Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Філасофскае вучэнне аб матэрыі. Субстанцыяльныя пошукі філасофіі прывялі да паняцця «матэрыі», якое ў гісторыка-філасофскім працэсе неаднаразова мяняла свой змест. Першапачаткова пад матэрыяй разумелі пэўны канкрэтнапрадметны пачатак (зямля, вада, агонь, паветра), з якога ўсё нараджаецца і ў які ўсё ператвараецца. Пазней матэрыя ператвараецца ў адзіную субстанцыю, якая ўяўляе сабой бясконцае мноства найпрасцейшых элементаў (атамы, гомеамерыі ў Анаксагора). У творчасці Платона матэрыя гэта пасіўны пачатак, які набывае форму дзякуючы творчай ідэі. Арыстотэль лічыў матэрыю першапачаткам усяго існага, як другую па ліку субстанцыю, што актуалізуецца пры наяўнасці фармальнай і мэтавай прычыны.
У філасофіі Новага часу адраджаецца атамістычная канцэпцыя свету, у якой матэрыя паўстае як бясконцая сукупнасць атамаў, надзеленых атрыбутыўнымі ўласцівасцямі: працягласцю, масай, непадзельнасцю, непранікальнасцю. Так фарміравалася ўяўленне аб матэрыі як будаўнічым матэрыяле, з якога ўсё «зроблена», але які існуе і сам па сабе, у чыстым выглядзе. Такое разуменне матэрыі адпавядала прадметна-субстрактнаму падыходу да тлумачэння свету і аналітычнаму метаду навуковага пошуку.
Але ўжо французскія матэрыялісты XVIII ст. ставяць пад сумненне гэтыя ўяўленні, звяртаючы ўвагу на тое, што такую матэрыю ніхто нідзе не знаходзіў. Матэрыя, лічылі яны, гэта ўсё тое, што ўздзейнічае на нашыя органы пачуццяў і выклікае ў іх разнастайныя адчуванні. Гэтая ідэя атрымала сваё развіццё ў марксізме, які, па-першае, адмовіўся ад звядзення матэрыі толькі да прыроднага быцця і распаўсюдзіў яе на сацыяльную рэальнасць, а па-другое, звязаў паняцце матэрыі са свядомасцю як яе функцыянальнай уласцівасцю. Тут матэрыя -
гэта аб’ектыўнаярэальнасць, якая, хоць і дадзеная свядомасці, існуе незалежна ад яе. У такой інтэрпрэтацыі паняцце матэрыі азначае: 1) мноства прадметаў, з’яў і працэсаў, узятых разам; 2) аб’ектыўную рэальнасць, што існуе па-за свядомасцю і незалежна ад яе; 3) агульную рысу ўсіх рэчаў і з’яў; 4) незнішчальную рэшту, якая захоўваецца пры любых зменах прадметаў. Пры гэтым матэрыя разглядаецца не як штосьці неакрэсленае, аморфнае, а як дынамічная сістэмная цэласнасць, арганізаваная ў прасторы і часе, у пэўным сэнсе як сінонім быцця.
Структурная арганізацыя матэрыі. Матэрыя заўсёды існуе ў выглядзе арганізаваных сістэм. Пад сістэмай звычайна разумеюць абмежаваную і арганізаваную сукупнасць элементаў, сувязі паміж якімі больш трывалыя, чым сувязі з элементамі іншых сукупнасцяў, што надае ім адзінства і цэласнасць. Сістэмы бываюць закрытыя і адкрытыя. Закрытымі называюць сістэмы, у якіх адсутнічаюць абменныя працэсы са знешнім асяроддзем, у выніку чаго ўзрастае энтрапія (распад), якая вядзе да дэзынтэграцыі ды гібелі сістэмы. Адкрытыя ж сістэмы ажыццяўляюць разнастайныя абменныя працэсы і характарызуюцца ўстойлівасцю, здольнасцю да самарэгуляцыі і развіцця.
Элементы, з якіх складаецца сістэма, знаходзяцца ў дачыненнях каардынацыі і субардынацыі. Гэта азначае, што сістэма структурна арганізаваная. Структура гэта спосаб сувязі элементаў, унутраная будова сістэмы, якая надае ёй цэласнасць, устойлівасць і якасную акрэсленасць. Структурная арганізацыя матэрыі мае шматузроўневы характар, пры гэтым кожны канкрэтны ўзровень уключае ў сябе элементы ніжэйшых узроўняў і сам у якасці элемента ўваходзіць у больш складаныя сістэмы. Такая арганізацыя матэрыяльных сістэм з’яўляецца ўмовай адзінства свету. Сучасная навука вылучае субмікраэлементарны, мікраэлементарны, ядзерны, атамна-малекулярны, макраскапічны, планетарны, галактычны і метагалактычны ўзроўні структурнай арганізацыі матэрыі.
