Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
Усе паспяхова выйшлі на Імховую Выспу. Арцін і Бедалай распалілі агонь — раздзьмулі вуглі і падклалі дроў у вогнішча, дзе нядаўна варылася ў казанку поліўка. Сталі грэцца. Паляндра ўся дрыжала ад злосці і холаду, глядзела на ўсіх лютым позіркам.
— Вызваляй, Паляндра, нашых людзей,— сказала Алеола.
— I ўсіх палонных звяроў,— дадаў кот Міамурмарор.
Яму было лепш за ўсіх. Пасля перажытага ён атросся, прысеў на беразе і, як гэта робяць усе каты без вынятку, стаў вылізвацца.
— Я не магу іх вызваліць,— зласліва сказала Паляндра.
— Гэта чаму ж?
— Бо вязніцы забітыя яловымі калодамі. Калоды пусцілі тоўстыя карані. А карані перапляліся і глыбока ў зямлю ўраслі. У мяне не хопіць моцы вырваць гэтыя калоды.
— А як жа вы цені людзей і жывёл у гэтыя вязніцы затачалі? — спытала Алеола.
— Хе-хе-хе,— зларадна засмяялася Паляндра,— калі чорныя чаплі кружлялі віхурай, і не віхурай, і не смерчам, а магутным віхраслупам, гэтыя калоды, вядома ж, з зямлі на дастатковую адлегласць выцягваліся. Адной шчыліны
было звышдастаткова, каб у яе запусціць сотню журботных ценяў... Хе-хе-хе... А цяпер чапляў няма, яны зляцелі!
— Лухта! Я рассяку чорныя карані і раскалю чорныя калоды! — услікнуў Арцін.
Ён ударыў мечам па тоўстым корані, але меч адляцеў у бок — цалкам затупіўся.
— Хе-хе-хе... Гэтыя карані можа рассячы толькі найсмяротнейшая зброя на свеце! У людзей такой яшчэ няма! — пасмейвалася Паляндра.
— Няпраўда! Ёсць! — сказаў Бедалай.— Хаця мая зброя нікому яшчэ не прынесла смерці, яна найсмяротнейшая на свеце!
Ён замахнуўся сваёй сякерай, стукнуў па адным корані, па другім — карані лёгка рассякаліся. Раскалоліся і каравыя калоды. Тонкія людскія душы-цені адна за адной пачалі вылятаць і кружляць у паветры.
Бедалай раскалоў другую калоду — разам з людскімі ценямі-душамі закружлялі ў паветры і душы-цені жывёл.
— Хе-хе-хе,— зноў засмяялася Паляндра.— Яны ўсё адно не ведаюць дарогі дадому,— рыпучым голасам сказала Жалобная Каралева.— А толькі родная зямелька зможа зноў ператварыць іх у людзей і звяроў. Хе-хе-хе! Зараз ім вечна давядзецца кружляць над балотам. Хе-хе-хе.
— He радуйся дачасна, Паляндра,— сказаў мастак Дроздзіч.— Алеола, дай мне чароўнага алею.
Алеола працягнула мастаку свой збаночак. I ў кожны збанок з фарбай Дроздзіч дадаў трохі «шчаслівага» алею, абмакнуў у гэтую сумесь пэндзлі і ўзмахнуў імі. Дарожкі
кропель у паветры выцягваліся ў прыгожыя доўгія вясёлкі, а кроплі, трапляючы на душы-цені людзей і жывёлін, размалёўвалі іх у яскравыя колеры. Ад кожнай душы-цені пацягнулася вясёлка, якая паказвае шлях дадому.
Бо якое шчасце — вяртацца на родную зямлю!
Над балотам нібы распусцілася вялізная кветка, пялёсткамі якой сталі тысячы вясёлак. Ды і само Чорнае Балота пачало пералівацца роўнымі колерамі. Зрабіўшы апошні круг, кожная душа-цень паляцела сваёй дарогай.
— Глядзеце, глядзеце! — усклікнуў Бедалай.— Вунь там Джайміна, яна спяшаецца ў Палац Садоў,— ён пазнаў напаўпразрыстае аблічча каханай хана Ісмірая.
— А вунь мае мама і тата! — радасна сказала Алеола.
— А там мае паляцелі,— прамовіў Арцін.
— Мы неўзабаве вернемся ў наш Скемень! — Алеола і Арцін памахалі ім услед.
Дзіўна, але чорная сукенка Паляндры таксама стала разнаколернай. Жалобная Каралева, пабачыўшы такую прыгажосць і такі феерычны танец вольных зіхатлівых душаў, упершыню ўсміхнулася...
На ейнай галаве, там, дзе раней была дыядэма з шасці чорных зачаўрэлых ружаў, цяпер зазіхацела залатая карона.
