Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— Наўрад ці... Чарапахі вельмі непаваротлівыя.
— А я ведаю, што існуюць балотныя чарапахі,— сказаў Арцін.
— Ну, можа быць, і твая праўда.
— Тады чаго ж мы чакаем? — гарачыўся Арцін.— Наперад, да Паляндры! Трэба вызваляць ужо не толькі нашых людзей, але і Алеолу!
— Мяў! — знячэўку пачулася згары.
Арцін і Дроздзіч паглядзелі на адзінокую хвою, што расла пасярод поля.
— Ты чаго?.. Размаўляць развучыўся? — сказаў Арцін, заўважыўшы ката, які пярэднімі лапамі чапляўся за галіну дрэва.
— Мяў...— сумна працягнуў кот Міамурмарор.— У мяне проста няма словаў.
— Аднак здзіўляе вось што,— сказаў Дроздзіч,— найкарацейшая дарога, што вядзе да Паляндры — гэта тая, якой мы ехалі. А гэтыя чарапахі паляцелі зусім у іншым кірунку. Калі мы пойдзем за імі, то будзем толькі аддаляцца ад Чорнага Балота. Калі ж пойдзем да Паляндры, дык яшчэ невядома — у яе Алеола і Бедалай ці не.
— А раптам гэтыя чарапахі ўжо зрабілі круг і вярнуліся ў сваё балота? — выказаў здагадку Арцін.— Я асабіста за тое, каб адразу ж адправіцца да Паляндры.
— А я за тое, каб пайсці туды, куды паляцелі чарапахі,— разважліва сказаў мастак Дроздзіч.— Сумняюся, каб яны былі здольныя на такія крутыя віражы, як ты мяркуеш. I, наогул, навошта ім лётаць па кругу.
— Ды ў гэтым лесе мы проста саб’емся з дарогі... А калі лятучыя чарапахі зрабілі хоць невялікі паварот, то мы не толькі іх не знойдзем, але яшчэ і самі заблукаем.
— He ведаю, сэрца мне падказвае, што калі мы зараз пойдзем да Паляндры, дык ніколі ўжо не пабачым Алеолу.
— Добра,— праз зубы працадзіў Арцін.— Будзем галасаваць. Зробім так, як вырашыць большасць. Хто за тое, каб ісці да Паляндры, прашу падняць правую руку. Хто супраць — левую. Каб падумаць, даю час — лічу да пяці.— Арцін пачаў павольна лічыць: — Адзін, два, тры, чатыры...
На слове «пяць» ён падняў правую руку.
Мастак Дроздзіч, нягледзячы на тое, што Арцін даў яму час на разважанне, усё-такі падняў левую руку.
— Ну, добра,— Арцін паглядзеў на ката Міамурмарора.
Зірнуў на яго і мастак Дроздзіч. Хвост і дзве заднія лапы ката боўталіся ў паветры, а дзвюма пярэднімі ён трымаўся за галіну хвоі. Выходзіла, што ў ката былі ўзнятыя ўгору абедзве лапы.
— Гэй, Міамурмарор,— сказаў Арцін,— адпускай адну лапу. Адпусціш левую, значыць, узнятай застанецца правая. I мы пойдзем да Паляндры.
— Адпусціш правую, тады ўзнятай застанецца левая, і мы пойдзем за лятаючымі чарапахамі,— патлумачыў кату мастак Дроздзіч.
— Мя-а-а-а-а-у-у-у,— нема заекатаў кот Міамурмарор і адпусціў адразу абедзве лапы. У паветры ён перакуліўся і плаўна прызямліўся на чатыры лапы: звычайная рэч для катоў.
— Што гэта ў цябе? — адначасна спыталі мастак Дроздзіч і Арцін.
У ката Міамурмарора нос быў у чымсьці белым.
— Гэта малако,— адказаў кот, аблізваючы нос,— яно тлусценькае, нібы вяршкі. Крапнула мне на нос.
— Адкуль тут малако? — разам прамовілі мастак Дроздзіч і Арцін.
— 3 неба,— спакойна сказаў кот.
У здзіўленні мастак Дроздзіч і Арцін пераглянуліся, а кот працягваў:
— У Алеолы з сабою быў бурдзюк з малаком, які яна ўзяла ў зямлянцы ліхадзеяў. Я думаю, яна яго праткнула, каб
кроплі ляцелі на зямлю... Мая прапанова — ісці па кроплях малака.
— Ды ну, мы не зможам знайсці і другой кроплі,— засумняваўся Арцін.— Кроплі малака лёгкія, іх ветрам зносіць. Гэта немагчыма!
