Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— Кат? Як гэта разумець? — збянтэжыўся мастак Дроздзіч.
— Кат ды кат, навязаўся, вось, на маю галаву. Раз, два і сякір-башка,— Алеола рабром далоні злёгку стукнула сябе па шыі,— так нічога, добры хлопец... Яго Бедалаем клічуць.
Мастак у разгубленасці адступіў ад Бедалая, зазірнуў у вочы Алеолы — праверыць, ці ўсё з ёй у парадку.
Тады Алеола, і Арцін, і кот Міамурмарор пачалі апавядаць мастаку пра свае прыгоды ў замежных краінах.
— I што вы сапраўды здыміце Алеоле галаву з плеч? — спытаў у ката мастак Дроздзіч.
— Здыму, калі яна не пойдзе да Паляндры. А пакуль я сам за ейную галаву галавой адказваю,— сувора адказаў Бедалай.— Берагу і абараняю.
— Гэта ж трэба! — здзівіўся мастак Дроздзіч.— Катцелаахоўнік.
— Кат,— сказаў Бедалай,— да пэўнага моманту заўсёды целаахоўнік.
Кот мыўся — аблізваў языком лапу, а потым цёр ёю за вухам.
— За сваім целам кожны павінен сам сачыць і ахоўваць яго...— праваркатаў ён.— Так што, Алеола, на ката спадзявайся, а сама востра вуха трымай.
— Слухай...— сказаў Арцін мастаку Дроздзічу.— У нас ёсць план.
Будучы віцязь дастаў са сваёй паходнай торбы плод шчаслівай ядвабніцы. Мастак адразу ж заўважыў, што яны вельмі падобныя да вусеняў-усмутак, калі тыя скручаныя ляжаць.
— Так-так,— усхапіўся Арцін,— толькі трэба іх у чорна-бардовы колер перафарбаваць.
— Гэтая праца акурат па мне,— спакойна прамовіў мастак Дроздзіч і пачаў даставаць са сваёй торбы ўсё неабходнае — збанкі з фарбамі, палітру, пэндзлікі.
3 веданнем справы мастак змяшаў на палітры чорную фарбу з чырвонай, бардовай і памаранчавай, а згары крапнуў яшчэ фіялетавай і зялёнай.
— А навошта столькі фарбаў змешваць? Бо вусені — чорна-бардовыя. Можа, досыць проста змяшаць чорную і бардовую? — пацікавіўся Арцін.
— Ну, паспрабуй,— падахвоціў юнака Дроздзіч.
— Ну і паспрабую,— рука Арціна пацягнулася да ягады шчасцядайнай ядвабніцы.
— Слухай, папрактыкуйся напачатку на звычайных ягадах, каб дэфіцытны прадукт не пераводзіць,— прапанаваў Міамурмарор.
— Можа, мяне яшчэ каты будуць вучыць маляваць? Я і без цябе ведаю, што мне рабіць,— Арцін усё-такі не
насмеліўся ўзяць «шчаслівую» ягаду і, пазычыўшы пэндзлік у мастака Дроздзіча, пачаў расфарбоўваць звычайную.
— Ну, як? — самазадаволена спытаў Арцін праз некаторы час.
Але ніхто з сяброў Арціна так і не адважыўся сказаць праўду, да чаго была падобная ягоная ягада.
А Дроздзіч сказаў:
— Эх, Арцін, гэта ты бачыш у гэтых вусенях толькі два колеры, а мы, мастакі, у кожным прадмеце вакол нас заўважаем сотні адценняў самых розных колераў.
— А мы, каты, уначы можам адрозніць сотні адценняў аднаго толькі шэрага колеру! — пахваліўся кот Міамурмарор.
Перафарбаваць плод ядвабніцы для такога мастака, як Дроздзіч, было нескладана, таму неўзабаве ягады ядвабніцы пазнаць было немагчыма. Вонкава яны сталі кропля ў кроплю, як вусені-ўсмуткі, што ляжалі ў пузатым слоіку мастака Дроздзіча.
— Ого, выдатна,— пахваліў працу мастака Арцін.
— He адрозніш! — захоплена прамовіла Алеола.
— Добра,— нават сказаў слова маўчун Бедалай.
— Калі, вядома, іх не нюхаць,— дадаў кот Міамурмарор.
