Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
межы гэтых грубых аперацый, мы адчуем сваю бездапаможнасць і бездань, што зеўрае пад намі.
Прабачце ўсяму свету за тое, што ён памыляўся, калі верыў у самастойнае існаванне матэрыі. Ды і ці мог ён дзейнічаць іначай? Як можна ўявіць сабе, што рэч, якая не мае пераемнасці, не існавала спрадвеку? Калі існаванне матэрыі не было неабходным, чаму яна існуе? I калі ёй было неабходна існаваць, чаму яна не існавала ад веку? Аніводная аксіёма не мела гэткага ўніверсальнага распаўсюду, як гэтая: «Нішто не ўзнікае з нічога». У выніку, процілеглы тэзіс неспасцігальны. Ва ўсіх народаў хаос папярэднічаў уладкаванню цэлага свету, створанага боскаю рукой. Вечнасць матэрыі ані ў аднаго народа не пашкодзіла культу Боскасці. Рэлігія ніколі не была здольная падважыць уяўленне, якое прызнавала вечнага Бога ўладаром вечнае матэрыі. Мы цяпер досыць ашчасліўленыя вераю, якая дапамагае нам зразумець, што Бог здабыў матэрыю з небыцця; аднак аніводзін народ не быў раней навучаны гэтаму дагмату; самі іўдзеі яго не ведалі. Першы верш «Кнігі Роду» абвяшчае, што багі Элогім (а не адзін Элоі) стварылі неба і зямлю; але там не сказана, нібыта неба і зямля былі створаныя з нічога...
Матэрыя, маючы вечны характар, павінна была мець вечныя ўласцівасці гэткія, як канфігурацыю, сілу інерцыі, рух, падзельнасць. Апошняя ёсць адно толькі вынікам руху, бо без яго нішто не падзяляецца, не драбніцца і не арганізуецца зноўку. Такім чынам, рух разглядалі як уласцівы матэрыі. Хаос быў бязладным рухам, а космас рухам упарадкаваным, які валадар сусвету надаў усім целам. Але як магла матэрыя мець свой уласны рух? Паводле ўсіх антычных філосафаў, яна валодала ім гэтаксама, як працягласцю і непранікальнасцю.
Аднак калі яе немагчыма спазнаць без працягласці, то цалкам можна спасцігнуць без руху. На гэта адказвалі: немагчыма сабе ўявіць, каб матэрыя была непранікальнаю; але калі яна пранікальная, то нешта мусіць пастаянна пранікаць у яе поры; сапраўды, дзеля чаго існуюць праходы, калі няма чаму праходзіць?
Пытанні, адказы і гэтак бясконца; сістэма вечнай матэрыі мае свае вялікія цяжкасці, як і ўсе астатнія сістэмы. Тая, якая дапускае ўтварэнне матэрыі з небыцця, не менш неспасцігальная. Яе трэба дапусціць, не цешачы сябе пры гэтым надзеяй на магчымасць яе абгрунтавання; філасофія ўвогуле нічога не абгрунтоўвае. Якія толькі неспасцігальныя рэчы не бываем мы змушаны дапускаць, нават у геаметрыі! Ці можна спасцігнуць дзве лініі, якія пастаянна сыходзяцца, але ніколі не перасякаюцца?
Што праўда, геометры нам кажуць: уласцівасці асімптот вам даказаны, вы не можаце адмовіцца дапусціць іх, а тварэнне не даказана зусім, то чаму ж вы яго дапускаеце? Што перашкаджае вам верыць разам з усёю антычнасцю ў вечную матэрыю? 3 іншага боку, на вас накінецца тэолаг і скажа вам: калі вы верыце, што матэрыя вечная, значыць, вы прызнаяце два прынцыпы Бога і матэрыю...
Мы нічога не адкажам геометрам, бо гэтыя людзі ведаюць адно толькі свае лініі, паверхні ды аб’ёмы; а тэолагу можна сказаць: чаму вы далучаеце мяне да маніхеяў? Вось перад вамі камяні, не створаныя аніякім дойлідам, але дойлід узвёў з іх велізарны будынак; я не дапускаю двух дойлідаў: грубы камень падпарадкаваўся магутнасці і таленту.
На шчасце, якой бы сістэмы ні трымацца, ніводная з іх не шкодзіць маралі, бо якая розніца створана матэрыя ці ўладкаваная? Усё адно, Бог наш абсалютны валадар. Мы мусім быць аднолькава дабрадзейнымі пры ўладкаваным хаосе або пры хаосе, што паўстаў з небыцця; амаль ніводная з гэтых метафізічных праблем не ўплывае на жыццёвыя паводзіны; дыспуты тое самае, што марная балбатня за сталом: пасля бяседы кожны забывае, што ён сказаў, і накіроўваецца туды, куды клічуць яго ягоныя інтарэсы і густы.
