Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Ніхто проста так не пагодзіцца лічыць нейкую тэорыю праўдзіваю толькі таму, што яна робіць людзей шчаслівымі ці дабрадзейнымі, з выняткам хіба што замілаваных «ідэалістаў», якія захапляюцца Добрым, Праўдзівым ды Прыгожым: гэта ў іх у стаўку плаваюць усе гатункі пярэстых, няспраўных, добрых душою пажаданасцяў. Шчасце, дабрачыннасць не ёсць аргументамі. Але нават і разважлівы розум схільны забываць, што няшчасце ды разбэшчанасць не контраргументы. Штосьці да скрайнасці шкоднае і небяспечнае магло б быць праўдзівым; і магло б здарыцца так, што ва ўніверсальнай уладкаванасці быцця закладзеная пагібель людзей праз паўнату яго пазнання, так што тады сіла розуму вымяралася б тым, колькі «праўды» здольны ён стрываць ці, каб сказаць выразней, да якой ступені ён мае патрэбу ў тым, каб праўду разрэджвалі, перакручвалі, падсалоджвалі, затуманьвалі, захіналі заслонаю. Але няма ніякага сумневу ў тым, што дзеля адкрыцця праўды ў пэўных яе фрагментах людзі няшчасныя і нядобрыя знаходзяцца ў асабліва спрыяльных умовах і могуць хутчэй разлічваць на поспех, не кажучы ўжо пра нядобрых і шчаслівых, г. зн. пра такі від жывых істот, які замоўчваюць маралісты. Магчыма, жорсткасць ды хітрасць спрыяюць узнікненню моцнага і незалежнага розуму ды філосафа у большай ступені, чым падатлівая дабрадушнасць і здольнасць лёгка ставіцца да ўсяго, што справядліва лічыцца вартасцю вучонага чалавека. Галоўнае (пра гэта трэба папярэдзіць) гэта не звужаць паняцце «філосафа» да філосафа, які проста піша кнігі, пагатоў такога, які ў кнігах выкладае сваю філасофію!..
Фрыдрых Ніцшэ. Па той бок Дабра і Ліха.
Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Nietzsche, Fr. Jenseits von Gut und Bose.
Leipzig, 1886. S. 8-9, 33-34.
ЭДМУНД ГУСЭРЛЬ
3 самага моманту свайго ўзнікнення філасофія прэтэндавала на тое, каб быць дакладнаю навукай, і прычым навукай, якая б задавальняла самыя высокія тэарэтычныя патрэбы, а з этычна-рэлігійнага гледзішча рабіла б магчымым жыццё, якое магло б рэгулявацца выключна рацыянальнымі нормамі. Гэтая прэтэнзія выяўляла сябе то з большым, то з меншым імпэтам, але ніколі не знікала. He знікала нават і ў тыя часы, калі інтарэсы і здольнасці да чыстай тэорыі былі пад пагрозаю знікнення або калі рэлігійныя сілы абмяжоўвалі свабоду навукова-тэарэтычных даследаванняў.
Гэтыя прэтэнзіі на тое, каб быць дакладнаю навукай, філасофія не магла задаволіць ні ў адну эпоху свайго развіцця. Так яно ёсць і з апошняй эпохаю, якая, праходзячы, пры ўсёй разнастайнасці і процілегласці філасофскіх напрамкаў, у істотных рысах паслядоўны працэс развіцця, доўжыцца ад Адраджэння да цяперашняга часу. Што праўда, дамінантнаю рысай новай філасофіі ёсць менавіта тое, што замест таго, каб наіўна падпарадкоўвацца спакусе філасофствавання, яна праз пасярэдніцтва крытычнай рэфлексіі і праз няспыннае паглыбленне даследаванняў пра метад, хутчэй, імкнецца сцвердзіць сябе ў якасці дакладнай навукі. Але адзіным сапраўдным плёнам гэтых намаганняў было абгрунтаванне і сцвярджэнне самастойнасці дакладных навук аб прыродзе і духу, таксама як і новых, чыста матэматычных дысцыплін. Сама ж філасофія нават у сваім асаблівым сэнсе, які выкрышталізоўваецца толькі цяпер, была пазбаўлена, як і раней, характару дакладнай навукі. Нават сам сэнс гэтай адметнасці застаўся без надзейнага навуковага вызначэння...
