Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
Калі ж чорная вада стала вельмі густой, мастак Дроздзіч нагадаў:
— Пара апрануць накідкі.
Ён разгарнуў свой парасонік, а ўсе астатнія «ахінуліся шаўковымі накідкамі».
Наперадзе замігцелі балотныя купіны з гнілымі карчамі — першая прыкмета таго, што пачынаюцца ўладанні Жалобнай Каралевы Паляндры.
XXVII
I HA БАРБАРУХУ БЫВАЕ ПРАРУХА
Праз тры дні сябры-кампаньёны ўрэшце дайшлі да таго месца, дзе мастак Дроздзіч звычайна пакідаў для чорных чапляў слоік з вусенямі-ўсмуткамі.
— 3-пад накідак носу не высоўваць,— папярэдзіў мастак Дроздзіч,— зараз чаплі прылятуць, могуць вас заўважыць.
Са сваёй торбы ён дастаў пузаты слоік, амаль даверху напоўнены вусенямі. Сярод іх ужо ляжалі перафарбаваныя ягады ядвабніцы. Мастак паставіў слоік на балотную купіну, а сам схаваўся пад парасонам, тры разы тонка свіснуў, як плача байбак, і пачаў прамаўляць:
Чаплі-хаплі, Прылятайце, Хап-лап-цапайце, Чапляйце!
Над балотам пачуўся шум, закруцілася чорная віхура, і да купіны спусцілася чорная чапля. Адным вокам яна зазірнула ў слоік.
— О, як тут шмат смачных вусеняў,— уголас падумала яна,— з’ем я аднаго, ніхто і не заўважыць.
Чапля апусціла дзюбу ў слоік, дастала якраз перафарбаваную ягаду ядвабніцы, падкінула яе ў паветра, шырока разявіла дзюбу, і ягада-вусень заляцела ёй проста ў даўгуткую глотку.
«Як яна толькі не папярхнулася»,— падумала Алеола.
Чапля спакойненька праглынула ягаду-вусеня і нават заплюшчыла вочы ад задавальнення.
— Вой-ой, што са мной-ой-ой? — завойкала чапля.— Хі-хі-хі, як цёпленька ў жывоціку і весела,— запляскала яна крыламі, а з іх сталі разлятацца чорныя пырскі.
— Вось табе і дзівосы,— сказаў кот Міамурмарор,— чапля растае ад шчасця.
Насамрэч раставала толькі чорная афарбоўка на ейным апярэнні. Чапля спакваля, кропля за кропляй, рабілася цалкам белай. Неўзабаве яна ўся ператварылася ў беласнежную прыгажуню, толькі кончыкі крылаў засталіся чорнымі. Чапля ганарліва падняла галаву і сказала:
— Дзе гэта я? Што гэта за пачварнае балота? Лепей палячу я жыць на чыстыя азёры.
Белая чапля ўзмахнула крыламі, паднялася ў неба і знікла за зубчастым кромам лесу.
— Якая праныра. Вось што значыць сваіх суродзічаў патаемна аб’ядаць,— сказаў мастак Дроздзіч і зноў тры разы свіснуў, як плача байбак, і пачаў прамаўляць:
Чаплі-хаплі, Прылятайце, Хап-лап-цапайце, Чапляйце!
Прыляцела новая чапля.
— Дзе гэтая Чапша бязглуздая? Куды яна падзелася? He можа ўжо слоік на балотнай купіне разгледзець! — Чапля, схіліўшы галаву на бок, адным вокам зазірнула ў слоік.
— Ого, колькі тут смачных вусеняў! З’ем я аднаго, ніхто і не заўважыць.
Чапля глыбока засунула дзюбу ў слоік, дастала сапраўднага вусеня-ўсмутку, падкінула яго ў паветра, разявіла дзюбу на ўсю ейную шырыню — і вусень апусціўся ёй проста ў глотку.
— Ох, смаката!
Чапля схіліла галаву на іншы бок, паглядзела ў слоік другім вокам.
— Тутака яшчэ шмат вусеняў. Мабыць, з’ем яшчэ аднаго, усё адно ніхто іх не лічыў.
Чапля зноў засунула дзюбу ў слоік — гэтым разам дастала ягаду ядвабніцы і праглынула. I адразу з ёй пачало адбывацца тое ж самае, што і з Чапшай. Забыўшыся на слоік з вусенямі-ўсмуткамі, яна паляцела на чыстыя азёры.
— Так нічога ў нас не выйдзе,— сказаў мастак Дроздзіч.— Усе чаплі зробяцца белымі, і ўжо няма каму будзе аднесці ягады ў церам да Паляндры.
— Я ж не ведаў, што ўсе яны такія сквапныя,— крыўдаваў Арцін, бо ягоны план праваліўся.
