Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка
Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
— Добра, а што з другой загадкай?
— Другую загадку задаваў я,— пачаў апавядаць другі ханскі спавеснік,— Гэта было так. Я яму сказаў:
Еду, еду,
Hi дарогі, ні следу...
He паспеў я дагаварыць да канца, як заморскі купец абурыўся, навошта, маўляў, я яго ашукваю. Я здзівіўся, чаму гэта я яго ашукваю. А ён адказаў, што я яго ашукваю, бо
еду на кані, а ад майго каня застаецца і след, і, апроч таго, я добра бачу дарогу, якой еду. I наагул, гаворыць ён, калі вы мне хочаце задаць гэтую загадку, дык запрасіце на прыстань, устаньце на ладдзю — вось тады і задавайце.
— Пачакай, дык ён адгадаў другую загадку ці не? — у хана пачынала заканчвацца трыванне.
— Якраз гэтага я і не разумею... 3 аднаго боку — не, бо ён наўпрост нічога не сказаў, а з іншага боку — адгадаў, бо адказ на гэтую загадку — «човен» альбо «карабель». I калі б я загадаў яе на караблі, то ён бы яе тады адгадаў, а я быў конна, таму ён і абвясціў, што я яго ашукваю...
— Так, гэта мудры чалавек, адразу відаць. Ён не толькі знайшоў правільны адказ, але і вас у тупік сваімі адказамі паставіў,— адзначыў Вялікі Хан.— Ну, добра, а што наконт трэцяй загадкі, дакладней пытання?
— Калі я задаў яму трэцяе пытанне,— зноў загаварыў першы ганец-спавеснік,— дык ён заявіў, што адкажа толькі вам асабіста. I, апроч таго, сам задаў нам сустрэчную і, кажа, найболып простую загадку, акурат пра нашую службу...
— Найбольш простую? Ану, загадайце яе мне,— папрасіў хан Ісмірай.
— Вось яна,— прамовіў другі спавеснік, я яе слова ў слова запомніў:
Мы скакалі цэлы дзень I зямны спаткалі цень.
Што гэта?
Хан задумаўся, а потым сказаў:
— Так, добрая загадка... Я, вядома, ведаю адказ. Але мне цікава паслухаць, як гэты заморскі госць будзе сам на яе адказваць. Вядзіце яго да мяне.
Заморскі госць быў шчыльна захутаны ў жоўты халат, такі доўгі, што цягнуўся па зямлі, на нагах у чалавечка былі вялікія жоўтыя батфорты, на руках — жоўтыя скураныя пальчаткі, а на галаве — ядвабная жоўтая чалма, насунутая на самыя бровы.
— Вось,— сказалі ханскія спавеснікі,— гэты спадар кажа, што ён вандроўны мудрэц. I ў нашых краях праездам з Сіамуня.
— Т’як, т’як,— з замежнай вымовай пацвердзіў сказанае чалавечак і пакланіўся хану,— я в’яндроўні муньдрэйц Міамунямунь са далёкай караіны Сіамунь.
Хан Ісмірай сядзеў на троне пасярод шырокага пляца перад сваім палацам. Праваруч ад трона, пры стале, сядзеў Галоўны Візір з паперай і пяром, побач з ім пры сваіх сталах яшчэ тры візіры: Першы, Другі і Трэці, а леваруч, пад аховай, стаяла Алеола. Над ейнай галавой два бамбізывартаўнікі скрыжавалі вострыя дзіды. Па краях пляца на лавачках з парусінавымі брылямі, каб сонца не сляпіла вочы, сядзелі падданыя хана — шаноўная публіка.
На сярэдзіну пляца тварам да хана, паўбокам да галоўнага візіра і да ўсіх астатніх гледачоў выйшаў, трымаючы ганарлівую паставу, Абдурахмон Улюкбабай і пакланіўся.
— Тое, што Абдурахмон Улюкбабай — мудрэц,— зычна вымавіў хан Ісмірай,— ведаюць усе.
Абдурахмон Улюкбабай важна, як паўлін, задраў галаву на тонкай шыі і абвёў позіркам усіх гледачоў. I яшчэ раз пакланіўся.
Затым наперад выйшаў вандроўны мудрэц Міамунямунь.
— Хвала ньебу, сто сёнуня пагодн’і д’ень. Нічыйго не буд’е мьешат шаноўн’ім людьям, слюхат, бачыт мяне і ўдумватыс’я ў мае слёвы... я в’яндроўн’і муньдрэйц Міамунямунь са далёкай караіны Сіамунь,— ён таксама пакланіўся.
