Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
«Зараз,— думаў я,— ніколі і нідзе не заблукаю. Hi ў моры, ні ў глухім лесе». I вось аднойчы, калі я вяртаўся на Светлыя Азёры і ішоў праз вялізны дрымучы лес, раптам адбылося штосьці неверагоднае: рыба прывяла мяне да высокай скалы. Менавіта ў гэтай скале мы цяпер і знаходзімся. Рыба не хацела паказваць ні ў які іншы бок — толькі на гэтую скалу. I я зразумеў! — Маг Ніціч перавёў дыханне.— Я зразумеў, што ў гэтай скале ўтойваецца магічная сіла зямлі. Высока пад яе пікам я пабачыў грот — у ім і пасяліўся. Потым я заўважыў, што шэры камень, які можна здабываць з гэтай скалы, таксама ўтрымлівае ў сабе магічную сілу... A яшчэ гэты камень здольны прыцягваць маланкі, якія валодаюць падобнай, але нашмат болыпай сілай. Тут, у гэтай скале, зямля і неба быццам перадаюць адно аднаму магічную сілу...
— Так гэта вы той самы Уладар Навальніц? — раптам спытаў Бедалай.— Гэта вы пасылаеце навальніцу ў любую кропку зямлі?
— Людзі любяць распускаць чуткі і апавядаць розныя небыліцы. Ну і, вядома ж, даваць розныя гучныя імёны. Я Ніціч... Я маг... Я маг Ніціч... Але навальніцамі, на жаль, не загадваю. Пакуль не загадваю. Я проста папрасіў сваіх сяброў-волатаў пабудаваць тут замак. Яны выканалі маю просьбу і назвалі магічную сілу зямлі ў гонар майго імя «магнітнай». Дарэчы, вы заўважылі, што сцены замка прыцягваюць жалеза? Наагул, я навучыўся ўзмацняць «магнітную» сілу да «магутна магнітнай», як я яе назваў — «магнітычнай» сілы! I з дапамогай яе я навучыўся лятаць і навучыў лятаць віцязяў. Ну што, цяпер вам усё зразумела?
— Зразумела,— працягнула Алеола,— але не зусім... A як усё гэта адбываецца? Як яны лётаюць?
— Віцязі бяруць свае шчыты і лятуць удалячынь,— проста сказаў Ром Ончар.
— I ўсё?
— Амаль усё,— прызнаўся маг Ніціч.
— Апавядзіце падрабязней, калі ласка.
— Калі заўтра вы яшчэ гэтага захочаце,— лагодна ўсміхнуўся маг Ніціч, — тады пакажу... Ну добра, вось мы і дайшлі. Алеола, там твой пакой,— маг паказаў у бок аднаго каменнага калідора,— а тут, Бедалай, твой,— махнуў ён у бок іншага калідора.— Адзін да аднаго ў госці можаце хадзіць, а вось угару падымацца, пакуль я сам не дазволю, нельга. Яшчэ раз папярэджваю — небяспечна для жыцця. Ды і заблукаць тут можна.
— А мая сякера? — зноў нахмурыўся Бедалай.
— He хвалюйцеся,— паспрабаваў супакоіць яго маг,— з вашай сякерай нічога не станецца. Ніхто яе не кране. Праўда, ваявода?
— Так, сапраўды,— адказаў Ром Ончар,— мы ваюем мячамі, зробленымі з зубоў рыбы-маржа.
— Гэтая сякера павінна быць толькі ў мяне. I больш ні ў кога,— папярэдзіў Бедалай.
— Цікава, цікава,— вочы Ніціча загарэліся.— Што гэта за цуд-сякера? Лётае па «магнітычным» струменям не горш за нашыя шчыты.
— Між іншым, мне таксама цікава,— сказала Алеола,— чаму ўсё-ткі сякера Бедалая ўчапілася за гэты, як вы кажыце, «магнітычны» струмень?
— Ну, над зямлёй часам адбываюцца магнітныя буры, вось струмень і адхіліўся. А сякера ўзяла і зачапілася,— патлумачыў маг.— О, прашу сюды.
Маг Ніціч адгарнуў дыван, які затуляў уваход у пячорны пакой, прызначаны для Бедалая, і яны ўвайшлі ўнутр. У пакоі-пячоры стаялі драўляны стол, крэсла і тапчан, пакрыты тоўстым покрывам. Падлогу і сцены высцілалі дываны.
— Гэта адмысловая тканіна,— паказаў на дываны маг Ніціч,— зробленая з пустэльнай травы. Яна амаль не гарыць.
— Ого! — здзівілася Алеола.
