Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка
Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
— Увага! — Алеола пачула голас мага Ніціча і асцярожна вызірнула са свайго тунэля.
Маг Ніціч ужо сядзеў у сваім крэсле, на глыбе. Над плеценым крэслам Ніціча Алеола пабачыла вялікае драўлянае кола. Ягоная вось была прымацаваная да цэнтра столі.
— Дазорца! — крыкнуў маг Ніціч — Сектар?!
— Дзесяць! — адказаў яму віцязь у гамаку.
Яшчэ Алеола зазначыла, што падлога ў зале, дзе знаходзілася глыба, была пракрэсленая доўгімі пранумараванымі лініямі. Усё гэта нагадала ёй сонечны гадзіннік. Кожная лінія паказвала на вызначаны калідор-тунэль. Алеола
пабачыла, што тунэль, дзе яна знаходзіцца, пазначаны лічбай «11».
— Увага!
Перабіраючы рукамі па коле, маг Ніціч павольна разварочваў глыбу. Алеола заўважыла, што з аднаго боку ў глыбы мелася завостраная дзюба. I вось гэтай дзюбай глыба паказала, як стрэлкай, па лініі з лічбай дзесяць.
— На старт! — закрычаў маг Ніціч.
Алеола адчула, як нябачная хваля адкінула яе ад адной сценкі тунэля, у якім яна стаяла, да процілеглай.
— Забіраем праз содні! — крыкнуў маг.— Усе запомнілі?
— Так! — крыкнулі віцязі.
— Для тых, хто спозніцца і параненых — паўторым яшчэ праз палову содняў. Зразумела?
— Зразумела! — адказалі дзесяць віцязяў.
— Пайшлі!
Віцязі па адным выбягалі на балкон, зрывалі са сценаў свае шчыты, апраналі іх на плечы і па чарзе станавіліся на зубец балкона насупраць дзясятага тунэля. Затым тварам да неба падскоквалі ўгару і, падхопленыя нябачнай сілай, несліся ўдалячынь.
Усё адбывалася размерана, але хутка.
Калі знік у небе дзясяты віцязь Дэнэт, прызначаны старэйшым, на балкон выйшаў Ром Ончар. Ён зірнуў у вечаровае неба, куды паляцелі ягоныя віцязі і крыкнуў:
— Змагайцеся, хлопцы! He выпусцеце перамогу!
— He выпусцяць,— адгукнуўся віцязь на гамаку.
— Мернеск, ты папільнуй за імі, пакуль можаш, і мне дакладай...
— Зразумела! — адчаканіў дазорца.
Ром Ончар прайшоў на балкон праз дзявяты тунэль, абышоў яго ўвесь і вырашыў вярнуцца ў залю праз адзінаццаты тунэль, у якім знаходзілася Алеола. Як толькі яна заўважыла, што Ром Ончар ідзе ёй насустрач, спалохана выбегла ў грот і, прагінаючыся пад цяжарам сваёй ношы, хуткім крокам накіравалася да лесвіцы. Яна думала, што ўнізе, у лабірынце яе будзе цяжка адшукаць.
— Гэй, Ніціч! — крыкнуў Ром Ончар.— Тут парушальнік!
— А, яснапанна! — усклікнуў маг, калі заўважыў, што Алеола выскачыла з адзінаццатага тунэля і рушыць уздоўж глыбы.— Вы што, звар’яцелі? А калі б нам трэба было адправіць дружыну праз адзінаццаты тунэль? Вас бы тут ужо не было! Вас магло б вынесці ў неба і вы б разбіліся! Божа мой! Вам проста пашанцавала!
Але Алеола яго не слухала, яна, як магла, хутка ішла да лесвіцы.
— Вас што, пад замок пасадзіць?! — з тунэля данёсся разгневаны голас Рома Ончара.
Маг Ніціч хутка спусціўся вяровачнай лесвіцай і апынуўся перад Алеолай.
— А што гэта ў вас за спінай? Што гэта такое цяжкае? Няўжо сякера Бедалая? — Маг Ніціч зірнуў Алеоле проста ў вочы і зразумеў, што адбылося тое, чаго ён болей за ўсё баяўся.
Дзяўчына ўжо ведала, як можна паляцець з замка. I калі шчыт віцязя быў для яе цяжкаваты, дык выкарыстаць цудсякеру Бедалая яна цалкам ужо змагла б. А разам з Бедалаем яны здолелі б і скрасці рыцарскія шчыты...
— Стойце, яснапанначка,— прыкрым тонам сказаў маг Ніціч.
— Можа, я паднясу вашую торбачку? Вельмі яна вам перашкаджае,— за спінай Алеолы зароў Ром Ончар.
