• Газеты, часопісы і г.д.
  • Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

    Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

    Аповесць легендарных часоў
    Серж Мінскевіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 2013
    60.96 МБ
    Усе на месцы! — Гігант выгукнуў так громапагалосна, што здрыгануліся сцены.
    Ягоныя словы праніклі ўнутр скалы, змяшаліся са сваім жа рэхам і ператварыліся ў далёкі шум-гуд.
    — Малайчыны. Я вас чакаю! — іншы мужчынскі голас прыйшоў з сутарэння.— Увага! Адмыкаю!
    У гэтае імгненне шчыты віцязяў, «прылепленыя» да сценак балкона, хіснуліся. Яны ўсё яшчэ працягвалі трымацца, але не з такой сілай, як перад гэтым. А футарал Бедалая наогул споўз уніз на падлогу.
    Пабачыўшы гэта, кат зноў ірвануўся, каб падхапіць яго.
    — Яшчэ раз паўтараем... з намі не бузі, Бедалай, a то бяды не абярэшся,— сказаў віцязь, які трымаў яго, і моцна схапіў за плячо.
    Бедалай перастаў вырывацца.
    XVIII
    РАДЗІМКА ЗЯМЛІ
    Віцязі пайшлі галерэяй у глыб скалы і неўзабаве трапілі ў грот, столь якога была з горнага крышталю. Столь раз-пораз у розных месцах азаралі жоўта-памаранчава-сінія водбліскі.
    У цэнтры грота знаходзілася агромністая прастакутная глыба шэрага колеру. На ёй стаяла вялікае плеценае крэсла, а ў крэсле сядзеў чалавек.
    У зале, пад глыбай, уздоўж круглай сцяны пашыхтаваліся віцязі. Разам з прыбылым Ромам Ончарам іх было трыццаць. Высока пад крышталёвым купалам залы Алеола заўважыла яшчэ аднаго віцязя. Ён, нібы павук у сетцы, ляжаў у гамаку і ўвесь час спрабаваў злавіць поглядам чарговы жоўтапамаранчава-сіні водбліск на столі.
    — Вітаю волатаў! — крыкнуў чалавек на глыбе.— Як поспехі?
    — Няшчасныя хазраане пабітыя і ўцякаюць,— адказаў за ўсіх Ром Ончар.
    — Малайцы! Вы як заўжды былі хуткія і храбрыя! — урачыста прамовіў чалавек на глыбе.— Віншую з перамогай! Адпачывайце і банкетуйце!
    — Ніціч! — зноў загаварыў Ром Ончар.
    — Слухаю, цябе слаўны ваявода!
    — Мы «падчапілі» гасцей... Трэба з імі паразмаўляць.
    — Добра, я зараз спушчуся.
    Ром Ончар сам голасна звярнуўся да віцязяў:
    — Дзякую, хлопцы! Добрая праца... Усе могуць быць вольныя.— А затым, панізіўшы голас, сказаў віцязю, які трымаў Бедалая: — Дай мне гэтага недарэку.
    Бедалай не лічыў сябе ні недарэкам, ні перарэкам, тупнуў нагой, павёў плячом і вырваўся. Але ненадоўга — магутныя рукі Рома Ончара яго дасталі. Ваявода схапіў ката за карак і сціснуў яго так моцна, што бедалага Бедалай закусіў вусну ад болю.
    Ніціч вяровачнай лесвіцай спусціўся з глыбы і падышоў да Рома Ончара.
    Ніціч быў ваяводзе па плячо, таксама шыракаплечы, з добрай паставай і ўвесь сівы — падавалася, што ягоную галаву ахутвае пышнае белае воблака. Такое ж белае, толькі паменей, воблака — з белых вусоў і барады — было ў яго пад носам. А карыя вочы Ніціча нагадвалі птушанят вераб’я — такія ж былі жвавыя і празмерна цікаўныя. Менавіта з такой жвавасцю і цікаўнасцю ён глядзеў то на Бедалая, то на Алеолу.