Як толькі заморскі госць пачаў сваю вітальную прамову, дог Файран ні з таго ні з сяго дужа занерваваўся. Ён памкнуўся быў «боўкнуць» сваім басам — ужо і паветра ў лёгкія набраў, і рот разявіў — але Алеола, якую дог моцна палюбіў, ласкава зірнула на яго, і Файран супакоіўся, прысеў на заднія лапы, ледзь не закусіўшы сабе верхнюю губу.
Хан Ісмірай шапнуў штосьці на вуха свайму Галоўнаму Візіру, і той звярнуўся да заморскага мудраца:
— Калі вы насамрэч мудрэц, дык вам не будзе вялікай цяжкасці адказаць на адну маленькую загадку.
— Калі ляска...— прыслухаўся Міамунямунь.
Візір выразна, каб усе на пляцы маглі пачуць, вымавіў:
Мы скакалі цэлы дзень I зямны спаткалі цень.
Што гэта?
Гледачы прыціхлі — задумаліся.
— Я мяркую,— не міргнуўшы вокам, сказаў Міамунямунь, што гэта — ноч.
Публіка загудзела, пачуліся воклічы:
— Але ж слушна...
— Сапраўды!
— Нічога сабе...
Хан Ісмірай усміхнуўся — яму спадабалася, што заморскі мудрэц і выгляду не падаў, што гэта ягоная ўласная загадка.
— Гэта была адна з найбольш простых загадак,— паўтарыў хан словы, якія яму перадаў ганец-спавеснік.
А тыя гледачы, якія не ведалі адказу, падумалі пра сябе: «Які мудры ў нас Вялікі Хан, калі такая загадка яму падаецца адной з найбольш простых».
— А чаму вы завеце сябе мудрацом? Над чым вы цяпер думаеце? — хітра запытаў візір.
— Цяпер я думаю над вашым пытаннем,— спакойна адказаў Міамунямунь.
— Слушна! — са здзіўленнем адзначыў Галоўны Візір.
— Так-так, відаць, што вы разумны чалавек,— сказаў хан Ісмірай.— Але ўмець адгадваць загадкі — гэта яшчэ не значыць быць мудрацом. Зараз мне хацелася б даведацца, якую вялікую праблему вы перад сабой паставілі і спрабуеце вырашыць?
Вандроўны мудрэц яшчэ раз пачціва пакланіўся хану, потым усім гледачам і ўжо не з такой моцнай замежнай вымовай стаў апавядаць:
— Я хачу абысці ўвесь зямны шар услед за сонцам, паглядзець, як людзі і звяры жывуць, і пры гэтым падумаць: што магло б змяніцца, калі б сонца аднойчы ўстала на захадзе, а села на ўсходзе? Здаецца, нічога не павінна змяніцца. Зноў будзе такі ж дзень і такая ж ноч, усе так і будуць жыць у сваіх дамах. Падумаеш, сонца будзе перамяшчацца
ў іншым кірунку. Але нешта, пэўна ж, зменіцца. Можа быць, у нас саміх?
Усе людзі на пляцы задумаліся. Абдурахмон Улюкбабай ледзь ссунуў наперад сваю чалму і пачаў чухаць патыліцу.
— Так, сапраўды, цікавая праблема,— пагадзіўся хан Ісмірай,— над ёй можа разважаць толькі сапраўдны мудрэц!
— Прабачце, Ваша Вялікасць, дазвольце мне сказаць,— Абдурахмон Улюкбабай пакланіўся хану Ісміраю.
— Калі ласка.
— Ва ўсёй пастаноўцы гэтай праблемы ёсць адна асноўная і вельмі прынцыповая памылка. А менавіта — наша Зямля — не шар. Вось паглядзеце,— Абдурахмон Улюкбабай дастаў з кішэні халата апельсін,— калі б наша зямля была шарам, як заяўляе паважаны Міанямням...
— Міамунямунь,— ветліва выправіў яго заморскі мудрэц.
— Дык вось, калі Зямля — гэта шар, то паўсюль павінна быць горка, такі круглы ўзгорак. Як на апельсіне, разумееце? А цяпер возьмем каменьчык,— Абдурахмон Улюкбабай падняў з зямлі невялікі круглы каменьчык і паклаў на паверхню апельсіна. Каменьчык умомант скаціўся з «апельсінавай горкі».— Вось, бачыце, калі Зямля была б шарам, то і мы маглі б у кожным месцы Зямлі, вядома, досыць адкрытым, паставіць вазок і скаціць яго з круглай горкі. I нават без коней. I ехалі б далёка-далёка... Куды нам заманецца,— Абдурахмон Улюкбабай зноў з важным выглядам абвёў позіркам гледачоў.— Але ж у нашым жыцці падобнага не адбываецца! Нам патрэбныя коні!
