Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— Што гэта за таямнічы замак? Хто-небудзь пра яго што-небудзь чуў? — спытаў Арцін.
— Я сапраўды не ведаю,— сказаў мастак Дроздзіч.— Хадзілі чуткі, што ў самім віры лесу, дзе зараджаецца смуга, аблокі і хмары, ёсць скала, на якой стаіць замак. А ў ім жыве Уладар Навальніц...
— А я чуў,— пачаў кот Міамурмарор,— што да нейкага навальнічнага замка гадоў сто таму адпраўлялася вялізнае войска з Залатога Горада. Шапталіся, што тое непераможнае войска бясследна знікла.
Скала, ля падножжа якой стаялі прыяцелі, падавалася непрыступнай. Але ж толькі не для ката. Арцін і мастак Дроздзіч адразу ж узяліся за працу — скруцілі з лыка вяроўку. Доўгую-доўгую.
I рабілі наступным чынам: кот Міамурмарор узбіраўся на скалу, надзейна абвязваў вяроўкай які-небудзь выступ альбо цяжкі валун, а потым па гэтай вяроўцы караскаліся мастак Дроздзіч і Арцін.
Неўзабаве ўсе трое падняліся да ўзроўню самога замка. Перад імі былі высокія змрочныя сцены — цалкам стромыя — яны прыгняталі сваімі гіганцкімі памерамі. Але болей дзівіла іншае — пад сценамі замка ляжалі груды чалавечых костак і чэрапаў Чыстых, белых і бліскучых. Іх даўно абскублі дзікія птушкі, абмылі воды дажджоў, адпаліравалі градзіны і паднятыя ветрам пясчынкі. Сям-там сярод чалавечых парэшткаў трапяталі акраўкі амаль сатлелай вопраткі. Па ўсёй сцяне замка — вышэй, ніжэй — былі панавешаныя, нібы «прылепленыя» моцным клеем, ваярскія даспехі: жалезныя шаломы, налакотнікі, панцыры, кальчугі. У некаторых з іх можна было заўважыць чалавечыя шкілеты. Побач з даспехамі на сцяне «вісела» зброя: шчыты, мячы, наканечнікі стрэлаў і дзідаў.
Калісьці даўно невядомая сіла магутным прыцягненнем «прыкавала» да сценаў замка ваяроў, што спрабавалі ўзяць замак у аблогу. Некаторыя з іх так і не змаглі вызваліцца ад сваіх жа латаў і навечна засталіся ў іх...
Арцін адчуў, як за ягонай спінай нешта заварушылася. Ён з жахам азірнуўся. Раптам з калчана ў паветра вырвалася
страла і паляцела да сцяны замка, стукнулася аб яе і адразу «прыляпілася» да яе наканечнікам.
Арцін мацней перацягнуў калчан аборкай, каб астатнія стрэлы самі па сабе не павыляталі. Але з похваў, якія адмыслова для лёгкасці былі зробленыя з дрэва, зноў пачаў «выпаўзаць» меч. Арцін з сілай засунуў яго назад у похвы, а цаўё абматаў аборкай.
— Што за неведзь! — вылаяўся ён.
— Сцены зробленыя з магічнага жалеза,— сказаў мастак Дроздзіч.— Яно прыцягвае іншае жалеза.
— Ты б, Арцін, схаваў пакуль сваю зброю пад валуном. Далей з ёй усё адно не пройдзеш,— параіў кот Міамурмарор.
— Так-так, a то паляціць да мёртвых ваяроў — не дастанеш потым,— дадаў мастак Дроздзіч.
— А як жа, па-вашаму, я ваяваць буду?
— Ну, можа быць, драўлянай палкай,— параіў кот Міамурмарор.
Арціну было не надта прыемна расставацца са сваёй зброяй, але з кожным крокам яна рабілася ўсё цяжэйшай. I юнаку, хочаш не хочаш, давялося скарыстацца гэтай парадай сяброў. Арцін схаваў меч і похвы пад валуном, паклаў і прыціснуў валуном стрэлы.
— Калісьці нашыя продкі не ведалі жалеза. Ды і цяпер у далёкіх паўночна-ўсходніх лясах ёсць плямёны, у якіх няма ні мечаў, ні шабляў. Усю сваю зброю яны робяць з каменя,— сказаў Арцін.— Я — будучы віцязь, я не магу без зброі.
На скале ён знайшоў добры кавалак крэменю, раскалоў яго іншым крэменем, такім чынам каб былі завостраныя
краі. Затым змайстраваў каменную сякеру — завостраны кавалак каменя прывязаў крыж накрыж да палкі.