    «Дзівосны стары»,— адзначыла сабе Алеола.
    — Дабрыдзень,— ветліва сказаў Ніціч будучай яснапанне.
    — Дабрыдзень,— адказала Алеола тонам будучай яснапанны.
    — Я Ніціч... а паводле прызначэння — маг,— сказаў ён, трохі напышліва.
    — Будучая яснапанна,— прамовіла дзяўчына ў рэверансе.
    Маг Ніціч ветліва пакланіўся ёй, а затым паглядзеў на ваяводу.
    — А навошта вы гэтага бедалагу трымаеце?
    — Ды вось, хлопцы кажуць, што ён бузіць,— цяжкім голасам прабасіў Ром Ончар.
    — А што, хіба з такімі хлопцамі можна бузіць?
    — Вядома, не... Вось і трымаю яго,— грозна раздзімаючы ноздры, сказаў ваявода.— A то зламаюць яму што-небудзь незнарок...
    — Зразумела,— сказаў маг Ніціч.— Хадземце вы, Алеола, і вы, Ром, з гэтым бузацёрам да мяне.
    Маг Ніціч пайшоў уніз спіральнай лесвіцай, за ім пачала спускацца Алеола, а за ёй Ром Ончар павёў Бедалая. Лесвіца стромкімі прыступкамі бегла па краях шырокага круглага праёму, падобнага да вялікай студні, і як быццам увінчвалася ў падзямелле. Па цэнтры «студні» вісеў драўляны, да бляску адпаліраваны доўгі шост — прыстасаваны на выпадак экстраннага спуску.
    — Асцярожна, прыступкі высокія, для дзяўчыны нязручныя,— ветла папярэдзіў маг Ніціч.— Сам я асабіста люблю спускацца па гэтым шасце. Прашу вас.
    Усе ўчатырох яны ўвайшлі ў пячорную залу. Падобнае жыллё Алеола ўжо бачыла раней — у старца ў Пячорным Горадзе. Аднак трэба аддаць належнае, пакой мага Ніціча быў значна больш прасторны і светлы. Усё ў ім было выслана мяккімі дыванамі. У асобнай нішы гарэў агонь, што рабіла памяшканне утульным і цёплым.
    — Калі змерзлі ад пералёту — прашу да агню,— запрасіў маг Ніціч.— Гэта вечны агонь: з зямлі б’е горны газ, таму агонь ніколі і не згасае. Спрабаваць яго тушыць альбо дзьмуць на яго нельга — газ атрутны. А калі раптам агонь пагас, трэба адразу ж адтуліну зашмароўваць глінай. Вунь бачыце камячкі свежай гліны?
    Камячкі свежай гліны ляжалі побач з каменнай нішай, а ў ёй, проста са скалы, біла струменьчыкам чыстая вада. Вада збіралася ў выдзеўбаную ў сцяне чару і ўцякала далей у горную расколіну.
    — У гэтым замку ў нас шмат дзіўных рэчаў,— лагодна сказаў Ром Ончар, звяртаючыся да Алеолы і Бедалая.
    — Прашу сядаць,— прапанаваў маг Ніціч.
    Перад газавым камінам стаялі тры плеценыя з лазы крэслы-гушкалкі.
    — Сядайце,— лагодна сказаў маг Ніціч Бедалаю.— Адпусці ты яго, Ром.
    — Так, праўда, адпусціце яго. Гэта мой... целаахоўнік,— папрасіла Алеола.
    — А-а,— густым басам працягнуў Ром Ончар,— адразу б так і казала. Ато кат ды кат... Які яшчэ кат?
    — Я зараз,— сказаў маг Ніціч.
    Па нейкім часе ён з’явіўся з круглым плеценым столікам на маленькіх колцах. На ім быў паднос з вінаградам, памаранчыкамі, рознымі гатункамі арэхаў, сокам, міскамі, напоўненымі маннай і рысавай кашай з разынкамі і мёдам.