— Значыць так,— пачаў апавядаць свой план Арцін,— зараз мы кладзем гэтыя перафарбаваныя ягады шчаслівай ядвабніцы ў твой слоік і ўсе разам адпраўляемся да Чорнага Балота. Ты, як заўжды, ставіш слоік на балотную купіну. Чорныя чаплі па звычцы прылятаюць, забіраюць слоік, высыпаюць з яго сапраўдных вусеняў разам з перафарбаванымі ягадамі ў казанок. Паляндра, як звычайна, у гэтым казанку варыць сабе і чаплям поліўку. Затым яны ўсе разам наядаюцца
гэтай поліўкай і спакойненька атручваюцца... А мы тым часам з дапамогай вадаступаў без усялякіх праблем перабіраемся да церама, вызваляем людзей, а кот вызваляе жывёлаў.
He паспеў Арцін даказаць, як неба раптам пацямнела і па ім пайшлі чорныя віхуры.
— Ай-ай-ай, хутчэй пад парасон! — крыкнуў мастак Дроздзіч.— Чорныя чаплі лятуць!
Але пад ягоны парасон шмыгнуў толькі кот Міамурмарор. А ўсе астатнія — Алеола, Арцін і Бедалай — хутка дасталі са сваіх торбаў накідкі і накрыліся самі, і коней сваіх прыкрылі.
Чорныя віхуры праляцелі паблізу.
— Нічога сабе! — зноў здзівіўся мастак Дроздзіч, гледзячы на сваіх захутаных у накідкі прыяцеляў
— Мы ў Пячорным Горадзе трохі чароўнага ядвабу раздабылі,— патлумачыла Алеола.— А ты чаму сваю накідку не дастаў? — запытала яна ў ката.
— Ну, нам, катам, лягчэй кудысьці шмыгануць, чым сябе ў нешта ахінуць. Я наогул насіць вопратку не дужа люблю...
— Накідкі — гэта вельмі добра,— сказаў мастак Дроздзіч,— а я ўсю дарогу галаву сабе ламаў, як жа мы ўсе пад маім парасонам змесцімся!
— Ану, залазь да мяне.— Арцін заскочыў на свайго каня і паказаў мастаку Дроздзічу на сваё сядло.
Гэта было разумна і справядліва — Алеола ехала на кані з катом Міамурмарорам, а ў Бедалая за спінай была вялізная цяжкая сякера ў масіўным футарале. Так што пасунуцца і саступіць трохі месца мог толькі Арцін.
Мастак Дроздзіч здолеў сяк-так забрацца ў сядло да будучага віцязя. Ягоны конь ад дадатковага цяжару напачатку трохі прысеў, але хутка прызвычаіўся і выпрастаўся.
— Наперад! — паспрабаваў падбадзёрыць усіх мастак Дроздзіч.— На бітву з Жалобнай Каралевай!
Сябры-кампаньёны шпарка, але не наўскач, каб літаваць коней, паскакалі наўпрост да Чорнага Балота.
Мастак Дроздзіч выдатна ведаў дарогу, бо яму даводзілася раз або два, а мо і тры разы на год прыходзіць да гэтага жудаснага месца: то ўвесну град наляціць — паб’е ўсе ўсходы, і ўвесь год людзі галадаюць. To засуха надыдзе або, наадварот, дажджы на месяцы зацягнуць — тады працы ў Дроздзіча бывае безліч. У такія часы не адзін слоік чорных вусеняў-усмутак даводзілася несці да Чорнага Балота, а цэлых два ці нават тры...
— Нам засталося ўсяго два дні дарогі,— паведаміў MacTax Дроздзіч.
XIV
ВЯРХОМ НА СЯКЕРЫ
Лета ў той год выдалася шыкоўнае. Доўга стаяла сонечнае надвор’е. Бывала, пракатваліся кароткачасовыя навальніцы. Пасля іх расліны ажывалі, рунелі сакавітыя травы, моцай набіраліся лясы.
Раптам у небе прамільгнуў цень. Ён праімчаў так імкліва, што ніхто з прыяцеляў не паспеў нават дастаць шаўковую накідку. За першым ценем праляцеў другі, потым — трэці.
Сябры-кампаньёны амаль адначасна нацягнулі павады, спынілі коней і трывожна паглядзелі ў неба.
— Зноў чорныя чаплі? — насцярожыўся Арцін.
— Дый непадобна,— наморшчыў лоб мастак Дроздзіч, але на ўсялякі выпадак зняў з пляча свой парасон, каб калі што — як мага хутчэй яго разгарнуць.
— Яшчэ адзін! — усклікнула Алеола.
У адрозненне ад чорных віхур, гэтыя незразумелыя цені ляцелі на вялізнай хуткасці па прамой і ўсе ў адным кірунку.
— Пяць, шэсць, сем,— падлічваў кот Міамурмарор.
— Ды іх тут цэлая чарада.— Арцін паклаў руку на цаўё меча.
— I ўсе лятуць кудысьці ў адну кропку,— востры пагляд ката Міамурмарора вызначыў характар палёту ценяў.
