• Газеты, часопісы і г.д.
  • Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

    Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

    Аповесць легендарных часоў
    Серж Мінскевіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 2013
    60.96 МБ
    — Адпусцеце нас,— узмалілася верхаводзіна,— мы вам чым хочаце паклянёмся, што не будзем болын нікога рабаваць, прадаваць...
    — Яшчэ разок вам нагадваю,— сказала Алеола,— вы самі пахваляліся, што ніколі не трымаеце сваё слова. Як жа вам можна верыць? — Яна забрала ў верхаводзіны свой збанок з чароўным алеем.— Мы аддамо вас мясцоваму князю, ён і вырашыць, што з вамі рабіць.
    — He трэба, калі ласка! Князь пакляўся нас на ўсё жыццё пасадзіць у сутарэнне свайго замка.
    XII
    ЖЫЦЦЁВАЯ ПАЗІЦЫЯ СТРЫЕЧНАГА БРАТА
    Вечар заліў неба шэрым колерам. Сябры-кампаньёны вывелі палонных ліхадзеяў на паляну побач з зямлянкай. Арцін і Бедалай расклалі вогнішча, каб прыгатаваць ежу і пагрэцца.
    — Вой, што гэта? — усклікнула Алеола.
    Яна паказала на цёмны лес. Там, паміж дрэвамі, свяціліся два круглыя жоўценькія агеньчыкі.
    — Здароў, здароў! — павітаў жоўценькія агеньчыкі кот Міамурмарор.
    — Здароў, здароў усім! — На паляну выйшаў вялікі чорны кот. Ён быў нават большы за ката Міамурмарора.
    — Варгін! — пазналі яго Алеола і Арцін.
    — Так, я кот Варгін, разумны і мудракемны.
    Кот Міамурмарор выгнуў спіну, падняў хвост трубой, выйшаў насустрач Варгіну і з дакорам сказаў:
    — I як не сорамна жыць у злыдняў!
    — Я ў іх не жыву, а толькі прыходжу да іх...— варкатлівым голасам адказаў кот Варгін.— Гэта вельмі... Гэта вельмі, нават вельмі-вельмі...
    — Што вельмі-вельмі? — запытаў кот Міамурмарор.
    — Вельмі добра, што я цябе сустрэў, мой стрыечны братка. Ім засталося ўсяго дзве ночы для поўнай прачысткі, але мы з табой управімся за адну.
    — Ты пра што, Варгін, кажаш?
    — Зараз усё дазнаешся. Трэба толькі, каб людзі спаць улягліся. Давай памуркочам.
    Каты гаварылі на кацінай мове, і з боку выглядала, што яны мяўкаюць на розныя лады.
    — Вось разышліся,— пазяхнуў Бедалай.
    А калі каты пачалі паціху муркатаць, людзі леглі на скуры поруч з вогнішчам і паснулі. Праз сон ім здавалася, што яны чуюць нейкую хуткамоўку. Нешта накшталт:
    Муляр мыў мур мармуровы, Мармур муру быў пурпуровы. Муляр мыў мур мармуровы, Мармур муру быў пурпуровы.
    — А цяпер,— сказаў кот Варгін,— падпаўзем да верхаводы і верхаводзіны. Толькі для іх трэба не муркатаць, a буркатаць. Запамінай:
    Збрыдзі, бяда, Бруд і брыда. Збрыдзі, бяда, Бруд і брыда.
    Запомніў? Зараз ты будзеш буркатаць на вуха верхаводзіне, а я — верхаводу. Распачнем.
    Каты разам узяліся хутка-хутка паўтараць гэтыя словы, і адразу з вушэй і наздрынаў верхаводзіны і верхаводы пачалі
    высоўвацца мыскі з мігатлівымі вачыма жабаў, вужакаў, мышэй. Паказалі свае вусы прусакі. А каты ўсё буркаталі і буркаталі. I вось адна жаба не вытрымала і выскачыла з вуха верхаводзіны, за ёй — другая, з наздрыны верхаводы выпаўз вужака. I тут пачалося — з вушэй, рота і ноздраў верхаводы і верхаводзіны палезлі жукі, п’яўкі, ракі хвастом наперад. Варгін спрытна махнуў лапай і падчапіў за хвост мышку, якая толькі што вылезла з вуха верхаводы. Кот Міамурмарор прымружыў вочы.
    — Ты гэта чаго? — спытаў Варгін у свайго стрыечнага брата.
    — Я думаў, ты яе зараз з’ясі.
    — Што ж табе там пра мяне напляткарылі... Гэй ты,— звярнуўся ён да мышы,— ты не будзеш болей жыць у галовах гэтых людзей?
    — He, не буду,— віскнула мыш, боўтаючыся на сваім хвастку.
    — Ну вось і добра,— сказаў кот Варгін і апусціў яе на зямлю.— Бяжы ў лес — там табе месца хопіць.