— Вы — разбойнікі! Налётчыкі! Рабаўнікі! — закрычала дзяўчына.— Я ўсё бачыла! Я чула, як вы загадалі абрабаваць караван! Вось адкуль у вас дываны, посуд, ежа! Схаваліся за магнітнымі сценамі і думаеце, вас не дастаць!
— He распаляйцеся, панначка,— падступаў да яе Ром Ончар.
У гэтае імгненне Алеола пабачыла адпаліраваны шост, які вісеў у цэнтры «студні», па баках якой ішла вінтавая лесвіца. Дзяўчына разбеглася і скокнула ў пройму. Схапіўшыся рукамі за шост, яна хутка спусцілася ўніз да лабірынта.
— Ром! — крыкнуў маг Ніціч.— Хутчэй падымай рэшту віцязяў! Хай забіраюць да сябе шчыты. Кожны адказвае за іх галавой! Я — за ёй.
Маг Ніціч разагнаўся гэтак сама, як і Алеола, скокнуў у «студню» і спрытна з’ехаў па шасце долу. Але было ўжо позна — дзяўчына паспела схавацца ў цёмнай галерэі, і Ніцічу давялося падымацца за паходняй.
У далёкай нішы, дзе Алеола знайшла сваю нафтавую паходню, яна схавала футарал з сякерай Бедалая — прысыпала яго пяском, а згары — сажай, каб не было відаць, што тут нядаўна капалі.
Наступнай ейнай задачай было знайсці пакой Бедалая. Па пакінутых раней знаках — плямінках сажы — Алеола знайшла напачатку свой пакой, а затым пачала даследаваць
усе найбліжэйшыя калідоры. I нарэшце, праз пэўны час, знайшла Бедалая.
Кат сядзеў, схіліўшыся над сваім сталом. Алеола паціху падышла і, каб зноў не памыліцца, зазірнула яму ў твар. Цяпер, без сумнення, гэта быў Бедалай. Ён глядзеў на ігральныя косткі, раскінутыя па стале.
— Бедалай!
— Так,— адказаў ён, не адрываючыся ад свайго занятку.
— Нам трэба ляцець да нашых сяброў!
— Так,— пацвердзіў Бедалай.
— Гэта замак разбойнікаў! Яны рабуюць караваны! Яны трымаюць палонных! Я знайшла цара Ранеона... Вязня гэтага магнітнага замка.
— Так-так,— Бедалай згроб у руку ігральныя косткі.
— I я ведаю, як нам паляцець! А ляцець нам трэба як мага хутчэй, бо калі сюды прыйдуць нашыя сябры, яны таксама стануць вязнямі гэтага жудаснага замка. Гэтыя віцязі значна мацнейшыя за нас. А сысці пешкі з магнітнага замка немагчыма...— узбуджана казала Алеола.— Я прынесла і схавала тваю сякеру, Бедалай!
— Так-так,— зноў паўтарыў кат, а сам пачаў па адным кідаць кубікі.
— Паслухай мяне! Калі Арцін, мастак Дроздзіч і кот Міамурмарор патрапяць у гэтую магнітную пастку, то не будзе каму ісці да Паляндры! Зразумей, не будзе каму!
— О, «шэсць»! — усклікнуў Бедалай.
— Ты разумееш?!
— Разумею,— сказаў ён і кінуў яшчэ адзін кубік.— Эх, «двойка»...
— Бедалай! Сякера ў мяне. Нам трэба сыходзіць у лабірынт, перачакаць, пакуль усё аціхне, а потым мы паспрабуем прабрацца на балкон! Мы накіруем «магнітычную» глыбу ў кірунку маёй краіны, у мяне нават мапа ёсць, і паляцім з гэтага злашчаснага месца!
— Вядома, вядома... Зараз,— Бедалай паспрабаваў згрэбці кубікі, але Алеола першая іх сабрала і сціснула ў руцэ.
— Ты чуеш? Нам трэба як мага хутчэй адсюль выбрацца, знайсці нашых сяброў, пакуль яны не наблізіліся да гэтага замка! Інакш усё прапала! — Алеола спрабавала расштурхаць Бедалая, і тут адзін кубік з яе рукі, быццам сам сабою, выскачыў і пакаціўся.
У гэты момант Алеола адчула непераадольнае жаданне паглядзець — а што ж ёй выпала. Раптам там «шасцёрка»? А потым, калі выпадзе ўся камбінацыя — тады павінна адбыцца чараўніцтва.
Алеола зірнула на кубік — і сапраўды — на ім была «шасцёрка»!
«Ого, выдатна! — падумала яна.— Трэба кідаць далей... Вось бы на другім кубіку была “пяцёрка”».
I як паводле яе жадання, выпала «пяцёрка».
— А цяпер, кубік, дай мне «чацвёрку»...
Да радасці Алеолы выпала і «чацвёрка».
