• Газеты, часопісы і г.д.
  • Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

    Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

    Аповесць легендарных часоў
    Серж Мінскевіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 2013
    60.96 МБ
    He паспеў конь Арціна выйсці на сухую зямлю, як з лесу павыскоквалі дзікуны, чалавек дваццаць: у руках — дубіны і булавы, праз плячо перакінутыя ваўчыныя скуры, на галовах замест шаломаў — ваўчыныя галовы з разяўленымі ікластымі пашчамі.
    He разважаючы, дзікуны кінуліся акружаць падарожнікаў, схапілі пад аброць каня Арціна. Будучы віцязь дастаў з похваў меч, Алеола выхапіла ў яго з калчана стралу і выставіла на выцягнутай руцэ наперад, а кот Міамурмарор
    выпусціў на ўсю даўжыню кіпцюры, паказаў іклы і гучна зашыпеў.
    Толькі конь Бедалая, які быў бліжэй за ўсіх да ракі, не патрапіў у акружэнне, кінуўся ў ваду і паплыў уніз па плыні.
    Арцін адбіваўся мужна — адкінуў пяцёх дзікуноў, раструшчыўшы двум з іх на галовах ваўчыныя чэрапы. Алеола адштурхнула трох, а кот раздрапаў шчокі і бровы двум.
    — Сетку, нясеце сетку! — крыкнуў адзін з дзікуноў.
    На юнака і дзяўчыну накінулі шырокі трывалы нерат — і толькі тады дзікуны зноў напалі ўсім гуртам.
    Арціна, Алеолу і ката Міамурмарора моцна звязалі пруткімі вяроўкамі і адвялі ў лес на паляну, дзе была выкапаная зямлянка — галоўнае логавішча дзікуноў.
    Палонных пасадзілі пад смалістую крывую хваіну. Дзікуны свіснулі — і з вузкага лаза зямлянкі, пазяхаючы і пацягваючыся, выйшаў верхавода, а за ім на карачках выпаўзла верхаводзіна. Устала, пацягнулся. Верхавода і верхаводзіна былі таўставатыя, з брунатнымі ад куродыму тварамі. Рукі — карабатыя, пазногці — чорныя. Валасы даўно нямытыя і нечасаныя. На абодвух звярыныя скуры, гэтаксама, як і на іншых дзікунах. Толькі ў адрозненне ад іх, ногі ў верхаводы і верхаводзіны былі абутыя ў скураныя чобаты, а не лыкавыя лапці.
    Верхавода і верхаводзіна ўважна агледзелі палонных.
    — Нядрэнны тавар,— нізкім голасам сказала дзікунка.— Прадамо іх купцам на ладдзях. Дзяўчына пойдзе за прыгажуню-прыслужніцу, а хлопца можна прыкаваць да вясла.
    — Прадаваць трэба купцам, якія плывуць з дружынай, а тым прастакам, што плывуць з малой аховай, нічога
    прадаваць не будзем! Гэтых мы самі зможам захапіць,— расцягнуў рот у адназубай усмешцы верхавода,— і яшчэ выкуп за вызваленне запатрабуем! — Ён люта памахаў сукаватай дубінай, якую ўсюды цягаў з сабою.
    — Вядома, будзем прадаваць толькі тым купцам, у якіх ёсць дружына,— пагадзілася верхаводзіна.— Такія дружынныя купцы і мацней, і багацей. За хлопца, сапраўды кажу, не меней за дзесяць золтанаў дадуць, а за дзяўчыну — і ўсе дванаццаць.
    — А з гэтай жыўнасцю што будзем рабіць?
    — Ката, як заморскую жывёлу, паспрабуем за пяць золтанаў збагрыць, а калі не атрымаецца — з ягонага меха я сабе каўнер зраблю. Бачыш, які кацяра шыкоўны, вогненнаруды, паласаты, белая грудка... He тое, што наш — чарноцце чарнюшчае...
    — Хто вы такія? — сувора запытаўся Арцін.
    — Нас,— верхавода зірнуў на яго, прымружыўшыся ў яхіднай ухмылцы,— называюць злыдні. А калі дакладней, мы — ліхадзеі.
    — Гэта што, разбойнікі? — пацікавілася Алеола.
    — He, дзяўчынка,— агідна хіхікнула верхаводзіна, паказаўшы свае зубы з чорным налётам.— Горш... Нашмат горш. Разбойнікі, наагул, бываюць высакародныя. А мы не паважаем высакароднасць.
    — Высакароднасць нам абсалютна ні да чаго,— дадаў верхавода.
    — А чым жа вам высакароднасць не да душы? — са злосцю спытаў Арцін.
    — А яна нам, нібы костка ў горле! Хі-хі-хі,— прастуджаным голасам засмяялася верхаводзіна. Яна прадчувала добрую выручку.
