Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— Знайшоў,— упэўнена адказаў Арцін.— Хадземце сюды, пакажу.
Ён падвёў іх у самае цяністае месца пад кронай ядвабніцы, рассунуў галінкі, і яны пабачылі, што на лісце, які па краях быў пажухлым, сядзеў вялікі чорна-буры вусень. Ён не проста сядзеў, а безупынна працаваў сківіцамі — грыз ліст і самазабыўна жаваў.
— Падаецца, я дзесьці падобнае бачыла,— заўважыла Алеола.
— Натуральна. Я таксама бачыў. У мастака Дроздзіча ў слоіку,— сказаў Арцін.
— Так, але толькі ў мастака ў слоіку яны былі як нежывыя, і больш мярзотныя.
— Бо ў мастака Дроздзіча,— сказаў кот,— гэта і не вусені зусім, а перайначаныя ўсмуткі.
— А ты і мастака Дроздзіча ведаеш? — здзівіўся Арцін.
— А хто ж яго не ведае,— аксамітным голасам адказаў кот Міамурмарор.
— I як жа гэты вусень тут апынуўся? — задумалася Алеола.
— Пэўна, хтосьці вельмі моцна смуткаваў і заразіў ядвабніцу сваёй усмуткай,— выказаў здагадку Арцін.
— He, гэта Паляндра зрабіла,— сур’ёзна прамовіў кот.— Я заўважыў, што яна кружляла вакол ядвабніцы перад тым, як забраць Джайміну. Дзеля гэтай ядвабніцы яна ў наш край і прылятала. Ядвабніца для яе небяспечная.
— Глядзеце, вось яшчэ,— паказаў Арцін.
Яны знайшлі яшчэ пяць такіх самых чорна-бурых вусеняў.
— Пяць плюс адзін, гэта колькі будзе? — задумаўся кот,— шэсць. Шасцёркай чапляў запрэжаная карэта Журботнай Каралевы.
— Усяго шасцёркай... А ў нашым мястэчку было больш віхураў Нават не віхураў, а смерчаў,— сказаў Арцін.
— Можа быць, разам з імі яшчэ хтосьці прылятаў? — уголас падумаў кот.
— I што з гэтымі вусенямі цяпер рабіць? — спытаў Арцін.— Я спрабаваў іх адчапіць — нічога не атрымліваецца. Яны вельмі моцна да лісткоў прылепленыя. Можа, іх проста прыдушыць?
— Што ты, нельга! — абурыўся кот.— Пад шчасцядайнай ядвабніцай не павінна быць дрэнна аніводнай істоце! Тады ядвабніца насамрэч засохне. Бо вусені не вінаватыя ў тым, што яны вусені!
— Паглядзеце! — выклікнула Алеола.— Яны смяюцца!
I праўда, вусені не проста жавалі лісты, а пры гэтым яны безупынку смяяліся. А можа, і наадварот, яны смяяліся і заадно безупынку жавалі.
— Ад лістоў яны і смяюцца, як я ад ягад,— здагадаўся Арцін.
— У такім разе, я ведаю, што рабіць,— сказаў кот,— трэба іх апырскаць слязой каменя. Яны перастануць смяяцца, а заадно і жаваць.
Алеола дастала напарстак са слязой каменя.
— He, напачатку мяне,— папрасіў Арцін.— A то раптам мне не хопіць.
— Хопіць,— паспрабаваў супакоіць яго кот,— пырскаць трэба зусім мала, a то замест безупыннай радасці на цябе бясконцая журба нападзе. Ну добра... Дай мне, Алеола.
Кот абмакнуў у напарстак белы кончык свайго яскраварудога хваста і ўзмахнуў ім — некалькі малюпусенькіх кропелек патрапілі на лоб, шчокі і рукі Арціна.
— А зараз выйдзі з-пад ядвабніцы.
Арцін выйшаў з-пад дрэва і расплыўся ў шырокай усмешцы.
— Хі-хі!
— Што, не дзейнічае? — занепакоілася Алеола.
— Го-го-го! — зайшоўся Арцін.
— Няўжо... Міамурмарор!—уАлеолынавярнулісяслёзы.
— Дзейнічае. Супакойся. Гэта я так, адмыслова пасмяяўся,— ужо без усялякага смеху сказаў Арцін.— Я проста пажартаваў. Сам з сябе пажартаваў
— Слухай, ну і жартачкі ў цябе,— пакрыўдзілася Алеола.
— Ты б так не жартаваў, калі б ведаў, што ёй і мне давялося вытрываць перш, чым прынесці табе гэтыя слёзы каменя.
— А што? — занепакоіўся Арцін.
— I гэта ўсё, заўваж, каб выправіць тваю памылку,— сувора сказаў Міамурмарор.
— Ну, так апавядзеце, што з вамі адбылося.