— Значыць так,— пачаў мастак Дроздзіч,— трэба дастаць фарбаваныя ягады і зрабіць так, каб чаплі аднеслі слоік з аднымі толькі вусенямі-ўсмуткамі да Паляндры. Мы самі ў гэты час пяройдзем балота — я пад парасонам, а вы ў шаўковых накідках,— і калі Паляндра стане варыць
поліўку, пакрыёма падкінем ёй у казанок ягады шчасцядайнай ядвабніцы.
Мастак Дроздзіч высыпаў вусеняў на зямлю і пачаў іх разглядаць, каб адабраць ягады. Ён быў выдатным мастаком, таму адрозніць на вока вусеняў ад ягад было досыць складана. Дапамог яму кот Міамурмарор, бо, як вядома, у катоў нюх вельмі тонкі. Міамурмарор хутка абнюхаў вусеняў і лапамі адабраў ягады.
Мастак Дроздзіч зноў паставіў слоік на балотную купіну, у чарговы раз тонка свіснуў і вымавіў сваю прымаўку:
Чаплі-хаплі, Прылятайце, Хап-лап-цапайце, Чапляйце!
I зноў закруцілася над балотам чорная віхура, і прыляцела чарговая чапля.
— Куды падзеліся гэтыя Чапша і Чупша? — прабурчэла яна і таксама паглядзела адным вокам у слоік.
Цяпер, калі ў ім заставаліся толькі вусені, слоік быў напалову поўны. Але чапля сказала:
— Слоік напалову пусты, нават узяць сабе няма чаго! Нешта мала смутку стала на зямлі. Давядзецца зноў да людзей ляцець.
Чапля дзюбай падчапіла слоік і панесла за балота.
— Паспяшайма,— сказаў мастак Дроздзіч.
Алеола падхапіла ката на рукі, бо Міамурмарор ужо зняў вільготныя і непрыемныя для ягоных лап вадаступы. Усе разам сябры-кампаньёны пайшлі балотам у кірунку, куды
паляцела чапля. Дроздзіч хаваўся пад парасонам, а астатнія з галавы да ног ахінуліся ядвабнымі накідкамі. Усе імкнуліся ісці як мага хутчэй, хоць ногі па шчыкалатку правальваліся ў балотную жыжу, а ў Бедалая — і зусім па калена, бо ён і сам быў цяжкі, а яшчэ і сякеру за плячыма нёс. Вадаступы, вядома, вельмі дапамагалі, аднак ісці станавілася з кожным крокам усё цяжэй і цяжэй.
I ўсё ж да поўдня сябры-кампаньёны, цалкам змораныя, падышлі да выспы, пакрытай брудна-зялёным імхом, і літаральна пападалі ад стомы на беразе.
На выспе ўзвышаўся чорны церам. Паваленыя каравыя дрэвы — і мёртвыя, і яшчэ жывыя — спляталі нешта накшталт зруба. Вялізны пень з магутнымі каранямі, якія тырчалі ва ўсе бакі, быў замест страхі. На ім з балотных чаратоў і асакі звілі сабе гнёзды чорныя чаплі. Паміж каранямі, якія спускаліся са страхі, меліся падковападобныя дзверы, зробленыя з тоўстай кары тысячагадовага дрэва — паўночнага баабаба. Гэта быў уваход у палаты Жалобнай Каралевы. Пад церамам размяшчаліся дзве нары, заткнутыя, нібы вялізнымі коркамі, калодамі, высечанымі са ствалоў елак у шэсць абхопаў. Калоды даўно пусцілі магутныя карані, якія шчыльна перапляліся паміж сабою і глыбока ўвайшлі ў зямлю. Гэтыя норы былі вязніцамі для людскіх душ і для душ жывёл.
На ганку, апранутая ў брунатны балахон з расцягнутым каптуром, сядзела Бурая Старая — прыслужніца Паляндры — і варыла на агні поліўку. Адно вока ў старой было вялікае, на выкаце, а другое — маленькае, але вельмі бліскучае.
— Гэй, Барбаруха! Ну што ў цябе там? Калі зварыцца?! — траскатліва правішчала Паляндра.
Жалобная Каралева з рыпам прыпадняла корань, які служыў аканіцай акна, вызірнула з-пад яго і паглядзела на казанок, падвешаны над вогнішчам. Твар Паляндры быў жоўта-брунатны — яна ўжо даўно згаладалася па людскім горы.
— Яшчэ трошачкі. Трэба схадзіць у каморку па прыправы,— адказала Бурая Старая.— А дадаць засталося ўсяго нічога, выключна для густу: парачку цёртых гнілякоў, тоўчаных чаратоў, сушанага мулу, вярбовага прыску, бярозавага попелу, парашочка з кары дуба, смажаных свінушак, молатых карэньчыкаў бузіны, воўчых ягад, здробненай елачнай ігліцы і зайцавай капусты.