    Пакуль верхаводзіна душылася смехам, Алеола неўпрыкмет паслабіла путы на адной руцэ, злаўчылася і адкаркавала схаваны ў мяшэчку на пасе збанок з алеем, зробленым з пладоў шчаслівай ядвабніцы.
    Водар дайшоў да верхаводзіны.
    — Вой, як смачна, як прыемна пахне, хі-хі-хі,— больш тонкім голасам засмяялася верхаводзіна.
    Верхавода таксама пачаў не то смяяцца, не то заікацца смехам.
    — Вам гэты водар даспадобы? — шчыра пацікавілася Алеола.
    — Вельмі, хі-хі-хі,— верхаводзіна была не ў сілах стрымацца.
    — Нешта дужа ў носе ласкоча, плачу ад смеху,— прызнаўся верхавода.
    — А што гэта, хі-хі-ха, у цябе? — верхаводзіна пальцам ткнула ў мяшэчак са збаночкам, які Алеола прыціскала рукой.
    — Гэта чароўны алей. Хто гэты алей панюхае, становіцца шчаслівым.
    — Ого! Шчаслівым... Тады зробім так,— сказала верхаводзіна,— ты аддасі мне гэты алей, а я цябе за гэта адпушчу.
    — He толькі мяне,— выправіла Алеола,— а ўсіх нас: мяне, віцязя Арціна і ката Міамурмарора.
    — Добра,— трохі зычлівей усміхнулася верхаводзіна.
    — Ты што! — прахрыпеў верхавода.— Алей увесь вынюхаем, а грошай не атрымаем!
    — He слухай яго, дзяўчынка,— ласкава прамовіла верхаводзіна.— Я вас адпушчу.
    Яна падышла да Алеолы.
    — Зараз, зараз, мая маленькая, мая добранькая дзяўчынка, патрывай,— дзікунка вызваліла ейныя рукі ад вяровак.
    — Вой, як балюча,— прызналася Алеола.
    Яна аддала чароўны алей верхаводзіне. Тая хуценька закаркавала збаночак коркам, які быў вяровачкай прывязаны да збанка.
    Верхавода акуратна ўзяў вызваленыя рукі Алеолы, паглядзеў на чырвоныя паскі, пакінутыя вяроўкамі.
    — Бедная, бедная мая...
    I нечакана зноў накінуў на іх вяроўку і туга зацягнуў.
    — Што гэта! Мы ж з вамі дамовіліся! — ускрыкнула Алеола.— Вы абяцалі нас адпусціць!
    — А навошта нам цяпер вас адпускаць, калі алей і так ужо ў нас? — скрывіла рот верхаводзіна.
    — Мы ж ліхадзеі, а значыць, людзі несумленныя. Мы сваё слова ніколі не трымаем,— гэтым разам крыва ўсміхнуўся верхавода.
    — А чаго тут цешыцца — таго, хто не трымае сваё слова, ніхто не паважае,— сказаў ім кот Міамурмарор.
    — Ого, кот умее размаўляць! — услікнуў верхавода.
    — Значыцца, прадаць яго можна даражэй,— узрадавалася верхаводзіна.— Можа, як цуд заморскі — за сотню золтанаў!
    Раптам з лесу раздаўся голас аднаго з ліхадзеяў:
    — Гэй, верхавода, на рацэ ладдзя! Нейкі купец плыве!
    — А аховы ў яго шмат?
    — He, чалавек дзесяць!
    — Дык бярыце чаўны і вадаступы і нападайце!
    — Э-е-ёй! — зароў ліхадзей.— Нападаем!
    — Вы нягоднікі,— гнеўна сказаў Арцін,— калі я вызвалюся, вам не здабраваць!
    — Наўрад ці ты калісьці вызвалішся, хлопча,— абыякава адказаў яму верхавода.
    — Гэй, верхавода! — з лесу зноў гукнуў той самы ліхадзей.— Купец уцёк, мы яго не змаглі дагнаць! Але на рацэ з’явіліся яшчэ дзве ладдзі: адна з таварамі, а другая — з купцом і ягонай дружынай. Нападаць?
    — He, няздара! Крычыце купцу, што ў нас тавар маецца! Хай падплываюць для перамоваў! — крыкнуў у адказ верхавода, а чацвёрцы вартавых, якія стаялі побач з палоннымі і трымалі булавы на плячах, загадаў:
    — Вядзіце гэтых да берага!
    Звязаных Арціна, Алеолу і ката Міамурмарора — яму ліхадзеі ўсе лапы, каб не драпаўся, а заадно і хвост, абматалі вяроўкамі — павялі назад да ракі.
    У пясчанай водмелі гайдалася на хвалях ладдзя. На ёй спусцілі чырвоны ветразь з эмблемай жоўтага сонца. За бортам стаяла пяцьдзясят ваяроў у кальчугах, са шчытамі і мячамі ў руках.
