Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
Арцін з раздражненнем адкінуў у бок ігральную костку. Кубік закруціўся, прыскокнуў, пакаціўся да Бедалая і спыніўся.
— Што там? — нечакана спытаў Арцін.
— Нічога,— буркнуў у адказ Бедалай.— «Двойка».
— А што павінна быць? — у азарце запытаў Арцін.
— Напачатку — «шасцёрка»,— адначасна сталі тлумачыць Бедалай і Алеола,— потым «пяцёрка», потым «чацвёрка»...
— Зразумела,— загарэліся вочы ў Арціна,— я кідаю пасля Алеолы.
Юнак зняў з плячэй футарал, паклаў яго ля сцяны і, забыўшыся пра ўсё, сеў на тапчан, які стаяў каля стала.
— Арцін, ты што? — абурыўся мастак Дроздзіч.
Але ніхто, апроч ката Міамурмарора, не жадаў яго чуць.
Бедалай кінуў костку, Арцін і Алеола ў запале падхапіліся з тапчана па кубік.
— Што адбываецца?! — Мастак Дроздзіч сам хацеў забраць кубік, але раптам, ні з таго ні з сяго кот Міамурмарор страшна прашыпеў. Дроздзіч хутка прыбраў руку.
— Паслухайце мяне,— сказаў кот.— Hi Алеола, ні Бедалай, ні Арцін нас ужо не будуць слухаць, а нам трэба разабрацца, што гэта за кубікі. Зараз забярэце ў іх костку і кідайце мне.
— Кінуць костку табе?
— Так, а што? Хіба костку можна кідаць толькі сабакам?
— He... Hy...
— Толькі будзьце ўважныя, кідайце сваю ігральную костку так, каб яна зачапіла мой вус... Я хачу прамацаць яе, адчуць, што ў яе ўсярэдзіне, і зразумець, які ў ёй сакрэт.
— А калі і мяне «зацягне»? Мне ж нельга, бо я павінен вандраваць па белым свеце.
— He зацягне. Ледзь што — я выцягну,— упэўнена сказаў кот Міамурмарор.
— Добра,— пагадзіўся мастак Дроздзіч.— Паспрабуем.
— Эх... «чацвёрка»,— ледзь не застагнаў ад прыкрасці Бедалай.
Алеола ўжо хацела сабраць кубікі, як раптам мастак Дроздзіч абвясціў:
— Стоп! Стоп! Цяпер мая чарга!
Разам з Міамурмарорам яны падышлі да стала. Мастак Дроздзіч узяў кубік, а кот паклаў галаву на стол, заплюшчыў вочы, заткнуў лапамі вушы, затаіў дыханне, каб засяродзіцца толькі на дотыку.
Як і дамаўляліся, мастак кінуў кубік так, што той кутком учапіў вус ката. Міамурмарор тузануў губой, чхнуў і расплюшчыў вочы:
— Усё зразумела.
— Што ж мне выпала? — шумна занепакоіўся мастак Дроздзіч і стаў вачыма шукаць кубік.
— Ды якая розніца...
— He, я хачу ведаць,— заўпарціўся мастак Дроздзіч.
— Мастака таксама «засмактала»,— адзначыў для сябе кот Міамурмарор.
— Пасуньцеся,— рэзкім, змененым голасам сказаў Дроздзіч, груба праціснуўшыся паміж Алеолай і Арцінам, ён сеў на тапчане.— Гуляем далей!
— Нічога, нічога,— прамуркатаў кот Міамурмарор,— зараз, зараз...
Ен узяў футарал з сякерай Бедалая і засунуў яго далей пад стол. Ніхто з гульцоў, якія сядзелі на тапчане, нават гэтага не заўважылі — настолькі ўсе яны былі захопленыя гульнёй.
— Стоп! — раптам люта прарыкаў кот, ён зласліва бліснуў зялёнымі вачыма, цюкнуў кіпцюрамі па стале і нахабным тонам прахрыпеў:
— Зараз кідаць буду я!
— Добра, добра,— паддаўся такому напору Бедалай.— He кіпяціся, браце.
Кот дзвюма лапамі ўзяў адзін кубік і пачаў трэсці. Міамурмарор не заўважыў, як хтосьці ўвайшоў у пакой, але ён гэта пачуў, праўда, і вухам не павёў — і працягваў трэсці кубік.
— Ну-ну, кідай, а мы паглядзім,— падахвоціў яго маг Ніціч.
Кот, не абарочваючыся, адказаў:
— Калі ласка, глядзеце,— і кінуў костку.
Кубік каціўся нядоўга — адразу ж спыніўся. Выпала «шэсць». Кот кінуў наступны кубік. Выпала «пяць», затым «чатыры», «тры», «два», «адзін».
— Адзін...— хорам вымавілі Бедалай, Алеола, Арцін і мастак Дроздзіч.
