Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка
Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
XIX
ЧАЛАВЕК ЛАБІРЫНТА
Алеола легла на тапчан, узяла скрутак і паглядзела на мапу заморскіх земляў. На ёй былі выяўлены горы, рэкі, лясы, жывёлы, якія жывуць у тых краінах, замкі, гарады, караблі на моры... Дзяўчына пазнала паўвостраў Дарвіт і бухту з горадам Гняздо Рыб, горад Палац Садоў, гару, на якой размяшчаўся знаёмы ёй Пячорны Горад. «Вось пераможам Паляндру,— падумала Алеола,— і рванем з Арцінам куды-небудзь у далёкія краіны. I Міамурмарора з сабою возьмем... I мастака Дроздзіча»... Яна ўяўляла, што яе сябры ўжо ідуць малочным следам. Каб кот не знайшоў малако? Алеола ведала, што гэтага проста быць не можа! Яна думала і пра Бедалая. «А як жа ён там? Сумуе альбо ўжо спіць?» Ёй было не па сабе. Аднаму ў сутарэнні знаходзіцца вельмі прыкра. Алеола паглядзела на ігральныя кубікі — шараватаметалічныя, з белымі кропкамі. Полымя газавага каміна гулліва адлюстроўвалася на іхняй паверхні. «Вось зараз выпадзе «піраміда» — і адбудзецца чараўніцтва — вернуцца ўсе родныя з палону Паляндры і будзе ўсё добра»,— падумала Алеола.
— He, згуляю потым,— сказала яна ўголас,— зараз трэба наведаць Бедалая.
Алеола вызірнула са свайго пакоя — у калідоры нікога не было. Яна пайшла цёмнай галерэяй. Раней ёй уяўлялася, што пакой Бедалая дзесьці блізка, зусім побач, але з нейкай прычыны гэтага пакоя побач не аказалася. 3 кожным крокам Алеола апускалася ва ўсё больш апраметную цемру. Часам ёй станавілася вельмі страшна, але яна ўсё ж ішла далей. 3 глыбіні пячоры даносіўся бесперапынны гул — гэта глыбока ў нетрах гары шумеў вадаспад. Ад сценаў цягнула вільгаццю, пахла неабжытай пусткай. Раптам на процілеглай сцяне праз глыбока-шэрую цямрэчу праступіла чорная размытая пляма. Алеола спынілася і прымусіла сябе прыгледзецца ўважлівей.
— Што гэта за стварэнне падзямелля? — У дзяўчыны задрыжала сэрца.
Прывід не варушыўся і не расплываўся. Алеола набралася мужнасці і паціху падышла бліжэй.
— Сажа... Гэта сажа.
У нішы знаходзілася пагаслая нафтавая паходня, а над ёй — чорная пляма сажы. Яна здалёк нагадвала чорнае полымя альбо чорную здань.
— Вось і добра! — сказала Алеола.— 3 паходняй я змагу прайсці далей.
Дзяўчына выцягнула яе з нішы, вярнулася да сабе ў пакой і падпаліла, паходня весела разгарэлася і ціха затрашчала.
Цяпер ісці падземнай галерэяй было не так страшна. Хоць з-за дрыготкай паходні за спінай Алеолы мудрагелістымі васьміногамі варушыліся і распаўзаліся па сценах мігатлівыя цені.
Алеола асцярожна прасоўвалася наперад, пакідала сажай на сценах плямы-адмеціны,— а раптам заблукае! Яна хацела як мага хутчэй знайсці Бедалая. Удваіх будзе значна лягчэй — прынамсі, не так боязна.
Удалечыні дзяўчына заўважыла святло. Гэта быў пячорны пакой з уваходам, завешаным дываном гэтак жа, як і ў яе.
«Урэшце знайшла»,— падумала Алеола і дадала кроку. Наблізіўшыся, яна зазірнула ў пакой.
— Бедалай! — паклікала дзяўчына.
У глыбіні пакоя за сталом сядзеў чалавек. Ён кідаў «косткі» і ўважліва глядзеў на лічбы, якія выпадалі. Святло ад газавага каміна цьмяна асвятляла пакой, таму чалавеку даводзілася нахіляцца наперад, каб лепей разгледзець кубікі.
— Бедалай! — Алеола паклала руку яму на плячо.
Чалавек павольна абярнуўся...
Першае, што заўважыла Алеола, былі яго пустыя бялявыя вочы ў чорных вачніцах. А затым яна пабачыла аблічча — худое, сухое, з мноствам зморшчын, быццам бы на ім не скура, а моцна памятая і пажоўклая ад часу папера.