    — Частуйцеся... Праўда, каша ўжо халодная. Жадаеце вам падцяплю? Учора твае арлы на Ясны Бераг лёталі,
    там за перліны выменялі...— паведаміў маг Ніціч Рому Ончару.
    — Дзякуй,— сказала Алеола і адшчыкнула некалькі вінаградзін.
    Бедалай моўчкі ўзяў жменю арэхаў, стаў жаваць і паволі пахіствацца ў крэсле-гушкалцы.
    Сабе маг прынёс з глыбіні залы сціплае крэселца і сеў разам з усімі пры століку.
    — Ну, апавядайце, хто вы і што вы,— звярнуўся ён да Алеолы.— Як тут апынуліся?
    — Ды што мы... Ехалі на конях, ехалі, і раптам — хоп! — ужо ляцім.
    — Ну, бывае... Вельмі рэдка, але такое здараецца,— прамовіў маг Ніціч.
    — Лепей вы апавядзеце, што гэта за замак? I як вы навучыліся лятаць? — з вялікай цікавасцю спытала Алеола.
    — He, будучая яснапанна, напачатку вы апавядзеце падрабязней — як вы жывяце, куды і адкуль шлях трымалі... 3 кім сябруеце...— Здавалася, маг Ніціч распытваў зычліва.
    — А як жа я магу пра сябе і сваіх сяброў апавядаць, калі я не ведаю, каму я апавядаю, і дзе я і мой целаахоўнік знаходзімся? I што гэта за дзіўнае месца такое? I рыцары, якія на шчытах у паветры лётаюць... Можа быць, вы гэтыя... як іх мянуюць... налётчыкі...— Пагляд Алеолы зрабіўся занепакоеным.— Тым больш вы нас, як самі кажыце, неспадзявана «ўчапілі».
    — Разумныя довады даводзіце...— хітра ўсміхнуўся маг Ніціч.— Але гэта вы неспадзявана за нас «учапіліся», а не
    мы за вас. Добра, не хочаце нічога апавядаць — не трэба. Я вас адвяду кожнага ў свой пакой, але, папярэджваю, выходзіць з пакояў без майго дазволу нельга — гэта небяспечна. У гэтым замку трэба жыць асцярожна.
    — Чаму?
    — Газ, агонь, вада... Яшчэ шмат розных рэчаў... Доўга тлумачыць, ды і зразумець гэта цяжка без спецыяльнай адукацыі.
    — Ну, калі ласка! Памяняемся. Я пра сябе апавяду. А вы пра сябе,— Алеола згарала ад цікаўнасці: усе гэтыя палёты, пячора, грот з крышталёвай столлю, на якой заўсёды нешта ўспыхвала, незразумелая прастакутная глыба пасярод залы. Ад гэтых незвычайных рэчаў у яе проста дух заняло.
    — Мяняцца? Згодны. Апавядайце,— маг Ніціч пагладзіў сваю белую бараду і падрыхтаваўся слухаць.
    — Добра.
    Алеола, Бедалай і Ром Ончар селі ямчэй у плеценых крэслах-гушкалках. Маг Ніціч тым часам прынёс сокі і халодны квас, паставіў усё гэта на столік. Усе пачалі папіваць і слухаць, што скажа Алеола.
    Будучая яснапанна апавяла ўсё пра сабе, пра сваё мястэчка, пра няшчасці, якія выпалі на ейных блізкіх і землякоў, пра тое, што яна і яе сябры намерваліся ісці да Жалобнай Каралевы Паляндры. Праўда, дзяўчына не стала апавядаць пра ядвабніцу — не хацела выдаваць сакрэт.
    — Добрую справу задумалі, хоць і вельмі рызыкоўную,— сказаў маг Ніціч.— А цяпер я правяду вас у вашыя пакоі. Трэба вам адпачыць ад такіх узрушэнняў.
