Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— Так, трэба агледзець увесь лабірынт і знайсці сякеру! — сказаў маг Ніціч.
— Выконваць! — пацвердзіў ягоны загад Ром Ончар.
— Зразумела! — хорам адказалі віцязі.
Яны разбрыліся па лабірынце, а маг Ніціч і Ром Ончар таксама пачалі пошукі...
Увечары віцязі паведамілі: ніхто з іх сякеры Бедалая так і не знайшоў.
XXI
МАЗГАВЫ ШТУРМ
— Ну што? — сказаў кот Міамурмарор — Калі няма ўваходу, то паўзем далей.
— Як гэта паўзем? — задраў угару галаву Арцін.— Сцены ж стромыя.
— А як мы на скалу паўзлі? — пытаннем на пытанне адказаў кот.
— Слушна думаеш,— зразумеў задумку Міамурмарора мастак Дроздзіч,— што б мы без цябе рабілі!
— Я заўсёды казаў, што мы, каты, без вас, людзей, абысціся зможам. А вось вы, людзі, без нас — ніколі.
Кот Міамурмарор абматаўся вяроўкай, акінуў уважлівым позіркам «прымагнічаныя» на сцяне замка шчыты, мечы і шаломы.
На адным з такіх шаломаў, над даспехамі, усярэдзіне якіх бялеў чалавечы шкілет, сядзеў вялізны крумкач і чорным бліскучым вокам зіркаў то на Міамурмарора, то на Арціна, то на мастака Дроздзіча.
Кот прымерыўся да сцяны і спрытна палез па «прылепленых» на ёй латах. Крумкач хрыпла каркнуў, саскочыў з шалома, залапатаў крыламі і падняўся на зубец замка.
Кот Міамурмарор не стаў звяртаць на яго ўвагі — «птушка кату не перашкода» — падахвоціў самога сябе і працягнуў «штурмаваць» сцяну.
— Вось які чэпкі,— пахваліў ката мастак Дроздзіч.
— А што яму, кату,— трошкі зайздросцячы, сказаў Арцін,— калі абарвецца — усё адно прызямліцца на лапы.
Кот Міамурмарор пачуў гэта і зірнуў на Арціна згары ўніз:
— Ну, што я магу сказаць? Як бачыш, маё высакароднае паходжанне не толькі мне на лапу, але і вам на руку.
Кот Міамурмарор ні разу не сарваўся — яшчэ знізу дакладным позіркам выверыў найлепшы шлях, каб «развешаныя» па сцяне ўзоры зброі, аказваліся як мага бліжэй адзін да аднаго. Яму досыць было правільна і выверана перастаўляць лапы і чапляцца кіпцюрамі. На вышыні прыкладна ў палову сцяны мечы, шчыты, булавы і баявыя сякеры скончыліся, і кот перайшоў на наканечнікі дзідаў і стрэлаў — тронкі даўно спарахнелі, а жалезныя наканечнікі засталіся. Яны лягчэй, іх выстрэльвалі ўгару на сцяну, таму і былі «прылепленыя» да гэтай самай сцяны нашмат вышэй, чым цяжкае ўзбраенне.
Урэшце кот строс з сябе вяроўку і, трымаючыся кіпцюрамі левай лапы за прымагнічаны вышэй за ўсіх наканечнік арбалетнай стралы, правай лапай раскруціў над галавой ласо і спрытна закінуў яго на зуб сцяны.
Крумкач, які сядзеў проста над Міамурмарорам, незадаволена каркнуў і паляцеў за сцяну, пэўна, ён чакаў сабе спажыву, спадзяваўся, што кот зараз зваліцца і разаб'ецца. A кот усё не падаў і не падаў.
Па вяроўцы Міамурмарор хутка ўскараскаўся на сцяну і агледзеўся. Затым з ганарлівым выглядам размяўся, выгнуў спіну, выцягнуў наперад пярэднія лапы, пры гэтым растапырыўшы на іх кіпцюры, і салодка пазяхнуў
Ягоным сябрам стала зразумела, што вартавых няма. Хутчэй за ўсё на замак ніхто даўно не нападаў, таму на сцяне перасталі выстаўляць дазор.
Кот Міамурмарор скінуў вяроўку ўніз. Па ёй узлез напачатку Арцін, а затым — мастак Дроздзіч.
Сябры прагуляліся па сцяне і здзейснілі «кругасветнае» падарожжа вакол вузкай скалы, што, здавалася, калола неба. Зубчастая сцяна, збудаваная з адпаліраваных пліт шэрага жалезняку, стаяла цалкам асобна ад скалы — проста перакрывала праход да яе. А паміж скалой і сцяной быў выкапаны і запоўнены вадой шырокі роў. Ніякага спуску да яго відаць не было.