Кашчавая рука пацягнулася да дзявочай далоні, якая ляжала ў яго на плячы. Дакрананне гэтай рукі было пякуча халоднае і агідна шурпатае.
— He перашкаджай! — сказаў чалавек.
— Бедалай — гэта ты? Што яны з табой зрабілі? Што адбылося?
— Засталася «адзінка». Апошняя «адзінка»... Шостая «адзінка»! — хрыпеў ён.
Чалавек-здань узяў кубік.
— Бедалай! Гэта ты?
Алеола адскочыла.
Кубік выпаў з дрыготкіх рук старога і пакаціўся па падлозе.
— А-а,— натужана, хрыпла закрычаў ён, сагнуўся, зваліўся на калені і папоўз па кубік.
— Бедалай... Альбо хто вы... Адкажыце мне!
Алеоле было дужа страшна пачуць, што гэта Бедалай, і што з ім нешта за гэты час адбылося.
— А-а! — хрыплым перарывістым голасам закрычаў з падлогі чалавек.— А-а... «Шэсць»... He трэба мне «шэсць»!
Ён зваліўся, падціснуўшы пад сябе ногі і рукі.
— Маё царства! Маё царства!
— Вы хто? — настойліва запытала Алеола.
Чалавек ляжаў на падлозе, а ягоныя павекі пачалі павольна апускацца.
— Вы паміраеце? — Алеола кінулася да яго, штурханула.
— Царства! Мерамірскае царства! Мерамірскае царства ўва мне памірае!
— He памірайце! Скажыце, хто вы!
Стары на падлозе хрыпеў.
— Хто вы?..— як мага гучней крыкнула Алеола.
— Я... Цар Ранеон...
— Я не чула пра такога! — Алеоле стала лягчэй, галоўнае — гэта не Бедалай.
— Апошняя «адзінка»! Прэч! Пайшла прэч адсюль...— стары ўжо сіпла шаптаў.— Пайшла прэч... Апошняя «адзінка»...
— Выбачайце, вы каго праганяеце — «адзінку» альбо мяне? — як мага больш ветліва спытала Алеола.
— «Адзінка»... Прэч! Нічога... Нічога... Я зараз... Я зараз... Толькі адпачну... У мяне яшчэ ёсць час... Пайшла прэч, нягодніца! «Адзінка»...
Алеола зразумела, што прыступ у цара Ранеона выкліканы роспаччу ад чарговага пройгрышу, і што гэты стары зараз проста засне, бо гуляў без сну і адпачынку некалькі сутак напралёт. Паспіць, ачуецца і пачне новую гульню.
Алеола ўзяла сваю паходню і паціху выйшла з пакоя цара Ранеона.
XX
ЗАМАНЛІВЫЯ КОСТКІ
Алеола зноў ішла ўздоўж сценкі. Яна павярнула ў адзін бок, затым у іншы. I раптам пазнала тое месца, дзе апошні раз спрабавала запомніць паслядоўнасць паваротаў. Дзяўчына ясна ўявіла, як ёй выйсці да сходаў, што вядуць да піка скалы.
Праз пэўны час Алеола ўжо стаяла на прыступках, якія спіраллю падымаліся высока ўгару. Там гарэла святло. Яна вярнулася трохі назад. У адной з нішаў яна пакінула непагашанай сваю паходню — на выпадак, калі давядзецца вяртацца.
Паволі-паволі, затаіўшы дыханне, Алеола пачала падымацца прыступкамі. Яна чула, як шалёна б’ецца ў яе сэрца — ёй было страшна, раптам нехта з гэтых дзіўных рыбавіцязяў альбо яшчэ якаясьці невядомая людзям пячорная істота выскачыць з цёмнага праёму. А такіх праёмаў у сцяне скалы было шмат. Дзяўчына сілай волі прагнала страх і рушыла далей.
Неўзабаве Алеола паднялася да залы, дзе ляжала прастакутная глыба. Выцягнуўшы, наколькі магла, шыю, яна напачатку зазірнула ў залу.
Побач з глыбай нікога не было. I на самой глыбе на плеценым крэсле — таксама. А вось пад крышталёвым купалам, у гамаку, ляжаў той самы загадкавы віцязь. Гэтым разам ён нават прыпадымаўся да тых агеньчыкаў-водбліскаў, што перыядычна ўзнікалі на люстраной паверхні столі.
