• Газеты, часопісы і г.д.
  • Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

    Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

    Аповесць легендарных часоў
    Серж Мінскевіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 2013
    60.96 МБ
    — Змена ў нас — дзесяць чалавек.
    — А колькі ў вас віцязяў? — наіўна пацікавіўся мастак Дроздзіч.
    — Наагул, гэта ваенная таямніца,— усміхнуўся Ром Ончар.
    Яны з магам пераглянуліся.
    — Але ў знак нашага даверу да вас,— працягнуў Ром Ончар,— я скажу... Віцязяў, не лічачы мяне і мага, усяго трыццаць тры. Трое па чарзе назіраюць за маланкамі пад купалам. Астатнія пазменна па дзесяць чалавек дзяжураць, чакаючы загаду на вылет. Але часам даводзіцца ўсёй трыццатцы разам са мною адпраўляцца ў шлях, калі адбываецца вялікая бітва альбо здараецца прыродны катаклізм.
    — А хто гэты чалавек, які томіцца ў вас у вязніцы? — усё яшчэ недаверліва спытала Алеола.
    — Ён не ў вязніцы і не томіцца. Ён наш госць,— хітра сказаў маг Ніціч.
    — Гэта цар Мераміра Ранэон. Вы чулі пра такога? — прабасіў Ром Ончар.
    — Чулі,— чмыхнуў кот Міамурмарор.
    — I я таксама чуў,— хмурна сказаў Бедалай.
    — I мне людзі пра яго сёе-тое апавядалі,— сказаў мастак Дроздзіч,— толькі, кажуць, ён даўно памёр.
    — He памёр. Нам давялося яго ізаляваць,— прызнаўся Ром Ончар.
    — Такога крывавага тырана яшчэ не ведала наша гісторыя,— смутна сказаў маг Ніціч.— Няхай лепей у ігральныя бірулькі гуляе.
    — А навошта ж вы нас у вашу «гасцёўню» пасадзілі? I кубікі свае падсунулі?
    — А таму, што вы, яснапанначка,— нахмурыўшы бровы, адказаў Ром Ончар,— занадта настырныя. I боўтаецеся пад нагамі!
    — Вы хацелі, каб мы вас адразу ж адправілі да вашых сяброў, ці не так? — запытаў яе маг Ніціч.
    — Менавіта,—пагадзілася Алеола.
    — На сякеры Бедалая?
    — Так.
    — Але ж лятаць вы не ўмееце — гэта па-першае. Сякера Бедалая намі яшчэ не правераная. Мы не ведаем, наколькі яна надзейная ў якасці лятальнага апарата — гэта па-другое. А па-трэцяе, вашы сябры паглыбіліся ў дрымучы лес, таму і зніклі з поля нашага зроку. Нават калі над лесам прайшла моцная навальніца — дазорца іх не заўважыў.
    — Мы ў той час сядзелі ў будане з яловых лапаў,— патлумачыў Арцін.
    — Вось бачыце, заўважыць было не так проста.
    — Але самае галоўнае, вы ўсе ўявілі сябе такімі героямі — задумалі адправіцца да Паляндры. Быццам мы самі не хацелі б з ёй разабрацца. Але, на жаль, Чорнае Балота не пройдзеш і не пераляціш. Там «магнітычная» сіла Зямлі не дзейнічае. Ісці туды — верная смерць.
    — А мы ўсё адно пойдзем,— сказаў Арцін.
    — Так-так,— сказаў мастак Дроздзіч,— мы пойдзем.
    — Тады мне варта стрымаць вашае парыванне,— вельмі сур’ёзна сказаў маг Ніціч.— Пакуль вы сюды ішлі, Прыта разлілася, і прайсці да Чорнага Балота немагчыма. Нашым віцязям давялося прыйсці на дапамогу тамтэйшым сялянам.
    — He, мы ўсё адно пойдзем,— перабіў Арцін,— мы ўмеем хадзіць па вадзе.
    — Але вам і начаваць давядзецца на вадзе, бо шлях па залітай вадой зямлі зойме не адзін тыдзень. Ці не прасцей пагасцяваць у нас, пачакаць, пакуль вада спадзе? А там, калі не раздумаеце, адправіцеся да Паляндры.
    — А калі вада можа «спасці»? — пацікавіўся кот Міамурмарор. Ён нават паморшчыўся — бо вада яму з маленства не падабалася.
    — Можа, год, а можа, і два...
    — А можа, вы нас падкінеце да края Чорнага Балота? На сваіх шчытах? — спытаў мастак Дроздзіч.
    — He, гэта выключана. Я не магу рызыкаваць сваімі людзьмі,— цвёрда сказаў Ром Ончар.
    — Невядома, наколькі Чорнае Балота пашырэла, і дзе цяпер ягоныя межы,— апавядаў маг Ніціч.— Нашыя віцязі могуць са сваімі шчытамі на спіне проста зваліцца ў яго нетры.