— Так! Так! — загаманілі гледачы і запляскалі ў ладкі.
— 3 гэтага выходзіць, што зямля зусім не круглая горка, а пляскатая раўніна! — падагульніў Абдурахмон Улюкбабай.
— Што вы на гэта скажаце? — спытаў хан Ісмірай у заморскага мудраца.
— У якім-небудзь асобна ўзятым месцы зямля сапраўды пляскатая.
— Вы гэта прызнаеце? — удакладніў візір.
— Так, прызнаю...
На гэтых словах Галоўны Візір шырока ўзмахнуў чорнабелым гусіным пяром, патрос ім у паветры, затым накрэсліў нешта на паперы і абвясціў:
— Адзін-нуль на карысць Абдурахмона Улюкбабая.
— Пачакайце,— звярнуўся да ўсіх прысутных заморскі мудрэц.— Тое, што Зямля — шар, на самой зямлі не так добра відаць. А вось на вадзе, на моры, можна заўважыць. Ці вы не бачылі, што караблі, як быццам апускаюцца за далягляд? I шчоглы са сцяжкамі знікаюць за краем вады?
— Так! Так! — зноў загаманілі гледачы.
— Значыць, па-вашаму,— умяшаўся Абдурахмон Улюкбабай,— вада круглая, а зямля пляскатая?
— Некаторым чынам можна і так сказаць,— заморскі мудрэц узяў са стала візіра слоічак з вадой — візір ёй разводзіў атрамант.
Міамунямунь кінуў у слоічак трэсачку, затым нахіліў — вада разам з ёю вылілася і ў паветры ператварылася ў круглую кроплю, у сярэдзіне якой была тая трэсачка.— Вось, гэтаксама, як трэска ў кроплі, так і зямная суша знаходзіцца ў сярэдзіне круглай вады. Усе выспы і кантыненты.
— О-о,— працягнулі зацікаўленыя гледачы.
— Ну, дапусцім... выкажам, эээ, так бы мовіць дапушчэнне, што гэта... мм... магчыма, магчыма,— прамямліў Абдурахмон Улюкбабай.
Галоўны Візір зноў шырока ўзмахнуў пяром і накрэсліў нешта на паперы.
— Нічыя: адзін-адзін,— абвясціў ён.
Усе вакол, нават хан Ісмірай, запляскалі ў ладкі.
— I калі мараплавец,— працягваў заморскі мудрэц,— паплыве ў адзін бок і ўвесь час будзе доўга плыць у адзін і той самы бок, не змяняючы курсу, то прыплыве дамоў са зваротнага боку мора-акіяна...
— Добра,— умяшаўся ў спрэчку мудрацоў хан Ісмірай,— пакінем гэтую тэму да таго часу, пакуль да нас не завітае такі мараплавец. А зараз, паважаныя мудрацы, пяройдзем непасрэдна да нашай справы. Паслухайце ўважліва. У свой час я даў слова і выдаў указ, які стаў законам, што той, хто спарушыць спакой і жалобу слёзнага каменя, будзе прысуджаны да смяротнай кары праз адсячэнне галавы! Спарушыла спакой і жалобу слёзнага каменя вось гэтая яснапанна Алеола. Яна сама прызнала сваю віну. I ў нас нават ёсць сведкі ейнага злачынства. Але вось у чым праблема — мае падданыя просяць яе адпусціць. Яна ім спадабалася, і яшчэ яснапанна абяцала падараваць нам чароўны алей, з якога можна зрабіць вельмі патрэбныя людзям парфумы. А паколькі ўказы, якія становяцца законам, я выдаю для сваіх жа падданых, то іх просьбу я абавязкова павінен разгледзець. Пытанне да вас, паважаныя мудрацы, як быць? Разважце.
— Я думаю так,— пачаў Абдурахмон Улюкбабай,— амаль год таму на дыспуце ў сваім родным горадзе я давёў, што чалавек кіруе ўласнай думкай. Ён сам яе стварае. Калі вы, Ваша Вялікасць, стварылі гэтую думку, значыць, яна была неабходная. Як яна стала вашым словам, значыць, яна здабыла сілу, як кажуць — стала «жалезным словам». Калі яна — ваша думка — стала ўказам, значыць, стала магутнай, цвёрдай, непахіснай. А як яна стала законам — значыць, стала ўладнай, непераможнай, неабвяргальнай. I зараз уласнымі сумненнямі вы можаце яе паслабіць, а гэта недапушчальна! Чалавек, які аднойчы падвергне сумневу сваю думку, затым другі раз, потым трэці, пасля заўсёды будзе ствараць у сабе сумнеўныя думкі, можа, і сам стаць вельмі сумнеўным суб’ектам...