў да яе, а за ім, весела падскокваючы, пабег Файран.
— He карай нас, Вялікі Хан, злітуйся,— прыслужніцы і вартаўнік Рахмадул упалі на калені перад ханам.— Гэтая слаўная дзяўчына прынесла нам столькі вясёлых хі-хі-хі хвілін. Мы проста не змаглі стрымацца. Яна падаравала нам радасць. Мы просім, калі ласка, адпусцеце яе з мірам.
Хан Ісмірай пачуў прыемны водар, які струменіўся ад лямпы Алеолы, але ягонае гора было нагэтулькі моцным, што ён не стаў ні смяяцца, ні нават усміхацца. Хоць і адчуў, што на душы ў яго стала трохі лягчэй і на сэрцы мякчэй. I яшчэ ён зразумеў, якім цяжарам ляжыць яго жалоба на плячах ягоных верных падданых. Яны перажываюць за яго і самі не могуць жыць паўнавартасным жыццём.
— Адпусцеце яе,— узмаліўся Рахмадул і так панік галавой, што ягоны шалом з’ехаў яму на вочы.
I нават дог Файран на хвіліну прыўстаў на заднія лапы і пачаў ківаць сваёй вялікай выцягнутай мысай.
— Адпусцеце мяне,— папрасіла Алеола, я падару вам гэтую лямпу і алей таксама. 3 яго можна рабіць чароўную парфуму. Калі жыхаркі горада будуць ёй карыстацца, у іх сем’ях ніколі не будзе разладу.
— Я і сам рады адпусціць цябе,— сказаў хан Ісмірай,— але калі я сам пачну парушаць закон, гэта будзе беззаконне.— Ён задумаўся.— Можа, настаў час унесці ў закон некаторыя папраўкі? Але гэта нялёгка. Трэба арганізоўваць дыспут, на які, паводле правілаў, неабходна запрасіць двух мудрацоў. I галоўная ўмова: мудрацы мусяць быць не з нашага горада, каб на іх не ўплывалі мае візіры. Вось гэтыя мудрацы ў спрэчцы і павінны вырашыць, ці можна дзеля такога выпадку ўнесці ў закон некаторыя змены, ці не.
IX
ВЯЛІКІ ВЕЛІКАХАНСКІ ДЫСПУТ
Хан Ісмірай адправіў ганцоў-спавеснікаў ва ўсе канцы краіны, па ўсім паўвостраве, і ў суседнія землі. Ганцыспавеснікі павінны былі паведаміць, што Вялікі Хан Дарвіцкага Ханства запрашае прыняць удзел у дыспуце двух найвялікшых мудрацоў
А мудрыя людзі разумелі, што выступаць на заканадаўчым дыспуце — вялікая адказнасць, таму замест таго, каб адразу ж ісці ў ханскі палац, пачыналі рашаць галаваломкі і разгадваць загадкі — трэніраваць свой розум. Але на гэта шмат трацілася часу, і аднаго дня да паездкі ў ханскі палац мудрацы паступова пачыналі ставіцца пафіласофску: «Яшчэ будуць дыспуты, яшчэ паспеем падыспутаваць».
А людзі, якія ўважалі сябе за мудрых, але насамрэч такімі не былі, адразу падхопліваліся, каб адправіцца ў горад Палац Садоў. Ханскія ганцы-спавеснікі астуджалі запал гэтакіх самазванцаў — задавалі ім тры загадкі.
Першая загадка была такая:
Дзве галавы, кожная з жыватом, Шэсць ног, але з адным хвастом.
Што гэта?
Другая гучала так:
Еду, еду, Hi дарогі, ні следу...
Што гэта?
А замест трэцяй загадкі ганцы-спавеснікі задавалі ўсяго толькі адно пытанне: «Як вы ўважаеце сябе за мудраца, дык над чым цяпер думаеце?»
I калі такія «мудрацы» не маглі слушна адказаць хоць бы на адну з трох загадак, ханскія спавеснікі ім кланяліся і казалі:
— Выбачайце, але ў палац патрабуецца мудрэц трошкі іншага складу розуму.— I скакалі далей.
Адбор быў найсуровейшы, таму кандыдатаў на ўдзел у дыспуце доўга не маглі знайсці. Асабліва цяжка было падабраць другога.
Першым у палац хана Ісмірая завітаў кіраўнік Пячорнага Горада Абдурахмон Улюкбабай. Дабірацца да горада Палац Садоў яму было бліжэй за ўсіх іншых дыспутантаў — спусціўся з гары і ты ўжо ў палацы хана. У Пячорным Горадзе неўзабаве таксама павінен быў адбыцца дыспут, таму Абдурахмон Улюкбабай хацеў паразмінацца ў мудрагельстве. На загадкі ён адказаў злёту і цяпер, ухмыляючыся сабе ў бараду, расхаджваў па ханскім палацы, чакаючы, калі яму прадставяць ягонага спаборніка.
Нарэшце ў ханскі палац прывялі маленькага росту, вузкавокага і вельмі вусатага заморскага госця.
— Вялікі Хан, гэты малы кажа, што ён вандроўны мудрэц,— прашаптаў адзін ганец-спавеснік.
— На дзве нашыя загадкі ён быццам бы адказаў.
— Няўжо? Гэты замежнік? Вы нічога не пераблыталі? Вы сапраўды загадвалі абраныя намі загадкі? — спытаў Вялікі Хан.
— Так,— адказаў першы.— Я хутка прамовіў:
Дзве галавы, кожная з жыватом, Шэсць ног, але з адным хвастом.
Што гэта?
I мудрэц, амаль не задумваючыся, адказаў, што гэта, прабачце, я.
— Як гэта ты? — здзівіўся Вялікі Хан.— Гэта ж няслушны адказ!
— Ну, я пытаўся ў яго, седзячы на кані. А значыць, гэта быў слушны адказ, бо слушны адказ на гэтую загадку — вершнік.