— Ну, а «троечка» прыйдзе? Раз, два, тры,— яна кінула кубік.
Яна і Бедалай разам зірнулі на кубік — на верхняй грані кубіка злева направа стаялі тры кропкі...
— Ура! Ура! — ускрыкнула Алеола.
— Ну што ж, цяпер «двоечка». Нас тут двое і патрэбна «двоечка»...— Дзяўчына двойчы дзьмухнула на чарговы кубік і кінула. Кубік закруціўся, пакаціўся, загрукаў куткамі і спыніўся. На ім, як на маленькай багоўцы, былі дзве кропкі.
— He можа быць,— сказала сабе Алеола.
— He можа быць,— цяжка дыхаючы, стагнаў Бедалай.
— Ну што, прашу «адзінку»? — зашаптала кубіку Алеола. На секунду ў яе перад вачыма прамільгнула выява вар’ята Ранеона — ён усміхнуўся бяззубай усмешкай...
«Нічога,— падумала Алеола,— я выйграю... Мне трэба выйграць»...
Алеола кінула апошні кубік — ён паскакаў па стале і раптам закруціўся. Калі б кубік зрабіў яшчэ адзін паварот, то якраз выпала б «адзінка». Але, на жаль — на ім, зноў, як і ў маленькай багоўкі, былі дзве кропкі.
— Вось прыкрасць! Добра, зараз я згуляю яшчэ разок,— сказала Алеола.
— He, цяпер мая чарга,— Бедалай хутка згроб кубікі.— Будзем кідаць па чарзе,— суворым голасам прамовіў ён.
* * *
Тым часам маг Ніціч, Ром Ончар і яшчэ некалькі віцязяў спусціліся з паходнямі ў лабірынт.
— Будзем шукаць усюды! Трэба абавязкова знайсці гэтую яснапанну нам — інакш яна столькі дроў гэтай сякерай наламае,— грозна казаў Ром Ончар.
Аднак доўга шукаць Алеолу ім не давялося. Карціна, якая паўстала перад вачыма мага, ваяводы і віцязяў, была
мірная і замілаваная: Алеола і Бедалай, па чарзе, кідалі кубікі і падскоквалі з тапчана глядзець, што каму выпала, азартна абмяркоўвалі шанцы... I наогул не звярталі ніякай увагі на віцязяў, якія зайшлі да іх у пакой.
— Вось і выдатна,— сказаў маг Ніціч,— цяперака яны будуць вязнямі «піраміды». I не будуць нам дакучаць.
— Вось малайцы якія,— усцешаным голасам сказаў Ром Ончар.— Перадайце па змене, каб найсмачнейшую ежу і ўсё такое да іх прыносілі,— загадаў ён сваім віцязям.
— Зразумела! — адказалі тыя хорам.
— Алеолу пазней, калі падрасце, мы, вядома, выпусцім,— пачаў разважаць уголас маг Ніціч.— A то калі зараз адпусціць, пойдзе да Паляндры. Толькі дарма галаву складзе.
— Вядома, нават на нашых шчытах да гэтай Паляндры падляцець немагчыма,— сказаў адзін з віцязяў.
— Так, Чорнае Балота — месца прапашчае,— пагадзіўся другі.
— Плюхнешся брухам у багну... «Магнітычныя» струмені гэтае балота агінаюць,— сказаў трэці.
— А яна, такая танюткая, яшчэ туды валачэцца,— прабасіў чацвёрты.
— Сапраўды, хай пакуль падрасце,— нізкім голасам прамовіў пяты.
— Вось і я пра тое,— сказаў маг Ніціч.
— А праз пару гадоў яна такой прыгажуняй стане,— летуценна сказаў Ром Ончар.— Можа, і не захоча нікуды сыходзіць. Абярэ кагосьці з нашых малайцоў сабе ў мужы. Застанецца жыць у нашым замку. А што, замак выдатны, з усімі выгодамі...
Пасля гэтых словаў віцязі падцягнуліся і выпрасталі плечы. Выпрастаў плечы і падцягнуўся і сам маг Ніціч. Віцязі паглядзелі на яго, параўналі з сабой і ледзь не пырснулі са смеху.
— Ну-ну,— прамовіў Ром Ончар, а сам выпрастаў свае плечы, падняў рукі і паказаў біцэпсы.
Віцязі, збянтэжыўшыся, апусцілі вочы.
— Добра, потым паглядзім, хто ёй даспадобы. А гэтага Бедалая выпускаць нельга! — шумна ўздыхнуў Ром Ончар.— Нават калі ён і нармальны хлопец, то нехта ў яго сякеру падманам альбо яшчэ як-небудзь выкрадзе. I што тады? Чорны джын заўжды будзе паляваць за гэтай сякеркай.