    — Мы так не дамаўляліся! Гэта ж несправядліва! Я вам пра сябе ўсё апавяла, а вы нам з Бедалаем анічагусенькі! — абурылася Алеола.
    — Дарогаю ўсё апавяду,— усміхнуўшыся, сказаў маг Ніціч.— Прашу трымацца за мной.
    Бедалай не паслухаўся, а стаў таптацца з нагі на нагу.
    — Мне патрэбная мая сякера,— змрочным голасам прагаварыў ён.
    — Усё, збірайся! — пагрозліва сказаў яму Ром Ончар.— Потым разбярэмся.
    Маг Ніціч падпаліў нафтавую паходню і павёў Бедалая з Алеолай яшчэ ніжэй прыступкамі, што віліся па баках вялікай «студні». За імі таксама з паходняй у руцэ ішоў велічэзны ваявода, ён час ад часу ўважліва пазіраў на Бедалая.
    — Вы будзеце нарэшце апавядаць? — нецярпліва спытала Алеола.
    — Буду, буду,— перавёў дыханне маг Ніціч.— Значыць так, слухайце... Калі, вядома ж, зможаце зразумець... Гэты замак пабудаваны ў самым цэнтры нашай часткі свету. Менавіта ў гэтым месцы сыходзяцца струмені магічнай сілы зямлі...
    — Гэта тут легендарны пуп зямлі? — перабіла яго расхваляваная Алеола.
    — He. Гэта не пуп зямлі. Скажу праўду, зямля — гэта шар, вы ж ведаеце?
    — Так,— кіўнула Алеола і ўспомніла ката Міамурмарора ў выяве заморскага мудраца.
    — Дык вось, у зямлі ёсць два пупы. Адзін — на поўначы, другі — на поўдні. А вось замак, дзе мы цяпер знаходзімся, пабудаваны, калі можна так сказаць, на зямной радзімцы.
    — На зямной радзімцы? — задумалася Алеола.
    — Так... Да яе і збягаюцца струмені магічнай сілы,— працягваў свой аповед маг Ніціч.
    Усе ўчатырох яны спусціліся на самае дно «студні» і ўвайшлі ў вузкую пячорную галерэю, звярнулі адзін раз, другі, трэці... Апынуліся ў сапраўдным лабірынце. Алеола спрабавала запомніць дарогу, але неўзабаве канчаткова заблыталася. Ёй заставалася спадзявацца толькі на Бедалая і ягоную памяць.
    Маг Ніціч працягваў:
    — Калісьці я сышоў са стольнага горада Дзівіна і адправіўся падарожнічаць па Светлых Азёрах, па Сініх Азёрах, па Жоўтарэччы. Пабываў у вялікіх гарадах: Новым Беразе, Векаве, Залатым Горадзе, нават наведаў Мерамір. Плаваў на захад, быў на ўсходзе. Аднойчы перажыў караблекрушэнне — а выратаваў мяне Ром Ончар. У той час ён жыў са сваімі волатамі на аддаленай выспе на Вечаровым Моры. Вось тады мы з ім і пазнаёміліся. Я слухаў мудрацоў, чытаў кнігі. Гаварылі, што зямля валодае магічнай сілай, і я вельмі хацеў гэтую сілу выявіць. Здавалася, што ўсё дарма. Бо ніхто — ні мудрэц з усходу, ні навуковы муж з захаду — не маглі мне сапраўды сказаць, што гэта за сіла. Хоць усе згаджаліся з тым, што яна існуе. I вось аднойчы ў Далёкіх Гарах адзін пустэльнік падараваў мне сталёвую рыбу. Калі падвесіць яе на нітцы за плаўнік, то ейная галава заўсёды паказвае на поўнач, а хвост — на поўдзень. Я зноў адправіўся вандраваць па свеце. I мая рыба ні разу не памылілася, ні разу мяне не падвяла. Як бы я ні круціў яе на нітцы, яна заўсёды спынялася галавой на поўнач.