I церам Паляндры, сплецены з крывых чорных каранёў, раптам распрастаўся і на вачах стаў светлым, утульным, выкладзеным з акуратнага белага бярвення.
— Як хораша! — здзівілася Паляндра, а затым плаўна паказала маляўнічым рукавом на высокія прыгожыя дзверы.— Прашу ўсіх да мяне на госці.
— 3 задавальненнем,— прысела ў рэверансе Алеола.— Мы з Арцінам у вас трошкі пагасцюем, калі вы не супраць, а потым пойдзем да бацькоў. Мы ж яшчэ шмат чаго не ведаем, чаму можна навучыцца ў іншых людзей.
— I жывёл...— дадаў кот Міамурмарор.— Асабліва ў катоў,— ён пакланіўся Жалобнай Каралеве.
— Мы будзем вас наведваць,— паабяцаў Арцін і апусціў галаву.
— Так, вядома, вядома,— адказала Паляндра,— а калі да людзей пойдзеце, надоўга не затрымлівайцеся — да мяне вяртайцеся, a то мая сукенка зноў стане чорнаю. Ды і церам таксама — я ж цяпер па вас тужыць буду.
— Жалобная Каралева і сама будзе тужыць... Гэта нешта навюткае,— здзівіўся мастак Дроздзіч.— Я прыйду да вас і намалюю ваш партрэт з усмуткаю. Але, наогул, мне пара,— уздыхнуў ён.— Я і так надоўга адышоў ад сваёй вандроўкі. Столькі людзей у свеце цяпер сумуе, тужыць і смуткуе...
— А што ж ты цяпер будзеш рабіць з вусенямі-ўсмуткамі? — запытала Алеола.
— Як што? Буду аддаваць майстрам, якія вырабляюць ядваб.
— I я пайду з мастаком Дроздзічам,— сказаў маўклівы Бедалай.— Адпраўлюся з ім у Новае Мястэчка.
— А чаму не дадому? — разам спыталі Алеола і Арцін.
— Хай у маім ханстве заўжды будзе мараторый і на пакаранні, і на дрэнныя ўчынкі.
— Дык табе давядзецца стаць выгнаннікам,— уздыхнула Жалобная Каралева.
— Чаму ж выгнаннікам? Я хачу знайсці Барбарушку — папрашу яе выйсці за мяне замуж. А ў нашым ханстве кат не можа быць жанатым. Вось і знойдзецца падстава наведаць родную старонку і самога хана Ісмірая. Хан пабачыць, што я жанаты, і дасць мне адстаўку.
— Адстаўку? — спалохалася Алеола.— Але ж тады ты перастанеш лічыцца катам, і чорны джын Тшайнат прыйдзе забраць тваю сякеру.
— Ды мне мая сякера ўжо не патрэбная,— Бедалай падняў яе, размахнуўся і хацеў быў выкінуць у балота.
— Пачакай,— сказаў кот Міамурмарор,— навошта ж знікаць такой добрай рэчы? А з іншага боку, калі мы сюды прыйшлі, то і Тшайнат таксама сюды па сякеру прыйсці зможа. Лепш зробім па-іншаму. Ты не будзеш прасіць у хана адстаўку, а проста выйдзеш у адпачынак па сямейных абставінах — на час шлюбнага жыцця.
— Вось вучоная галава! — пахваліў ката мастак Дроздзіч.
— Усім дзякуй за дружалюбную кампанію... Я пайду з Бедалаем,— сказаў кот Міамурмарор,— дапамагу арганізаваць яму адпачынак і вяселле. А яшчэ мне трэба знайсці Варгіна і аддаць яму залаты кубік — хай наведае няшчаснага Ранэона ў Магнітным Замку.
— Ну, бывайце, сябры! — сказаў Бедалай, паціснуў руку Арціну, абняў яго, затым памяўся, памяўся і моцна абняў Алеолу.
— Да пабачэння! — абняўся з імі і мастак Дроздзіч.
— Усяго ўсягошняга! — прамуркаў кот Міамурмарор — і Арцін, і Алеола ледзь не задушылі яго ў сваіх абдымках.
— Запрашаем вас да нас у Скемень — наступным летам! — сказаў Арцін.
— Абавязкова,— адказаў за сябе, а заадно і за ката з Бедалаем мастак Дроздзіч.
— Шчаслівага шляху! — пажадала ім Паляндра.
Мастак Дроздзіч у вадаступах першым ступіў у балота, за ім пацялёпкалі кат і кот. Бедалай пасадзіў Міамурмарора на свой футарал з сякерай — хітры кот зноў зрабіў выгляд, што забыў абуць свае вадаступы.
— Глядзеце! — крыкнуў кот Міамурмарор.— Бераг! Вада сышла!
