Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Падагульняючы сказанае, заўважым, што развіццё прыродазнаўчых навук у XIX XX стст. вяло да станаўлення агульнанавуковай карціны свету як здольнай да самаразвіцця сістэмы. Гэтая карціна свету выступае не толькі як тэарэтычная аснова сучаснага светапогляду, але і як фундаментальная праграма навуковых даследаванняў.
Філасофская канцэпцыя прыроды. Як ужо адзначалася, філасофія звяртае ўвагу на прыроду як сферу існавання чалавека і даследуе яе з пункту погляду інтарэсаў чалавека. Гэта значыць, што філасофію ў першую чаргу цікавіць пытанне аб характары ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Якія ж формы ўзаемадачыненняў з прыродай выяўляліся на розных этапах гістарычнага развіцця грамадства? Звычайна вылучаюць тры формы стаўлення чалавека да знешняга свету. Практычныя адносіны, у якіх прырода выступае ў якасці натуральных умоў існавання, сродка стваральнай дзейнасці чалавека, матэрыялу для вытворчасці. Тут пераважае прагматычна-ўтылітарны інтарэс, а прырода разглядаецца як крыніца спажывання. У пазнавальных адносінах галоўнай мэтай з’яўляецца пазнанне прыродных працэсаў, а сама прырода паўстае як аб’ект навуковага даследавання. У гэтых адносінах рэалізуюцца інтарэсы спасціжэння прыроды, але дыктуюцца яны практычнымі патрэбамі людзей і вызначаюцца імі. Сродкам рэалізацыі гэтых адносінаў з’яўляюцца канкрэтныя прыродазнаўчыя навукі. Нарэшце, каштоўнасныя адносіны грунтуюцца на ацэнках прыроды з пазіцый дабра і прыгажосці. Пры гэтым прырода можа разглядацца і як сфера дасканаласці, ідэал гармоніі ды ўзор для пераймання, і як сфера нізкага, неразумнага і недасканалага ў параўнанні з культураю.
Такім чынам:
1)	у спецыфічна філасофскім разуменні прырода гэта натуральная перадумова існавання чалавека і грамадства, сфера яго жыццядзейнасці-,
2)	спосабы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды залежаць ад узроўню развіцця тэхналогій і свядомасці, маюць гістарычны характар і праяўляюцца ў тыпах прыродакарыстання ці прыродааховы;
3)	узаемадзеянне чалавека і прыроды ўключаеў сябеякуплыў прыроды на чалавека, так і ўздзеянне чалавека на прыроду.
Р. Грудніцкі.
тэксты
АНАКСАГОР
Разам былі ўсе рэчы, бязмежныя паводле многасці і паводле маласці; бо маласць была бязмежнаю. I пакуль усе былі разам, не было магчымасці выразна адрозніваць нічога з прычыны маласці. Бо ўсё стрымлівалася паветрам і эфірам, а абодва яны бязмежныя рэчывы. Бо гэта самыя вялікія рэчывы, якія ёсць у агульнай масе, як паводле многасці, так і паводле велічыні...
Калі, аднак, усё гэта паводзіць сябе гэткім чынам, трэба прыняць меркаванне, што ва ўсім, што злучаецца, утрымліваецца множнае і разнастайнае і зародкі ўсіх рэчаў, якія маюць шматлікія разнастайныя формы, колеры, смакі і пахі...
Анаксагор. Аб прыродзе.
Перакпад Л. Баршчэўскага паводле: Die griechische Literatur in Text und Darstellung. Klassische Periode I. Stuttgart, 1986. S. 342, 344.
ЗЯНОНЭЛЕЙСКІ
...Калі існае не мае памеру, то быццам бы яго няма; калі ж яно ёсць, то неабходным чынам кожная частка павінна мець пэўныя памеры і таўшчыню і адлегласць адна ад аднае. I для таго, што знаходзіцца перад тою размешчанай часткай, справядлівае тое самае сцверджанне. Менавіта: і яна будзе мець свае памеры, а перад ёю будзе знаходзіцца іншая частка. Падобнае сцверджанне, такім чынам, справядлівае раз і назаўсёды. Бо ніякая частка гэткага кшталту (цэлага) будзе ўтвараць самую крайнюю мяжу, і ніколі адна з іх не не страціць дачынення з іншаю. Такім чынам, калі маецца шмат рэчаў, то яны мусяць быць адначасова быць і малымі, і вялікімі: малымі да нікчэмнасці, вялікімі да бясконцасці...