    — Шчыты цяжкія,— дадаў Ром Ончар,— ды і нашыя віцязі, нягледзячы на тое, што выдатна плаваюць, зваліўшыся ў багну з вышыні, вырвацца з яе ўжо не змогуць.
    — Так што самым мудрым будзе пагасцяваць вам у нас гадок-другі. Мы вас за гэты час лётаць навучым,— паабяцаў маг Ніціч,— выплавім для кожнага персанальны шчыт...
    — Мы ўсё адно пойдзем! — рашуча перабіла мага Алеола.— I ў найбліжэйшы час!
    Ром Ончар падышоў да Арціна, па-сяброўску папляскаў яго па плячы — Арцін нават прысеў ад цяжару далоні вялізнага волата.
    — Ты, Арцін, падрасцеш, мы возьмем цябе з сабою на бітву.
    У Арціна загарэліся вочы — ваяваць за справядлівасць было яму якраз па душы.
    — I вы, вандроўны мастак, будзеце не хадзіць па свеце, а праносіцца па ім на шчыце,— звярнуўся да яго маг Ніціч.
    — Вось у гэтым і справа, што «праносіцца»,— спакойна адказаў яму мастак Дроздзіч,— а мне трэба ісці, не спяшаючыся, і прыкмячаць, як людзі жывуць.
    — А што тут прыкмячаць? Я вам пакажу,— прапанаваў маг.
    XXIV
    НА ШЧЫЦЕ TAKCAMA МОЖНА ЛЁТАЦЬ. ПРАКТЫКА
    Mar Ніціч папрасіў усіх падысці да вяровачнай лесвіцы, якая звісала са столі.
    — Лезце за мной.
    Нягледзячы на свае гады, маг Ніціч хутка ўскараскаўся да сеткі-гамака пад купалам гроту, дзе знаходзіўся віцязьдазорца.
    — Смялей, падымайцеся сюды!
    Спрытней за ўсіх угару, вядома ж, забраўся кот Міамурмарор. Услед за ім падняліся Арцін, Алеола, мастак Дроздзіч і Бедалай.
    Пад дадатковым цяжарам сетка-гамак правісла. Ром Ончар, пакінуты ўнізе, моцна пацягнуў нейкую вяроўку, і гамак ізноў стаў бліжэй да столі.
    — Глядзіце,— сказаў маг Ніціч,— на крышталёвым купале выразаная мапа нашай часткі свету, з падлогі яе не заўважыш. Бачыце, гэтыя водбліскі? Гэта маланкі, якія ў гэтую ж секунду загараюцца ў небе над пазначанай на мапе мясцовасцю. Памятаеш, Алеола, я табе прапаноўваў вывучыць геаграфію?
    — Я і так яе нядрэнна ведаю,— адказала будучая яснапанна.
    — Вось, бачыце, водбліск у Зеленагор’і. Заўважылі? — Маг Ніціч далонню паказаў на тую частку мапы, выразаную на крышталёвым купале, дзе на секунду мільгануў жоўты агеньчык.
    — Так!
    — Бачылі — пастухі авечак пад уцёс гоняць, хаваюць ад дажджу... Бачылі?
    — Бачылі,— сказаў кот Міамурмарор.
    А ўсе астатнія нічога не адказалі.
    — Глядзіце ўважлівей,— папрасіў маг Ніціч,— у тым месцы, дзе адбыўся ўсполах, на імгненне застаюцца контуры фігурак, паводле іх можна ўсё выразна вызначыць. Увага! Падчас навальніцы адна маланка ідзе адразу за другой. Сачыце пільна.
    У Зеленагор’і зноў успыхнула маланка — гэтым разам фігуркі пастуха і авечак пабачылі ўсе.
    — Маланка была побач з Векавым,— паведаміў дазорца,— можаце туды таксама зірнуць.
    Усе паглядзелі на кропку, якая пазначала вялікі горад на Продзені, і сталі чакаць. Неўзабаве гэтую кропку асвяціў водбліск — было відаць, як людзі разбягаюцца пад стрэхі ганкаў маленькіх дамкоў.
    — Зараз іх намочыць,— Арцін захоплена сачыў за фігуркамі, якія беглі.
    Навальніца ад Векава ішла на паўднёвы ўсход, і раптам усе пабачылі ў тым баку дружыну на маршы.
    — Увага,— сказаў дзяжурны,— гэта дружына князя Гранея. Ваяры вельмі спяшаюцца. Ёсць і апалчэнне... Усяго тысяч дзесяць!
