Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
Пачуўшы падобныя развагі, хан Ісмірай нахмурыўся і спадылба зірнуў на Абдурахмона Улюкбабая. Мудрэц з Пячорнага Горада заўважыў гэта і ўжо зусім іншым тонам дадаў:
— Я кажу пра абстрактнага чалавека, а ні пра якога-небудзь канкрэтнага хана...
— Так, так,— шэптам загаманілі гледачы.— Сумнеўная думка — гэта надта сумнеўна!
— Кат! — загадаў хан.— Рыхтуй сваю сякеру!
Кат у чырвоным скураным каптуры і чырвонай туніцы стаяў крыху наводдаль, побач з фігавым дрэвам. Ён адчыніў драўляны футарал, абабіты замшавай скурай, дастаў з яго велічэзную двухбаковавострую сякеру з надзвычай бліскучымі лёзамі, якія нагадвалі два паўмесяцы. Сякера — нават яе доўгае дзяржальна — была зробленая з чорнага
жалеза, таму была даволі цяжкай. Але кат з ёй упраўляўся лёгка, нібы з драўляным кійком. Кат адной рукой узняў сякеру, хутка і моцна махнуў наперад, назад, угару, уніз.
— Уюць, уюць,— запішчала паветра, рассечанае страшнымі лёзамі.
Ад жаху гледачы ўціснулі галовы ў плечы, яны імкнуліся не глядзець на Алеолу. Ім было яе вельмі-вельмі шкада.
— Наагул, кат можа пакуль пачакаць,— сказаў Абдурахмон Улюкбабай. Яму таксама было жахліва шкада Алеолу. Ён жа, па сутнасці, быў добрым чалавекам, але ўжо занадта прынцыповым.— Дзеянне вашага закона неабмежаванае. Вось і не абмяжоўвайцеся.
— Гэта як? — спытаў хан Ісмірай.
— У вашым законе сказана толькі — зняць галаву, але не сказана, калі гэта зрабіць... Хай Алеола жыве ў вашым палацы разам з вашымі падданымі. Яна падзеліць з вамі вашую жалобу — і вам будзе лепей, і падданым. Фу...— Абдурахмон Улюкбабай працёр мокры ад поту лоб анучкай, якую хаваў пад чалмой.
— Гэй, Бедалай! — крыкнуў хан Ісмірай кату— Прыбяры пакуль сваю сякеру. Ты нам перашкаджаеш.
Бедалай акуратна паклаў сякеру назад у футарал.
— Слушна! Слушна! — гучна загаманілі гледачы.
У іх адлегла ад сэрца.
— Нядрэнна,— сказаў заморскі мудрэц.
Галоўны Візір узмахнуў пяром і паставіў на паперы чарговую закавыку.
— Два-адзін на карысць Абдурахмона Улюкбабая.
— А цяпер паслухайце, калі ласка, што вам я, Міамунямунь, скажу,— заморскі мудрэц пакланіўся хану, затым публіцы.— Вы сцвярджаеце, паважаны Абдурахмон Улюкбабай, што думку стварае сам чалавек, і калі яна ператвараецца ва ўказ, становіцца непахіснай, а калі пераходзіць у закон — то неабвяргальнай. Добра. Зараз давайце ўявім такую сітуацыю. Адзін хан вырашыў адправіцца ў паход з усім сваім войскам. Ім неабходна прайсці дарогаю, якая ляжыць паміж гарамі. Хан выдае пра гэта ўказ, і тым самым ягоная думка становіцца законам для ўсяго ханскага войска. I вось ужо выступае ханскае войска ў шлях, як раптам мясцовы бядняк кажа хану, што ўсё-ткі не варта ехаць гэтай дарогай, бо ў любы момант можа сысці снежная лавіна. Дык што, па-вашаму, рабіць гэтаму хану — ехаць са сваім войскам гэтай дарогай альбо ўсё-ткі прыслухацца да словаў бедняка і абвергнуць свой жа закон? — Міамунямунь спыніўся, даў слухачам падумаць, што ўсе слухачы і зрабілі, пачаўшы чухаць патыліцы, хмурыць ілбы, разводзіць і зводзіць бровы.
Заморскі госць казаў далей:
— Мудры хан, вядома ж, не паедзе такой небяспечнай дарогай, ён адменіць свой закон... I што з гэтага мы маем? — Вандроўны мудрэц зрабіў шматзначную паўзу, абвёў позіркам усіх прысутных на пляцы і працягнуў: — A тое, што на думку ўплывае не толькі сам чалавек, але яшчэ і тое, што вакол чалавека адбываецца.