— А я як быў без зброі, так і застануся,— самазадаволена сказаў кот Міамурмарор,— мне і маіх кіпцюроў досыць.
— I ў мяне ёсць мой парасон,— прамовіў мастак Дроздзіч.
Прыяцелі абышлі замак вакол, але ні брамы, ні якога іншага ўвахода, ні лаза, ні шчыліны, нічога не ўгледзілі...
XVII
СУСТРЭЧА 3 ЛУСКАВАТЫМІ
Насамрэч Алеола не праколвала бурдзюк. Яна яго проста перакуліла і прыслабіла вяроўку, якой ён быў перавязаны. Малако стала прасочвацца, і кроплі ляцелі ўніз.
Яны разам з Бедалаем, набраўшы хуткасць, імчаліся па паветры ў невядомым ім кірунку. Здавалася, што яны ўдваіх знянацку ператварыліся ў вецер, які ляціць уздоўж зямлі, бо рэзкі, шчыльны вецер бесперапынна свістаў у іх у вушах і бязлітасна трапаў валасы.
Алеола нават не спрабавала вырывацца з жалезных абдымкаў Бедалая. Па-першае, яна баялася, што, калі вырвецца, проста зваліцца на зямлю і разаб’ецца, а па-другое, яна выдатна разумела, што кат не збіраецца прычыняць ёй аніякай шкоды.
Hi Бедалай, ні Алеола да канца не зразумелі, што адбылося — чаму раптам невядомая сіла падхапіла Бедалая і панесла ў невядомым кірунку. Можа быць, такая ж сіла падхапіла і ейных сяброў? Алеола ўзіралася ўдалеч, ці не лятуць за ёй Арцін, мастак Дроздзіч і кот Міамурмарор. Яна нават пашкадавала, што яны не разам — а было б цікава
паглядзець, як ляцеў бы, распушыўшы агніста-апельсінавы хвост, кот Міамурмарор, які быў бы ў яго выраз на мысцы. Але, на жаль, за імі ніхто не ляцеў — толькі ўдалечыні маячылі невядомыя цёмныя цені.
Такія ж цені — толькі большыя — віднеліся і наперадзе. Абрысамі яны нагадвалі чалавека з вялікім панцырам альбо шчытом на спіне.
Далёка ўнізе мільгацеў суцэльны кілім лесу. Алеола атрымлівала асалоду ад гэтага яшчэ нязнанага ёй адчування палёту. Блакітнымі змеямі зіхцелі рэкі, срэбнымі манетамі ззялі азёры, валунамі падаваліся скалы. Часам Алеола і Бедалай ляцелі так нізка, што ледзь не закраналі верхавіны дрэў і вяршыні ўзгоркаў, а часам зямля раптам рэзка сыходзіла долу, нібы правальвалася ў глыбокую ўпадзіну.
Угары ззяла сонца, яно засталося такім жа далёкім, a вось аблокі сталі большымі.
Раптам наблізілася зямля, павялічыліся дрэвы, унізе прамільгнулі пясчаная гара і шэрая сцяна замка.
— Мы ляцім проста на пік скалы! — крыкнуў Бедалай.— Трымайся!
Алеола яшчэ мацней учапілася рукамі ў ката і замружылася. У яе з рук выпаў пусты бурдзюк з-пад малака і паляцеў далёка долу. Але ім пашанцавала, у пік яны не ўдарыліся — насамрэч у скале, пад самай вяршыняй знаходзіўся грот. Уварваўшыся ў яго на шалёнай хуткасці, Алеола і Бедалай адразу патрапілі ў сетку, падобную да сачка, якім дзеці ловяць матылькоў, толькі гэты сачок-падхватнік быў надзвычай вялікі.
Сетка была зробленая з мяккіх і пругкіх вяровак. Па іх Алеола і Бедалай з’ехалі ўніз і апынуліся на каменным выступе, падобным да балкона з зубчастымі краямі.
Адсюль, з вышыні птушынага палёту, віднелася зямля — усюды, куды ні зірні, рассцілалася лясное мора...
— А гэта яшчэ хто? — Алеола пабачыла, як побач з праёмам, што вёў у глыб скалы, стаяў віцязь-волат і з цікаўнасцю разглядаў яе і Бедалая.
Віцязь быў апрануты ў незвычайныя латы — і шалом, і самі латы складаліся з пласцінак, падобных да рыбінай лускі, а за пасам у віцязя вісеў меч, зроблены з зуба вялізнай рыбы.