Вальтэр. Філасофскі слоўнік. Пераклад
Р. Грудніцкага (рэдакцыя паводле:
http://www.lechasseurabstrait.com/revue/ IMG/pdf/Voltaire_-_Dictionnaire_philosophique.
pdf/p. 1561-1563/).
ДЭВІДХ’ЮМ (ЮМ)
Няма такога ўражання або такой ідэі любога кшталту, якіх бы мы не ўсведамлялі або не прыгадвалі і пра якія б мы не ўяўлялі, што яны існуюць; відавочна, што з такога ўсведамлення і выводзіцца найбольш дасканалая ідэя быцця і ўпэўненасць у ім. Грунтуючыся на гэтым, мы можам сфармуляваць наступную дылему, самую зразумелую і пераканаўчую, якую толькі можна сабе ўявіць, а менавіта: паколькі мы ніколі не прыгадваем ніводнага ўражання і ніводнае ідэі, не прыпісваючы ім існавання, значыць ідэя існавання павінна або выводзіцца з выразнага ўражання, спалучанага з кожным успрыманнем ці з кожным аб’ектам нашай думкі, або быць тоеснай самой ідэі ўспрымання ці аб’екту.
Паколькі гэтая дылема, відавочна, вынікае з прынцыпу, які абвяшчае, што кожная ідэя паходзіць ад падобнага да яе ўражання, то наш выбар паміж абодвума палажэннямі дылемы не можа паддавацца сумневу. He толькі няма такога выразнага ўражання, якое суправаджала б кожнае ўражанне і кожную ідэю, але я не думаю, каб існавалі ўвогуле два выразныя ўражанні, якія былі б непарыўна злучаныя. Хоць нейкія адчуванні і могуць быць у пэўны час злучаныя, мы неўзабаве заўважаем, што яны дапускаюць падзеленасць і могуць быць пададзены паасобку. I гэткім чынам, хоць кожнае ўражанне і кожная ідэя, якія мы толькі памятаем, разглядаюцца як існыя, аднак ідэя існавання не выводзіцца з якога-кольвечы асобнага ўражання.
Вось жа, ідэя існавання тоесная ідэі таго, што мы ўяўляем як існае. Проста думаць пра якую-небудзь рэч і думаць пра яе як пра існую не ўяўляе сабою ніякай розніцы. Ідэя існавання, далучаная да ідэі якога-небудзь аб’екта, нічога да яе не дадае. Што б мы сабе ні ўяўлялі, мы ўяўляем гэта як існае. Любая ідэя, якую б мы ні стварылі, ёсць ідэяй пэўнага быцця; а ідэя пэўнага быцця гэта любая ідэя, якую б мы ні стварылі.
Кожны, хто будзе выказвацца супраць гэтага, неабходным чынам павінен паказаць гэтае выразнае ўражанне, з якога выводзіцца ідэя быцця, і давесці, што гэтае ўражанне неадлучнае ад кожнага [такога] успрымання, якое мы лічым існым. А гэта, як мы можам зрабіць выснову без усялякіх ваганняў, немагчыма.
Выкладзеная намі вышэй аргументацыя, датычная адрознівання ідэй пры адсутнасці рэальнага адрознення паміж імі тут нам цалкам не прыдатная. Гэты
від адрознівання заснаваны на тым, што адна і тая ж простая ідэя можа быць падобнаю да розных ідэй з рознага гледзішча. Але нам не можа быць дадзены такі аб’ект, які быў бы падобны да нейкага аб’екта з гледзішча яго існавання і адрозніваўся б ад іншых аб’ектаў з таго самага гледзішча, бо ўсялякі дадзены аб’ект абавязкова павінен быць існым.
Падобная ж аргументацыя растлумачыць нам таксама ідэю знешняга існавання. Мы можам заўважыць, што ўсе філосафы прызнаюць той і сам па сабе досыць відавочны факт, што розуму рэальна ніколі не дадзена нічога, акрамя яго ўспрыманняў або ўражанняў ды ідэй, і што знешнія аб’екты робяцца нам вядомымі толькі праз выкліканыя імі ўспрыманні. Ненавідзець, кахаць, думаць, адчуваць, бачыць усё гэта тое самае, што і ўспрымаць.
