• Газеты, часопісы і г.д.
  • Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

    Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

    Аповесць легендарных часоў
    Серж Мінскевіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 2013
    60.96 МБ
    Апошнім паімчаў мастак Дроздзіч. Лятучы шчыт быў выдатна прыстасаваны для палётаў уздоўж «магнітычных» струменяў. А Дроздзіч целаскладам быў амаль такі ж, як маг Ніціч, ну, можа быць, трошкі ніжэй. Таму Дроздзічу было лёгка кіраваць лятучым шчытом. Неўзабаве мастак абагнаў і Бедалая, і Алеолу, і Арціна. Яму нават давялося разгарнуць свой парасон — трохі прытармазіць, каб не моцна аддаляцца ад сваіх сяброў.
    XXV
    ДЗІКІ I ЖУДАСНЫ АГНЯЗЕЎ
    Пачуўшы ад Санцелямона і Панцелямона страшную вестку, жыхары Слаўбора зачыніліся ў горадзе за высокім драўляным частаколам. Сталай дружыны ў Слаўборы не было, а рыбакоў і сялян, здольных устаць на абарону горада, набралася ўсяго чалавек сто пяцьдзясят—дзвесце. Большасць з іх згрудзілася перад гарадскімі варотамі, трымаючы напагатове лукі, вялікія цесакі і косы.
    Навальніца прайшла, і ярвяне ўжо ламалі вароты завостраным бярвеннем. Гэта былі лютыя ваяры з поўначы, якія прыплывалі з-за мора рэкамі на крутабортых караблях. Пагаворвалі, што яны наогул не ведаюць літасці, а для мацнейшай лютасці п’юць адвар з атрутных грыбоў. Яшчэ казалі, што рэцэпт гэтага адвару вядомы толькі абраным ярвянскім ведунам, і што напіўшыся такога адвару, ваяр не адчувае ні стомленасці, ні болю.
    Вароты скалыналіся і трашчалі. Брахіндзей бегаў уздоўж іх і з усёй моцы брахаў, спрабуючы напалохаць нападнікаў. Аднак часты грукат ад удараў тарана заглушаў ягоны брэх.
    — Глядзеце! — раптам ускрыкнуў адзін ярвянін, які стаяў каля тарана. Ён паказаў на неба: — Вунь там, бачылі? Нябесная Мядуза!
    — Ды перастань ты,— сказаў іншы ярвянін,— перапіў адвару, цяпер усіх палохаеш!
    — А вунь Лятучыя Акулы! — Задрыжаў ад жаху той самы «перапіты» ярвянін.
    — Бог ты мой! — Цяпер і другі ярвянін таксама пабачыў, як па небе праляцелі дзве вялікія рыбіны і зваліліся недалёка ад берага ў Малое Светлае Возера.
    — Нябесная Мядуза... Лятучыя Акулы,— пайшоў шэпт па ярвянскіх шэрагах.
    — Глядзеце! Глядзеце! Агнязеў!
    — Агнязеў!
    — Вярхом на кавалі Гарэсце!
    — Каваль Падземнага Царства! — ногі ў ярвян затрэсліся.— А з ім пачвара Агнязеў!
    — Праклятыя рыбакі выклікалі сабе на дапамогу сілы неба, вады і зямлі! — пакацілася пагалоска па ярвянскім войску.
    — Глядзеце! А вунь Чорны Груган з Даліны Мёртвых!
    Над ярвянамі праляцеў вялізны крумкач — у дзюбе ён трымаў лук і калчан са стрэламі, похвы і меч.
    Ярвяне перасталі біць таранам у вароты горада. Задраўшы галовы, яны глядзелі ў неба, а потым усім войскам адначасова зірнулі на возера. 3 ягоных вод паднялася і пайшла да берага адна з Лятучых Акул.
    Перад ярвянамі паўстала жахлівае відовішча — да Лятучай Акулы з неба спусціўся Груган з Даліны Мёртвых, аддаў
    ёй сваю зброю, паляцеў да найбліжэйшай хвоі і стаў з яе касіць бліскучым вокам на ярвян, відавочна абіраючы сабе ахвяру.
    Лятучая Акула сказала яму чалавечым голасам:
    — Дзякуй, Крачар. Цяпер ім нездабраваць! — Акула адкінула плаўніком костку волата, падобную да каменнай сякеры, надзела на сябе калчан, лук, похвы, дастала з іх меч, грозна патрэсла ім і рушыла да берага. Побач з першай Лятучай Акулай з’явілася другая. У яе ў руцэ зіхацеў жудасны рыбіны зуб. Паднялася з возера і Нябесная Мядуза, яна згарнула свой празрысты каптур і таксама выставіла наперад крышталёвы зуб, вядома ж, вельмі атрутны.