Дынамічная арганізацыя Універсуму. Сістэмна арганізаваны і структурна ўладкаваны матэрыяльны свет існуе як няспынная зменлівасць. Гэтая зменлівасць уласцівая свету на ўсіх узроўнях яго арганізацыі, таму яна з’яўляецца яго атрыбутам. Зменлівасць праяўляецца ва ўзаемадзеянні, руху ды развіцці. Пад узаемадзеяннем звычайна разумеюць такія адносіны паміж сістэмамі, калі ў працэсе ўзаемнага ўздзеяння змены ў адной сістэме прыводзяць да змен у другой сістэме. Рухам называюць любыя змены матэрыяльных сістэм, па-за якімі іх існаванне немагчымае. Таму рух называюць спосабам існавання матэрыі. На пачатку развіцця філасофіі пад рухам разумелі ўзнікненне і знікненне чаго-небудзь, пазней рухам называлі злучэнне і раздзяленне. У Арыстотэля рух гэта перамена месца цела ў прасторы, але і колькасныя і якасныя змены ўрэчах. Яшчэ ад Геракліта паўстала традыцыя звязваць паняцце руху з светам як яго асноўную характарыстыку, што пазней знайшло сваё найбольшае ўвасабленне ў філасофскай дыялектыцы Гегеля і Маркса-Энгельса. Відавочна, што на розных этапах развіцця філасофіі існавала тэндэнцыя зводзіць рух да адной з яго формаў. Гэтая тэндэнцыя атрымала назву рэдукцыянізму. Сучасная навука дазваляе вылучыць такія формы руху, якія яшчэ ў XIX ст. былі невядомыя. Прынцып жа класіфікацыі застаецца ранейшы: сувязь з відам матэрыі, спосабам існавання якога з’яўляецца дадзеная форма руху.
Прасторава-часавая арганізацыя свету. Калі рух з’яўляецца спосабам існавання матэрыі, то формай такога існавання ёсць прастора і час. Уяўленні аб прасторы і часе фарміруюцца ў працэсе практычнага і тэарэтычнага засваення свету. Параўноўваючы розныя прадметы, мы заўважаем, што яны бываюць доўгія і кароткія, шырокія і вузкія, высокія і нізкія; адны знаходзяцца бліжэй, другія далей, зверху альбо знізу і г. д. Гэтыя ўласцівасці характарызуюць працягласць прадметаў, іх узаемнае размяшчэнне і будову. Іх абагульненне і прыводзіць нас да паняцця прасторы. Прастора гэта ўсеагульная форма быцця матэрыі, якая ёсць умовай узнікнення ды існавання канкрэтных матэрыяльных сістэм і адлюстроўвае іх працягласць, узаемнае размяшчэнне і структурную арганізацыю.
Гэтак жа фарміруюцца і ўяўленні пра час. Мы заўважаем, што адны прадметы існуюць даўно, другія з’явіліся нядаўна, адны папярэднічаюць другім, другія з’яўляюцца пасля першых, працягласць існавання адных большая, другіх меншая і г. д. Час гэта ўсеагульная форма быцця матэрыі, якая таксама ёсць умовай узнікнення і змянення канкрэтных матэрыяльных сістэм, яна адлюстроўвае тэрміны іх існавання, паслядоўнасць змены станаў і працэсаў структурнай арганізацыі.	.
У працэсе станаўлення і развіцця ўяўленняў аб прасторава-часавай арганізацыі свету ў філасофіі сфарміраваліся паняцці рэальнага, перцэптуальнага і канцэптуальнага часу і прасторы. Пад рэальнымі прасторай і часам разумелі характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці вачыма абстрактнага назіральніка. Перцэптуальная прастора і час трактаваліся як формы ўладкавання ўнутранага чалавечага досведу (успрыманняў, уяўленняў, перажыванняў). Канцэптуальныя прастора і час гэта тэарэтычная мадэль рэальнай прасторы і часу.
Гістарычна сфарміраваліся дзве асноўныя канцэпцыі прасторы і часу: субстанцыяльная і рэляцыйная. У субстанцыяльнай канцэпцыі прастора і час паўставалі як універсальныя, абсалютныя, незалежныя адна ад аднае формы быцця, якія не аказвалі ніякага ўплыву на матэрыяльны свет і самі не паддаваліся ўплыву з боку аб’ектыўнага свету. Гэтая канцэпцыя ўзнікае ў філасофіі Дэмакрыта, а сваё прыродазнаўчае абгрунтаванне атрымала ў ньютанаўскай фізіцы і новаеўрапейскай матэрыялістычнай філасофіі. Тут яны набылі статус незалежных ад матэрыі, вечных, нязменных і самастойных ёмістасцяў, што ўтрымліваюць у сабе ўсе прадметы.