3 Бедалаем адбывалася нешта незразумелае — падчас палёту ён, каб не саслізнуць з футурала, туга нацягнуў на спіну шлейкі. I цяпер «прыляпіўся» сваім футаралам да сценкі балкона. Кат крахтаў ад намагання, нязграбна тузаўся, спрабуючы адарвацца разам з футаралам ад сцяны. Але ўсё было дарэмна — нічога не ўдавалася.
— Пэўна, у яго там высокаякаснае жалеза,— выказаў здагадку віцязь.
Ён казаў нізкім раскацістым голасам.
— Ага,— усміхнулася Алеола,— у яго там высокаякасная сякера.
— Тады няхай вызваляецца ад шлеек і выходзіць сюды. Пакуль маг не пераверне глыбу, твой прыяцель усё адно, як бы ні імкнуўся, не зможа ададраць сваю сякеру ад сценак балкона.
Бедалай упарта не жадаў пакідаць свой футарал з сякерай і з усёй моцы працягваў цягнуць яго на сябе.
У гэты час у сетцы заборсаўся яшчэ адзін віцязь — TaKi ж «лускаваты», як і першы, з такім самым мечам за пасам. Па вяроўках віцязь спусціўся ўніз і адразу «прыляпіўся» да сценкі балкона. За спінай у віцязя быў шырокі шчыт на шлейках, амаль такіх самых, як і на футарале Бедалая. «Лускаваты» звыкла зняў шлейкі з плеч і ўстаў на ногі.
— Што гэта за госці ў нас? — спытаў ён у першага віцязя.
У абодвух віцязяў, як у братоў, вочы былі аднаго колеру — колеру марской хвалі, аднолькавыя чорныя з сінім адлівам вусы і такія ж валасы, якія выбіваліся з-пад шалома, зробленага з рыбінай лускі.
— Мяне клічуць Алеола,— прадставілася дзяўчына.— A гэта Бедалай, мой кат...
— Хто?
— Я хацела сказаць... ну... у сэнсе...
Яна замялася, пабачыўшы, як мяняюцца ў твары віцязі.
— Гэта са мной...— прамямліла яна.
— Дык што, ён за вамі гнаўся? — гнеўна спытаў адзін з віцязяў і схапіўся за меч.
— He, ён толькі мяне абняў...
— Што ён зрабіў?
Алеола не ведала, як ім усё патлумачыць.
Тым часам з сеткі вылез яшчэ адзін віцязь. Ён чуў, пра што казалі ягоныя таварышы, таму падышоў да Бедалая і з сілай выцягнуў яго са шлеек футарала.
— Зараз ты будзеш гаварыць з самім Ромам Ончарам. I ты, як цябе там, Алеола, таксама.
Тут з сеткі выпаўз чарговы віцязь.
— Што гэта? — гучна абурыўся ён.— Што гэта за скрыня, прышпандораная да сценкі балкона? Гэтае месца для майго шчыта!
— Супакойся, Мернеск, стаў свой шчыт побач з маім, зараз будзем разбірацца,— сказаў яму віцязь, які трымаў Бедалая.
Раптам Бедалай вырашыў пасупраціўляцца. Яму амаль удалося вырвацца з рук віцязя, які яго трымаў. Аднак віцязь быў вышэйшы за яго на галаву і, відавочна, нашмат мацнейшы.
— He бузі,— нізкім голасам сказаў ён Бедалаю.
Раптам у сетцы апынуўся сапраўдны гігант. Ягоны шчыт быў вялізны, так што месца для такога шчыта было толькі на брылю балкона. Сетка ледзь не трашчала пад ім. Гэты гігант плячыма прыпёр свой шчыт да брыля і вызваліўся ад шырачэзных шлеек.
— Што тут за вэрхал? — прагрукатаў ён.
Гэты звышвіцязь быў не меней за два касыя сажні ў плячах, рукі яго былі падобныя да пяціпальцавых грабляў — калі яны сціскаліся, ператвараліся ў вялізны, нібы паходны кацялок, кулак. Парослыя густым «мохам», надброўныя дугі рэзка выступалі наперад і грозна навісалі над вачыма.
— Гэта не вэрхал...— сказала Алеола.— Гэта Бедалай... Мой кат... Вой,— вымавіла яна і змоўкла.
— Хто? — падняў адно брыво гігант.
— Слухай, Ром Ончар, няпрошаныя госці «ўчапіліся» з намі,— забасілі віцязі.
Гігант спадылба зірнуў на спалоханую Алеолу і Бедалая:
— Добра, хадзем да Ніціча. Апавядзем, як бітва прайшла, і гэтых пакажам,— прагрымеў ён.— Гэй! Мы прыбылі!