Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
важнейшых мэтаў. Бо задоўга перад тым, перш чым пачалі метадычна запытвацца ў прыроды, апытвалі толькі свой адасоблены розум, які ўжо ў пэўнай меры быў спрактыкаваны праз штодзённы досвед; бо розум заўсёды прысутны ў нас, а законы прыроды звычайна выяўляюцца з цяжкасцю; і гэткім чынам метафізіка ўсплывае наверх, нібы пена; але, калі гэтую пену вычэрпвалі і яна знікала, тут жа на паверхні паказвалася іншая, якую адны прагна збіралі, аднак другія замест таго каб глыбей дашуквацца прычын гэтае з’явы задавальнялі сябе тым, што высмейвалі марныя высілкі першых...
Імануэль Кант. Пралегомены да любой будучай метафізікі, што можа ўзнікнуць як навука. Пераклад Л. Баршчэўскага. Мінск, 2006. С. 19-20. (Новая рэдакцыя).
ЁГАН ВОЛЬФГАНГ ГЁТЭ
Кожнаму ўзросту чалавека адпавядае вядомая філасофія. Дзіця выяўляе сябе рэалістам: яно перакананае ў існаванні груш і яблыкаў гэтаксама, як і ў сваім уласным. Апантаны ўнутранымі пачуццямі юнак павінен сачыць за сабою. Забягаючы са сваімі пачуццямі наперад, ён ператвараецца ў ідэаліста. Наадварот, у мужчыны маюцца ўсе падставы стаць скептыкам. Ён добра робіць, калі сумняецца, ці абраў ён належныя сродкі дзеля ажыццяўлення сваёй мэты. Перад учынкам і падчас здзяйснення ўчынку ён мае ўсе падставы захоўваць актыўнасць развагі, каб не наракаць потым на няслушны выбар. А стары чалавек заўсёды будзе імкнуцца да містыцызму. Ён бачыць, як шмат рэчаў залежыць ад выпадку: неразумнае мае поспех, разумнае ідзе прахам, шчасце і няшчасце нечакана ўзаемна ўраўнаважваюцца. Так ёсць, так было і чалавек старога веку знаходзіць заспакаенне ў тым, які быў, які ёсць і будзе...
Ёган Вольфганг Гётэ. Максімы і развагі. Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Goethe. Maximen und Reflexionen. Weimar, 1907. S. 178-179.
Ад фізіка нельга патрабаваць, каб ён быў філосафам; але можна чакаць ад яго філасофскай адукацыі, дастатковай, каб грунтоўна адрозніваць сябе ад свету і зноў далучацца да яго ў вышэйшым сэнсе. Ён павінен стварыць сабе метад, які б адпавядаў навочным уяўленням; ён мусіць засцерагаць сябе ад таго, каб ператвараць навочнае ўяўленне ў паняцці, паняцці ў словы, і абыходзіцца з гэтымі словамі так, нібы гэта прадметы; ён павінен быць знаёмы з працай філосафа, каб даводзіць феномены да ўласна філасофскай сферы.
Ад філосафа нельга патрабаваць, каб ён быў фізікам, і тым не менш яго ўздзеянне на сферу фізікі і неабходнае, і пажаданае. Дзеля гэтага яму не патрэбныя прыватнасці трэба толькі разуменне тых канцавых пунктаў, дзе гэтыя прыватнасці сыходзяцца.
Ёган Вольфганг Гётэ. Максімы і развагі. Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Goethes poetische und prosaische Werke in zwei Banden. Zweiten Bandes zweiter Theil.
Stuttgart und Tubingen, 1847. S. 890.
ЁГАН ГОТЛІБ ФІХТЭ
...Кожны, хто імкнецца да агульнага разумовага развіцця, павінен увогуле ведаць, што такое філасофія; нягледзячы на тое, што ён сам не ўдзельнічае ў гэтых даследаваннях, ён усё ж павінен ведаць, што яна даследуе; і, не зважаючы на тое, што ён сам не пранікае ў яе сферу, ён усё ж такі павінен ведаць межы, якія адлучаюць гэтую сферу ад тае, на якой знаходзіцца ён сам, каб не баяцца небяспекі з боку зусім іншага і абсалютна чужога яму таго свету, у якім ён знаходзіцца. Ён мусіць гэта ведаць хоць бы дзеля таго, каб не дапускаць несправядлівасці ў дачыненні да тых людзей навукі, з якімі яму, як чалавеку, усё ж даводзіцца жыць разам каб не даваць фальшывых парад тым, хто даверыўся яму, і стрымліваць іх ад усяго таго, пагарда да чаго яму ў будучыні можа дорага каштаваць. 3 гэтае нагоды кожны адукаваны чалавек, самае меншае, мусіць ведаць, чым філасофія не ёсць, якіх намераў яна не мае, чаго яна не здольная рабіць...
