Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Няхай жа чалавек перастане шукаць па-за светам, ім заселеным, істоты, здольныя даць яму тое шчасце, у якім яму адмаўляе прырода; няхай ён вывучае гэтую прыроду і яе законы, няхай сузірае яе энергію і нязменны характар дзеянняў; няхай ён скарыстае свае адкрыцці дзеля дасягнення свайго ўласнага шчасця і моўчкі падпарадкуецца законам, ад дзеяння якіх нішто не можа яго вызваліць. няхай ён пагодзіцца з тым, што не ведае прычын, схаваных для яго за непранікальнай заслонаю; няхай моўчкі ўпакорыцца загадам універсальнае сілы, якая ніколі не дае ходу назад і ніколі не можа ўхіліцца ад дзеяння законаў, прадпісаных ёй яе ўласнай існасцю.
Раней дапускаліся відавочныя злоўжыванні, калі гэтак часта падкрэсліваліся адрозненні паміж фізічным чалавекам і чалавекам маральным. Чалавек ёсць чыста фізічнай істотаю; маральны чалавек гэта тая ж самая фізічная істота, толькі разгляданая з пэўнага ракурсу, г. зн. у дачыненні да пэўнага характару дзеянняў, абумоўленага асаблівасцямі яго арганізацыі. Але хіба гэтая арганізацыя не здзейснена прыродаю? Хіба даступныя ёй рухі або характар дзеянняў не ёсць фізічнымі? Бачныя дзеянні чалавека, гэтаксама, як і тыя нябачныя рухі, што здзяйсняюцца ўнутры яго, спароджаныя яго воляю ці думкаю, ёсць натуральным наступствам, непазбежным вынікам яго ўласнага складу і атрыманых ім імпульсаў ад навакольных істот. Усё, што было прыдумана на працягу гісторыі чалавечым інтэлектам, каб змяніць або палепшыць жыццё людзей і зрабіць іх больш шчаслівымі, заўсёды было толькі непазбежным вынікам самае існасці чалавека ды жывых істот, што ўздзейнічалі на яго. Усе нашы ўстановы, нашы разважанні ды пазнанні маюць за сваю мэту толькі прынесці нам тое шчасце, да якога нас змушае няспынна імкнуцца наша ўласная прырода. Усё, што мы робім або што мы мыслім, усё, чым мы ёсць і чым мы будзем, заўсёды толькі вынік таго, чым нас зрабіла ўсёабдымная прырода. Усе нашы ідэі, жаданні, дзеянні ўяўляюць сабою неабходны вынік сутнасці і якасцяў, укладзеных у нас гэтаю прыродай, і абставінаў, якія змяняюць наш кшталт і якія яна прымушае нас адчуваць. Адным словам, мастацтва гэта тая самая прырода, якая дзейнічае з дапамогаю створаных ёю інструментаў...
...Фізічны чалавек гэта чалавек, які дзейнічае пад уплывам прычын, якія распазнаюцца намі з дапамогаю нашых пачуццяў. Духоўны чалавек гэта чалавек, які дзейнічае пад уплывам фізічных прычын, спазнаць якія нам перашкаджаюць нашыя прымхі. Дзікі чалавек гэта дзіця, пазбаўленае досведу, не здольнае працаваць дзеля свайго шчасця. Цывілізаваны чалавек гэта такі чалавек, якому досвед і грамадскае жыццё даюць магчымасць выкарыстоўваць прыроду дзеля свайго ўласнага шчасця. Асвечаны, дабрадзейны чалавек гэта чалавек у стадыі сваёй сталасці ці сваёй дасканаласці. Шчаслівы чалавек гэта такі чалавек, які ўмее карыстацца дабрадзействамі прыроды. Няшчасны чалавек гэта такі чалавек, які не ўмее карыстацца яе дабрадзействамі.
Такім чынам, чалавек ва ўсіх сваіх пошуках павінен звяртацца да досведу і да фізікі: іх парадамі ён павінен карыстацца ў сваёй рэлігіі, у сваёй маралі, у сваім заканадаўстве, у сваёй палітыцы, у навуках і мастацтвах, у сваіх задавальненнях і сваіх пакутах. Прырода дзейнічае паводле простых, аднаўзорных, нязменных законаў, спазнаць якія дазваляе нам досвед; з дапамогаю нашых пачуццяў мы звязаны з усёабдымнаю прыродай; з дапамогаю нашых пачуццяў мы можам рабіць яе аб’ектам доследу і раскрываць яе таямніцы; але як толькі мы пакідаем досвед, мы ляцім у пустэчу, дзе нас збівае з тропу наша ўяўленне.
