Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— Усім знаходзіцца на сетцы! Уніз не спускацца! Інакш віцязі вас незнарок з ног сшыбуць! — папярэдзіў Ром Ончар.
— Дзясяты сектар,— крыкнуў дазорца.
Толькі адзін маг Ніціч спусціўся з «гамака» па лесвіцы ўніз, хутка перабег праз залу, забраўся на глыбу і разгарнуў ейную дзюбу на дзясяты тунэль.
У зале падрыхтаваліся трыццаць віцязяў. Дэнэт, намеснік ваяводы, выйшаў наперад і, паклаўшы правую руку на левае плячо, дакладваў Рому Ончару:
— Адзін віцязь — на назіральным пункце, двое — яго зменшчыкі — адпачываюць. Усе астатнія тут і гатовыя да вылету.
Дэнэт устаў у шыхт.
— Волаты! — голасна пачаў Ром Ончар.— Жаўтарэчча ў небяспецы! Варожае войска ўжо на подступе да Векава. У князя Гранея дружына ў тры разы меншая! Перад намі — гарачая бітва! — Ён набраў у лёгкія паветра і выгукнуў баявы кліч віцязяў: — Ойран!
— Ойран! — паўтарылі трыццаць глотак.
Адзін за адным віцязі сыходзілі ў дзясяты тунэль.
— Поспехаў! — крыкнуў згары Арцін.
— Будзьце шчаслівыя! — адказаў ім Ром Ончар і схаваўся ў тунэлі.
He паспеў ён «нырцануць» у неба, як Алеола ўжо была ўнізе, на падлозе гроту.
— Разварочвай глыбу ў бок Светлых Азёр! — крыкнула Алеола магу Ніцічу.— Мы ляцім на дапамогу Слаўбору!
— На чым жа вы ляціце, цікава мне ведаць? — адгукнуўся згары маг Ніціч.
— На сякеры Бедалая!
— Што, усе адразу?
— He, па чарзе! — да Алеолы падышоў Арцін.
— А чым жа Бедалай будзе ваяваць? — з’едліва пацікавіўся маг Ніціч.
— Як жа вы не разумееце! Там нашыя сябры! — адчайна сказала Алеола.— Нам трэба ім дапамагчы!
— Мы будзем біцца поплеч з рыбакамі! — цвёрда сказаў будучы віцязь і сціснуў у кулаку дзяржальна сваёй каменнай сякеры.
— Вы ўсё-ткі павінны нешта прыдумаць, каб нас адправіць у Слаўбор,— побач з Алеолой і Арцінам устаў мастак Дроздзіч.
— Што? I вы, пажылы чалавек, туды ж? Гэта — апантанасць! Гэта самагубства!
— Асабіста для мяне гэтае слова незразумелае,— сказаў Бедалай, ён таксама далучыўся да юнака і дзяўчыны.
— А я нават вырашыў пасябраваць з тым кудлатым сімпатычным сабакам. Брэша ён вельмі вясёла,— усміхнуўся кот Міамурмарор і па-кацінаму сеў у нагах сяброўкампаньёнаў, затуліўшы свае лапы хвастом.
— Добра,— сказаў маг Ніціч,— у мяне ёсць свой персанальны шчыт. Я аддам яго вам, але гэтага ўсё адно нядосыць. Шчыты трох дзяжурных я аддаць не магу...
— Выбачайце, а з чаго зроблены ваш шчыт? — перапыніў яго кот Міамурмарор.
— Ён выплаўлены з шэрага каменя. 3 жалезняку... Гэта доўга...
— Я ведаю, што нам рабіць! — як заўсёды ні з таго, ні з сяго сказаў Бедалай.— Сваёй сякерай я высяку з шэрага каменя пліты — на іх мы і паляцім.
— Гэта вельмі небяспечна! Вы не зможаце імі кіраваць!
— Зможам! — рашуча сказалі Арцін і Алеола.
— Калі ласка, правядзіце Бедалая да самых «магнітычных» глыбаў у корані скалы,— папрасіў мастак Дроздзіч такім тонам, што маг Ніціч проста не змог штосьці запярэчыць.
— Зараз... Зараз...
Маг склаў далоні рупарам і крыкнуў:
— Другі дазорца, неадкладна падыміцеся ў грот!
Бедалай звузіў свае і без таго вузкія вочы.
— Спадзяюся, вы не хочаце мяне з ім пасварыць,— ваяўніча сказаў кат,— ці прапанаваць нам зноў пайграць у вашы бірулькі?
— He. Я спрабую дапамагчы вам,— адказаў маг Ніціч,— і прашу, не перашкаджайце мне ў гэтым.
У залу ўбег задыханы віцязь. Па ягоным твары было відаць, што ён толькі нядаўна прачнуўся.