    У невялікім бледна-жоўтым бліку, які на імгненне ўспыхнуў на крышталёвай паверхні купала, пяць чалавек і адзін кот, якія знаходзіліся за сотні вёрст ад таго, што адбывалася, пабачылі трывожную карціну: нягледзячы на праліўны дождж, ваяры ў кальчугах, востраканцовых шаломах, са шчытамі і дзідамі, пешыя і на конях, не спяшалі хавацца ад залевы, упарта ішлі наперад топкаю дарогаю і хады не змяншалі.
    — Што гэты Граней робіць? — усклікнуў маг Ніціч.— У такое надвор’е людзі закутыя ў жалеза на адкрытай прасторы! Ды гэта проста вар’яцтва!
    Нібы пачуўшы словы мага Ніціча, князь Граней загадаў дружыне разысціся і схавацца ад навальніцы.
    Усе напружана ўзіраліся — куды ж накіроўваецца дружына і апалчэнне. Навальніца адышла яшчэ далей. I раптам усполах асвяціў вялізнае войска, якое размясцілася на шляху князя Гранея.
    — Печаныя Ногі! — выклікнуў дзяжурны.— Бачыце, кароткія нагавіцы! Гэта яны! Войска — на ўскідку — болей за трыццаць тысяч!
    — Дзяжурны, увага! — папярэдзіў маг Ніціч.
    — А вось бяжыць нейкі сабака і брэша,— раптам сказаў кот Міамурмарор і паказаў лапай зусім у іншы бок ад Векава, далёка на паўночным захадзе, там дзе на мапе быў выяўлены бераг Малога Светлага Возера.— Чаго гэты сабака так разрываецца?
    Там успыхнула адна маланка, і адразу ж другая.
    — Ды пачакай,— Алеола махнула рукой на ката,— тут пад Векавым такое дзеецца, а ты пра сабаку!
    Тым не меней Алеола краем вока ўсё-ткі зірнула туды, куды паказваў кот. I зноў там адбыўся ўсполах. Дзяўчына пабачыла фігурку кудлатага сабакі, які ва ўвесь дух нёсся ўздоўж берага і надрыўна брахаў.
    — Брахіндзей! — ці то пазнала, ці то адчула сэрцам Алеола.
    Сабака бег і гучна брахаў, а ўздоўж берага плыў човен. У ім дзве аднолькавыя фігуркі — двайняты — адчайна, з усіх сіл налягалі на вёслы. Было відаць, што два чалавекі спяшаліся ў мястэчка Слаўбор, што стаіць на беразе таго возера. «Гэта ж Санцелямон і Панцелямон»,— падумала Алеола.
    Яшчэ раз успыхнула столь у тым месцы. I Алеола пабачыла, што берагам Малога Светлага Возера ўслед за Брахіндзеем ідуць дзве-тры сотні ўзброеных мужчын. На галовах у іх двухрогія шаломы, у руках — ромбападобныя шчыты і кароткія мячы. Гэтае войска таксама спяшалася ў Слаўбор.
    Усе, апроч Алеолы і ката Міамурмарора, глядзелі ў бок Векава.
    — Куды ты глядзіш? — прашаптаў Арцін.— Глядзі сюды. Печаныя Ногі ідуць вайной на Жаўтарэчча.
    — Трывога! Трывога! Трывога! Небяспека нумар адзін! — закрычаў дазорца.— Увага! Усім, усім, усім небяспека нумар адзін!
    — Ніціч, хутчэй на месца! — крыкнуў Ром Ончар знізу.— А вы, госці, сядзіце наверсе і не перашкаджайце.
    — Пачакайце! — устрывожана ўсклікнула Алеола.— На паўночным захадзе, паглядзіце, таксама войска ідзе на горад!
    Маг Ніціч зірнуў на водбліск побач Малога Светлага Возера.
    — Ярвяне... Тры сотні... А пад Векавым трыццаць тысяч ворагаў. Слаўбору давядзецца ваяваць самому.
    — Але Слаўбор — гэта маленькае мястэчка! Ён не зможа супрацьстаяць лютым ярвянам! — не сцішалася дзяўчына.
    — Выбару няма. Усе віцязі адпраўляюцца на дапамогу князю Гранею! — катэгарычна абвясціў маг Ніціч.
    — Ну, хоць бы пяць ваяроў на дапамогу рыбакам! — Алеола была ў роспачы.
    — Мы не можам «распыляць» нашы сілы! — грозным голасам сказаў Ром Ончар.— Як толькі разлічымся з Печанымі Нагамі, прыляцім на дапамогу Слаўбору.
    — Я зразумела! — гнеўна сказала Алеола.— Вось у чым мэта вашага жыцця ў гэтым замку! Гэта магчымасць менавіта вам — магу Ніцічу і Рому Ончару, вырашаць, каму жыць, а каму паміраць!
    — Ведаеце што, дзяўчына,— рэзка абарваў яе маг Ніціч, ад абурэння ў яго пачалі натапырвацца сівыя вусы,— каб рабіць такія заявы, перш трэба хоць бы стаць яснапаннай.