Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— У мяне прапанова прасцей,— сказаў мастак Дроздзіч.— Ты, Міамурмарор, бярэш мой парасон, вяроўку і скачаш са сцяны. Вецер цябе адносіць на процілеглы бераг. Там ты чапляеш вяроўку за выступ на скале, і мы перабіраемся. Ты лёгкі, парасон цябе вытрымае. А для таго, каб паветра праходзіла скрозь парасон, і парасон не перакульваўся падчас палёту, мы яго надарвем у цэнтры купала. I галоўнае — нічога не трэба перацягваць, пілаваць і круціць. Проста разагнаўся, скокнуў, праляцеў трохі — і ты ўжо на тым беразе.
— Та-ак,— працягнуў кот Міамурмарор,— а калі я разганюся, скокну і не далячу да таго берага? Роў вунь які шырокі. А калі вецер падзьме?
— Ды які вецер? — здзівіўся мастак Дроздзіч.— Тут жа сцяна з усіх бакоў.
— Ідэя! — усклікнуў Арцін.— Мы зробім з лапаў елак вялікія вахлікі-мяцёлкі, будзем імі махаць ды падгонім Міамурмарора да самага берага.
— He, вахлікамі-мяцёлкамі тут справе не дапаможаш. Хоць...— Кот Міамурмарор звярнуў увагу на тое, як над роўняддзю рова падымаецца ўгару пара.— А што калі зварыць суп... ну, добра, не суп, калі дым пусціць слупом?
— Ты нам дым у вочы не пускай,— забурчаў Арцін,— калі баішся ляцець, так і кажы. Самастрэл не падабаецца, парасон з вахлікамі-мяцёлкамі таксама недаспадобы...
— Самастрэл і парасон — гэта ненадзейна. А вось вахлікі-мяцёлкі цалкам падыдуць.
— Што ты прыдумаў? — скептычна запытаў Арцін.— Начэпіш на лапы вахлікі-мяцёлкі і будзеш імі, як крыламі махаць?
— Добра,— сур’ёзна сказаў мастак Дроздзіч,— якая твая прапанова?
— Я заўсёды кажу: назіранне — шлях да спазнання,— узгадаў кот Міамурмарор сваю ўпадабаную прымаўку.— Бачыце, пара над вадою падымаецца? Дым ад вогнішча таксама падымаецца. А вунь у кустах ляжыць бурдзюк Алеолы...
— Ну ты і зіркасты! — захапіўся мастак Дроздзіч.— А я думаю, што гэта там такое — кажух не кажух?
— А калі гэты дым сабраць разам,— працягнуў Міамурмарор,— да прыкладу, у мяшок, то ён зможа падняць у паветра яшчэ кагосьці. Гэты бурдзюк, думаю, для маёй вагі акурат падыдзе. А вахлікамі-мяцёлкамі вы будзеце рабіць вецер і тым самым падганяць бурдзюк разам са мной да таго берага.
— He ведаю, калі б можна было лётаць на пары альбо дыме,— Арцін з сумненнем прыпадняў адзін куток вуснаў,— людзі ўжо даўным-даўно сталі б падымацца да аблокаў і будаваць на іх гарады. Але калі ты ўсё-такі вырашыш ляцець на бурдзюку, дык мы дамо табе адзін канец вяроўкі, а іншы зачэпім тут, высока, за зуб сцяны. На той бераг мы спакойна зможам з’ехаць па вяроўцы.
— Слушна,— пагадзіўся мастак Дроздзіч,— а цяпер за справу.
Сябры-кампаньёны хутка расклалі вогнішча з сухіх галінак і чароту. Чарот моцна дыміў, і было добра відаць, як дым запаўняе скураны бурдзюк. Нарэшце, калі шчыльны гарачы дым прымусіў бурдзюк падняцца ўгару, яго перавязалі дужай аборкай. Кот Міамурмарор лапамі і зубамі ўчапіўся ў яго і, да здзіўлення Арціна, пачаў павольна ўзлятаць.
— Вядома, такога лёгкага ката дым падыме,— вымавіў будучы віцязь.— А вось, цікава, мядзведзя дым змог бы падняць?
— Мядзведзям на бурдзюках лётаць нельга,— сур’ёзна сказаў кот Міамурмарор,— яны тады змогуць прыкінуцца хмарай і бяскарна мёд у лясных пчол красці.
Ветру не было, паколькі ўсю прастору вакол акружала сцяна. Кот вісеў над водмеллю і нікуды не ляцеў.
— Ану, разам! — скамандаваў мастак Дроздзіч.
Разам з Арцінам яны пачалі з усіх сіл дзьмуць ротам у бок процілеглага берага, махаць вахлікамі-мяцёлкамі, зробленымі з чароту, а кот для большай ветразьнасці распушыў свой агніста-руды хвост.