Усе яшчэ болын задумаліся. I Вялікі Хан, і Галоўны Візір, і яшчэ тры візіры, і Абдурахмон Улюкбабай, і гледачы, і нават дог Файран. Ён, быццам разумеў, пра што кажа Міамунямунь. Хоць сабака даволі коса пазіраў на вандроўнага мудраца.
— Альбо вось яшчэ адна гісторыя,— працягваў заморскі госць.— Адзін знаёмы мне чалавек даў клятву, што ніколі не стане купацца ў моры. Ён умее выдатна плаваць, але вось не хоча, бо мяркуе, што мора — гэта люстэрка для зорак, месяца, аблокаў і сонца, таму і не жадае замінаць ім глядзецца ў яго. Аднойчы гэты чалавек ішоў уздоўж берага, як раптам заўважыў, што ў моры тоне маленькае кацянятка... Чалавек спыніўся, зірнуў... I вось перад ім паўстала пытанне, што важней — слова, дадзенае сабе альбо жыццё жывой істоты?
— I што гэты чалавек зрабіў? — не вытрымала і спытала Алеола.— Ён выратаваў кацянятка?
— Выратаваў,— адказаў Міамунямунь.
Усе ўздыхнулі з палёгкаю.
— Гэты выпадак паказвае нам, што думка і слова чалавека павінны быць не толькі цвёрдыя, але і гнуткія. Неабходна ўлічваць акалічнасці.
— Дазвольце мне,— папрасіў Галоўны Візір.
Хан рукой даў яму знак працягваць.
— А як жа быць з законам? — Візір падняўся са свайго месца.— Калі закон будзе гнуцца, як лаза, то кожны будзе гнуць яго ў свой бок.
— Так, гэта дакладна,— пагадзіўся хан.
— Закон паказвае, што можна, а што нельга рабіць. A калі нешта і здараецца, то для высвятлення ўсіх акалічнасцяў трэба запрашаць мудрацоў-суддзяў,— сказаў Абдурахмон Улюкбабай,— мудрацы нікому не дазволяць гнуць закон у розныя бакі.
— Наадварот,— запярэчыў яму Міамунямунь,— мудрацы не ўтрымліваюць закон, а паглыбляюць ягонае разуменне.
I вызначаюць моц ягонага дзеяння ў кожным пэўным выпадку.
— Дык што ж мне рабіць? — запытаў хан Ісмірай.— Як мне выканаць закон і ў той самы час не караць Алеолу?
— Я думаю,— Міамунямунь прыняў важную паставу, але пры гэтым пачаў выглядаць вельмі хітра,— трэба глядзець у самую сутнасць закона. А сутнасць складаецца з таго, што прычынай усяму сталі жалоба і гора. I вось калі Алеола, як яна абяцае, вызваліць з вязніцы Паляндры вашу каханую Джайміну, дык сама і адменіць сваё пакаранне.
— А калі ў яе не ўдасца? — спытаў хан.
— Тады яе забярэ да сябе Жалобная Каралева Паляндра. А гэта, паверце, раўназначна пакаранню.
— А калі яна не зможа прайсці да Паляндры, адступіцца і будзе проста жыць дзесьці ў сябе дома? — умяшаўся Галоўны Візір.— Гэта ж тое самае, што яна ад нас уцячэ.
— Я вам так адкажу,— спакойна прамовіў Міамунямунь,— у вашым законе, як слушна зазначыў мудры Абдурахмон Улюкбабай, ні слова не сказана пра тое, калі трэба выконваць пакаранне, так?
— Так, так,— пагадзіліся ўсе.
— Таксама там не сказана, дзе яго трэба выконваць. Правільна?
— Так, так,— пагадзіўся Вялікі Хан.
— Значыць, ваш кат Бедалай можа ўзяць сваю сякеру і пайсці разам з Алеолай. Калі яна не пойдзе да Паляндры, ён зможа выканаць пакаранне. Хоць я ўпэўнены, што Алеола пойдзе да Паляндры, бо дала слова.
— Але як жа маё ханства застанецца без ката? — запытаўся хан Ісмірай.
— Наколькі мне вядома... Гэта мне вашы падданыя сказалі... Ваш кат так ні разу і не працаваў. Але апроч гэтага, усе падданыя гатовыя паклясціся, што на час ягонай адсутнасці ніхто не будзе ўчыняць нічога дрэннага. Праўда? — Міамунямунь звярнуўся да прысутных на пляцы.
— Так, так, клянёмся! — хорам адказалі ўсе.
— А на час адсутнасці ката на смяротныя пакаранні будзе абвешчаны перапынак.
— Перапынак? — здзівіліся хан і візір.
— У іншых краінах гэта завецца мараторый,— патлумачыў мудрэц з Сіамуня.
— Ма-ра-торый...— паўтарыў хан.— Гэта па-новаму...
