Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Але быццё як прысутнасць мы пачуем зусім не толькі пры ўзгадванні старажытнага, данесенага да нас элінізмам выкладу раскрыцця быцця. Найбольш неадчэпна выяўляе сябе шырыня ахопу прысутнасці тады, калі мы ўсведамляем, што і адсутнасць, як раз і яна, застаецца вызначанаю праз прысутнасць, часам узмоцненую аж да вусцішнасці.
Марцін Гайдэгер. Час і быццё. Пераклад
Л. Баршчэўскага паводле: Heidegger, М.
Zeit und Sein. En hommage a Jean Beaufret. П Eendurance de la pensee. Paris, 1968. P. 14-20.
BEPHEP ГАЙЗЕНБЕРГ
Самыя маленькія часткі матэрыі... гэта не першасна-існыя рэчы, як падаецца ў філасофіі Дэмакрыта; гэта матэматычныя формы. Становіцца зразумелым, што форма тут важнейшая за матэрыял, з якога складаецца форма або які яўляецца нам у гэтай форме.
...Існуе магчымасць або тэндэнцыя Быцця. Таму элементарная часцінка сучаснае фізікі істотна больш абстрактная за атам у грэкаў, і акурат з гэтае прычыны яна, відаць, больш прыдатная ў якасці ключа дзеля разумення паводзінаў матэрыі.
...Бо найменшыя адзінкі матэрыі ў сапраўднасці не ёсць фізічнымі аб’ектамі ў звыклым сэнсе слова; яны формы, структуры, або ў платонаўскім разуменні ідэі, пра якія недвухсэнсоўна можна разважаць толькі моваю матэматыкі.
.. .Усё, што мы назіраем у свеце з’яваў, гэта сфармаваная матэрыя. Матэрыял не ёсць самою па сабе рэальнасцю, а толькі магчымасцю, «патэнцыяй»: ён існуе толькі дзякуючы форме. У тым, што адбываецца ў прыродзе, «быццё», як яго называе Арыстотэль, пераходзіць ад магчымага праз форму да фактычнага, да актуальнага.
...Калі прыродазнаўчыя навукі даследуюць праблемы матэрыі, яны ў першую чаргу павінны вывучаць формы матэрыі.
Вернер Гайзенберг. Фізіка і філасофія. Пераклад
Л. Баршчэўскага паводле: Heisenberg, W. Physik und Philosophic. Stuttgart, 1984. S. XXI, 53, 55,137, 139.
ЯНПАТАЧКА
Існасць, якая яўляецца, i існасць, якой яўляецца, аналізуюцца ў сваім быцці, якое само мусіць фарміравацца так, каб яно адпавядала ўмовам явы як такой. Гэта не значыць, што ява ператвараецца ў быццё, а наадварот, гэта азначае тое, што ява бярэцца так, каб быццё існасці, як чалавек, якому яўляюцца рэчы, адпавядала ўмовам явы. Мы бачылі, што быццё чалавека, сума чалавека мае дзве падставовыя мадальнасці: рассеянасць, страту сябе, і прыйсце да сябе, знаходжанне сябе. У абедзвюх ёсць нешта супольнае, у абедзвюх выяўляецца стасунак да сябе самога. Страта сябе і знаходжанне сябе і тое, і другое выяўляе стасунак да сябе. У адным выпадку мы прыходзім да сябе, у другім не. У абодвух выпадках у гэтым стасунку ёсць пэўная структура, якая робіць магчымым, што і рэчы нам, і мы самі сабе робімся зразумелымі. У вельмі фармальным сэнсе «зразумелы» не азначае: гэткі, які застаўся ў арыгінале, але і ў пэўным сэнсе закрыты, які не сустракаецца з самім сабою.