    А калі з возера падняўся, трымаючы вялізную, як кавадла, сякеру Каваль Падземнага Царства, на плячах у якога сядзеў і дзіка шчэрыўся люты Агнязеў, ярвяне кінулі таран, і без аглядкі панесліся ў лес. Паўночныя ваяры пракліналі сябе, што адправіліся ў паход на гэтых рыбакоў, і кляліся больш ніколі ў жыцці не паказвацца ў гэтых страшных мясцінах.
    He на жарт перапалохаліся і самі рыбакі, якія зачыніліся ў горадзе. Яны таксама бачылі, як па небе праляцелі пачвары. Але рыбакам уцякаць не было куды. I вырашылі яны задорага аддаць свае жыцці — яшчэ мацней сціснулі ў руках цесакі, косы, лукі...
    — Трымацца ўсім разам, не разбягацца! — скамандаваў Палямон.
    Брахіндзей рыкнуў, падтрымаўшы загад свайго гаспадара, і раптам заматляў хвастом, гулліва падскокваючы, пабег да варот і радасна заскуголіў.
    — Што гэта з ім? — здзівіўся Палямон.
    — Значыць, хтосьці знаёмы,— выказаў здагадку Халямон.
    — Мы пойдзем глянем,— сказалі Санцелямон і Панцелямон.
    — Стаяць! He лезьце вы, куды вас не просяць! — прыстрашыў сыноў Палямон.
    А Брахіндзей, задыхаючыся, весела брахаў, кідаўся ўздоўж варот, спрабаваў засунуць нос у шчыліну пад імі, хвастом ён ужо не матляў, а круціў.
    — Бацька, ды Брахіндзей брэша, але не хлусіць,— сказаў Панцелямон.
    — Айда,— Санцелямон гэстам паклікаў брата, маўляў, пойдзем да варот.
    — Прыбярэце лукі! — крыкнуў Палямон астатнім рыбакам.
    Лукі рыбакі апусцілі, але мечы, цесакі, косы і вілы не схавалі.
    Санцелямон адчыніў вароты. Брахіндзей кінуўся вонкі. Рыбакі пабачылі, як да горада падыходзяць пяць пачварын, і адступіліся назад. Адступілі Санцелямон і Панцелямон, але спалохацца ім не даў Брахіндзей.
    Сабака падбег да рыбачалавека, які ішоў наперадзе ўсіх, і пачаў скакаць вакол яго на задніх лапах, лізаць проста ў твар. Затым падбег да другога рыба-чалавека, высока прыскокнуў і на радасцях абслініў таму бровы.
    — Дабрыдзень жыхарам Слаўбора! — пакланіліся рыбалюдзі.
    — Гэта Алеола! Гэта Арцін! — усклікнулі Санцелямон і Панцелямон, а пасля і Халямон з Палямонам. I іншыя рыбакі пазналі сваіх нядаўніх спадарожнікаў.
    — Ну, вас не разгледзіш за гэтай лускай! I па небе лётаеце, як чэрці!
    — Ды не як чэрці, а як віцязі Магнітнага Замка,— патлумачыў Арцін.
    — Чаго, чаго? — не зразумеў Халямон.
    — Ды так, доўга тлумачыць.
    — О, мастак Дроздзіч! — Жыхары Слаўбора яго добра ведалі і вельмі любілі.
    Цяпер ужо ўсе пахавалі свае мечы, цесакі, косы і вілы. Нечакана Брахіндзей грозна зарыкаў. У варотах паказаўся Бедалай з катом Міамурмарорам на плячы. Учуўшы сабачы брэх, кот адразу сцяміў, што лепей на зямлю не спускацца.
    — Брахіндзей,— паклікала сабаку Алеола,— гэта нашыя сябры.
    3 недаверам косячыся на ката і ката, Брахіндзей падбег да Алеолы і лізнуў ёй руку.
    — Толькі сабакі, не разабраўшыся, адразу пачынаюць брахаць на добрапрыстойных жывёл,— пакрыўджана сказаў кот і злазіць з пляча Бедалая не стаў.
    У гонар прыбыцця гасцей і цудоўнай перамогі над ярвянамі ў горадзе Слаўборы зладзілі вялікае свята. Арганізавалі пышную бяседу з пачастункамі, спевамі і музыкай.
    За стол, які паставілі на галоўнай плошчы горада, пасадзілі і ката Міамурмарора. 3 уласнай высакароднасці і салідарнасці з усім жывёльным светам ён настояў, каб да стала запрасілі і Брахіндзея. Аднак неўзабаве кот Міамурмарор моцна пашкадаваў, паколькі ўяўленні пра тое, як паводзіць сябе пры стале, у катоў і сабак значна адрозніваюцца. Брахіндзей
    хутка ўсё з’ядаў, пры гэтым бразгаў талеркай па стале, вылізваў яе і адразу пачынаў падвіскваць, просячы наступную порцыю — сёння яму ніхто ні ў чым не адмаўляў.
    Пакармілі і старога крумкача Крачара, перад тым, як ён паляцеў дадому.
