Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
УВОДЗІНЫ Ў ФІЛАСОФІЮ
Нарысы. Тэксты
УВОДЗШЫ Ў ФІЛАСОФІЮ
Нарысы. Тэксты
Мінск Выдавец Зміцер Колас 2019
УДК 1(082)
ББК 87я43
У2О
Рэкамендавана да друку
Навуковай радай Прыватнай установы «Універсітэт імя Ніла Гілевіча», пратакол пасяджэння рэктарата № 20, 5 чэрвеня 2019 г.
Пад агульнай рэдакцыяй Паўла Баркоўскага, дацэнта, кандыдата філасофскіх навук
Укладанне
Паўла Баркоўскага, Лявона Баршчэўскага, Анатоля Сідарэвіча
Рэцэнзенты:
|Уладзімір Конан, доктар філасофскіх навук, Ядвіга Яскевіч, доктар філасофскіх навук, Ігар Бабкоў, кандыдат філасофскіх навук
Аўтары ўступных артыкулаў: дацэнты, кандыдаты філасофскіх навук Рыгор Грудніцкі, Павел Баркоўскі
Пераклады тэкстаў:
Аляксандра Андрыеўская, Лявон Баршчэўскі, Валер Булгакаў, Яўген Бяласін, Вячаслаў Вайткевіч, Ева Гілевіч, Святлана Грачухіна, Рыгор Грудніцкі, Андрэй Дынько, Алесь Жлутка, Міхась Кавыль, Ігар Карпікаў, Аляксандр Карцель, Зміцер Колас, Аляксей Ластоўскі, Віктар Лук’янаў, Тацяна Нядбай, Ян Пятроўскі, Алена Сцяпанава, Ларыса Чарнышова, Алена Шагун, Уладзімір Шатон
ISBN 978-985-23-0075-9
© Афармленне. Выдавец Зміцер Колас, 2019.
УСТУПНАЕ СЛОВА
Гэтая кніга з’яўляецца першым выданнем хрэстаматыі выбраных тэкстаў з сусветнай і айчыннай філасофскай традыцыі. Фрагменты арыгінальных тэкстаў упарадкаваныя паводле шэрагу раздзелаў, з якіх звычайна складаецца вывучэнне філасофіі як прадмета ў вышэйшых навучальных установах. Кніга таксама змяшчае ўступныя артыкулы да кожнага з раздзелаў, у якіх даецца кароткая характарыстыка што да праблематыкі самой гэтай часткі, агульнае ўяўленне пра датычныя тэмы і пытанні, якія мусяць закранацца. Усё гэта ілюструецца арыгінальным матэрыялам пераважна нанова перакладзеных на беларускую мову тэкстаў сусветна вядомых філосафаў, а таксама выбраных прадстаўнікоў беларускай традыцыі мыслення. Праўда, з прычыны адсутнасці перакладаў з арыгінальных моўу гэтае выданне не ўвойдуць тэксты арабскіх, кітайскіх і індыйскіх мысляроў, што таксама гэтую традыцыю ўтвараюць; такую абмежаванасць мусяць зняць наступныя выданні хрэстаматыі.
Неабходнасць крыніцы падобнага кшталту паўстае з прычыны малой колькасці перакладзеных прац па філасофіі на беларускую мову, што абцяжарвае магчымасць навучання гэтаму прадмету на роднай мове праз базавую адсутнасць падставовых тэкстаў. Разумеючы, што ніводная кніга не здолее замяніць увесь неабходны корпус перакладаў тэкстаў, укладальнікі хрэстаматыі парупіліся пра тое, каб стварыць уводны корпус філасофскіх фрагментаў, своеасаблівыя пралегомены, найперш да вывучэння філасофіі ў вышэйшых навучальных установах Беларусі на беларускай мове. Станаўленне нацыянальнай традыцыі мыслення і далейшая інтэлектуалізацыя жыцця грамадства немагчымая без засваення сусветнай спадчыны думак і тэкстаў, якія мусяць гучаць на той мове, на якой ствараецца актуальная беларуская культура.