У адным з кутоў пакоя знаходзіўся гарлач з вадой, у які са столі крапала чыстая вада. Калі гарлач перапаўняўся, вада вылівалася з тонкага носіка гарлача ў каменную нішу і сыходзіла скрозь адтуліну ў глыб гары. Яшчэ ў пакоі-пячоры меўся газавы камін, дакладна такі ж самы, як у зале мага Ніціча.
Ром Ончар пальцам адняў кавалак гліны, і газ сыкнуў. Палкаводзец хутка запаліў камін сваім крэсівам, і полымя весела затанчыла ў каменнай выемцы.
— 3 гэтым камінам трэба быць вельмі асцярожнымі! I ні ў якім разе не тушыць! — загадным тонам сказаў Ром Ончар.
Бедалай абыякава глядзеў на ўсё, што адбываецца.
— Вось тут ігральныя косткі,— паказаў на стол маг Ніціч,— можаце пайграць адно з адным, а можна і аднаму, паспрабуйце выкінуць «чароўную піраміду». Правілы простыя: кідаючы па адным кубіку, перш трэба выкінуць «6», потым «5», потым «4», «3», «2», «1». А атрымаць «піраміду»
трэба столькі разоў, колькі граняў на кубіку, то бок шэсць разоў запар.
— I што будзе? — пацікавілася Алеола.
— Калі хтосьці выкіне піраміду шэсць разоў запар, адбудзецца чараўніцтва... Спадзяюся, вам не будзе сумна,— сказаў маг Ніціч.
— Мне неабходна забраць сваю сякеру,— панура паўтарыў Бедалай.
— Што ты заладзіў — сякера, сякера? Гэтая сякера проста засела ў цябе ў галаве,— зусім непрыязна прамовіў Ром Ончар.
— Так, і што гэта за незвычайная сякера? I чаму яна павінна быць толькі ў вас і ні ў кога больш? — спытаў маг Ніціч.— Апавядзеце нам, калі ласка.
Бедалай цяжка ўздыхнуў, падышоў да каміна і пачаў апавядаць:
— Гэтую сякеру зрабіў джын-каваль Тшэтхест. Паводле легенды, ён папрасіў дзевяцярых найлепшых кавалёў з людзей выкаваць яму па сваёй найлепшай сякеры. Ды так, каб усе сякеры былі з выдатнай сталі, нават дзяржальна са сталі... Сякеры ў кавалёў, насамрэч, выйшлі на славу — маглі секчы любы метал, любы камень. «Малайцы»,— пахваліў кавалёў Тшэтхест і даў кожнаму кавалю золата па вазе выкаванай ім сякеры. А потым Тшэтхест адправіўся ў сваю пячору і з дзевяці сякер скаваў-спрасаваў сваім вялізным молатам адну. Сякера стала магутнейшай у дзевяць разоў — і з тых часоў гэта найболып страшная зброя на Зямлі. Чорны джын Тшайнат даведаўся пра гэтую сякеру і спалохаўся, бо такой зброяй можна забіць яго самога. Але калі Тшайнат сам
завалодае гэтай зброяй, то стане непераможным. Тады Тшайнат хітрасцю завабіў джына-каваля Тшэтхеста ў сутарэнне, у пячору Далёкіх Гор, сказаўшы, што там знаходзіцца найболып чыстая жалезная руда ў свеце. I калі Тшэтхест спусціўся ўніз, Тшайнат абрынуў на яго ўсю гару. Аднак перад тым, як адправіцца ў шлях, джын-каваль паспеў схаваць сваю сякеру дзесьці ў глыбокім месцы...— Бедалай апавядаў глухім голасам, гледзячы толькі на вогнішча каміна.— Праз тысячу гадоў сякеру знайшлі ў студні Пячорнага Горада. Гэта найглыбейшая студня на зямлі. Сякеру Тшэтхеста ніхто не хацеў даставаць: усе баяліся чорнага джына Тшайната. Ды і ваду людзі баяліся браць з гэтай студні. А я не пабаяўся і ўзяў сякеру сабе.
— А сам ты не баішся чорнага джына Тшайната? — устрывожылася Алеола.
— He, не баюся. Толькі ў катаў чорны джын не можа забраць сякеру, бо гэта не толькі зброя, але і іх прылада працы. Чорнай працы, якую і чорны джын робіць...
— Дык ты ўсё-такі кат? — падняў свае страшныя бровы Ром Ончар.
— Так,— глуха адказаў Бедалай.
— I колькіх людзей ты забіў? — гнеўна спытаў Ром Ончар.