— Брава-брава,— з іроніяй запляскаў у ладкі маг Ніціч.— Але так павінна адбыцца шэсць разоў запар.
— Калі ласка,— абыякава вымавіў кот Міамурмарор.
Ён сабраў кубікі і стаў зноў кідаць. «Пірамідка» штораз паслухмяна выпадала.
— «Пятая» пірамідка,— лічылі ўсе, апроч мага Ніціча.
— «Шостая»,— раптам ускрыкнулі ўсе.
Усе, апроч мага Ніціча.
Усе, апроч мага Ніціча, закруцілі галовамі ў чаканні цуду, але ніякага цуду не адбывалася.
— А дзе ж цуд? — спытала Алеола ў мага.
— Дзе цуд? — запыталіся ўсе.
— Як дзе? Вось жа ён,— развёў рукамі маг Ніціч.
— Дзе ж? Міамурмарор, ты што-небудзь адчуваеш? — паглядзеў Бедалай на ката з надзеяй.
— Я... Так... Адчуваю.
— Што?
— Што ж?
— А тое, што цяпер вы вольныя! — сказаў кот Міамурмарор.— Казала мне мая бабуля, ангорская дымчатая котка: «Кідаць костку самому сабе — вельмі шкодна».
— Гэта, вядома, выдатна,— прамовіў маг Ніціч,— але як у вас атрымалася здзейсніць гэты цуд?
— А ў нас тут,— хітра ўсміхнуўся кот Міамурмарор,— сякера пад лаўкай, то бок пад сталом схаваная. Магічная, паміж іншым...
— Яго самога трэба прымусіць кінуць гэтыя кубікі! — гнеўна сказала Алеола.— Бедалай! Арцін! Трымайце яго! Гэта ў іх галоўны разбойнік!
— Супакойцеся, супакойцеся,— папрасіў мастак Дроздзіч.
Але Бедалай з Арцінам рынулі да мага.
— Ціха! — сыкнуў кот Міамурмарор.
— Ціха ўсім! — у пячорны пакой зайшоў Ром Ончар.
Яго громападобны голас вымусіў усіх спыніцца.
— Прашу ўсіх падняцца да мяне,— ветла сказаў маг Ніціч.
ХХІП
НА ШЧЫЦЕ ТАКСАМА МОЖНА ЛЁТАЦЬ. ТЭОРЫЯ
Дзіўна, што ў зале, дзе жыў маг Ніціч, ужо стаяў накрыты стол са мноствам страваў — садавіна, цестачкі, сокі, малако, смятана, бліны, тварожны пудынг, упрыгожаны трускалкамі, разнастайныя сыры. Каля стала загадзя былі расстаўленыя крэслы-гушкалкі. Іх было сем — роўна па ліку гасцей, плюс сам маг і ваявода. Як быццам гаспадар загадзя рыхтаваўся да сустрэчы.
— Прашу ўсіх за стол,— сказаў маг Ніціч.— Пабанкетуем на славу.
— Ведаем, ведаем, хто вам пра нас апавёў,— прамовіў кот Міамурмарор і праглынуў слінку, зіркаючы на сыр і смятану.
— Няўжо крумкач? — здагадаўся мастак Дроздзіч.
— Так... Гэта Крачар, наш вартавы,— сказаў маг Ніціч.— Калі да сценаў замка падыходзіць чалавек, Крачар падлятае да балкона на піку скалы і гучным карканнем папярэджвае дзяжурнага віцязя.
— Крачар каркнуў тры разы, значыцца, і госцяў мы чакалі трох,— дадаў Ром Ончар.
— Ну, прысаджвайцеся,— шырокім гэстам запрасіў маг Ніціч.
— Я за адзін стол з разбойнікамі не сяду,— абвясціла Алеола і сціснула кулачкі.— Арцін, не сядай, і ты, кот, не квапся на крадзены сыр. Напэўна, яны якогасьці гандляра абрабавалі.
— 3 чаго вы гэта ўзялі, яснапанначка? — абурыўся Ром Ончар.
— А хто ў вас у вязніцы сядзіць? Вы і нас з Бедалаем пасадзілі, кубікі гэтыя падкінулі.
— Мы патрабуем,— Арцін гнеўна паглядзеў на Рома Ончара, а затым на мага Ніціча,— каб вы нас неадкладна адправілі назад. I даю вам слова, што калі я стану віцязем, збяру войска і вазьму штурмам гэты замак...
— He спяшайся даваць слова, юнак,— сказаў Ром Ончар.
— I не рабеце паспешных высноваў,— дадаў маг Ніціч.
— У нас ёсць падставы давяраць Алеоле,— сказаў мастак Дроздзіч.— Тым болей я сёе-тое чуў пра падступнага Уладара Навальніц.