Усе памылкі людзей гэта памылкі ў галіне фізікі; людзі ашукваюцца толькі тады, калі грэбуюць прыродаю, не хочуць лічыцца з яе законамі і заклікаць сабе на дапамогу досвед. Гэтак, не маючы досведу, яны склалі сабе недасканалыя ўяўленні пра матэрыю, яе ўласцівасці, склад, сілы, характар яе дзеяння або пра энергію, што вынікае з яе сутнасці. Таму ўвесь сусвет зрабіўся для іх арэнаю
ілюзій. Яны не зразумелі прыроды і яе законаў, не ўбачылі неабходных шляхоў, накрэсленых ёю для ўсяго, што ў ёй заключана. I гэта не ўсё! Яны не зразумелі саміх сябе; усе іх сістэмы, гіпотэзы, развагі, пазбаўленыя падмурку досведу, уяўляюць сабою толькі суцэльную сетку памылак і недарэчнасцяў...
Дакладна гэтак сама, менавіта таму, што чалавек не даследаваў прыроду і яе законы і не імкнуўся адкрыць яе ўласцівасці і рэсурсы, ён марнее ў невуцтве або робіць гэткія марудныя ды няслушныя крокі на шляху да паляпшэння сваёй долі. Праз сваю ляноту ён больш ахвотна кіруецца хутчэй прыкладам, руцінаю, аўтарытэтам, чым досведам, які падахвочвае да дзейнасці, і розумам, які патрабуе разважанняў. Гэтым тлумачыцца тая агіда, якую адчуваюць людзі да ўсяго, што, як ім здаецца, выходзіць па-за межы прыстойнасці, іх дурное і нявольніцкае захапленне даўніною ды самымі бязглуздымі ўстановамі айцоў; гэтым тлумачыцца іхняя трывога, калі ім прапануюць нават найбольш выгодныя перамены і найменш рызыкоўныя досведы. Вось чаму мы бачым, як народы знаходзяцца ў ганебнай летаргіі, стогнуць пад ярмом адвечных злоўжыванняў, як яны скаланаюцца пры адной думцы пра тое, што магло б дапамагчы ім у іх няшчасцях. 3 прычыны тае самае ленасці духу ды недахопу досведу медыцына, фізіка, агрыкультура адным словам, усе карысныя навукі маюць гэткі непрыкметны прагрэс, гэтак доўта застаючыся пад ярмом аўтарытэту. Тыя, хто займаецца гэтымі навукамі, з большай ахвотаю робяць выбар: лепш ісці даўно пракладзенымі дарогамі, чым церабіць новыя шляхі. Яны аддаюць перавагу трызненням свайго ўяўлення і сваім неабгрунтаваным здагадкам перад няпростымі эксперыментамі, якія толькі і могуць вырваць у прыроды яе таямніцы...
Узнімемся ж над аблокамі прымхаў. Выйдзем з густога туману вакол нас, каб прааналізаваць погляды людзей, іх розныя тэорыі. Давайце асцерагацца шаленства ўяўлення, пойдзем за досведам, звернемся да прыроды, паспрабуйма ўзяць у яе самой слушныя паняцці аб прадметах, у ёй заключаных. Звернемся да спрыяння нашых пачуццяў, якія нехта спрабаваў зрабіць падазронымі ў нашых вачах; запытаймася ў розуму, які бессаромна агаварылі і зганьбілі; будзьма ўважліва сузіраць відочны свет і давайце паглядзім, ці не дастаткова яго, каб даць нам магчымасць меркаваць пра невядомыя тэрыторыі духоўнага свету. Можа, мы высветлім, што не было аніякіх падставаў адрозніваць адно ад аднаго і падзяляць два царствы, што ў аднолькавай ступені ўваходзяць у абсяг прыроды...