Калі ёсць мноства, то неабходным чынам павінна быць дакладна столькі рэчаў, колькі іх сапраўды ёсць не болей і не меней. Калі, аднак, ёсць столькі рэчаў, колькі іх ёсць, то іх колькасць гэтым і абмежаваная.
Калі ёсць мноства, то колькасць існых рэчаў не абмежаваная. Бо іншыя ўвесь час знаходзяцца паміж існых рэчаў і зноў іншыя сярод тых. I тым самым колькасць існых рэчаў не абмежаваная.
Зянон Элейскі. Аб прыродзе.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Die griechische Literatur in Text und Darstellung. Klassische Periode I. Stuttgart, 1986. S. 338, 340.
ЭМПЕДОКЛ
Хачу я пра падвойнае сказаць: to вырастае ўсцяж адно Ў адзінае быццё з шматлікага, то зноўку дзеліцца яно, Каб стаць шматлікім з аднаго. Падвойнае заўжды Ўзнікненне тленных рэчаў і падвойнае заўжды
Іх убыванне. Бо як першае стварае і бурыць спалучэнне ўсіх Без рэшты рэчываў, так і другое, не паспеўшы ўзнікнуць, зноў На часткі разлятаецца, у момант, як яны падзеляцца.
I гэты не спыняецца абмен: то праз любоў усё зліваецца, To рэчывы ўсе раздзяляюцца, у спрэчках і нянавісці. Наколькі навучылася адно з шматлікага ўзнікаць
I ад распаду аднаго шматлікае ўзнікае зноў, Настолькі станаўленне іх ідзе, і зменлівае іх жыццё Заўжды, і не спыняецца абмен, наколькі непахіснымі Істоты ёсць у цыкле кругабегу дзён...
Эмпедокл. Аб прыродзе. Пераклад
Л. Баршчэўскага паводле: Die griechische Literatur in Text und Darstellung. Klassische Periode I.
Stuttgart, 1986. S. 216.
АРЫСТОТЭЛЬ
...Большасць першых філосафаў лічыла пачаткам усяго адны толькі матэрыяльныя пачаткі, а менавіта тое, з чаго складаюцца ўсе рэчы, з чаго як першага яны ўзнікаюць і ўва што як у апошняе яны, гінучы, ператвараюцца, прычым сутнасць хоць і застаецца, але змяняецца ў сваіх праявах, гэта яны лічаць элементам і пачаткам рэчаў. I таму яны мяркуюць, што нішто не ўзнікае і не знікае, бо такая прырода заўсёды захоўваецца; падобна да таго, як і пра Сакрата мы не кажам, што ён увогуле робіцца, калі робіцца цудоўным або адукаваным, або што ён гіне, калі страчвае гэтыя ўласцівасці, бо застаецца субстрат сам Сакрат, гэтак сама, кажуць яны, не ўзнікае і не знікае ўсё астатняе, бо мусіць быць нейкая прырода ці адна, ці больш за адну, адкуль узнікае ўсё астатняе, у той час як сама гэта прырода захоўваецца.
Адносна колькасці і гатунку такога пачатку не ўсе вучылі аднолькава. Фалес заснавальнік такога кшталту філасофіі сцвярджаў, што пачатак вада (таму ён і абвяшчаў, што зямля знаходзіцца на вадзе); да гэтага меркавання ён, магчыма, прыйшоў праз назіранне, што страва ўсіх істот вільготная і што само цяпло ўзнікае з вільгаці і з яе дапамогаю жыве (а тое, з чаго ўсё ўзнікае, гэта і ёсць пачаткам усяго). Такім чынам, ён менавіта таму прыйшоў да сваёй высновы, роўна як і таму, што насенне ўсяго паводле сваёй прыроды вільготнае, а пачатак прыроды вільготнага вада.
Сёй-той, аднак, лічыць, што і старэйшыя, якія жылі задоўга да цяперашняга пакалення і першыя пісалі пра багоў, мелі менавіта такія погляды на прыроду: Акіян і Тэфію яны лічылі творцамі ўзнікнення, а багі, на іх думку, прысягалі вадою, якую сам паэты называлі Стыксам, бо найбольш шанаванае яно самае старажытнае, а тое, чым прысягаюць, яно найбольш шанаванае. Але ці сапраўды гэтае меркаванне аб прыродзе спрадвечнае і старажытнае гэта, магчыма, і недакладна: у кожным разе пра Фалеса кажуць, што ён менавіта так і выказаўся пра першую прычыну (што тычыцца Гіпона, дык яго, бадай, не кожны згодзіцца паставіць побач з гэтымі філосафамі з прычыны ўбоства ягоных думак).