Рэляцыйная канцэпцыя трактуе прастору і час як уласцівасці саміх матэрыяльных сістэм, як формы адносінаў паміж прадметамі, з’явамі і працэсамі. Самі па сабе, па-за гэтымі прадметамі яны не існуюць, залежаць адно ад аднаго, а таксама ад умоў існавання матэрыяльных сістэм, характарыстыкамі якіх з’яўляюцца. Пачатак гэтай канцэпцыі быў пакладзены ў філасофіі Арыстотэля, развіты Ляйбніцам і абгрунтаваны ў тэорыі рэлятыўнасці Эйнштэйна ды ў сучаснай рэлятывісцкай фізіцы. Менавіта тут сфарміравалася ўяўленне аб адзінай прасторы-часе, прастора-часавым кантынууме, дзе прастора і час звязаныя паміж сабою і маюць сэнс толькі адносна адно аднаго. Метрычнымі характарыстыкамі прасторы з’яўляюцца трохмернасць, аднароднасць (раўназначнасць усіх
напрамкаў) ды ізатропнасць (раўназначнасць усіх пунктаў прасторы). Час жа аднамерны, незваротны і анізатропны.
Такім чынам, онталогія як раздзел філасофіі дае ўяўленне аб будове свету як цэласным Універсуме, аб спосабах і формах яго існавання. Яна:
фарміруе ўяўленне аб быцці як існаванні ўсяго, што надае свету адзінства і цэласнасць;
прапануе канцэпцыю субстанцыі як асновы свету ў розных яе філасофскіх інтэрпрэтацыях (маністычнай, дуалістычнай і плюралістычнай)-,
дае навукова абгрунтаваную характарыстыку сістэмна-структурнай, дынамічнай і прасторава-часавай арганізацыі Універсуму.
Прырода як аб’ект філасофскага пазнання. Праблема спасціжэння прыроды стаіць перад чалавекам адвеку. Дыяпазон цікавасці людзей да прыроды шырокі і разнастайны: ад чыста спажывецкага да маральна-эстэтычнага. Як жа мяняліся погляды людзей на сутнасць прыроды, на спосабы і формы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды?
Варта зазначыць, што ў гісторыі філасофіі існавалі і развіваліся тры асноўныя пазіцыі ў гэтым аспекце: онталагічная, задача якой палягала ў доказе існавання прыроды як аб’ектыўнай рэальнасці; гнасеалагічная, з імкненнем абгрунтаваць неабмежаваныя магчымасці ў пазнанні прыроды чалавекам; аксіялагічная разуменне і тлумачэнне прыроды як каштоўнасці, без якой чалавек не здольны існаваць і развівацца ў якасці разумнай ды гуманнай істоты.
Кожная з гэтых пазіцый дазваляе трактаваць прыроду ў шырокім і вузкім сэнсе слова. У шырокім сэнсе прырода гэта ўся разнастайнасць формаў быцця, аб’ектыўная рэальнасць, матэрыя, адметнай рысай якой ёсць існаванне па-за свядомасцю і незалежна ад яе. Розныя аспекты і фрагменты гэтай прыроды выступаюць аб’ектам прыродазнаўчага пазнання.
А ў якой жа якасці прырода цікавіць філасофію? Чаму філасофія ўвогуле звяртае сваю ўвагу на прыроду? Адказ на гэтыя пытанні павінен улічваць спецыфіку філасофіі як навукі. Яе галоўнай праблемай ёсць чалавек, таму прыроду яна разглядае выключна з пазіцый чалавека, яго інтарэсаў і патрэб. У вузкім сэнсе прырода як аб’ект філасофскага пазнання гэта сукупнасць натуральных умоў існавання чалавека і грамадства. Відавочна, што з пункту погляду прыродазнаўства такое азначэнне прыроды не зусім слушнае: натуральныя ўмовы існавання чалавека гэта не ўся прырода, а толькі частка яе: зямная кара, ніжняя частка атмасферы, глеба, гідрасфера, раслінны і жывёльны свет г. зн. тое, што звычайна называюць геаграфічным асяроддзем. Але менавіта тут і ажыццяўляецца ўзаемадзеянне чалавека са знешнім светам, і менавіта гэты аспект прыроды і ёсць аб’ектам філасофскага разгляду. Сучаснае прыродазнаўства на падставе прынцыпу ўніверсальнага эвалюцыянізму стварае вобраз прыроды як сістэмнай цэласнасці, што знаходзіцца ў стане самаразвіцця. На аснове ідэй сістэмнасці і эвалюцыянізму яно абгрунтоўвае адзіную навуковую карціну свету, у якой аб’ядноўваюцца тры яго асноўныя сферы: нежывая прырода, арганічны свет і сацыяльнае жыццё. Уяўленні аб прыродзе як сістэме, здольнай да самаразвіцця, грунтуюцца на тэорыі нестацыянарнага Сусвету, сінергетыцы і тэорыі біялагічнай эвалюцыі, дапоўненай канцэпцыямі біясферы і наасферы.