Магчыма, справядлівы і неперадузяты чалавек, які не прэтэндуе на тое, каб быць знакамітым філасофскім выкладчыкам або пісьменнікам, пераканаецца, што для філасофіі неабходныя пэўныя абстракцыі, спекуляцыі і погляды, у дачыненні да якіхён, безумоўна, не памятае, каб ён імі займаўся, і якія, калі б ён паспрабаваў імі заняцца, ні ў якім разе ў яго не атрымаюцца; можа, ён убачыць, што гэтая філасофія наогул не думае і не кажа пра тое, пра што думае і кажа ён, што яна яму ні ў чым не супярэчыць, бо яна зусім не гаворыць з ім або пра яго; што філасофія надае ўсім тым словам, якімі яна карыстаецца -так бы мовіць, супольна з ім зусім іншы сэнс, які робіцца для яго цалкам незразумелым, як толькі словы гэтыя апынаюцца ў зачараваным коле гэтае навукі. Можа, гэты справядлівы і неперадузяты чалавек ад гэтага часу будзе ўстрымлівацца ад удзелу ў філасофскай размове гэтак жа спакойна, як ён устрымліваецца ад удзелу ў размове пра трыганаметрыю або алгебру, калі ён не вывучаў гэтых навук; і як толькі ён сутыкнецца з чымнебудзь, што мае дачыненне да філасофіі, то ён проста скажа: няхай пра гэта дамовяцца паміж сабою філосафы, якія нічому іншаму не вучыліся; мяне гэта не датычыцца, я спакойна займаюся сваёю справай. Можа, пасля таго як дылетанты хоць раз пакажуць прыклад гэткага ўстрымання, навукоўцы таксама не будуць больш гэтак заўзята абурацца з нагоды паўторнае суровае забароны казаць пра тое, чаго яны, відавочна, аніразу нават не чыталі...
Што праўда, адмаўляць звычайнай чалавечай развазе ў праве выказваць сваё меркаванне пра матэрыі, якія лічацца таксама апошняю мэтай філасофіі пра Бога, волю ды неўміручасць гэта здаецца суровым; гэтае адмаўленне заўсёды ўспрымалася з кіслым выразам твару, і менавіта таму няма ахвоты пагадзіцца з пададзеным прыкладам, узятым з матэматыкі або якой-небудзь іншай дакладнай навукі, якую можна вывучыць, і гэткі прыклад лічыцца непрыдатным. Маўляў, гэтыя паняцці ўкаранёныя ў натуральным, звычайным спосабе мыслення чалавека; такім чынам, яны ва ўсякім разе ў пэўным дачыненні дадзеныя ад нараджэння. У дачыненні да найноўшай філасофіі тут варта толькі мець на ўвазе і памятаць, што яна ні ў якой ступені не адмаўляе звычайнай чалавечай развазе ў праве разважаць пра гэтыя рэчы, а што яна, наадварот, прызнае за ёю гэтае
права, як мне здаецца, у значна большай ступені, чым якая-небудзь з папярэдніх філасофій; але яна прызнае за ёю гэта права толькі ўяе сферы іўяеўласнай галіне, але ні ў якім разе не ў галіне філасофска-навуковай, у галіне, якая цалкам не існуе для звычайнай развагі як такой. Звычайны інтэлект можа разважаць пра гэтыя рэчы і, можа быць, нават вельмі слушна, але ён не можа абмяркоўваць іх пафіласофску, бо гэтага не можа ніхто, хто не вучыўся гэтаму і не практыкаваўся ў гэтым...
Ёган Готліб Фіхтэ. Яснае, як сонца, паведамленне шырэйшай публіцы пра сапраўдную сутнасць найноўшае філасофіі. Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Fichte, J. G. Sonnenklarer Bericht an das groBere Publicum iiber das eigentliche Wesen der neuesten
Philosophic. Berlin, 1801. S. IV-VII, XI-XII, XIV-XVII.
ГЕАРГ ФРЫДРЫХ ВІЛЬГЕЛЬМ ГЕГЕЛЬ
Гэтая навука ёсць у такой ступені адзінствам мастацтва і рэлігіі, у якой знешні паводле сваёй формы спосаб сузірання першага (г. зн. мастацтва), яго суб’ектыўнае прадукаванне і расшчапленне субстанцыянальнага зместу на мноства самастойных формаў, у татальнасці рэлігіі, яе разыходжанне, што разгортваецца ва ўяўленні, і апасродкаванне разгорнутага усё гэта не толькі ўтрымліваецца разам як адно цэлае, але і злучаецца ў простае духоўнае сузіранне і пасля ўзвышаецца ў ім да самасвядомага мыслення. Гэтыя веды, такім чынам, уяўляюць сабою паняцце рэлігіі і мастацтва, спазнанае праз мысленне; у гэтым паняцці усё, што розніцца сваім зместам, спазнана як неабходнае, а гэтае неабходнае спазнана як свабоднае.