Але Анаксімэн і Дыяген мяркуюць, што паветра больш першаснае, чым вада, і з простых цел пераважна яго лічаць пачаткам; а Гіпас з Метапонта і Геракліт з Эфеса агонь, Эмпедокл жа чатыры элементы, дадаючы да названых зямлю ўякасці чацвёртага. Гэтыя элементы, на яго думку, заўсёды захоўваюцца і не ўзні-
каюць, а ў большай ці меншай колькасці злучаюцца ў адно або раз’ядноўваюцца з аднаго.
А Анаксагор з Клазаменаў, які быў старэйшым за Эмпедокла, але які напісаў свае творы пазней за яго, сцвярджае, што пачаткаў бясконца шмат: паводле яго, амаль усе гомеамерыі, гэтак жа як вада або агонь, узнікаюць і знішчаюцца менавіта такім шляхам толькі праз злучэнне і раз’яднанне, а інакш не ўзнікаюць і не знішчаюцца, а часам існуюць вечна.
Грунтуючыся на гэтым, за адзіную прычыну можна было б прызнаць гэтак званую матэрыяльную прычыну. Але па меры таго, як яны прасоўваліся ў гэтым напрамку, сама сутнасць справы паказала ім шлях і прымусіла іх да далейшага пошуку. Сапраўды, няхай усялякае ўзнікненне і знішчэнне абавязкова зыходзіць з чагосьці аднаго або з болыпай колькасці пачаткаў, але чаму гэта адбываецца і што ёсць прычынаю гэтага? Бо як бы там ні было, а не сам субстрат выклікае ўласную перамену; я разумею, што, напрыклад, не дрэва і не медзь прычына змены саміх сябе і не дрэва робіць ложа, і не медзь статую, а штосьці іншае ёсць прычынаю змены. А шукаць гэтую прычыну значыць шукаць нейкі іншы пачатак, [а менавіта], як бы мы сказалі, той, адкуль бярэ свой пачатак рух. Дык вось, тыя, хто з самага пачатку ўзяўся за падобнае даследаванне і абвясціў, што субстрат адзін, не зведалі аніякае незадаволенасці сабою, але ва ўсякім разе некаторыя з тых, хто прызнаваў адзін субстрат, быццам пад ціскам гэтага даследавання абвяшчалі адзінае нерухомым, як і ўсю прыроду, не толькі ў дачыненні да ўзнікнення і знішчэння (гэта старажытная тэорыя, і ўсе з ёю пагаджаліся), але і ў дачыненні да ўсялякага іншага кшталту змяненняў; і праз гэта іх думкі адрозніваюцца ад іншых. Такім чынам, з тых, хто абвяшчаў сусветнае цэлае адзіным, нікому не ўдалося разгледзець адзначаную прычыну, хіба што Парменіду, дый яму адно таму, што ён дапускае не адну, але ў нейкім сэнсе дзве прычыны. Тыя ж, хто прызнае мноства прычын, хутчэй могуць пра гэта казаць; напрыклад, тыя, хто прызнае за пачаткі цёплае і халоднае або агонь і зямлю: яны разглядаюць агонь як тое, што валодае рухальнай прыродаю, а ваду, зямлю і да таго падобнае як процілеглае яму.
Пасля гэтых філосафаў з іх пачаткамі, бо гэтых пачаткаў было замала, каб вывесці з іх прыроду існага, сама праўда, як мы сказалі, вымушала шукаць далейшы пачатак. Што адны рэчы бываюць, а іншыя робяцца добрымі і цудоўнымі, прычынай гэтага не можа, натуральна, быць ні агонь, ні зямля, ні што-небудзь іншае гэткага самага кшталту, ды так яны і не думалі; але гэтак жа памылкова было б аддаць такую справу выпадку і простаму збегу акалічнасцяў. Таму той, хто сказаў, што розум знаходзіцца і ў прыродзе, гэтак жа як у жывых істотах, і што ён ёсць прычынаю сусветнага парадку і ўсяе светабудовы, здаваўся разважлівым у параўнанні з неабдуманымі разважаннямі яго папярэднікаў. Мы ведаем, што Анаксагор выказаў такія думкі, але маюцца падставы лічыць, што раней за яго пра гэта сказаў Герматым з Клазаменаў. Тыя, хто адстойваў такі погляд, адначасова прызнавалі прычыну дасканаласці [у рэчах] першапачаткам існага, і прытым гэткім, ад якога існае атрымоўвае рух...