Сам праект хрэстаматыі нарадзіўся яшчэ на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя і, нягледзячы на вялікі аб’ём зробленай працы, доўгі час заставаўся незавершаным. Але сёння відавочная патрэба ў выданні кнігі падобнага зместу натхніла на працяг і падрыхтоўку хрэстаматыі ў найноўшай рэдакцыі. Агульная рэдакцыя перакладаў, як і большая іх частка, належыць нашаму вядомаму філолагу, паэту, перакладчыку Лявону Баршчэўскаму. Пры напісанні ўступных артыкулаў да раздзелаў выкарыстоўваліся матэрыялы з кнігі Рыгора Грудніцкага («Філасофія. Канспект лекцый», Наваполацк, 2005) у дапоўненым і скарэктаваным выглядзе. Суаўтарам першай версіі ўкладання хрэстаматыі быў беларускі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч Анатоль Сідарэвіч, а першым рэцэнзентам адзін з карыфеяў сучаснага айчыннага мыслення, светлае памяці Уладзімір Конан.
Калі ідэя самой кнігі, як можна меркаваць, не патрабуе вялікіх тлумачэнняў, то пэўныя пытанні ў чытача могуць узнікнуць што да вылучэння паасобных раздзелаў і адбору імёнаў тых філосафаў, якія мусяць іх рэпрэзентаваць. Сама
кніга была падзеленая на 9 асноўных раздзелаў, якія пачынаюцца з агульных уяўленняў пра саму філасофію, яе прадмет і галоўныя катэгорыі, а таксама са звароту да гісторыі яе фармавання і развіцця, якія тлумачыць існаванне гістарычных формаў філасофіі і выяўляюць генеалогію яе сучаснага стану. Астатнія сем раздзелаў апісваюць галоўныя прадметныя галіны філасофіі паводле цяперашніх уяўленняў гэта онталогія і філасофія прыроды, філасофская антрапалогія, тэорыя пазнання і філасофія розуму, метадалогія філасофіі і навукі, сацыяльная і палітычная філасофія, філасофія навукі і, нарэшце, філасофія культуры.
Натуральна, некаторыя прадметныя абсягі не ўвайшлі ў дадзены збор, нягледзячы нават на такія досыць шырокія рамкі, ці прадстаўлены досыць сціпла ў межах вылучаных раздзелаў, напрыклад, філасофія маралі ды эстэтычная тэорыя, філасофія тэхнікі і філасофія мовы. Гэта мае на ўвазе, што падобны праект мусіць працягвацца, дапаўняцца і пашырацца альбо за кошт новых выданняў гэтай кнігі, альбо за кошт з’яўлення новых праектаў падобнага кшталту. Зрэшты, укладальнікі хрэстаматыі выдатна разумелі, што змясціць усю вялікую філасофскую традыцыю ў межы адной кнігі прынцыпова немагчыма, таму і яе жанр быў адмыслова пазначаны як уводзіны ў дысцыпліну. 3 імкненнем зрабіць якасны дапаможнік для выкладчыкаў і студэнтаў для вывучэння філасофіі як навучальнага прадмету, як адну з крыніц ведаў па гісторыі чалавечай думкі ў яе сціслым варыянце.
Апошняе, што варта патлумачыць, гэта прысутнасць постацяў, імёнаў і тэкстаў адных філасофскіх аўтараў наўзамен іншым магчымым. Тут укладальнікі таксама добра разумеюць усю адноснасць і суб’ектыўнасць стварэння якой заўгодна версіі выбранай анталогіі, і таму арыентаваліся перадусім на найбольш вядомыя імёны і тэксты прадстаўнікоў сусветнай філасофіі, пачынаючы з антычных часоў і сканчваючы нашым векам, у імкненні прадставіць найбольш вартыя ўвагі ідэі з двух з паловай тысячагадовай гісторыі філасофскага асэнсавання свету. Адносна ж прадстаўнікоў айчыннай традыцыі ўкладальнікі не імкнуліся выставіць прыярытэты і выказаць пераважнае стаўленне да адных аўтараў за кошт іншых, але бралі за аснову перадусім тое, што ўжо трапіла ў пэўны канон як з пункту гледжання рэпрэзентацыі ў адмысловых даследаваннях і выданнях, так і ўключэння ў адпаведныя зборнікі накшталт «Анталогіі сучаснага беларускага мыслення» (выданні 2003 і 2016 гг.). I нават з таго, што трапляе пад гэтае азначэнне, шмат што засталося незакранутым, бо сціплы аб’ём гэтага выдання не дазваляў дадаць шмат якія цікавыя фрагменты тэкстаў і звязаныя з імі сістэмы думак.