Што азначае сустрэцца з нечым і мець нешта перад сабою як феномен? Як я фармулюю досвед таго, што я з нечым сустракаюся, што мне нешта яўляецца? Самай агульнаю фармулёўкай таго, што мне нешта яўляецца хай сабе ў форме вызначанага або нявызначанага досведу ёсць тая, што надыходзіць нейкая канфрантацыя, што рэч, якая мне яўляецца, і я знаходзімся пэўным чынам твар у твар, што мы прысутныя, я пры гэтай рэчы, а рэч нейкім чынам пры мне. Яўляцца і быць наяве азначае неяк быць тут. Гэтую прысутнасць, якую мы разумеем, так бы мовіць, як месца, дзе адбываецца сустрэча мяне і іншай істоты, рэчы, мы павінны неяк умець ахарактарызаваць, разумець яе. Нашы паводзіны, наша абыходжанне з рэчамі заўсёды ўцямныя, яны змяшчаюць у сабе ўсведамленне таго, што я абыходжуся з нечым, што мне яўляецца ў той або іншай форме, з чым я сутыкаюся і пры чым я прысутны. Практычнае абыходжанне, якое выводзіцца з гэтага, усяго толькі мадальнасці прысутнасці. Але асабліва тады, калі я выразна запытваюся пра глыбейшыя дачыненні таго, з чым я сустракаюся, калі я пытаюся аб прычынах, што прыводзяць да таго, каб я сказаў пра рэч, што яна такая, а не іншая, у гэтым глыбейшым спасціжэнні рэчаў, з якімі я сустракаюся, мы павінны мець дакладнае разуменне таго, што робіць прысутнае прысутным, што ляжыць у падмурку таго, што рэчы ёсць, чым яны ёсць, і калі яны прысутныя, чаму яны такія, а не іншыя. Вартае ўвагі тое, што ва ўсёй тэматызацыі пытанні, чаму існуюць рэчы, чым яны ёсць і чаму яны яўляюцца нам у тым выглядзе, у якім яны яўляюцца, адыгрывае важную ролю момант прысутнасці рознымі спосабамі стылізаваны.
Ян Патачка. Уводзіны ў фенаменалагічную філасофію.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Patocka, J. Uvod do fenomenologicke filosofie. Praha, 1993. S. 181.
IV. ФІЛАСОФСКАЯ АНТРАПАЛОГІЯ
Біясацыяльная прырода чалавека. Пытанне аб паходжанні чалавека гэта пачатак усіх разважанняў аб яго прыродзе. Адна з галоўных праблем прыроды чалавека гэта праблема душы і цела, іх узаемаадносінаў. У антычныя часы душа часта разглядалася як несмяротная частка прыроды чалавека, як пачатак яго жыцця і руху, у адрозненне ад цела, якое памірае і сканчаецца. Пры гэтым Арыстотэль дае ўжо тады два найбольш класічныя азначэнні чалавека: гэта «разумная жывёла» і «палітычная істота», -падкрэсліўшы праз іх значнасць мыслення і сацыяльнай формы бытавання для вызначэння сутнасці чалавека. Пазней ідэя несмяротнай душы і грахоўнага смяротнага цела была падтрыманая ў хрысціянскай культуры. Але ў Сярэднявеччы відавочна склалася адрозная траістая мадэль разумення чалавека паводле аналогіі з трыма тварамі хрысціянскага Бога: цела, душа і дух. Калі душа пачынае разглядацца пераважна як псіхічна-эмацыйны пачатак чалавека, носьбіт яго маральных якасцяў, то дух гэта вышэйшы пачатак, які адказвае за розум і творчасць, вышэйшыя каштоўнасці і ідэалы чалавечага жыцця. Менавіта праз дух чалавек стварае культуру. У перыяд Адраджэння сфармавалася гуманістычная канцэпцыя, якая ўзносіла чалавека як вышэйшую дасканаласць і адзін з найвялікшых цудаў прыроды, перадусім звяртаючы ўвагу на яго творчыя якасці. У XX ст., у звязку з паўставаннем адмысловай школы філасофскай антрапалогіі (Макс Шэлер, Арнольд Гелен, Гельмут Плеснэр і інш.) чалавек пачынае разглядацца перадусім як біясацыяльнае адзінства з крытыкай дуалістычнага падыходу філосафаў Новага часу (XVII-XIX стст.), перадусім Рэнэ Дэкарта, якія проціпастаўлялі разумовую і фізічную прыроды чалавека. На адзінстве цялеснай і псіхічнай прыродаў таксама робіць акцэнт экзістэнцыяльна-фенаменалагічная традыцыя філасофіі.