— Гэта немагчыма для вас, людзей, але не для катоў.— Міамурмарор ганарліва падняў хвост і бліснуў смарагдавымі вачыма.— Галоўнае — не кроплі, галоўнае — пах малака. Я яго з маленства добра адчуваю. Будзьце ўпэўненыя, я беспамылкова вызначу, куды ён вядзе.
— Малайчына,— пахваліў яго мастак Дроздзіч.
Яны з Арцінам злавілі коней, забралі неабходныя рэчы, знялі з велікаханскіх прыгажуноў збрую і адпусцілі на волю.
Трое прыяцеляў адправіліся ў глыб дрымучага лесу ўслед за малочнымі кроплямі.
XV
НАПЕРАД ЗА БЕЛЫМІ КРОПЛЯМІ!
Будучы мужны віцязь, вандроўны мастак і вучоны кот з цяжкасцю прабіраліся скрозь густыя зараснікі, абыходзілі паваленыя дрэвы. Невялікія ручаі яны пераходзілі ўброд. А вось забалочаныя лясныя азёры не былі для іх перашкодай — бо ў прыяцеляў меліся вадаступы. Праўда, кату Міамурмарору не падабалася такая прыкрая для лапаў халодная вада, ён аддаваў перавагу ў гэтых выпадках сядзець на плячах у Арціна альбо ў мастака Дроздзіча.
Толькі сухім лесам кот ішоў наперадзе ўсіх, беспамылкова вызначаючы, адкуль даносіцца пах малака.
Адным разам кот Міамурмарор, задраўшы свой нос, наблізіўся да густой елкі. Ад яе верхавіны выразна веяла каровіным малаком.
— Каровы ж не лётаюць...— прамармытаў кот сабе пад нос. Ён паглядзеў угару, і ў гэтае ж імгненне на яго звалілася нешта цяжкае, брунатнае.
Гэтае нешта было памерам з карову, але ж не карова.
Добра, што кот — гнуткае стварэнне, таму медзведзяня, якое звалілася на Міамурмарора, нічога яму не зламала.
Учуўшы малако, маленькі мядзведзік палез на дрэва, але праз невуцтва забраўся на тонкую галінку, якая пад ім і зламалася. Такім чынам, апынуўшыся ў патрэбны момант пад елкай, кот выратаваў мядзведзя.
Цяпер у кашлатага звераня спалохана бліскацелі цёмна-карыя вочы, ён спрабаваў хмурыцца, задзіраў верхнюю губу — няўмела шчэрыўся, паказваў свае яшчэ, пэўна, малочныя іклы і зусім нястрашна рыкаў А кот тым часам хвастом наперад выпаўз паміж лапамі медзведзяня і кінуўся да суседняй елкі.
— Як жа я не падумаў, што на гэтае малако могуць і мядзведзі паквапіцца? — размінаючы лапы, прамовіў Міамурмарор.— У іх нюх вастрэйшы, чым у сабак.
— I катоў,— дадаў Арцін.
— Ціха! — папярэдзіў мастак Дроздзіч.— У адзіночку медзведзяняты ў лесе не ходзяць.
Толькі Арцін дастаў з похваў меч, як лесам пракацілася грознае рыканне. 3 гушчару проста на ката Міамурмарора выбегла агромністая, нібы ўцёс, мядзведзіца. Было відаць, як пад касматай скурай у яе скалынаюцца груды магутных цягліц. Кот, ні хвіліны не вагаючыся, ускочыў на ствол елкі і хутка ўскараскаўся яшчэ вышэй.
На дрэва ўзлез і мастак Дроздзіч. Арцін выставіў наперад меч і адступіў назад.
Мядзведзіца абаперлася пярэднімі лапамі на ствол елкі, дзе засеў кот Міамурмарор, і зарыкала яшчэ гучней. Добра, што елка была тонкая: такой велічэзнай мядзведзіцы яна б не вытрымала. Суворая матуля гэта разумела, таму на дрэва не палезла, а пачала яго трэсці.
— Яна думае, што я рысь...— паскардзіўся ўсім, хто яго чуў, кот Міамурмарор.
Ён выпусціў кіпцюры, усадзіў іх у кару дрэва і закрычаў:
— Акыш, апсік, абрысь, я табе не рысь!
Аднак мядзведзіца не звярнула ніякай увагі на гэтыя воклічы і працягвала трэсці елку. Вогненна-руды кот, нібы вялізная вавёрка ў ейных галінах, боўтаўся з боку ў бок.
Да сваёй матулі падышоў мядзведзік, задраў мысу ўгару і нечаканым баском рыкнуў на ката.
— Кіньце ім ягад ядвабніцы...— папрасіў кот Міамурмарор.— A то яны мяне зараз з дрэва страсуць.