— Вось зайцавай капусты — не трэба! Трываць не магу зайцоў. Гідкія, касавокія, даўгавухія, скачуць сюды-туды, ніяк не злавіць! — чмыхнула Паляндра.
— Добра, зайцавую капусту замяню конскім шчаўем.
— I шчаўя мне ніякага не трэба, коней я таксама не люблю, скачуць сюды-туды з людзьмі на карку, ну ды добра. Варушыся! Адна нага тут, другая там... у каморы...
Адна нага ў Бурай Старой была доўгая, а другая — кароткая, таму прыслужніца Паляндры павольна пакульгала ў кухонную каморку.
— Хутчэй! — крыкнула Жалобная Каралева і апусціла корань-аканіцу.
— Хутчэй,— прашаптаў мастак Дроздзіч кату Міамурмарору.— Кідай усё ў казанок і бяжы назад.
Кот Міамурмарор, якога сябры-кампаньёны неслі па чарзе, быў не такі стомлены. Ён падскочыў да казанка і высыпаў у яго ягады. Толькі на імгненне ягоная рудая лапа
з мяшэчкам паказалася з-пад шаўковай накідкі над кіпенем у казанку.
— Што гэта? Хто тут? — Маленькае вока прыслужніцы Жалобнай Каралевы было вельмі зоркім, яно нават магло бачыць праз сцены.
Бурая Старая азірнулася, панюхала паветра — па ейных шырокіх ноздрах пайшлі дробныя хвалі.
— Мых-мых-мых... Падаецца, побач кот і...— яна яшчэ раз удыхнула паветра, яе ноздры зноў затрымцелі,— мыхмых-мых... жывыя людзі!
Бурая Старая ў трывозе накіравала погляд маленькага вока на казанок і праз ягоныя сценкі паглядзела, што ў ім варылася. Ягады ад вусеняў яна, вядома ж, не адрозніла. Іх, ашпараных булёнам з рознымі карэннямі, немагчыма было вызначыць паводле водару.
— Пах... Пах, пых-пых-пых...— замармытала яна і зноў занепакоена пачала ўнюхвацца ў паветра,— ну, сапраўды — кашэчы дух і людскі дух!
Алеола хутка дастала слоічак з чароўным алеем.
— Што ты там мармычаш? — пачуўся зласлівы голас Паляндры.
— Ох-хо-хох... Мне, здаецца, падалося...
— Як гэта, «здаецца, падалося»? — зарыпела Паляндра.— Так здалося альбо падаецца? Цьфу ты — падаецца альбо не падаецца?
— Падалося! Вецер над балотам сёння моцны, прынёс нейкія пахі...
Бурая Старая кінула ў поліўку цёртай кары, дадала попелу і ўсё дбайна размяшала. Потым набрала драўлянай лыжкай гушчыні з поліўкі і расклала ў шэсць высокіх збанкоў.
— Гэй, Чапша, Чыпша, Чэпша, Чупша, Чопша, Чыіпша, ляціце палуднаваць!
Бурая Старая аблізала лыжку:
— Ох, якая сёння наварыстая поліўка атрымалася.
Прыляцелі Чыпша, Чэпша, Чопша і Чыіпша.
— А дзе ж Чапша і Чупша? — спытала Бурая Старая.
— He ведаем,— адказалі чаплі.— Пэўна, заблукалі дзесьці над балотамі.
— Вось недарэкі! Добра, ужо папалуднуем.
Бурая Старая сербанула з лыжкі.
— Вой, вой, што гэта такое? — занепакоілася яна.— Як прыемна...
— Вой, хі-хі-хі, і нам прыемна,— адклікнуліся Чыпша, Чэпша, Чопша і Чыіпша.
Вецер, які дзьмуў з берага Імховай выспы, данёс да іх нязвыклы гніласны пах, а водар чароўнага алею, які струменіўся з адчыненага слоічка Алеолы.
— Што гэта? — Бурая Старая не разумела, адкуль зыходзіць столькі прыемнасці — з ежы альбо з паветра.
— Ай, вой, авой! — загаргаталі чаплі.
Яны таксама адчулі, што з імі адбываецца нешта незвычайнае. 3 іх крылаў пачалі крапаць чорныя кроплі.
Раптам Бурая Старая начапіла на самую макаўку каптур і стала круціцца на сваёй доўгай назе ўсё хутчэй і хутчэй. Балахон стаўся падобным да спадніцы, а яна сама да вялікай танцуючай паганкі. Раптам старая спынілася, на імгненне застыгла і рэзка скінула свой брудны балахон. Сябры-кампаньёны ціха ахнулі, яны пабачылі, што Бурая Старая ператварылася ў прыгожую беласкурую і белавалосую дзяўчыну.