    — Ах, якое раздолле! — усклікнула мыш.
    — Вядома, раздолле. А ў галаве злыдня жыць — тое ж самае, што ў вязніцы!
    — Я ж не ведала, што на зямлі так добра! Мы, мышы, заводзімся там, дзе пустка. Але дарма ты нас патурбаваў, Варгіне, гэтыя злыдні нідзе ніколі не вучыліся, у галаве ў іх поўная пустэча. Так што там зноў завядуцца мышы, а таксама жабы, жукі, мухі, прусакі. Фу!
    — Як толькі ў іх у галаве з’явяцца добрыя думкі — ніхто не завядзецца,— запэўніў мыш кот Варгін.— Ім яснапанна Алеола дапаможа.
    — Вой, як тут добра! — не магла нацешыцца мыш і сама рабілася ад гэтага дабрэйшай, нават поўстка яе з брудна-шарай ператварылася ў белую.— Я табе, Варгін, за тое, што ты мяне вызваліў, чаго-небудзь ядомага прынясу.
    — Дзякуй, вужака ўжо каўбасы абяцаў прыцягнуць.
    I сапраўды, вызваленыя з галоваў злыдняў істоты праз некаторы час вярталіся і прыносілі пачастункі — хто смятанку, хто малачко, хтосьці вяндліну, хтосьці сыр — ад гэтага кот Міамурмарор вельмі ўзрадаваўся. Каты-браты арганізавалі вялікую бяседу з гутаркай да самае раніцы. I наеліся ад пуза.
    — Так... Зараз я разумею, чаму ты такі тоўсты,— сказаў Міамурмарор свайму брату,— а то ж пляткараць, што тых мышэй, мух, прусакоў, гадасць усялякую ты з галоваў злыдняў адмыслова выбаўляеш і ясі.
    — Шмат па зямлі чутак ходзіць. Пакуль сам не пабачыш — не рабі высноваў.
    Перад тым, як класціся спаць, яны яшчэ раз прабуркацелі на вуха злыдням.
    Збрыдзі, бяда, Бруд і брыда. Збрыдзі, бяда, Бруд і брыда.
    3 рота верхаводзіны выпаўз слімак, а верхаводы — станожка.
    — Ну што, нікога там не засталося? — сувора спытаў кот Варгін.
    — He, больш нікога — чыстыя галовы,— тонкім галаском сказала станожка і, перастаўляючы сто сваіх ножак, папаўзла прочкі.
    А слімак пачаў поўзаць вакол вуха верхаводзіны, не разумеючы, дзе ён. Варгін акуратна ўзяў беднага слімака лапай і перасадзіў на яблык.
    Слімак ажно засвяціўся ад шчасця.
    — Ну, выдатна, зараз, братка, і паспаць можна,— пазяхнуў кот Варгін.
    — Пра-а-авільна,— таксама позехам пагадзіўся кот Міамурмарор.
    Наступным днём катоў абудзіла Алеола.
    — Колькі можна спаць? Ужо час полудня, а вы ўсё спіцё і спіцё. Будзеце есці? Я смачны суп зварыла.
    — He, дзякуем,— адказалі каты,— мы і так сытыя.
    — Сытыя? Вы што, у сне палуднуеце? — здзівілася Алеола.
    Тады кот Міамурмарор апавёў, чым яны ўначы з Варгінам займаліся.
    — Праўда, праўда,— пацвердзіў кот Варгін.— Цяпер верхавода са сваёй верхаводзінай зусім не злыдні і не ліхадзеі, а нармальныя людзі. Толькі трэба, каб у іх чыстых галовах добрыя думкі завяліся. Адкаркуй, Алеола, збаночак з чароўным алеем. Мінулым разам ад гэтага паху ў іх узнікала злараднасць, бо іх галовы былі не тым, чым трэба, забітыя. Зараз усё будзе інакш.
    Алеола адкаркавала збанок з чароўным алеем, дала панюхаць верхаводу і верхаводзіне. Яны шчыра ўсміхнуліся і задумаліся.
    — Як я люблю нашую рэчку,— раптам сказаў верхавода.
    — А я як люблю нашую рэчку,— прамовіла верхаводзіна.
    — Давай пераправу наладзім, паставім паром,— пачаў разважаць уголас верхавода.— Тут жа найзручнейшае месца. Людзям будзем дапамагаць.
    — I яшчэ пабудуем дыхтоўную хату. Падарожнікі за пераправу будуць нам плаціць. 3 гэтага і жыць будзем.
    — Слушна, мая любая, слушна,— ласкава сказаў верхавода і цмокнуў сваю верхаводзіну ў шчаку.
    Алеола, Арцін і Бедалай дужа здзівіліся такім пераменам у злыднях. А кот Міамурмарор — не дужа, бо ён ведаў, што яго стрыечны брат, кот Варгін, вельмі разумны, і ўжо калі ён нешта сказаў — гэтак яно і будзе.