— Пэўна, для выхаду на гэтую сцяну выкарыстоўвалі вяровачныя лесвіцы і падвесныя масты,— выказаў здагадку мастак Дроздзіч.
Насамрэч насупраць сцяны, на скале бачыліся прыкметы гаспадарчай дзейнасці — можна было заўважыць высечаныя ў камені прыступкі, спіральныя сцежкі, рукатворныя пячоркі, якія, хутчэй за ўсё, служылі назіральнымі пунктамі. Цяпер там было бязлюдна.
— Калі ў гэтай скале хтосьці і жыве, то іх павінна быць не вельмі і шмат,— прамовіў кот.
— Часам якасць замяняе колькасць,— задумаўся мастак Дроздзіч.— Можа, жыхарам гэтай скалы не вельмі трэба турбавацца пра ўласную ахову.
— Вось гэта і насцярожвае,— папераджальным тонам сказаў кот Міамурмарор.
— Добра. Лётаць мы не ўмеем. Трэба спускацца да рова,— зрабіў выснову Арцін.
Першым, як звычайна, па вяроўцы, зачэпленай адным канцом за зуб на сцяне, спусціўся кот Міамурмарор, потым — Арцін, а пасля і мастак Дроздзіч.
Трое сяброў-кампаньёнаў апынуліся на вузкай пясчанай водмелі, пад самай сцяной. На водмелі густа рос чарот, асот, нейкія кусты, тырчалі тонкія дрэўцы, большасць з іх былі чэзлымі ці наогул сухімі.
— Зараз я пайду першым,— разахвоціўся Арцін,— не ўсё ж катам перад людзьмі выхваляцца. Гэты хвост неўзабаве мне сніцца будзе.
— А можа, не будзем спяшацца? — прапанаваў мастак Дроздзіч.— Лепей прыгледзімся.
— I прынюхаемся, і прыслухаемся,— дадаў кот Міамурмарор.
— Дый што там... Вада спакойная. Надвор’е добрае,— Арцін хутка начапіў вадаступы, аддаў мастаку Дроздзічу сваю каменную сякеру, каб не перашкаджаў лішні груз, і адважна пакрочыў вадою.
Ён дайшоў да сярэдзіны рова, пастаяў трохі, азірнуўся. Паверхня вады падавалася цалкам гладкай і ціхамірнай. Арцін азірнуўся да мастака Дроздзіча і ката Міамурмарора.
— Гэй, за мной! — крыкнуў ім юнак.
I адразу блакітная вада пад ім пацямнела. Вялізная рыбіна падплыла да Арціна і, стукнуўшы шырокім ілбом, падкінула яго ўгару, пры гэтым сама выскачыла з вады. Рыбіна была
цёмна-шэрая з тоўстай луской, магутным хвастом і вялізнай пашчай, з якой, як у маржа, тырчалі даўгія зубы.
У паветры Арцін кульнуўся, паспеў падняць над галавой рукі і даволі ўдала ўвайшоў у ваду. Хутка вынырнуў і, што ёсць моцы, паплыў да водмелі. Але вада пад ім зноў пацямнела, і ўжо другая рыба — такая ж вялізная, як і першая, толькі з адным абламаным зубам — падкінула яго ў паветра. У тое ж імгненне насустрач гэтай рыбе з вады выскачыла яшчэ адна. Абедзве рыбы са страшным гукам сшыбануліся сваімі жахлівымі ікламі і разам плюхнуліся ў ваду. Па ўсім рове пайшла вялізная хваля. I менавіта ў яе Арцін і патрапіў. У вадзе яго некалькі разоў перакуліла, ён ледзь не захлынуўся. Ізноўку юнака падкінула, гэтым разам вельмі высока, наўпрост на сцяну замка. Арцін ледзь было не пераляцеў праз яе, але, учапіўшыся кашуляй за зубец, павіс.
Кот Міамурмарор і мастак Дроздзіч проста былі агаломшаныя гэтым відовішчам. Усё адбывалася неймаверна хутка. I яны б нічым не змаглі дапамагчы свайму сябру.
Кашуля Арціна была вытканая з трывалай тканіны, таму вытрымала ягоную вагу, і будучы віцязь па вяроўцы спакойна спусціўся да сяброў, перапалоханы, але жывы і цудам цэлы.
— Ды паглядзеце, усё са мной добра. Я жывы і здаровы,— супакойваў сяброў Арцін.
Сябры маўчалі — проста яны не мелі чаго сказаць.
— Рыбкі хацелі павучыць мяне лятаць,— паспрабаваў аджартавацца Арцін.