Філасофія, адпаведным чынам, вызначаецца як пазнанне неабходнасці зместу абсалютнага ўяўлення, а таксама неабходнасці абедзвюх формаў з аднаго боку, беспасярэдняга сузірання ды яго паэзіі і аб’ектыўнага ды вонкавага адкрыцця, меркаванага праз уяўленне; з другога боку, найперш суб’ектыўнага ўваходжання ў сябе, а пасля таксама суб’ектыўнага руху навонкі ды ідэнтыфікавання веры з перадумоваю. Гэтае пазнанне ёсць, такім чынам, прызнаннем гэтага зместу ды ягонай формы і вызваленнем ад аднабаковасці формаў і ўзвышэння іх да формы абсалютнай, што вызначае сама сябе зместам ды застаецца ідэнтычнай з ім; у гэтай ідэнтычнасці яна ўяўляе з сябе пазнаванне названае існаю ў сабе і дзеля сябе неабходнасці. Гэты рух, які і ёсць філасофіяй, выяўляе сябе ўжо здзейсненым, калі ён урэшце спасцігае сваё ўласнае паняцце, г. зн. азіраецца выключна на свае ўласныя веды.
Г. В. Ф. Гегель. Энцыклапедыя філасофскіх навук. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Hegel, G. W. F.
Enzyklopadie der philosophischen Wissenschaften im Grundrisse... Berlin, 1975. S. 450-451.
ФРЫДРЫХ ШЛЕГЕЛЬ
. ..Філасофія не абмяжоўваецца нейкімі асаблівымі аб’ектамі вывучэння яна ёсць жыццёвым духам усіх навук, якія без яе будуць адно нежывымі целамі, без якой-кольвечы жыццёвай сілы ўнутры сябе.
Філасофія усеагульная навука, якая ахоплівае ўсе як тэарэтычныя, так і практычныя навукі, і менавіта з гэтай прычыны яе саму немагчыма абмежаваць нейкім асаблівым прадметам вывучэння.
Аднак вельмі важна слушна разумець паняцце фундаментальнай навукі... Філасофія гэта духоўны змест усіх навук.
Суадносіны філасофіі з усімі спецыфічнымі навукамі можна сабе ўявіць як суадносіны жыццёвай моцы ў целе жывой істоты з яе паасобнымі часткамі цела ды органамі.
Такім чынам філасофія не ёсць падмуркам усіх астатніх навук, а жыццёваю сілай, акрыленым душою духам, якім яны прасякнутыя.
Фрыдрых Шлегель. Прапедэўтыка і логіка.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле:
Friedrich Schlegel’s Philosophische Vorlesungen aus den Jahren 1804 bis 1806. Bonn, 1836. S. 13-14.
Філасофія, як усеагульныя веды, што ахопліваюць усяго чалавека, можа, у залежнасці ад акалічнасцяў, запазычыць вонкавую форму і своеасаблівыя формулы з усіх навук, адзін раз з адною, другі раз з другою, і часова імі карыстацца. Аднак гэта заўсёды павінна быць свабоднае карыстанне, якое знаходзіць пацвярджэнне менавіта ў неперадузятым выбары і змене. Метад свабоднага мыслення гэта значыць менавіта філасофія не павінен складацца механічна, як жалезны панцыр з бясконцага мноства цалкам аднатыпных ланцужкоў і кольцаў, з такіх па-сцыентысцку злучаных кольцаў-меркаванняў ды іх вышэйшых лагічных счапленняў, як гэта мае быць у матэматыцы. Метад наогул не павінен быць аднатыпным, а дух ніколі не павінен знаходзіцца на паслугаху метаду, ахвяруючы сутнасцю дзеля формы. Усеагульнасць філасофскага мыслення, разнастайнасць ды свабодныя змены метадаў разглядаюцца прыкладна так, як, з іншага боку, разглядаецца сярод выяўленчых мастацтваў паэзія, што ахоплівае і мусіць ахопліваць усяго чалавека і найбольш свабодная ў тым, каб запазычваць свае параўнанні ці фарбы ды розныя вобразныя выразы з усіх сфер быцця, жыцця і прыроды то з аднае, то з другое, у залежнасці ад таго, што ёй уяўляецца больш прыдатным у кожным канкрэтным выпадку. I ніяк няможна загадаць паэзіі, каб яна брала ўсе свае параўнанні ды вобразныя выразы, прыкладам, са свету кветак і раслін, са свету жывёл або з разнастайных чалавечых заняткаў напрыклад, толькі з жыцця мараплаўцаў, пастухоў, паляўнічых або са сферы іншых рамёстваў і мастацкай працы; менавіта такая педантычная манера забіла б свабодны паэтычны дух ды жывую фантазію, хоць усе гэтыя параўнанні, фарбы і выразы, калі толькі яны стаяць на сваім месцы, могуць ужывацца ў паэтычным адлюстраванні, і аніводнага іх гатунку не трэба выключаць. Дакладна так і філасофія часам можа выяўляць