Гэткім чынам, прырода, якая разумеецца ў найшырэйшым сэнсе гэтага слова, ёсць вялікім цэлым, што атрымліваецца ад злучэння розных рэчываў, іх розных спалучэнняў і розных рухаў, якія назіраюцца намі ў сусвеце. Прырода, што разумеецца ў больш вузкім сэнсе ці разглядаецца ў кожнай асобнай з’яве, гэта цэлае, якое вынікае з сутнасці, г. зн. з уласцівасцяў, спалучэнняў, рухаў або спосабаў дзеянняў, што адрозніваюць адпаведную з’яву ад іншых. Так, чалавек ёсць пэўным цэлым, якое вынікае з камбінацый вядомых рэчываў, надзеленых спецыфічнымі ўласцівасцямі, уладкаванасцю, якая называецца арганізацыяй, сутнасць якога палягае ў тым, каб адчуваць, думаць, дзейнічаць адным словам, рухацца спосабам, які адрознівае чалавека ад іншых істот, з якімі ён сябе параўноўвае. У выніку гэтага параўнання чалавек адносіць сябе да істот асаблівага парадку, сістэмы, кла-
са, адрознага ад класа жывёл, у якіх ён не заўважае тых жа самых уласцівасцяў, што ў сябе. Розныя сістэмы істот, або, калі заўгодна, іх спецыфічныя сутнасці, залежаць ад агульнай сістэмы, ад вялікага цэлага, ад усёабдымнай прыроды, частку якой яны складаюць і з якой неабходным чынам звязана ўсё існае.
Поль Гольбах. Сістэма прыроды. Пераклад Р. Грудніцкага (рэдакцыя паводле: Systeme de la nature ou des loix du monde physique & du mond moral. Par M. Mirabaud. A Londres, 1781. P. 1-7, 9).
УЛАДЗІМІР САЛАЎЁЎ
У рэальнасці «быццё» мае два цалкам розныя сэнсы, і калі абстрагавацца ад гэтага адрознення, то губляецца ўсялякі пэўны сэнс, застаецца адно слова. Калі я кажу: «я ёсць», «гэтая істота ёсць», і пасля, калі я кажу: «гэтая думка ёсць», «гэта адчуванне ёсць», то я ўжываю дзеяслоў «быць» у вельмі адрозным значэнні; у першым выпадку, калі гаворыцца пра быццё істоты мяне ці іншага, гэты дзеяслоў ужываецца ў сэнсе наўпроставым і безадносным: гэтая істота ёсць сама па сабе, яна уласны суб’ект быцця, быццё належыць яму самому наўпрост і непасрэдна; наадварот, у другім выпадку, калі гаворыцца пра быццё якога-небудзь адчування, напрыклад, чырвонага колеру або якога-небудзь паняцця, напрыклад, паняцця роўнасці, слова «быццё» ўжываецца ў сэнсе адносным і ўмоўным, адчуванне чырвонага колеру ёсць, але не само па сабе, а толькі ў тым выпадку, калі ёсць той, хто адчувае; паняцце роўнасці ёсць, калі ёсць розум, які мысліць, бо немагчыма дапусціць, каб адчуванне чырвонага колеру або паняцце роўнасці існавалі самі па сабе, без таго, хто адчувае і мысліць: тады яны перасталі б быць адчуваннем і паняццем. Іншымі словамі, калі ў першым выпадку ( «я ёсць») быццё разумеюць як прэдыкат пэўнага суб’екта, тае істоты, пра якую я кажу, што яна ёсць, то ў другім выпадку, наадварот, тое, пра што я кажу, адчуванне чырвані, паняцце роўнасці само ў сапраўднасці ёсць толькі прэдыкатам суб’екта, які адчувае і мысліць, і, такім чынам, не можа мець быццё сваім безадносным прэдыкатам.
Уладзімір Салаўёў. Філасофскія пачаткі цэласных ведаў. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Соловьев, В. С. Сочнненмя.
Т. 2. Москва, 1989. С. 698-699.
АНРЫБЕРГСОН
...Мы правялі раздзяляльную лінію паміж неарганічным і арганічным, але мы таксама зазначылі, што падзел матэрыі на неарганічныя целы суадносіцца з нашымі пачуццямі ды інтэлектам і што матэрыя, калі разглядаць яе як непадзельнае цэлае, хутчэй, уяўляе сабою паток, які рухаецца, чым нешта нерухомае. Тым самым мы пазначылі шлях да збліжэння неадушаўлёнага і жывога.
3	іншага боку, мы паказалі..што тая ж процілегласць адносіцца да інтэлекту і інстынкту, з якіх апошні звязаны з пэўнымі ўмовамі жыцця, а першы стасуецца з абрысамі мёртвай матэрыі. Але інстынкт і інтэлект, казалі мы далей, пры ўсім сваім адрозненні, маюць агульны падмурак, які, калі няма лепшага слова, можна назваць свядомасцю наогул; ён суіснуе з усеагульным жыццём. Тым самым мы пазначылі магчымасць вывесці інтэлект са свядомасці наогул, якая яго ахоплівае.