    XXVI
    ЯКАЯ ЦЯЖКАЯ ПРАЦА — «ЛАДАЧКУ» ШТУРХАЦЬ I Ў ВАДУ ЎПІРАЦЦА
    Назаўтра Палямон, Халямон і яго двайняты-браты разам са сваімі гасцямі на ладдзі адплылі да мяжы Чорнага Балота.
    I заспяваў Палямон старую рыбацкую песню:
    Эх, рака шырокая, Будзь жа нам дарогаю! He будзь хваляванай, Будзь нам паслухмянай!
    Падхапілі яе Халямон і Санцелямон з Панцелямонам. I Арцін з Алеолай падцягнулі:
    He будзь хваляванай, Будзь нам паслухмянай, He згубі, рака, Човен рыбака!
    Спяваў яе і мастак Дроздзіч, і нават Бедалай паспеў падпець апошні радок.
    А вось кот Міамурмарор не спяваў. Яму спадабалася сядзець на папярочцы шчоглы і глядзець, як трапеча ветразь, як лётаюць над вадой чайкі, як плёскаецца ў вадзе рыба.
    Па прытоках «Ладачка» спусцілася да Продзеня, падышла да рачнога мыса, дзе стаяў вялізны маяк-рыба. Перад самым паваротам у Прыту, на самой стрэлцы, «Ладачцы» сустрэліся тры купецкія ладдзі.
    — Прывітанне хвалебным купцам! — павітаўся Палямон.
    — Прывітанне хвалебным рыбалям! — адказалі купцы.
    — Адкуль шлях трымаеце? Што на свеце чутно?
    — 3 Залатога Горада плывем у Дзівін. Пад Векавым страшная бітва была. Князь Граней разбіў арду Печаных Ног.
    — А мы таксама ў сябе на Светлых Азёрах арду разбілі! Ярвяне кінуліся наўцёкі! Мы ледзь не аслеплі — так пяткі ў іх зіхацелі! Плывеце спакойна! Яны носу доўга яшчэ не пакажуць...
    — Любамірнай вады! — памахалі рукой купцы.
    — Дзякуй! Вам таксама! — адказаў ім Палямон.
    Плаванне праходзіла спакойна — у гэтых месцах даўно ўжо не было ні рачных піратаў, ні лясных разбойнікаў. Праз тыдзень ладдзя ўвайшла ў возера — гэта была Прыта, што выйшла з берагоў. «Ладачка», злавіўшы вецер, накіравалася на поўдзень.
    Але праз некаторы час мастак Дроздзіч, які стаяў на носе, крыкнуў:
    — Назад! Чорная хваля!
    Халямон, Санцелямон, Панцелямон і Арцін кінуліся здымаць ветразь. Да іх на дапамогу пабег Брахіндзей — сабака ўчапіўся ў вяроўку зубамі і, рыкаючы, пацягнуў на сябе.
    I ўсё адно носам ладдзя «ўліпла» ў чорную хвалю, нібы ў смалу.
    — Абуваем вадаступы і штурхаем ладдзю назад! — сказаў Арцін.
    — А мы на вёслы — грабем назад! — скамандаваў сваім сынам Палямон.
    Арцін, мастак Дроздзіч, Бедалай, Алеола і нават кот Міамурмарор, які ўпершыню апрануў свае вадаступы, наляглі на борт ладдзі.
    — Давай! Усе разам! Мы весланём! А вы штурханеце! — закрычаў Палямон.— I р-раз! I р-рраз! I рр-ррраз!
    На гэтыя «і рраз» вельмі жыва адгукаўся Брахіндзей — ён злавіў рытм і брахаў на свой манер: «Ірр-гаў! Ірр-гаў!»
    Ладдзя расхіствалася і памалу адыходзіла назад у чыстую ваду. Агульныя намаганні ўвянчаліся поспехам — «Ладачка» стала вольнай.
    — Удалай выправы! — пажадалі рыбакі па-свойму.
    — Дзякуй! Да сустрэчы! — адказалі рыбакам іх былыя госці.
    Але на гэта рыбакі нічога ўжо не адказалі, і, не развітваючыся, паднялі ветразь. «Ладачка» адправілася ў зваротны шлях, а сябры-кампаньёны — у свой.
    * * *
    Чорнай хваляй на дзясяткі вёрст затапіліся лясы. Сямтам віднеліся цёмна-зялёныя ўзгоркі, да якіх не дабралася вада. На іх было шмат усялякай лясной звярыны — казулі, ласі, лісіцы, ваўкі... Падавалася, бяда іх усіх прымірыла.
    Сябры-кампаньёны моўчкі паглыбляліся ўсё далей і далей, усё глушэй і глушэй у затоплены гушчар, дзе нават магутныя дрэвы былі падобныя да аднаногіх волатаў, якія патрапілі ў палон да Чорнага Балота. А каб ногі не вязлі ў балотных хвалях, адважныя падарожнікі нашмаравалі вадаступы рыбіным тлушчам.