— А калі б яны мяне гэтак павучылі лятаць,— нарэшце змог вымавіць кот,— я застаўся б без хваста.
— Вось бачыш, не варта было за мяне баяцца. У мяне хваста няма і страціць яго я не мог,— Арцін вінавата ўсміхнуўся.— Ды годзе вам, забылі.
Мастак агледзеў Арціна, упэўніўся, што ўсё ў яго ў парадку, і дакорліва пахістаў галавой:
— Ты проста ў кашулі нарадзіўся.
— Мне пашанцавала, што я ў ёй у гэты роў пайшоў.
А насамрэч гэты роў сябрам-кампаньёнам цяпер падаваўся непераадольнай перашкодай.
— Так, задача складаная,— працягнуў кот Міамурмарор, пачасаўшы патыліцу,— значыць цікавая.
— Што тут думаць? — сказаў Арцін кату.— Ты падыходзіш да берага, гучна муркаеш пра мурашак, рыбы слухаюць і засынаюць. А мы перабягаем роў.
— А ты ўпэўнены, што ўсе рыбы падплывуць і стануць мяне слухаць? Я ж буду на беразе, а яны пад вадой.
— Спакойна. Мы будзем цябе за заднія лапы трымаць. Набярэш паветра і станеш муркатаць пад вадой. Рыбы нават падплыць да цябе не паспеюць — адразу ж паснуць...
— Я — кот, а не марскі коцік,— надзьмуўся Міамурмарор.— I муркатаць пад вадой не ўмею.
— Значыць так,— пачаў мастак Дроздзіч,— калі рыбы хочуць навучыць нас лятаць, то нам трэба навучыць кагосьці з нас лятаць. I цяпер нам трэба высветліць, каго з нас і як мы будзем вучыць лятаць.
Кот Міамурмарор адразу ж уздыхнуў:
— Як гэта цяжка быць героем.
— А цяжкім героем быць яшчэ цяжэй,— зазначыў Арцін.
— Значыцца, з кандыдатурай мы вызначыліся,— падагульніў мастак Дроздзіч.
— Гэта лёгка — той, хто лёгкі,— сказаў Арцін,— складаней разабрацца, якім чынам мы будзем вучыць ката лятаць.
— Вось пра гэта варта падумаць,— разважаў мастак Дроздзіч.— Кот у нас адзін, і рызыкаваць ім мы не маем права.
— Вядома, не маем,— пагадзіўся Арцін.
— Ведаеце што,— прамовіў кот Міамурмарор,— мы гэты замак штурмавалі нагамі, рукамі, лапамі і ў нейкай меры хвастом... А цяпер я прапаноўваю штурмаваць яго мазгамі... Нам неабходны мазгавы штурм. Кожны зараз бярэ і прыдумляе свой спосаб лятаць.
— Слушна,— падтрымаў ката Арцін,— лічу да трох, і ідзем на штурм! Раз, два, тры!
Мастак Дроздзіч наморшчыў лоб, кот пачаў хадзіць уздоўж водмелі, а Арцін прысеў на камень у позе мысляра, паставіў локці на калені, а рукамі абхапіў галаву. Мабыць, дзякуючы гэтаму яму першаму і прыйшла думка.
— Я ведаю! — паведаміў ён усім.— Мы вяртаемся ў лес, робім вялікі самастрэл з вялікай стралой, вяроўкамі перацягваем яго на сцяну, прывязваем Міамурмарора да стралы і выстрэльваем ім у скалу. Міамурмарор умацоўвае на скале вяроўку, і па ёй мы перабіраемся на процілеглы бераг.
— Нядрэнна прыдумана,— адзначыў мастак Дроздзіч, a затым крытычна пачаў асэнсоўваць пачутае: — Але колькі часу зойме выраб гэтага самастрэла? Ды і потым неабходна будзе яго добра прыстрэліць, каб страла дакладна далятала да скалы, а не плюхалася ў ваду на сярэдзіне рова. Хаця тваё вынаходніцтва мы для сябе адзначым...
— А я ягонае вынаходніцтва сабе адзначаць не буду,— катэгарычна абвясціў кот Міамурмарор.— Ты хоць падумаў, з якой хуткасцю гэтая страла, да якой я, між іншым, буду прывязаны, ударыцца аб скалу?
— Нічога страшнага,— паспрабаваў супакоіць свайго прыяцеля Арцін.— Калі хуткасць будзе вялікая, ты заўсёды зможаш распушыць свой хвост і затармазіць.
— I плюхнуцца да рыб, так?
— Добра, а якія ў вас прапановы? — пакрыўдзіўся Арцін.