Павольна, але надзейна Міамурмарор паплыў у паветры да іншага берага.
Рыбы пару разоў высоўвалі з вады свае шаблязубыя пысы, але скакаць за катом не рашаліся. Магчыма, шэры бурдзюк падаваўся ім воблакам, а кот са сваім памаранчавым хвастом — сонечным промнем...
Міамурмарор шчасліва дасягнуў процілеглага берага рова, а сябры без здарэнняў спусціліся да яго па вяроўцы.
XXII
О, ШЧАСЛІЎЧЫК!
3 пячоры ля падножжа скалы цякла падземная рачулка, цурчала па камянях і спускалася ў роў. 3 глыбіні пячоры чуўся шум вадаспаду. Сябры пайшлі пад зводы пячоры, пакрочылі ўздоўж вузкага пясчанага беражка, вельмі вільготнага, наскрозь прасякнутага вадой. Так што кот Міамурмарор папрасіўся на плячо да мастака Дроздзіча. Праз дзясятак крокаў сцены скалы звузіліся, не пакінуўшы месца для беражка. Арціну і мастаку Дроздзічу давялося абуваць вадаступы. На гэтым участку рачулкі плынь паскаралася, так што сябрам даводзілася чапляцца за слізкія выступы пячоры, сям-там парослыя лішайнікам.
Вада была проста ледзяная — ісці было прыкра і цяжка. Добра хоць вялізных рыб тут не вадзілася.
Неўзабаве паказаўся вадаспад. Вада прарэзала сабе дарогу скрозь шэры камень і падала ўніз у рэчку. На вадаспадзе стаяў млын. Вада цяжкім ручаём лілася на вялікае кола. Падавалася, што млын працуе ўхаластую, бо ніякага перадатачнага механізма не заўважалася. Толькі ў сярэдзіне гэтага кола круцілася перавязаная аборкамі вялікая шэрая глыба.
Навошта гэта было трэба — ні Арцін, ні мастак Дроздзіч, ні кот Міамурмарор не ведалі.
— Глядзеце,— паказаў Арцін угару на млын,— бачыце, там пад’ёмнік?
Над самім вадаспадам на аброці вісеў вялікі драўляны кошык — у ім маглі змясціцца, як мінімум, чатыры чалавекі.
— Ну, што ж. Я пайшоў,— сказаў кот Міамурмарор.
Ён спрытна ўскараскаўся па стромай скале, скокнуў з каменнага выступу на пад’ёмнік. Схапіўшыся дзвюма лапамі, пацягнуў драўляны вагір, які стрымліваў шпулю з накручанай на яе лінай, і кошык апусціўся долу.
Арцін і мастак Дроздзіч улезлі ў яго, а кот, які застаўся наверсе, іншым вагіром падвёў шпулю да драўлянай зорачкі-шасцярні, якая круцілася разам з колам млына. Шпуля ўчапілася сваімі зубцамі за зубцы шасцярні-зорачкі, закруцілася і пачала накручваць ліну. Кошык падняў Арціна і мастака Дроздзіча ўгару.
За млыном пачыналася пячорная галерэя. Сябры-кампаньёны разумелі, што іх шлях прывядзе ў сутарэнні ўнутры гары, таму яшчэ на водмелі, перад ровам, зрабілі з сухога дрэва і смалы паходні. Цяпер прыяцелі падпалілі іх і адправіліся ў цямрэчу.
Галерэя была даволі незвычайная — яе праціналі жалезныя трубы.
— Я чуў,— паведаміў мастак Дроздзіч,— што ў Мераміры з такіх труб зробленыя вадаводы для гарадскіх фантанаў.
— Так, і ў горадзе Палац Садоў таксама. Імі цячэ вада ў фантаны,— сказаў кот Міамурмарор. Ён прыклаў вуха, задумаўся і дадаў: — А ў гэтых нешта шыпіць.
— Загадкавае сутарэнне,— прамовіў Арцін.— I нідзе ні душы.
— Я вось неяк больш спадзяюся сустрэць тут не душу, a жывога чалавека,— прагаварыў мастак Дроздзіч.— Будзьце ўважлівыя, неўзабаве могуць з’явіцца і вартаўнікі.
— А можа, іх тутака няма,— з сумневам у голасе пачаў разважаць кот Міамурмарор.— Калі цябе атачае дрымучы лес, непрыступная сцяна, роў з шаблязубымі рыбамі, а потым яшчэ і стромыя скалы — якія ўжо тут вартаўнікі. Няма чаго дарма людзей мурыжыць. Можа быць, у іх ёсць справы больш важныя.