— Бэрнэт, адвядзі гэтых чацвярых у зброевы пакой і хай абяруць сабе, што засталося,— маг Ніціч паказаў на Алеолу, Арціна, мастака Дроздзіча і ката Міамурмарора,— а мы з Бедалаем спусцімся ўніз.
Толькі цяпер погляд Бедалая стаў меней напружаным.
— Прашу, ідзеце за мной,— сказаў яму маг Ніціч.
— А вы, кіруйце за мной,— дружалюбна сказаў Бэрнэт астатнім.
Маг Ніціч і кат спусціліся па шасце, што вісеў у лесвічным праёме, да самога «кораню» скалы. Сякера ката лёгка ўваходзіла ў шэры камень. Бедалай хутка адшчапіў ад скалы дзве пліты для Алеолы і Арціна, закругліў куты, каб яны не былі занадта вострымі. Двух пліт было цалкам дастаткова. Сам Бедалай і кот Міамурмарор палятуць
на ўнікальнай сякеры, мастак Дроздзіч — на шчыце мага Ніціча, а Арцін з Алеолай — на высечаных плітах.
Бедалай і маг Ніціч вярнуліся ў грот.
Віцязь Бэрнэт адвёў сваіх спадарожнікаў пячорнай галерэяй у зброевы пакой. Ён адамкнуў велічэзны замок і адчыніў дубовыя дзверы:
— Абірайце.
Абіраць, праўда, не было з чаго.
— Мечы мы робім з зубоў рыб, якіх разводзім у рове, напоўненым вадою, але цяпер, як вы самі бачыце, засталося ўсяго два кінжалы. Затое ёсць кальчугі з рыбінай лускі — нашы рыбы, як і змеі, змяняюць скуру. Нядаўна гэта акурат і адбылося. Іх луска надзвычай трывалая і гнуткая.
Мастак Дроздзіч і Алеола ўзялі сабе па кінжале, а Арцін заявіў, што цалкам зможа абысціся сваёй каменнай сякерай.
— Ды ўжо...— скептычна ўсміхнуўся Бэрнэт, гледзячы на каменную сякеру Арціна,— не вельмі застрашвае. Вазьмі лепей кінжал з зуба рыбы. Ён трывалы і востры.
— Лепей бы вы, дазорцы, далі нам свае шчыты і сваю зброю — усё адно спіце.
— Гэта цяпер спім. А калі змена скончыцца, уступім у баявы шыхт. Лятучы шчыт у кожнага віцязя персанальна выліты і падагнаны. А раптам мне зараз давядзецца ляцець па параненых? Альбо давядзецца адбіваць палонных? Таму, на жаль, ні свой шчыт, ні свой меч я даць не магу. Такое ў нас вайсковае правіла.
— Ды добра, я так пажартаваў,— ганарліва адказаў Арцін,— будучаму віцязю і не прыстойна ваяваць чужой зброяй.
— Ну а кальчугу я апрануць вам настойліва раю,— сказаў Бернет.
Арцін, Алеола і мастак Дроздзіч апрануліся ў рыбіну луску і сталі падобнымі да дзіўных іхтыяндраў — людзей-амфібій. Самым фантастычным з усіх выглядаў кот Міамурмарор — галава — вушаста-вусатая, грудзі і спіна — рыбіныя, а лапы — звычайныя, кашэчыя, пакрытыя вогненна-памаранчавай поўсцю ў чорную паску. У ягонай кальчузе давялося прарабіць дзірку для хваста. Калі кот варушыў лапамі і тузаў хвастом, стваралася ўражанне, што гэта сам вогнік — падземная істота з целам з агню, праўда, чамусьці закутая ў рыбіную скуру.
— Мне зброя не трэба,— Міамурмарор не любіў кінжалы, нажы, дзіды, бо яны зробленыя для людскіх рук, таму і не зручныя для катоў,— мне досыць уласных кіпцюроў і іклаў.— Пры гэтым кот прашыпеў, выпусціў кіпцюры, разявіў пашчу і паказаў іклы, пусціў асляпляльную іскру па поўсці...
— Зброя табе і не трэба. Ад аднаго твайго выгляду можна памлець са страху,— сказала Алеола.
Бэрнэт абраў кальчугу для Бедалая — прыкінуў паводле свайго памера, і пасля ўсе вярнуліся ў грот.
Маг Ніціч і Бедалай тым часам паднялі на пад’ёмніку дзве высечаныя са скалы пліты.