Кот і Алеола паведалі Арціну ўсё, што з імі здарылася ў горадзе Палац Садоў.
— Так што перад тым, як жартаваць,— прамовіў кот,— трэба ведаць, ці можа чалавек у гэтую ўласна хвіліну ўспрыняць твой жарт.
— Прабачце мне. Ну, калі ласка,— папрасіў прабачэння Арцін.
— Ды што з цябе ўзяць, эх ты...— прабачыла яму Алеола.
— Лепей зараз вусеняў акрапім,— прапанаваў кот.
Як толькі мікрапырскі патрапілі на чорна-бурых вусеняў, тыя перасталі жаваць, задумаліся — што ж з імі такое адбываецца. Потым спаўзлі з лістоў па празрыстай павуціне і нейкі час віселі ў паветры. Пасля раптам хутка пачалі закручвацца ў павуціну і ў такім кокане зноў сталі прыладжвацца да ліста.
— Што гэта яны з глузду з’ехалі? Можа, ты на іх занадта шмат слязы каменя напырскаў? — здзіўлена спытаў у Міамурмарора Арцін.
— Заўтра паглядзім,— спакойна адказаў Міамурмарор.
Сонца ўжо знікла за гарамі, і змрок агарнуў гару чорным халатам са срэбнымі дзірачкамі зорак.
Але ні заўтра, ні пазаўтра нічога не змянілася. Арцін сур’ёзна занепакоіўся.
I вось раніцай пятага дня Алеолу і Арціна абудзіў кот Міамурмарор. Ён прымаў сонечныя ванны. «Ванны самага ранняга сонца — найкарыснейшыя для птушак і катоў»,— сцвярджаў вучоны кот.
— Алеола! Арцін! Хутчэй прачынайцеся! A то ўсё прапусціце!
Успалоханыя юнак і дзяўчына ўскочылі і падбеглі да ядвабніцы.
Побач з кожным коканам сядзеў белы матылёк. Было падобна, што матылькі толькі нядаўна выйшлі на свет і сушылі свае белыя крылцы з шакаладнымі акрайцамі. Раптам падзьмуў вецер і ўсе шэсць матылькоў пырхнулі і паляцелі ў даліну.
— Паглядзеце! — выклікнула Алеола.
Ягады ядвабніцы зрабіліся вялікімі і белымі. I апроч таго, сваёй формай яны нагадвалі тых вусеняў — такія былі налітыя і сакавітыя.
— Слухай, мы іх назбіраем,— пачаў уголас разважаць Арцін,— а мастак Дроздзіч пафарбуе іх чорнай і бардовай фарбай, ягады стануць падобнымі да сапраўдных чорнабурых вусеняў Мы падкладзем іх у ягоны слоік. Чаплі возьмуць, паядуць, дадуць Паляндры — самі атруцяцца, і Паляндра атруціцца. Тады мы зробім гаць — наносім галля — і пяройдзем па ім Чорнае балота! Пройдзем да самага Імховага вострава, да Чорнага церама і вызвалім людзей!
— Слушна прыдумаў,— сказала Алеола.
— Добра, добра...— упершыню пагадзіўся з Арцінам кот Міамурмарор.— А вось гэта таксама можа спатрэбіцца.
Кот падчапіў сваім вострым кіпцюром тонкую павуцінку на кокане. Кокан, быццам шпулька нітак, пачаў раскручвацца.
— Слухайце,— усцешылася Алеола,— гэта ж той самы ядваб, з якога зроблены парасон Дроздзіча!
— Так, вусені яго робяць з лісця шчасцядайнай ядвабніцы, таму Паляндра і ейныя паслугачы не могуць яго заўважыць! — улавіў яе думку Арцін.
— Якія вы сталі разумныя. Вось што значыць павучацца ў вучонага ката,— пахваліў іх альбо сябе самога кот
Міамурмарор.— Я ведаю, дзе ў Пячорным Горадзе ёсць майстэрня — там ткуць ядваб. Мы прыгатуем пахкага алею, а таксама назбіраем пладоў звычайных ядвабніц. Вослік нам дапаможа перавезці іх да майстэрні. Плады аддамо майстрам, а алей — Абдурахмону Улюкбабаю. Ён раздасць па кроплі ўсім жыхаркам горада — на парфуму. А майстры хутка зробяць з кожнага кокана чатыры шаўковых накідкі. Пад імі Паляндра нас не заўважыць.
— Усё-ткі ў нас найвучонейшы кот! — разам пахвалілі яго Алеола і Арцін.