Галерэя падымалася ўгару квадратнай спіраллю, а потым і зусім ператварылася ў заблытаны лабірынт.
— Ідзем ціха. Трымаемся разам. He губляем адзін аднаго з віду,— перайшоў на шэпт мастак Дроздзіч.
Лабірынт складаўся з разгалінаваных калідораў і тупікоў. Чырвонымі стрэлкамі мастак Дроздзіч адзначаў на сценах пройдзены маршрут.
— Тут сёе-тое цікавае,— паведаміў ён сябрам, калі ў чарговы раз маляваў пэндзлікам чырвоную стрэлку,— падаецца, хтосьці пакідаў знакі сажай ад паходні.
— Ну-ну,— падышоў кот і моцна пацягнуў носам паветра.— Сажа свежая... I я адчуваю, што тут была Алеола.
— Ура! — шэптам выкрыкнулі Арцін і мастак Дроздзіч.
— Ідзіце за мной,— Міамурмарор, выцягнуўшы наперад нос, стаў красціся ўздоўж сценкі.
Арцін і мастак Дроздзіч асцярожна пайшлі ўслед за катом.
— Так, так,— гаварыў сабе пад нос Міамурмарор,— сюды, сюды.
Раптам ён шмыгнуў пад тоўсты дыван, які вісеў на сцяне. Арцін і мастак Дроздзіч зазірнулі ў пакой-пячору.
Кот Міамурмарор на падушачках лап падкраўся да чалавека, які сядзеў пры стале, абнюхаў ягоную спіну.
— Маё царства... маё царства... я вялікі цар Ранэон... мне падпарадкоўваецца ўсё... усё...— мармытаў чалавек.— Раз, два, тры...— ён кінуў на стол ігральную костку.
— Назад,— прашаптаў кот сваім прыяцелям і, адступіўшы да выхаду, пакінуў пячорны пакой.
Міамурмарор упэўнена пайшоў далей калідорам, Арцін і мастак Дроздзіч пакіравалі за ім.
— Хто гэта? — прашаптаў кату на вуха Арцін.
— He замінай... потым... Алеола дзесьці побач... і Бедалай таксама... Стоп!
Кот Міамурмарор развярнуўся, падышоў да нішы ў сцяне.
— Капаем! Тут!
— Што там? — моцна расхваляваўшыся, спытаў мастак Дроздзіч.
— Алеола і Бедалай...— адказаў кот і пачаў рыць пярэднімі лапамі.
— Няўжо яны закапаныя?
Арцін з мастаком кінуліся дапамагаць кату.
— Вось,— сказаў кот і пацягнуў з пяску шлейку футарала Бедалая,— Арцін, вазьмі. Хадзем далей...
Міамурмарор зноў выставіў наперад свой чуйны нос і хуткім трушком пабег сцюдзёнай падлогаю падземнай галерэі. Мастак Дроздзіч імкнуўся паспяваць за ім, а вось Арцін адразу ж адстаў — ён цягнуў на сабе свае рэчы, сваю каменную сякеру і яшчэ футарал з сякерай Бедалая.
— Мяне пачакайце! — крыкнуў юнак.
— Паспяшайся, я іду па следзе,— кот літаральна бег за сваім носам.
— Вось яны! — нарэшце абвясціў Міамурмарор.
Ён спыніўся побач з уваходам у пячорны пакой, прыпадняў дыван, з-пад якога біла святло.
Нягледзячы на сваю ношу, Арцін так ірвануў наперад, што абагнаў мастака Дроздзіча, нырцануў пад дыван і першым апынуўся ў пячорным пакоі.
— Алеола! — крыкнуў ён.
— Так,— не адрываючы позірк ад стала з ігральнымі косткамі, адказала будучая яснапанна.
— He марудзь,— прабурчэў Бедалай на Алеолу.— Кідай хутчэй.
— Алеола, гэта ж я! Арцін! — нічога не разумеючы, выклікнуў будучы віцязь.
— Я ведаю,— Алеола сабрала косткі ў руку.
У пячорны пакой увайшоў кот Міамурмарор, а за ім — мастак Дроздзіч.
— «Шэсць», давай «шэсць»,— напружана прашаптала Алеола і кінула кубік.
Хутка паглядзела на тое, што ёй выпала, і зласлівым голасам сказала:
— Вось... «чацвёрка»!
— Усё зразумела,— сказаў кот.
— Што гэта з імі? — устрывожыўся мастак Дроздзіч.
— Алеола! Ты што? — Арцін падбег да стала і накрыў далонню кубік.
— Гэй, Арцін! — нахмурыўшы бровы, грозна прагаварыў Бедалай.— Мая чарга кідаць.