— Добра,— вымавіў маг Ніціч,— у такім разе запрашаю ўсіх вас у галоўную залу. Спадзяюся, мы зможам вам усё патлумачыць.
Маг Ніціч і Ром Ончар павялі ўсю кампанію ў грот, дзе была цяжкая глыба.
— Гэта наш пункт адпраўлення. Вось глядзіце, у пазе, які аддзяляе падлогу залы ад яе сценаў, я ўстаўляю выплаўленую з шэрага каменя пліту. Тады глыба пачынае «працаваць». Адзін бок глыбы, дзе ў яе нос — адштурхоўвае пліты, вы-
сечаныя са скалы,— я назваў яго «паўднёвы» бок, а другі прыцягвае — гэта «паўночны» бок.
— Гэтак жа як магічнае жалеза? — спытаў мастак Дроздзіч.— Адзін бок прыцягваецца, другі адштурхваецца.
— Так, толькі ў шмат разоў мацней,— адказаў маг Ніціч.— Глыба высечаная з самога кораня скалы. Як вы ведаеце, у скале ёсць падземны вадаспад, на гэтым вадаспадзе, гэта вы таксама ведаеце, мы ўсталявалі вялізны вадзяны млын. На ім круціцца другая такая глыба. Гэтыя дзве глыбы, як сёстры-двайняты, узмацняюць адна адну. A моц, нават у адной з іх — проста неймаверная.— Маг Ніціч пагладзіў рукой шэрую паверхню глыбы і працягваў апавядаць далей: — За сваё існаванне скала, у якой мы цяпер знаходзімся, назапасіла вялізную колькасць зямной сілы. I, апроч таго, у гэты скальны пік падчас навальніцы трапляюць маланкі. Яны таксама звязаныя з гэтай магічнай сілай зямлі. Маланкі сыходзяць у корань скалы і перадаюць ёй нябесную сілу. Я не Уладар Навальніц, як мяне ахрысцілі людзі, але я ўмею сачыць за маланкамі. Кожную маланку, дзе б яна ні ўспыхвала на нашым паўшар’і Зямлі, я магу бачыць. Маланка ўплывае на «магнітычныя» сілавыя струмені, якія праходзяць праз гэтую скалу. А на гэтай крышталёвай столі,— маг Ніціч падняў рукі і паказаў на зыркаючы агнямі купал гроту,— над глыбай з’яўляецца водбліск, які паказвае, дзе мільганула маланка. Да таго ж, калі прыгледзецца, то нават можна пабачыць, што гэтая маланка на Зямлі асвятліла. Вядома, у вельмі паменшаным выглядзе. Атрымліваецца такое магічнае альбо, як кажуць віцязі, «магнітычнае» дальнабачанне.
— Адзін з віцязяў заўсёды дзяжурыць пад гэтай столлю,— Ром Ончар паказаў на сетку, у якой, як у гамаку, ляжаў чалавек і ўзіраўся ў жоўта-памаранчава-сінія водбліскі, што там-сям успыхвалі на скляпенні.— Гэй, дазорца? Што ў нашай частцы свету відаць?
— Здаецца, усё спакойна,— адказаў віцязь у гамаку.
— Гэта адносны спакой,— патлумачыў Ром Ончар.— У любы момант мы ўсе можам адправіцца на бітву з ворагам альбо на барацьбу са стыхіяй. Віцязі апранаюць свае шчыты, скачуць з балкона, а «магнітычныя» струмені нясуць іх да месца бітвы альбо прыроднай катастрофы.
— Мы можам «дальнабачыць» толькі, калі там, дзесьці, успыхвае маланка,— працягваў маг Ніціч,— часта гэта здараецца нават без дажджу. Але ўсё адно, пакуль на небе бясхмарна, мы не ведаем, што адбываецца ў тым месцы на зямлі.
— Я чула і бачыла, як вашыя віцязі,— недаверлівым тонам сказала Алеола,— ляцелі, каб абрабаваць караван.
— Яснапанначка, калі вы не зразумелі, навошта ляцелі мае віцязі,— грозна сказаў Ром Ончар,— то свае здагадкі лепей бы пакінулі пры сабе.
— I што ж адбылося з тым караванам у Ледокскіх Гарах? — упарта працягвала Алеола.
— Наш дзяжурны пабачыў, як у цясніне на шляху KapaBana стаіліся разбойнікі,— сказаў маг Ніціч.
— Усяго іх было сорак,— усміхнуўся Ром Ончар,— таму для іх хапіла адной нашай змены.
— А змена — гэта колькі чалавек? — пацікавіўся Арцін.
Яму пачало станавіцца сорамна за тое, што ён так неабдумана паверыў Алеоле, і, апроч таго, было вельмі цікава, як наладжаная вайсковая справа ў замку.