    Арцін і Бедалай развязалі былых злыдняў, а Алеола пачаставала іх супам.
    — Дзякуй за вашую дабрыню,— сказалі былыя злыдніліхадзеі.— А мы вам за гэта падорым неабходныя ў дарозе рэчы.
    Былы верхавода ліхадзеяў спусціўся ў зямлянку і прынёс чатыры пары дзіўнага абутку — нейкія шырокія лапці, абвязаныя рыбінымі пухірамі.
    — Гэта вадаступы. Абуеце іх і можаце спакойна па вадзе хадзіць,— патлумачыў былы верхавода ліхадзеяў.
    — Нага правальваецца ў ваду сама найбольшае — па шчыкалатку,— сказала былая верхаводзіна ліхадзеяў,— бярэце, яны вам спатрэбяцца.
    — Дзякуй, удружылі вы нам, удружылі,— Арцін узяў вадаступы.— Гэта акурат тое, што нам трэба, каб перайсці Чорнае Балота.
    — Да пабачэння! — разам сказалі былыя злыдні-ліхадзеі.
    Яны яшчэ раз падзякавалі ўсім і адправіліся да ракі наладжваць сваё новае жыццё.
    — I мне пара,— кот Варгін пацягнуўся,— прыемна было з вамі пабачыцца.
    — Хіба ты не пойдзеш з намі да Паляндры? — спытаў кот Міамурмарор.
    — Занадта шмат гонару гэтай Паляндрусе, каб столькі смельчакоў і разумнікаў адначасна да яе хадзілі. Вы і без мяне ўправіцеся. Мне яшчэ вунь колькім злыдням трэба мазгі прачысціць.
    — Шаноўны Варгінчык,— звярнулася Алеола,— а ты выпадкова не ведаеш, дзе нам мастака Дроздзіча знайсці?
    Кот Варгін на хвілінку задумаўся.
    — Я чуў ад варон, што тры дні таму яго бачылі на шляху каля Новага Мястэчка. Ён ішоў якраз на поўдзень, у кірунку Чорнага Балота.
    — Выдатна! — усклікнуў Арцін.— Значыцца, ён ужо назбіраў людскіх усмутак. Мы яго дагонім!
    — Дзякуй табе, кот Варгін,— сказала Алеола.
    — Поспехаў вам,— адказаў ён.
    Кот Варгін памахаў ім і, як чалавек, на задніх лапах, пайшоў у глыб лесу. Спыніўся, пачасаў сабе пад правай лапаткай, успомніў, што ўсё-такі зручней для яго ісці па-кашэчаму, апусціўся на чатыры лапы і схаваўся ў ценю дрэваў.
    Бедалай свіснуў, і на паляну прыскакалі ханскія скакуны. Усе ўчатырох — Алеола, Арцін, Міамурмарор і Бедалай — селі на коней і адправіліся да Новага Мястэчка.
    XIII
    ЯК МАСТАК МАСТАКУ...
    Жоўтай дарогаю ішоў мастак Дроздзіч. Ішоў ён, абапіраючыся на свой улюбёны кіёк-парасон, ішоў-ішоў... Змарыўся, прысеў на ўзбочыне, разгарнуў парасон, і раптам бачыць — да яго здалёку, стрымгалоў, скачуць трое вершнікаў На белым кані — малады віцязь, на чорным — шыракаплечы волат, а на гнядым кані — незразумелая пачвара! — двухгаловы таўстун. Адна галава ў яго з доўгімі валасамі, a другая — маленькая, з вострымі вушамі, як быццам з жывата вершніка расце.
    «Дык гэта ж Алеола на кані ката да сябе прыціскае,— здагадаўся мастак Дроздзіч, калі прыгледзеўся лепей,— там жа і Арцін скача, а за імі гоніцца нейкі жахлівы бамбіза з раскосымі вачыма і вострымі скуламі... He, не гоніцца, а разам з імі скача...»
    — Прывітанне, мастак Дроздзіч,— усе вершнікі адначасова асадзілі коней. Бліскучым воблакам пыл падняўся з-пад капытоў.
    Алеола і Арцін, як старыя прыяцелі, абняліся з Дроздзічам. Мастак нават папрасіў сваіх маладых сяброў перайсці з ім на «ты».
    — Мы спяшаліся да цябе! — разам сказалі яны.
    — Разумею, разумею, значыцца, ягады шчасцядайнай ядвабніцы вы раздабылі,— здагадаўся мастак Дроздзіч.
    — Так, раздабылі.
    — А гэта хто з вамі?
    — Гэта кот Міамурмарор.
    — Дзякуючы яму мы гэтыя ягады і займелі.
    — А гэта хто? — мастак паказаў на Бедалая.
    — А гэта мой кат,— спакойна сказала Алеола.