У такім разе быццё асобнага чалавека разглядаецца як непасрэдна дадзенае адзінства цела і духу. Чалавек з гэтай пазіцыі з’яўляецца комплекснаю матэрыяльна-духоўнаю, аб’ектыўна-суб’ектыўнаю рэальнасцю. Пры гэтым духоўнае і суб’ектыўнае значыць не менш, чым матэрыяльнае і аб’ектыўнае. Філасофскія пошукі чалавека гэта, найперш, пошукі сувязі паміж целам і духам, целам і думкамі, перажываннямі, воляй тым, што традыцыйная філасофія і тэалогія называла душою, а сучасная навука азначае як псіхіку. Праблема душы і цела гэта вядомая псіхафізіялагічная праблема, якая на розных этапах гісторыі чалавецтва вырашалася анімістычнымі, рэлігійнымі, філасофскімі сродкамі. У другой палове XIX ст. яна вылучылася з філасофіі і стала асноваю асобнай навукі псіхалогіі. У філасофіі ж яна выяўляла сябе як праблема ідэальнага, як пытанне аб узаемасувязі біялагічнага і сацыяльнага ў чалавеку.
Чалавека можна разглядаць як біялагічную істоту. У гэтай сваёй якасці ён ёсць арганізмам, часткаю прыроды. Чалавека можна разглядаць і сацыяльна, тады ён
паўстае як асоба. У рэальным жыцці рэальнага чалавека адлучыць адно ад аднаго немагчыма. Біялагічнае ў чалавеку гэта сукупнасць цялесных уласцівасцяў, што развіліся ад жывёльных продкаў і змяняліся пад уздзеяннем сацыяльных фактараў. Біялагічныя асаблівасці ёсць неабходнай умоваю існавання чалавека і ствараюць прыродныя падставы для фармавання асобы. Яны, такім чынам, выступаюць асновай сацыяльнага бытавання чалавека.
Сацыяльнае гэта ўсё тое, што чалавек набывае ў працэсе антрапасоцыягенезу, што ўзнікае ў онтагенезе ў выніку зносінаў з іншымі людзьмі. 3 гэтага пункту погляду чалавек гэта сацыяльна дэтэрмінаваная і сацыяльна інтэграваная жывая сістэма, біялагічныя асаблівасці якой кантралююцца сацыяльнымі якасцямі. Найбольш выразнаю праяваю сацыяльнасці чалавека ёсць яго інтэнцыянальнасць, звязаная з жаданнямі, інтарэсамі, схільнасцямі, ідэаламі, нормамі, ацэнкамі, перакананнямі, светапоглядам. Паводзіны чалавека дэтэрмінаваны не прыроднымі законамі, а спецыфічна чалавечымі матывамі ды ацэнкамі і ажыццяўляюцца паводле мэты як каштоўнасна арыентаванай інтэнцыянальнасці. Чалавек, такім чынам, гэта біясацыяльная істота, існаванне якой падпарадкавана дзвюм праграмам: біялагічнай і сацыяльна-культурнай.
Аляксандр Бобр і Алена Хоміч, складальнікі «Хрэстаматыі па філасофскай антрапалогіі», адзначаюць: «У сістэме філасофскіх ведаў антрапалагічная праблематыка адыгрывае адну з ключавых роляў, бо менавіта ў феномене чалавека сукупнасць анталагічных, гнасеалагічныя і сацыяльна-філасофскіх ведаў знаходзіць сваё сэнсавае адзінства і абгрунтаванне».
Праблема існавання і паходжання чалавека таксама шчыльна звязаная з разуменнем яго прыроды. Збольшага яна паяднаная з праблемай існавання і паходжання чалавечай свядомасці, пра што адзначаецца ў адпаведным раздзеле. Але ў шэрагу канцэпцый паходжанне чалавека звязваюць з іншымі сусветнымі працэсамі: творчым актам вышэйшай боскай сутнасці ў межах агульнай касмічнай дзейнасці стварэння (крэацыянізмў, паступовым развіццём чалавека як біялагічнай істоты ад найпрасцейшых арганізмаў у сучасны стан з набыццём новых карысных якасцяў паводле агульных біялагічных законаў (эвалюцыянізмў, засяленне зямлі продкамі сучаснага чалавека праз касмічную экспансію іншапланетных цывілізацый (касмаганічная гіпотэза) ды інш. Усе гэтыя тэорыі могуць даваць матэрыял для дыскусіі і падкрэсліваюць істотнасць дадзенай праблематыкі дзеля разумення чалавекам свайго месца ў свеце.
Падсумуем сказанае.
1)	чалавек ёсць вынікам працяглай у часе эвалюцыі прыроды, абумоўленай як прыродна-біялагічнымі, так і сацыяльнымі чыннікамі;
2)	па сваёй прыродзе чалавек ёсць біясацыяльнай істотай, існаванне якой абумоўлена дзвюма праграмамі: біялагічнай і сацыяльнай;