Але калі розуму ніколі не дадзена нічога, акрамя ўспрыманняў, і калі ўсе ідэі выводзяцца з чаго-небудзь, папярэдне дадзенага розуму, то адсюль вынікае, што мы не можам уявіць сабе што-небудзь або стварыць ідэю чагосьці спецыфічна адрознага ад ідэй і ўражанняў. Паспрабуем засяродзіць сваю ўвагу [на чымсьці] па-за намі, наколькі гэта магчыма; паспрабуем узнесціся сваім уяўленнем да нябёсаў або да крайніх межаў сусвету; мы рэальна ані на крок не выходзім па-за межы саміх сябе і не можам уявіць сабе якое-кольвечы існаванне, акрамя тых успрыманняў, што з’явіліся ў абсягу гэтага вузкага далягляду. А гэты кругагляд сусвет, што ствараецца ўяўленнем, і ў нас няма ідэй, акрамя тых, што спароджаныя тут.
Самае большае, што мы можам зрабіць дзеля таго, каб зразумець знешнія аб’екты, мяркуючы, што яны спецыфічна адрозныя ад нашых успрыманняў, гэта ўтварыць суадносную ідэю пра іх, не прэтэндуючы на спасціжэнне аб’ектаў, суаднесеных з успрыманнямі. Уласна кажучы, мы і не мяркуем, што знешнія аб’екты спецыфічна адрозныя ад успрыманняў, а толькі прыпісваем ім іншыя дачыненні і сувязі ды іншую працягласць.
Дэвід Х’юм. Трактат аб чалавечай прыродзе. Пераклад Л. Барійчэўскага паводле: https://ebooks.adelaide.edu.au/hZ hume/david/treatise-of-human-nature/Bl. 2.6.html
БЕНЕДЫКТ ДАБШЭВІЧ
3 метафізікі
Метафізіка гэта навука пра тое, што ёсць у роўнай ступені агульным для матэрыяльных і нематэрыяльных рэчаў. Яна падзяляецца на онталогію, этыялогію і пнеўматалогію. У онталогіі гаворка ідзе пра існае, у этыялогіі аб прычынах, у пнеўматалогіі пра духаў.
Онталогія
...Онталогія гэта навука, якая разглядае быццё (існае) наогул і яго агульныя ўласцівасці. Пад назваю існага наогул мы разумеем усё тое, што ёсць магчымым. Пры гэтым існае, якое разумеецца адасоблена, разглядаецца або як магчымае,
або як тое, што існуе, або як субсістэнтнае. Магчымае існае гэта ўсё тое, што ўключае ў сваё разуменне «дапасаванне прэдыкатаў», вось чаму мы зводзім унутраную магчымасць існых рэчаў да спалучэння (дапасавання) атрыбутаў, а не да ўсёмагутнасці Бога, як лічыў Дэкарт.
Разам з тым, субсістэнтным існым мы называем субстанцыю, што існуе самастойна і субстанцыянальна не спалучана з якой-кольвечы іншай дзейнай субстанцыяй...
Бенедыкт Дабшэвіч. Погляды новых філосафаў, растлумачаныя і праілюстраваныя фізічнымі з’явамі, матэматычнымі доказамі, развязаннямі задач, назіраннямі ды эксперыментамі, (выкладзеныя ў Наваградку і Вільні,) 1760 г.
Перакпад Л. Баршчэўскага паводле: Памятнмкн фмлософской мыслн Белоруссйн XVII первой половмны XVIII в.Ммнск, 1991.
С. 251-252 (Перевод А. Цукермана).
Арыгінальны тэкст у: Dobszewicz, В. Placita recentiorum philosophorum explanata nec non phenomenis physicis, demonstrationibus mathematicis, resolutionibus problematam, observationibus ac experimentis, adornata in Nowogrudek et Vilna. Vilnae, 1760.
ПОЛЬГОЛЬБАХ
Людзі заўсёды будуць памыляцца, калі пачнуць грэбаваць досведам дзеля сістэм, спароджаных уяўленнем. Чалавек твор прыроды, ён існуе ў прыродзе, падпарадкаваны яе законам, не можа вызваліцца ад яе, не можа нават у думках выйсці з-па-за яе межаў. Дарэмна імкнецца яго дух рынуцца па-за межы бачнага свету ён заўсёды вымушаны змяшчацца ў яго абсягу. Для істоты, створанай прыродаю і абмежаванай ёю, не існуе нічога, апроч таго вялікага цэлага, частку якога яно складае і ўздзеянне якога адчувае. Меркаваныя істоты, якія нібыта адрозныя ад прыроды і якія стаяць па-над ёю, заўсёды застануцца зданямі, і мы ніколі не здолеем скласці сабе слушных уяўленняў пра іх, гэтаксама як і пра іх месцазнаходжанні і характары дзеянняў. Няма і не можа быць нічога па-за прыродаю, якая ахоплівае сабою ўсё, што існуе.