Ваявода хацеў схапіць ката за плечы, прыпадняць ды так скалануць, каб дух з яго выляцеў Бедалай ледзь паспеў адступіць у глыб свайго пакоя.
— Hi колькіх...— сказаў кат.— Адзін выгляд маёй сякеры прыводзіць у жах людзей, якія задумалі штосьці нядобрае.
— Значыцца, ты кат людскіх думак? — задуменна вымавіў маг Ніціч.— Адсякаеш не дрэнныя галовы, а тое дрэннае, што ёсць у галовах?
— Можна і так сказаць.
— Але ён жа ў любы момант можа стаць сапраўдным катам! — грозна праракатаў Ром Ончар.
— Бедалай мяне ахоўвае! I нават абараніў ад злыдняў! — умяшалася Алеола.
Дзяўчына ўстала паміж Бедалаем і Ромам Ончарам.
— Дык магу я забраць нарэшце сваю сякеру? — настойліва і без аніякай боязі спытаў кат.
— Ваша сякера зробленая з высокаякаснай сталі. A знаходзіцца ў замку з металічнымі рэчамі вельмі небяспечна,— папярэдзіў яго маг Ніціч,— таму раю вам — пакіньце сваю сякеру там, дзе яна цяпер знаходзіцца. На балконе... Ром, пабудзь у калідоры... Хадзем, Алеола, я пакажу вам ваш пакой.
Яны пакінулі Бедалая ў сваім пакоі. Ром Ончар выйшаў у галерэю, а маг і будучая яснапанна прайшлі ў калідор, які вёў у суседнюю пячорку. Гэты пакой быў дакладна такім самым, як і ў Бедалая. На стале таксама былі ігральныя косткі, і выразаная табліца з правіламі «чароўнай пірамідкі». Маг Ніціч запаліў камін і звярнуўся да Алеолы:
— Апроч ігральных костак, у вашым пакоі ёсць скрутак. Гэта кніга па геаграфіі. Вывучайце Зямлю...
— А якое чараўніцтва адбудзецца, калі атрымаецца гэтая «пірамідка» шэсць разоў запар? — пацікавілася Алеола.
— А вы паспрабуйце пайграць, тады і зразумееце.
— Вам што, шкада сказаць? — з какетлівай крыўдаю прамовіла Алеола.
— Я думаю, што калі чалавеку цікава нешта пазнаць, дык яму варта паспрабаваць зрабіць гэта самому.
— А каб самой праверыць, якое будзе чараўніцтва, мне трэба згубіць пройму часу. А часу, нават самай маленькай проймачкі, у мяне няма.
— Як гэта ў вас няма часу? Мы вас і прывялі сюды, каб вы як след адпачылі з дарогі,— сказаў маг Ніціч.
— Але я не магу адпачываць з дарогі, бо мая дарога не завершаная. Мне трэба тэрмінова вяртацца да маіх сяброў!
— А навошта ж вы, будучая яснапанначка, столькі часу ішлі за мной падземнымі галерэямі?
— Я пайшла, бо вы паабяцалі, што апавядзеце нам пра замак.
— Дык я вам ужо ўсё апавёў.
— He, вы — хітры чалавек, вы не апавялі, як усё адбываецца... Як і адкуль рыцары ўзлятаюць... Навошта яны кудысьці лятуць... Думаю, калі я наступным разам «зачаплюся» за вашыя магічныя струмяні, вы абавязкова апавядзеце. А цяпер прашу адправіць мяне і Бедалая назад да маіх сяброў.
— Як? Ісці цяпер назад... і ляцець на сякеры па паветры? — усклікнуў маг Ніціч.
— Ну вядома ж, так!
— Цяпер гэта зрабіць немагчыма!
— Адпраўце мяне з Бедалаем!
— He. Вы з гэтым вашым Бедалаем проста разаб’ецеся... Hi вы, ні ён лятаць не ўмееце. I, галоўнае, не ўмееце прызямляцца.
— Тады мы пойдзем назад праз лес.
— Гэта немагчыма. Лес дрымучы і непраходны... Там столькі дзікіх звяроў! I яшчэ, як бы вы ні хацелі ісці ад замка, вы ўсё адно заўсёды будзеце вяртацца назад да яго. Такая ўжо тут уласцівасць прасторы. Нічога не паробіш. Мая вам парада — адпачнеце, а заўтра паразмаўляем.
Маг Ніціч хутка выйшаў з пакоя ў галерэю, павярнуў за бліжэйшы рог. Алеола хацела было за ім пабегчы, але разгубілася, ды і ў падзямеллі было надта цёмна. Яна села на тапчан перад камінам.
Знік у цемры калідораў і камандзір віцязяў Ром Ончар.