Такім чынам філасофія, згодна са сваёй гістарычнай задумаю, самая вышэйшая і самая дакладная навука; яна, што ўвасабляе спрадвечныя памкненні чалавецтва да чыстага і абсалютнага пазнання (і што знаходзіцца з гэтым у непарыўнай сувязі да чыстага і абсалютнага вызначэння Вартасці і Жадання), так і не можа сфарміравацца як сапраўдная навука. Прызнаная настаўніца ў вечнай справе гуманнасці, яна, як высвятляецца, наогул не мае здольнасці навучаць навучаць аб’ектыўна рэлевантным чынам. Кант любіў выказвацца наконт таго, што можна навучыцца не філасофіі, а толькі філасофстваванню. Штб гэта такое, як не прызнанне ненавуковасці філасофіі? Наколькі распасціраецца абсяг навукі, сапраўднай навукі, настолькі ж можна навучаць і вучыцца, і ўсюды ў аднолькавым сэнсе. Бо нідзе засваенне навукі не ёсць пасіўным успрыманнем чужога духу матэрыялу яно ўсюды грунтуецца на самастойнасці, на ўнутраным раскрыцці рацыянальных высноў, зробленых з дапамогай творчага духу, паводле прычынна-выніковых сувязяў. Філасофіі нельга вучыцца з тае прычыны, што ў ёй няма такіх аб’ектыўна ўсвядомленых і абгрунтаваных ідэй, і таму а гэта адно і тое самае, што ёй яшчэ бракуе лагічна трывала ўстаноўленых і, паводле свайго сэнсу, цалкам вырашаных праблем, метадаў ды тэорый.
Эдмунд Гусэрль. Філасофія як дакладная навука.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Husserl, Е. Philosophic als strenge Wissenschaft II Logos. Internationale Zeitschrift fur Philosophic der Kultur. 1910-11. Nr 1 (3). S. 289-290.
ВІЛЬГЕЛЬМ ВІНДЭЛЬБАНД
...Існуючы напачатку наогул у выглядзе адзінай непадзельнай навукі, філасофія, пры дыферэнцыяваным стане асобных навук, становіцца збольшага органам, які яднае вынікі дзейнасці ўсіх астатніх навук у адно агульнае пазнанне, збольшага правадніком маральнасці або рэлігійнага жыцця, збольшага, нарэшце, тым цэнтральным нервовым органам, у якім павінен даходзіць да свядомасці жыццёвы працэс усіх іншых органаў. Складаючы першапачаткова саму навуку і ўсю навуку, філасофія ёсць пазней або рэзюмаваннем усіх асобных навук, або вучэннем пра тое, навошта патрэбная навука, або, нарэшце, тэорыяй самой навукі. Сэнс, які ўкладаецца ў назву філасофіі, заўсёды характэрны для становішча, якое займае навуковае пазнанне ў шэрагу культурных даброт, што шануюцца дадзенай эпохаю. Ці лічаць яго абсалютным дабром або толькі сродкам да вышэйшых мэт, ці давяраюць яму высвятленне апошніх жыццёвых асноў рэчаў або не усё гэта выяўляецца ў тым сэнсе, які асацыюецца са словам «філасофія». Філасофія кожнай эпохі ёсць мераю той каштоўнасці, якую адпаведная эпоха прыпісвае навуцы: менавіта таму філасофія з’яўляецца то самою навукаю, то нечым, што выходзіць па-за межы навукі; і, калі яна лічыцца навукаю, яна то ахоплівае ўвесь свет, то бывае даследаваннем аб сутнасці самога навуковага пазнання. Таму, наколькі разнастайным ёсць становішча, займанае навукаю ў агульнай лучнасці культурнага жыцця, настолькі шмат формаў і значэнняў мае таксама і філасофія; і адсюль зразумела, чаму з гісторыі немагчыма было вывесці якога-небудзь адзінага паняцця філасофіі.
Вільгельм Віндэльбанд. Прэлюдыі.
Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Windelband, W. Praludien. Aufsatze und Reden zur Einleitung in die Philosophic. Tubingen, 1907. S. 43-44.