— Можа, гэта невядомыя людзям птушкі? — задумалася Алеола.
Раптоўна Бедалай здзіўлена буркнуў:
— Што гэта?
Усе паглядзелі на ката — той, азірнуўшыся назад, нешта шукаў вачыма. Бедалай знячэўку адчуў, што футарал, у якім знаходзілася ягоная цяжкая сякера, ні з таго ні з сяго перастаў адцягваць яму спіну. Кат падумаў, што, можа быць, абарваліся шлейкі, на якіх футарал трымаўся. Аднак, шчыльна зачынены на ўсе зашчапкі, футарал быў на месцы, але цягнуў цяпер не да зямлі, а, наадварот, кудысьці ў неба.
Над дарогай прамільгнулі яшчэ тры цені запар. У гэты момант футарал яшчэ мацней пацягнуў ката ўгару, нібы нацягнулася нябачная моцная нітка, кімсьці прывязаная менавіта да ягонай сякеры.
Бедалай, каб праверыць, што адбываецца, саскочыў з каня, зняў футарал з пляча, заглянуў у яго — усё быццам было ў парадку — сякера на месцы. Ён зачыніў і зашпіліў футарал.
У гэты момант пранесліся яшчэ чатыры цені. Футарал з сілай ірвануўся з рук ката. Бедалай, каб не ўпусціць яго, заскочыў на футарал, нібы на спіну каня, і адчуў, што праз імгненне, не па сваёй волі ўздымецца ў паветра. Аднак кат не адважваўся парушыць свой абавязак і кінуць сякеру, з гэтай самай прычыны ён не мог пакінуць без свайго нагляду і Алеолу. Калі футарал пралятаў побач з канём будучай яснапанны, Бедалай адной рукой абхапіў яе, і адразу іх абаіх
падкінула ў неба. Футарал, а дакладней сякера, што была ў ім, паімчала іх ў кірунку, дзе знікалі на даляглядзе цёмныя цені.
— Вось дык на табе...— працягнуў у здзіўленні кот Міамурмарор.
Сваім пухнатым хвастом ён заўсёды адчуваў за сабой Алеолу, а цяпер ягоны хвост вольна зваліўся на занадта вялікае для ката сядло.
Над галовамі прыяцеляў, што засталіся на дарозе, прамільгнулі яшчэ некалькі ценяў.
— Наперад! За імі! — закрычаў Арцін і рэзка з усёй моцы прышпорыў каня.
Белы конь з двума вершнікамі, Арцінам і мастаком Дроздзічам, паскакаў полем, лугам...
Кавунова-паласаты берэт Дроздзіча споўз мастаку на вочы. Ён нічога не бачыў і толькі мацней трымаўся за Арціна, каб не зваліцца.
Бяда была ў тым, што за лугам узвышаўся вялізны лес, які літаральна праз дзесяць крокаў станавіўся густым і дрымучым. Конь Арціна стаў як укапаны перад калючай сцяной елак і хвояў
— Усё, не праедзем! — з горыччу сказаў Арцін.
Раптам да яго і мастака Дроздзіча даляцеў разгублены крык ката Міамурмарора:
— Стой! Стой! — Кругамі па лузе ва ўвесь апор скакаў ягоны гняды.
Велікаханскі конь быў відавочна завялікі для ката. Міамурмарор смешна расцягнуўся на сядле, ухапіўшыся пярэднімі лапамі за аброць. Кот растапырыў пальцы на
задніх лапах і ўсімі кіпцюрамі ўпіўся ў бакі каня, ад чаго той панёсся яшчэ хутчэй. Калі конь праімчаўся непадалёк ад самотнай хвоі, Міамурмарор выгнуўся і скокнуў на галіну. На дрэве ён сябе адчуваў значна бяспечней, чым на спіне ў ліхога каня.
Тым часам Арцін саскочыў са свайго скакуна.
— Хто ж гэта мог быць? — усклікнуў будучы віцязь у роспачы.— Што гэта за цені?
— Ну ты і борзды...— Мастак Дроздзіч паправіў берэт і злез з каня.— Нельга ж так гнаць, на злом галавы, добра ёй не падумаўшы.
Дроздзіч спешна выбег на луг, разгарнуў парасон і паглядзеў скрозь яго на далягляд.
— Ледзь паспеў заўважыць,— паведаміў ён.— Нічога не разумею. Калі мае вочы мне не хлусяць, то гэта нейкія лятучыя чарапахі...
— Можа, Паляндра ў дадатак да чорных чапляў сабе на службу гэтых чарапах узяла? — выказаў здагадку Арцін.