Агулам жа ўключэнне ў гэты збор не толькі прадстаўнікоў сусветнай філасофіі, але і мясцовых мысляроў у якасці аўтараў істотны крок для легітымацыі ўласнай інтэлектуальнай традыцыі і залучэння яе ў агульнасусветны кантэкст і разгорнуты дыялог, які адбываецца ўжо колькі тысяч год паміж мыслярамі розных часоў, краін і народаў. Можна бясконца спрачацца, ці існуе філасофія ў нацыянальных межах, або яна з’яўляецца выключна ўніверсалісцкім праектам, але нельга адмовіць тое, што тая ці іншая культура вельмі моцна ўплывала на станаўленне і фармаванне канкрэтнай філасофскай традыцыі, як тое, прыкладам, адбылося
ў Старажытнай Грэцыі ці ў Нямеччыне за новым часам. Таму дакладнае разуменне ўласнага месца ў сусветнай традыцыі важны этап для ўсталявання філасофіі як складовай часткі светапогляду нашага грамадства.
Ад імя ўсіх укладальнікаў хачу выказаць падзяку філосафу і літаратару Ігару Бабкову, а таксама прафесару Ядвізе Яскевіч за выказаныя крытычныя заўвагі што да зместу выдання, якія ў меру магчымасці былі ўлічаны пры падрыхтоўцы канчатковага варыянта кнігі да друку.
Павел Баркоўскі, ліпень 2019 г.
I.	ФІЛАСОФІЯ:
ЯЕ СЭНС, ПРЫЗНАЧЭННЕ.
ПРА КАТЭГОРЫІ ФІЛАСОФІІ
Што такое філасофія. Калі да філасофіі ставіцца, як да навукі, то неабходна прызнаць, што гэта гістарычна першая форма тэарэтычнага асэнсавання свету. Але ў якой ступені яна навука? I ці навука яна наогул?
Каб зразумець гэта, неабходна звярнуць увагу на тыя пытанні, якія з самага пачатку яна ставіць перад сабою. Філасофія зарыентавана не на даследаванне паасобных прадметаў знешняга свету ў іх разнастайнасці і выпадковасці, а на асэнсаванне свету як цэласнасці, на выяўленне першаасноў яго быцця і існавання чалавека. Чым ёсць свет і як ён узнікае? Што такое чалавек і якое месца ў свеце яму належыць? Што сабою ўяўляе прырода свету і ці існуюць межы магчымасцяў чалавека ў ім? Але ж відавочна, што гэта пытанні светапогляду, пытанні светаразумення. Гэта значыць, што філасофія і ўзнікае менавіта як светапогляд, як гістарычна акрэслены спосаб бачання, перажывання і разумення свету.
Светапогляд гэта цэласная сістэма тэарэтычных прынцыпаў, аксіялагічных установак і праксеалагічных схем, якія забяспечваюць асэнсаваную арыентацыю чалавека ў свеце, свядомы выбар ім жыццёвага шляху, здольнасць і гатоўнасць да сацыяльна значных дзеянняў. У светапогляд, такім чынам, уваходзяць тэарэтычныя прынцыпы сістэма веды, якая кладзецца ў аснову разумення свету і самапазнання чалавека: гэта найбольш істотныя палажэнні, што змяшчаюць звесткі аб будове і сутнасці свету, грамадства і чалавека, яны працуюць як уласцівая для пэўнай гістарычнай эпохі карціна свету.
Аксіялагічныя ўстаноўкі гэта сістэма каштоўнасцяў і каштоўнасных арыентацый, якія вызначаюць прыярытэты ў адносінах чалавека да свету ды іншых людзей: гэта разнастайныя маральныя, прававыя, эстэтычныя, рэлігійныя, палітычныя погляды, ідэалы і перакананні. Праксеалагічныя схемы ўтрымліваюць інтарэсы, мэты ды сацыяльныя праграмы, а таксама нормы і схемы паводзінаў, якія праяўляюцца ў традыцыях, звычаях, абрадах і якія далучаюць індывіда да чалавечай супольнасці.
Адметная роля ў светапоглядзе належыць веры. Яна злучае розныя элементы светапогляду ў адзіную сістэму, надае яму асабова-суб’ектыўную афарбоўку, робіць «маім», напаўняе яго асабістым сэнсам. Гэта можа быць не толькі вера ў Бога, але і ў чалавека, розум, справядлівасць, навуку, гэта значыць, вера ў шырокім сэнсе слова як стан унутранай упэўненасці чалавека ў тым, што мэты, якія ён ставіць перад сабою, дасягальныя. Дзякуючы гэтаму вера, а значыць і светапогляд, надае чалавеку здольнасць, жаданне і гатоўнасць дзейнічаць у імя тых мэтаў, якія ён ставіць перад сабою.