    — Дабрыдзень, слаўнаму купцу,— пакланілася яму верхаводзіна.— У нас для вас ёсць выдатны тавар. Ці не заўгодна паглядзець?
    Ліхадзеі падштурхнулі сваіх палонных бліжэй да вады.
    — Дзяўчына прыгожая, чыстая — за дванаццаць золтанаў. Хлопец — віцязь — моцны... яго — за дзесяць. I кот — заморскі цуд — умее размаўляць. Сто золтанаў!
    — Кот умее размаўляць? — здзівіўся купец.
    — Так.
    — А які ў яго характар?
    — Мой характар — гэта мой характар,— буркнуў кот.— I ён вас не датычыцца.
    — Ого! — развёў рукамі купец.— Насамрэч цуд заморскі!
    — Ну, як, дзесяць плюс дванаццаць і плюс сто за ката... колькі разам будзе? — задумаўся верхавода.
    — Сто дваццаць,— сказаў купец.
    — He,— прахрыпеў верхавода,— сто дваццаць восем.
    — Я згодзен — за ўсіх даць... сто дваццаць адзін золтан.
    — Мала,— крыкнула верхаводзіна.— Сто дваццаць сем.
    — Сто дваццаць два,— адгукнуўся купец.
    — Сто дваццаць шэсць.
    — Сто дваццаць пяць.
    — Дамовіліся,— пагадзілася верхаводзіна.
    — Вядзіце іх да ладдзі.— Купец адлічыў грошы, паклаў іх у мяшэчак і кінуў ліхадзеям.
    — Стойце! Адпусціце іх зараз жа!
    На бераг на вараным кані выехаў кат Бедалай у сваёй катаўскай вопратцы — у чырвонай туніцы, у чырвоным каптуры, які затуляў увесь твар, і толькі вузкія шчылінкі для вачэй цямнелі на каптуры. У руцэ Бедалай трымаў сваю жахлівую двухвострую сякеру. Ліхадзеі, якія выскачылі было яму насустрач, пабачыўшы Бедалая і ягоную сякеру задрыжалі. Ад аднаго толькі выгляду ката, які размахваў жудаснай зброяй,
    ва ўсіх злыдняў адразу звяло шыі. Усе ліхадзеі сцяліся, згорбіліся, адступілі і кінуліся ўрассыпную — хто ў лес, хто ў раку.
    Бедалай саскочыў з каня і з сякерай наперавес пайшоў на тых, хто падштурхоўваў палонных да ладдзі.
    — Гэй, ты хто такі?! Я купец Голдвіг! — прароў з ладдзі купец.— А гэта мае рабы, мая ўласнасць! Я набыў іх і вязу прадаваць!
    — Ніякія яны табе не рабы, яны са мной падарожнічаюць! А я Бедалай — кат хана Ісмірая!
    — Хто? Кат? — Купец Голдвіг разгубіўся, а затым махнуў рукой.
    Дружыннікі выскачылі з ладдзі і з аголенымі мячамі пайшлі на Бедалая. Той імкліва прабіўся скрозь уцякаючых ліхадзеяў да палонных і разрэзаў іхнія путы. Алеола адразу схапіла за рукі верхаводзіну, кот Міамурмарор учапіўся кіпцюрамі ў карак верхаводзе, а Арцін выдраў у яго з рук дубіну і рынуўся на дапамогу Бедалаю.
    Арцін і Бедалай, адчайна б’ючыся, загналі ўсю дружыну купца ў раку. Незвычайная сякера ката на адлегласці, нават не датыкаючыся да ворага, магла наносіць удары, адкідваць назад, варта было толькі Бедалаю на таго замахнуцца.
    Сам купец Голдвіг падняў ветразь на сваёй ладдзі і паплыў далей ад месца бітвы.
    — Як вы можаце людзьмі гандляваць?! — крыкнуў яму ўслед Арцін.
    — I катамі! — дадаў кот Міамурмарор.
    — Запомні, Голдвіг,— гучна прамовіў Бедалай,— не спрабуй нават нос паказваць ва ўладанні хана Ісмірая! Ён цябе адразу ж пасадзіць у вязніцу!
    Купец Голдвіг імкнуўся як мага хутчэй адплысці, а ягоныя мокрыя дружыннікі па пояс у вадзе цяжка цягнуліся за ім па пясчанай мялізне.
    Потым Бедалай заняўся верхаводам і верхаводзінай — моцна звязаў іх. Яны гучна на ўвесь лес крычалі:
    — Ліхадзеі! Ліхадзейчыкі, на дапамогу! Вас шмат, а іх усяго чацвёра!
    Але ніхто нават не спрабаваў ім дапамагчы. Ліхадзеі былі гэтак напалоханыя, што без аглядкі ўцякалі.
    — Ніхто не будзе рызыкаваць сваім жыццём, каб вызваліць злыдняў,— сказаў кот Міамурмарор,— людзей, якія не трымаюць слова, ніхто не паважае.