Як сказаў кот, гэтак яны і зрабілі. Алеола адціснула з ягад шчасцядайнай ядвабніцы алей, адзін збанок для сябе, другі — для жыхарак Пячорнага Горада. Арцін і кот Міамурмарор назбіралі ў падарунак майстрам два вялікія плеценыя кошыкі звычайных ядвабніц, а потым адзін невялікі кошык «шчаслівых» ягад — «пачастунак» для чорных чапляў і Паляндры. Кошыкі і збанкі, вядома ж, загадзя пазычылі ў жыхароў Пячорнага Горада. Hi Алеола, ні Арцін, ні кот Міамурмарор «шчаслівымі» ягадамі ўжо не ласаваліся, бо, як сказаў аднойчы кот Міамурмарор,— «ягады — саспелыя, а значыць, можна адчуць не пустое шчасце, а поўнае. A істоце, цалкам напоўненай шчасцем, цяжка кудысьці ісці і, тым больш, пачынаць рызыкоўную для жыцця кампанію».
Сябры-кампаньёны працавалі бадзёра і весела. Вослік з радасцю дапамог ім перавезці плады ядвабніц у Пячорны Горад. Арцін і Алеола пачаставалі яго смачнымі звычайнымі ядвабніцамі, хлебам, перапечкамі. Абдурахмон Улюкбабай вельмі дзякаваў Алеоле, што яна і для ягоных жыхарак прынесла чароўнага алею. Раней ён трохі пазайздросціў, што
яна дала алей, як ён трапна назваў — «алей гумору»,— жыхаркам горада Палац Садоў, але выгляду не падаваў. Цяпер ён вельмі ўсцешыўся, праўда, неяк задуменна глядзеў на ката Міамурмарора, усё імкнуўся зразумець, каго нагадвае гэтая вусатая ўсмешка, але ніяк не мог здагадацца.
Калі чатыры шаўковыя накідкі былі гатовыя, сябры-кампаньёны выйшлі з Пячорнага Горада.
Алеола і Арцін спыталі ў ката:
— Паважаны Міамурмарор, ці не жадаеш ты з намі пайсці да Паляндры? Нам даспадобы твае парады.
— Дзякуй, я чакаў гэтага запрашэння...— расчулена прамуркаў кот.— Я вельмі рады далучыцца да вашай кампаніі. 3 такімі стараннымі вучнямі і сумленнымі сябрамі лёгка адпраўляцца нават у цяжкі шлях. Апроч таго, я ведаю, што побач з вязніцай для людзей у Паляндры ёсць вязніца і для жывёлаў. I цяпер у мяне з’явіўся шанец стаць найбольш праслаўленым катом, які вызваліць з палону сваіх сабратаў.
— Выдатна!
— Толькі я паеду на кані разам з Алеолай,— разважліва прамовіў кот Міамурмарор,— яна меншая, чым ты, Арцін, і ў сядле будзе болей месца.
— Я згодная,— адказала Алеола.
Яны развіталіся з гараджанамі, з майстрамі, са старцам, у якога бралі амфару, з вослікам. Іх па чарзе моцна сціснуў у сваіх абдымках Абдурахмон Улюкбабай — расчуліўся і пусціў слязу...
— Кіруйце сваімі думкамі! — пажадаў ён ім на шляхдарогу.
— Дзякуй! Дзякуй!
I вось утрох яны спусціліся ў горад Палац Садоў. Сам хан Ісмірай, яго Галоўны Візір і кат Бедалай, у якога на рэмені за плячыма вісеў прастакутны футарал з сякерай, вывелі насустрач ім лепшых у ханстве скакуноў. Белага ўзяў Арцін, гнядога — Алеола, а чорнага — кат Бедалай.
— Поспехаў,— сказаў на развітанне Вялікі Хан Ісмірай.
Кот, якога ніхто, апроч дога Файрана, не пазнаў, ускочыў на каня Алеолы, сеў у сядло перад ёй, каб бачыць дарогу, адной лапай моцна ўчапіўся каню ў грыву, а другой — памахаў хану, Галоўнаму Візіру і догу.
Файран хацеў «боўкнуць» з усёй моцы, але сам не ведаючы чаму, перадумаў і проста «гаўкнуў», маўляў — трымайцеся, падняў правую пярэднюю лапу і памахаў ёю.
XI
ПУСТАГАЛОВЫЯ ЗЛЫДНІ
Панеслі іх ханскія скакуны хутчэй ветру. I неўзабаве сябры-кампаньёны апынуліся перад рэчкай, за якой пачыналіся землі Светлых Азёр — радзімы Алеолы і Арціна.
Разумны конь, на якім ехала Алеола, знайшоў брод першым і скіраваў да процілеглага берага. За ім ступіў у ваду конь Арціна. Апошнім, без усялякага на тое жадання, пайшоў конь Бедалая. На процілеглым беразе шчыльнай сцяной узвышаўся лес — чым бліжэй падыходзілі да яго падарожнікі, тым болып цёмным і страшным ён ім падаваўся.