— Нічога сабе! Як гэта Нямуням так усё закруціў,— адзначыў сабе Абдурахмон Улюкбабай.
— Ага! — Галоўны Візір падслухаў гэта і ўзмахнуў пяром. Паставіў на паперы закавыку і абвясціў: — Два-два — нічыя.
— Малайчына, заморскі мудрэц! — закрычалі гледачы.— Жыве Вялікі і Мудры Хан Ісмірай! Жыве заморскі мудрэц!
— Ціха! — гучным голасам сказаў Галоўны Візір.— Як выйшла нічыя, то гэта значыць, што, паводле закону, закон не адмяняецца, усё застаецца гэтак, як і было да дыспуту.
Пачуўшы гэта, кат Бедалай зноў дастаў з футарала сваю сякеру і — «уюць, уюць» — узмахнуў ёй у паветры.
— Цяпер паслухайце мяне,— хан Ісмірай устаў са свайго трона, выйшаў на сярэдзіну пляца, падняў рукі да неба і сувора сказаў:
— Паколькі ў дыспуце адбылася нічыя, дык я сам маю права абіраць, якога мудраца мне слухаць. Прашу — усім стварыць цішыню!
Вялікі Хан закрыў вочы і пачаў уважліва слухаць, што яму падказвала ягонае сэрца. Ніхто з прысутных на пляцы не адважваўся яму перашкаджаць. Нават дыхалі цішком. Такой цішыні яшчэ ніколі не чуў горад Палац Садоў
— Вось што, Бедалай,— глянуў на ката хан Ісмірай,— пакладзі сваю сякеру ў футарал і збірайся ў дарогу. А ты, Алеола, адпраўляйся да свайго віцязя Арціна і прывядзі яго сюды. Я дам вам сваіх найлепшых скакуноў. Утрох вы адправіцеся да Жалобнай Каралевы Паляндры.
— Жыве наш Вялікі і Мудры Хан! — сустрэлі ягоныя словы гледачы-падданыя.
Візір махнуў пяром, нешта напісаў на паперы і абвясціў: тры-два-два, на карысць Вялікага Хана Ісмірая!
— Жыве Вялікі Хан Ісмірай
— Але я стаміўся,— панізіўшы голас, сказаў хан.
Пакуль ішоў дыспут, ён адстароніўся ад свайго гора, а цяпер яно з новай моцаю вярнулася да яго. Хан моўчкі накіраваўся ў свой палац.
— Пачакайце! — ускрыкнула Алеола.— Я хачу падараваць вам чароўны алей.
— Пакіньце яго Галоўнаму Візіру,— не азіраючыся, сказаў хан Ісмірай.— Ён у мяне скрупулёзны. Па кропельцы раздасць кожнай жыхарцы нашага горада, усё запіша і падлічыць. Поспехаў, Алеола!
— Дзякуй вам, Хан Ісмірай,— адказала Алеола і паставіла лямпу з алеем перад візірам на стол.
X
ТАЯМНІЦА СТАРОЙ ЯДВАБНІЦЫ
Алеола выйшла з горада дарогай, якая вяла да гары з трыма ядвабніцамі. Людзі праводзілі яе да мяжы горада, a калі яна ішла ўжо адна, яе дагнаў заморскі мудрэц.
— Пастой, пачакай мяне,— сказаў ён Алеоле.— На задніх лапах я хаджу не так хутка.
Мудрэц зняў жоўтую чалму, і дзяўчына пабачыла яго каціныя вушы.
— Як цябе там — Муня-мунь-мунь?
— He, цяпер я зноў Міамурмарор.
— Вялікі-найвялікі дзякуй табе, кот Міамурмарор, за тое, што выратаваў мяне,— яна цмокнула яго ў вільготны нос.
Калі кот Міамурмарор і Алеола падняліся нарэшце на вяршыню гары, то пабачылі Арціна. Будучы віцязь, смутнысмутны, сядзеў пад шчаслівай ядвабніцай.
— Прывітанне! — радасна прамовіла Алеола.
— Колькі можна? Я ўжо думаў, што вы ніколі не вернецеся,— дакорліва сказаў Арцін.
— Ну, і што ты рабіў увесь гэты час? — замест адказу спытала Алеола.
— Што рабіў, што рабіў? Вас чакаў. Пасяджу пад ядвабніцай, засумую, тады выходжу з-пад кроны, насмяюся ўдосталь і назад пад дрэва вяртаюся.
— He, тое, што ты сумаваў-нудзіўся і пасля сваю сум-нуду разганяў, гэта зразумела,— сказаў кот,— гэта кожны здагадлівы чалавек прыдумаў бы. Алеола ў цябе пытае, ці знайшоў ты, з-за чаго ягады на ядвабніцы цалкам не выспяваюць?