На дыбачках Алеола прайшла ў залу і пачала красціся ўздоўж глыбы. Віцязь у гамаку пад купалам кашлянуў і паварушыўся. Алеола прысела за глыбу і ледзь-ледзь закранула яе плячом. Найвелізарнейшая глыба, што важыла, на думку Алеолы, ніяк не меней, чым тысяча сланоў, захісталася і трохі павярнулася. 3-пад глыбы раздаўся гук, падобны да рыпення, калі адчыняюцца дзверы.
Віцязь у гамаку ўважліва паглядзеў уніз. Алеола ўся сціснулася, забіўшыся пад самую глыбу. Яна заўважыла, што ўвесь гэты вялізны камень стаіць толькі на адным вострым выступе, які знаходзіцца ў самым ягоным цэнтры, унізе. Выходзіла, што гэтая прастакутная глыбіна ўсталяваная так хітра, што з усіх ейных бакоў захоўваецца раўнавага. Гэта тое ж самае, што роўную дошку трымаць на адной падушачцы пальца. Таму, нягледзячы на вялізную вагу глыбы, нават Алеола магла б яе павярнуць.
— Ёсць тут хто-небудзь? — гучна спытаў віцязь у гамаку.
Алеола затаіла дыханне.
Віцязь адвярнуўся да крышталёвага купала і зноў пачаў лавіць поглядам гэтыя незразумелыя для Алеолы, вечна мігатлівыя водбліскі.
Будучая яснапанна паціху пракралася да калідора, які выходзіў на балкон. Напачатку яна хацела разам з Бедалаем прабрацца туды і забраць ягоны футарал з сякерай, але па-
колькі ката яна не знайшла, вырашыла ўсё зрабіць сама. Ды і ў адзіночку лягчэй ціхутка прашмыгнуць і застацца незаўважанай. Сякеру трэба было перахаваць, каб, даведаўшыся, як віцязі лётаюць уздоўж гэтых «магнітычных» струменяў, самой разам з Бедалаем паляцець назад да сяброў. Алеоле гэты маг Ніціч са сваім ваяводам падаваліся вельмі падазронымі. 3 аднаго боку, яны спрабавалі ўдаваць сябе добранькімі, a з іншага — выглядалі залішне хітрымі. I потым, што гэта за вар’ят стары ў падзямеллі? Што ён там робіць? Хто ён? Нейкі скінуты з трона і забыты ўсімі цар? Брр, якія халодныя і шурпатыя ў яго рукі... Навошта яны яго там трымаюць? I наогул, куды лятаюць гэтыя рыцары? А галоўнае — навошта?
Дзяўчына наблізілася да балкона і, заўважыўшы футарал Бедалая, паспрабавала ўзяць яго. Аднак перш, чым футарал паддаўся і яго атрымалася адляпіць ад сценкі, Алеоле давялося прыкласці незвычайныя намаганні. Яна накінула шлейкі на плечы — і футарал з сякерай адразу пацягнуў яе долу — такі ён быў цяжкі, але нічога не паробіш — трэба несці.
Алеола ізноў зайшла ў невялікі калідор, які вёў да залы з глыбай. Насамрэч, такіх калідораў-тунэляў было дванаццаць. Нібы промні ад сонца, разыходзіліся яны ад залы з глыбай да балкона. Дзяўчына абрала найбліжэйшы — усёткі цягнуць на спіне футарал з сякерай не так лёгка — і паціху, абмацваючы сцяну рукой, накіравалася ў залу.
Раптам Алеола пачула, як віцязь у гамаку закрычаў: — Увага! Пад’ём! Рыхтуйся! Першая змена на тэрасу!
Алеола зразумела, што тэраса — гэта і ёсць той грот з выхадам на балкон, і што зараз сюды прыбягуць віцязі. Яна стаілася ў сваім калідоры-тунэлі і пачала назіраць.
Першым падняўся Ром Ончар. За ім рушыў маг Ніціч. А потым адзін за адным прыбеглі яшчэ дзесяць віцязяў і пашыхтаваліся. Ром Ончар агледзеў сваю дружыну, ацаніў і, было падобна, што застаўся задаволены.
— Дазорца! — звярнуўся Ром Ончар да віцязя ў гамаку.— Удакладніце карціну!
— Караван ідзе перавалам у Ледокскіх Гарах. Над імі толькі што прайшла сухая навальніца... Караван гружаны ядвабам, залатым посудам і дыванамі.
«Ага,— падумала Алеола,— вось адкуль у іх столькі дываноў і шыкоўнага посуду».
— Людзей мала, таму досыць адной змены,— завяршыў даклад дазорца.
— Слухайце, волаты! Сквапных трэба прыстрашыць! — зычна сказаў Ром Ончар.— Старэйшым прызначаю Дэнэта!