Арцін дастаў з паходнай торбы ягады звычайнай ядвабніцы і адну ягаду шчасцядайнай.
— Можа, не трэба? — папярэдзіў мастак Дроздзіч.
— Ды што такой вялікай мядзведзіцы зробіцца?
Арцін кінуў звычайныя ягады медзведзянятку — той адразу страціў усялякую цікавасць да «рудай рысі» на елцы. Носам адшукаў на зямлі ягады ядвабніцы і з ахвотаю стаў імі ласавацца.
А «шчаслівую» ягаду Арцін падкінуў проста да мысы мядзведзіцы. Яна зналёту злавіла яе пашчай. Яшчэ раз паглядзела на ката на дрэве, потым развярнулася і ні з таго ні з сяго дала аплявуху медзведзянятку.
— Што такое? Гэта ж ягада шчасцядайнай ядвабніцы,— здзівіўся Арцін.— Я не думаў, што яна так раззлуецца.
— Гэта яна з любоўю... Паціху, каб ён ад яе болей далёка не ўцякаў.
Мядзведзіца і медзведзянятка павольна пакасалапілі ў гушчар.
— Гэта ж трэба, інтэлігентнага ката з дзікай коткай пераблытаць! — абураўся кот Міамурмарор ужо на зямлі.
Увечары пайшоў дождж. Ён не стаў нечаканасцю для прыяцеляў. Час ад часу кот залазіў на дрэвы, і не толькі для таго, каб чарговы раз пазнаць, адкуль даносіцца малочны пах. Мастак Дроздзіч падаваў яму свой парасон, кот разгортваў яго і аглядаў, што робіцца на даляглядзе.
Набраклую залеваю хмару кот Міамурмарор, вядома ж, даўно прыкмеціў. Пакуль яна падышла, прыяцелі паспелі пабудаваць з густых лапаў елак надзейны будан.
— Як я і меркаваў, гэтыя цені, лятуць прама і нікуды не паварочваюць,— сказаў мастак Дроздзіч.
— Так што твой нос,— пажартаваў Арцін,— нам не надта быў патрэбны.
— Патрэбны не патрэбны... Ты, між іншым, хацеў нас у Чорнае Балота завесці! — насупіўся кот.
— Мы туды ўсё адно прыйдзем.
Раніцай, калі дождж прайшоў, кот зноў ускараскаўся на дрэва, пры гэтым ён, як звычайна, захапіў парасон мастака Дроздзіча.
— Гэй! — крыкнуў кот Міамурмарор з дрэва.— У мяне дзве навіны. Дрэнная і добрая. 3 якой пачынаць?
— 3 дрэннай,— прапанаваў мастак Дроздзіч,— каб пасля было суцішэнне.
— Значыць так, малаком болып не пахне. Дождж змыў усе кроплі.
— Вось і спадзявайся на гэтага ката,— прабурчаў Арцін.
— Але я ведаю, куды паляцелі Алеола і Бедалай,— упэўнена паведаміў кот.
— Што ты бачыш? — разам запыталі яго мастак Дроздзіч і Арцін.
— Там, адкуль прыйшла хмара, бачу скалу, на ёй стаіць замак, нейкі незразумелы. Падобны да вялікага чорнага дыямента.
— А няўзброеным вокам гэты замак бачны? — спытаў мастак Дроздзіч.
— Якім гэта яшчэ няўзброеным вокам?
— Я маю на ўвазе, без майго парасона?
— Бачны, як чорная перліна... I гэта пры тым — маім каціным няўзброеным вокам,— ганарліва адказаў кот Міамурмарор.— А калі глядзець вашым вокам, то ён наогул падаваўся б макавым зернем.
— Добра, злазь з дрэва... Значыць, да таго замка ісці лесам тыдзень або нават паўтара,— падлічыў мастак Дроздзіч.
Тым часам Арцін заняўся вогнішчам — бо трэба было падсілкавацца і прасушыць вільготную вопратку.
XVI
ДАСПЕХІ НА СЦЯНЕ
Мастак Дроздзіч не памыліўся: праз тры тыдні кампанія падышла да падножжа скалы, якая з усіх бакоў на сотні вёрст была акружаная глухімі лясамі. Над скалой узвышаўся замак. Яго сцены былі складзеныя з тысяч адпаліраваных пліт металічнага колеру. А можа, гэта і былі жалезныя пліты? Сонечны прамень адлюстроўваўся ад іх у дзясяткі розных кірункаў. За сценамі ўздымаўся вузкі пік скалы, вакол якога можна было заўважыць круглы зубчасты балкон, створаны альбо рукамі волатаў, альбо майстравітым чараўніком.