УЛАДЗІМІР САЛАЎЁЎ
Слова «філасофія», як вядома, не мае аднаго дакладна акрэсленага значэння, але ўжываецца ў шмат якіх вельмі адрозных паміж сабою сэнсах. Найперш мы сустракаемся з двума галоўнымі паняццямі філасофіі, якія ў аднолькавай ступені розняцца паміж сабою: у адпаведнасці з адным філасофія гэта толькі тэорыя, справа толькі школы; у адпаведнасці з другім яна больш, чым тэорыя, яна ёсць пераважна справаю жыцця, а пасля ўжо і школы. Згодна з першым паняццем філасофія адносіцца выключна да пазнаваўчай здольнасці чалавека; згодна з другім яна адпавядае таксама найвышэйшым памкненням чалавечай волі і найвышэйшым ідэалам людскіх пачуццяў; яна мае, такім чынам, не толькі тэарэтычнае, але таксама маральнае і эстэтычнае значэнне, знаходзячыся ва ўнутраным узаемадзеянні са сферамі творчасці ды практычнай дзейнасці, хоць і адрозніваецца ад іх. Для філасофіі, якая адпавядае першаму паняццю, для філасофіі школы ад чалавека патрабуецца толькі развіты да пэўнае ступені ро-
зум, узбагачаны пэўнымі ведамі і вольны ад вульгарных прымхаў; для філасофіі, якая адпавядае другому паняццю для філасофіі жыцця, патрабуецца, акрамя таго, асаблівая скіраванасць волі, гэта значыць асаблівы маральны настрой, а яшчэ мастацкае адчуванне і сэнс, сіла ўяўлення або фантазія. Першая філасофія вырашае выключна тэарэтычныя пытанні, не мае ніякае непасрэднае ўнутранае повязі з жыццём прыватным і грамадскім, другая філасофія імкнецца зрабіцца стваральнаю і накіроўнаю сілай гэтага жыцця.
Запытаемся, каторая з гэтых дзвюх філасофій праўдзівая? I тая, і гэтая аднолькава прэтэндуюць на спазнанне праўды, але само гэтае слова яны разумеюць цалкам па-рознаму: адна надае яму толькі абстрактна-тэарэтычнае значэнне, другая жывое, істотнае. Калі дзеля вырашэння нашага пытання мы звернемся да этымалогіі слова «філасофія», то атрымаем адказ на карысць жывой філасофіі. Відавочна, што назву «любамудрасці», г. зн. любові да мудрасці (такі сэнс грэцкага слова сріХоаосріа), няможна ўжываць у дачыненні да абстрактнае тэарэтычнае навукі. Пад мудрасцю разумеюць не толькі паўнату ведаў, але і маральную дасканаласць, унутраную цэласнасць духу. Такім чынам, слова «філасофія» абазначае імкненне да духоўнай цэласнасці чалавечае істоты у такім сэнсе яно першапачаткова і ўжывалася.
Уладзімір Салаўёў. Філасофскія пачаткі цэласных ведаў. Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Соловьев, В. С. Сочмнення:
в 2-х т. Т. 2. Москва, 1988. С. 227-229.
КАРЛ ЯСПЕРС
Што такое філасофія?
Што такое філасофія і чаго яна вартая, пытанне спрэчнае. Ад яе патрабуюць надзвычайных адкрыццяў або яе абыякава адсоўваюць убок як беспрадметнае мысленне. На яе нерашуча глядзяць як на значныя высілкі незвычайных людзей або пагарджаюць ёю як бескарысным тлумленнем галавы з боку летуценнікаў. Яе лічаць справаю, якая закранае кожнага, або прымаюць яе за такую складаную рэч, што выглядае безнадзейным наогул займацца ёю. Тое, што выступае пад назваю «філасофія», у сапраўднасці дае падставы для процілеглых ацэнак і меркаванняў.
Для чалавека, які святым чынам верыць у сілу навукі, самым горшым выглядае тое, што філасофія не дамаглася агульнапрызнаных дасягненняў: таго, што трэба ведаць і чым, праз гэта, трэба валодаць. У той час як навукі, кожная іх галіна, так ці іначай атрымалі пэўныя і агульнапрызнаныя дасягненні, філасофія, нягледзячы на свае шматвекавыя намаганні, таго не дасягнула. Немажліва адмаўляць: у філасофіі няма адзінага разумення таго, што ў канчатковым выглядзе дасягнута. Тое, што змушана прызнана кожным, тым самым ужо зрабілася плёнам навуковага пазнання, і яно больш не ёсць філасофіяй, а мае дачыненне да канкрэтнай галіны таго, што можа быць спазнаным.