— Значыць так,— стаў тлумачыць маг Ніціч,— вы, мастак Дроздзіч, проста апранаеце шчыт, як заплечнік, і ляціце спакойна. Шчыт вас даставіць сапраўды да месца прызначэння. Ваша сякера, Бедалай, двухбаковавострая, таму таксама будзе ляцець прама, але толькі павольней, чым шчыт Дроздзіча, бо футарал ужо вельмі нягеглай формы. Аднак
цяжэй усіх будзе Алеоле і Арціну. Вам, сябры мае, давядзецца прыціскаць пліты да сябе і ляцець на іх — гэта не так зручна, як калі б яны былі ў вас за спінай. Глядзіце, не саслізнеце з іх і не адпусцеце! I ляцець вы будзеце яшчэ павольней, чым Бедалай. Таму парадак будзе такі: першымі лятуць Арцін і Алеола, потым Бедалай з Міамурмарорам, і самым апошнім — мастак Дроздзіч. Прызямляцца вам нельга — не ўмееце, таму будзеце прывадняцца ў возера. Напачатку нашыя віцязі так заўсёды рабілі. 3-за гэтага іх уважалі за водных жыхароў. Мастак Дроздзіч, шчыт пакінеце ў возеры — які-небудзь віцязь па яго потым злётае. Калі будзеце на зубцы балкона — долу не глядзець — будзе пяткі калоць і галава кружыцца... Зразумела?
— Так,— адказалі ўсе, апроч ката Міамурмарора.
— У мяне пятак няма. I наогул, я — кот горны. Вышыні не баюся.
— Ну, пра цябе я і не казаў,— усміхнуўся маг Ніціч.— А цяпер, Алеола, паслухай.— Ён падышоў да дзяўчыны, дастаў з мяшэчка, які вісеў у яго на пасе, залаты ігральны кубік і працягнуў ёй.— Гэта табе. Кінеш яго — калі выпадзе «шэсць» — у небе над табой адбудзецца невялікая ўспышка. Наш дазорца пабачыць яе — і віцязі прылятуць на дапамогу.
— He,— рашуча сказала будучая яснапанна,— у вашых віцязяў і так шмат працы. Я пастараюся даць сваім праблемам рады самастойна.
— Так-так,— падтрымаў яе Арцін,— а то ж у вас бесперапынная вартавая служба.
— Шкада,— неяк сумеўся маг Ніціч.— Ну, як жадаеце.
— Лепей дайце гэты кубік мне,— нечакана папрасіў кот Міамурмарор.
— А табе гэта навошта? — дакорліва паглядзела на ката Алеола.
— Аддам стрыечнаму брату — Варгіну, хай вашыя віцязі яго ў замак запросяць — у гэтага цара Ранэона ў галаве столькі ўсялякіх стварэнняў завялося!
— Вядома! — усцешана ўсклікнула Алеола.— Трэба ж гэтага старога выпусціць.
— Гэтага тырана? — падняў бровы маг Ніціч.
— Кот Варгін яго перавыхавае,— сказаў Арцін.
— I банкецік вам такі арганізуе,— аддаўся мроям кот Міамурмарор.
— Добра, бяры,— маг Ніціч аддаў яму кубік.
Кот Міамурмарор паглядзеў на яго, пакруціў у лапах — на ўсіх гранях кубіка была «шасцёрка».
— Ого! Найцікавейшая ігральная костка,— прамуркаў кот Міамурмарор і схаваў кубік пад кальчугу.
— Сектар на тры гадзіны! — выкрыкнуў дазорца.
— Добра. Увага! — сказаў маг Ніціч, звыкла ўскараскаўся па лесвіцы на глыбу і пачаў разварочваць яе на тры гадзіны.
— Падрыхтавацца! — скамандаваў маг Ніціч.— Наперад!
Арцін устаў на зуб балкона насупраць трэцяга тунэля. Ён імкнуўся не глядзець уніз, хоць усё адно краем вока заўважыў дзесьці там, на зямлі, блакітную стужку — вузкую паску вады — той самы роў з рыбамі паміж скалой і сцяной.
— Пайшоў! — крыкнуў маг Ніціч з грота.
Арцін скокнуў з боку зубца ўгару. Але ўверх ён ляцеў нядоўга — пліта, нібы камень у моры, пацягнула яго долу. Здавалася, ён проста падае, падае. I раптам нешта яго падхапіла, панесла ўздоўж зямлі. Юнак яшчэ мацней учапіўся ў пліту. Яе трохі паваліла набок, і ў такім няёмкім становішчы яго панесла ўдалячынь.
3 Алеолай адбылося тое ж самае, толькі падчас палёту яе некалькі разоў перакуліла. Яна неверагоднымі высілкамі здолела ўтрымаць сваю пліту ў адным, больш-менш устойлівым становішчы.
Наступнымі рынулі ў неба Бедалай і кот Міамурмарор. Як звычайна, у ката за спінай быў футарал з сякерай, а кот Міамурмарор сядзеў вярхом на футарале і трымаўся за яго кіпцюрамі. Распушаны хвост кот выкарыстаў у якасці паветранага стырна, таму Бедалай і Міамурмарор ляцелі плаўна, роўна, але павольна.