У Чорнага Балота, якое ўсё яшчэ ззяла рознымі колерамі, з’явіўся добра бачны край.
Дабраўшыся да процілеглага берага, мастак Дроздзіч і кат Бедалай памахалі сваім сябрам рукамі, а кот Міамурмарор — лапай, а каб здалёк было лепей відаць, яшчэ і агніста-рудым распушаным хвастом з белым кончыкам. Пастаялі, пастаялі і скіравалі ў гушчэчу лесу.
* * *
Арцін і Алеола некалькі дзён пагасцявалі ў Паляндры, дапамаглі наладзіць ёй новы побыт, а затым адправіліся дадому, да родных.
Алеоле яшчэ трэба было стаць яснапаннай, а Арціну — мужным віцязем.
* * *
I ўсё-такі час ад часу Паляндры робіцца невыносна ад тужыны па сваіх прыёмных дзецях. Тады яна ператвараецца ў кажаніцу і лётае над зямлёй. Можна спалохацца. Але вы не бойцеся. Проста скажыце ёй:
Паляндра! Прэч ад нас ляці За горы, пушчы, рэкі, долы, Нас не чапай, ляці, ляці Да Арціна і Алеолы!
ЗМЕСТ
I.	Пакіньце свой смутак! 	 5
II.	Палямон і сыны	 17
III.	He згубі, рака, човен рыбака! 	 22
IV.	Прывітанне, начальнік! 	 36
V.	Пакуль вугор свежы	 45
VI.	Чаму не трэба спрачацца з сабакамі, катамі і іншымі самастойнымі жывёламі	 56
VII.	Метадам спроб і памылак 	 71
VIII.	Фокус ката Міамурмарора 	 81
IX.	Вялікі велікаханскі дыспут 	 92
X.	Таямніца старой ядвабніцы 	 109
XI.	Пустагаловыя злыдні 	 118
XII.	Жыццёвая пазіцыя стрыечнага брата	 127
XIII.	Як мастак мастаку	 134
XIV.	Вярхом на сякеры	 140
XV.	Наперад за белымі кроплямі!	 147
XVI.	Даспехі на сцяне 	 152
XVI.	Сустрэча з лускаватымі 	 156
XVIII.	Радзімка зямлі 	 162
XIX.	Чалавек лабірынта	 178
XX.	Заманлівыя косткі 	 183
XXI.	Мазгавы штурм 	 195
XXII.	О, шчасліўчык! 	 205
XXIII.	На шчыце таксама можна лётаць. Тэорыя 	 215
XXIV.	На шчыце таксама можна лётаць. Практыка	 223
XXV.	Дзікі і жудасны	Агнязеў 	 236
XXVI.	Якая цяжкая праца — «Ладачку» штурхаць і ў ваду ўпірацца 	 242
XXVII.	I на Барбаруху бывае праруха	 246
XXVIII.	I апошняе	 255
Мінскевіч, С. Л.
М62 Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка : аповесць легендарных часоў : для сярэд. і ст. шк. узросту / Серж Мінскевіч ; маст. Наталля Сустава.— Мінск : Маст. літ., 2013.— 270 с.
ISBN 978-985-02-1360-0.
Перад вамі — «аповесць легендарных часоў». «Аповесць», — бо гэта займальная, захапляльная гісторыя. «Легендарных часоў» — бо ў ёй апавядаецца пра падзеі, якія адбываліся ў запаветным мінулым нашай часціны населенага свету, у паўміфічных краінах, дзе пралягалі шляхі-дарогі адважных вандроўнікаў.
Гэта фэнтазі, з квестам і экшэнам, з паданнямі і экзотыкай. Яго героі трапляюць у драматычныя, камічныя і часам у вельмі небяспечныя сітуацыі. Ім давядзецца разгадаць шмат таямніц і вытрымаць неверагодныя выпрабаванні.
Апавядальнік дзякуе яснапанне Волі Разумавай за натхненне і дапамогу ў натаванні гэтай незвычайнай гісторыі.
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4Бен)-44
Літаратурна-мастацкае выданне
МІНСКЕВІЧ Серж (МІНСКЕВІЧ Сяргей Леанідавіч)
УСМЕШКА ЖАЛОБНАЙ КАРАЛЕВЫ, АЛЬБО ТАЯМНІЦА МАГНІТНАГА ЗАМКА
Аповесць легендарных часоў
Рэдактар A. В. Спрынчан
Мастацкі рэдактар В. А. Макаранка
Тэхнічны рэдактар Л. I. Астрэйка Стылістычныя рэдактары
М. А. Паддубская, Л. Г. Ганчарэнка, М. М. Адам, М. У. Віцько
Падпісана да друку 05.04.2013. Фармат 70х90'/16. Папера афсетная.