Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Зараз мы паспрабуем паказаць паходжанне інтэлекту адначасова з паходжаннем цел; калі, сапраўды, галоўныя лініі нашага інтэлекту абмалёўваюць агульную форму нашага ўздзеяння на матэрыю і матэрыя ў дакладнасці стасуецца з патрабаваннямі нашага ўздзеяння, то абедзве гэтыя з’явы, відавочна, карэлююць адна з адною. Інтэлектуальнасць і матэрыяльнасць ва ўсіх іх дэталях утварыліся праз узаемнае дапасаванне. I тая, і другая паходзяць з больш агульнай і высокай формы існавання. Тут і павінна быць іх месца, калі мы хочам бачыць іх узнікненне.
Гэткая спроба, як можа падацца напачатку, выходзіць далёка па-за межы самых смелых метафізічных спекуляцый. Яна хоча ісці далей за псіхалогію, далей за касмагонію і традыцыйную метафізіку, бо псіхалогія, касмагонія і метафізіка найперш прымаюць інтэлект у яго істотных рысах, у той час як тут гаворка ідзе пра ўзнікненне яго формы і яго матэрыі. Аднак гэтая задача, як мы зараз убачым, значна больш сціплая. Пакажам спачатку, чым яна адрозніваецца ад іншых.
Пачнем з псіхалогіі. He трэба думаць, што яна паказвае ўзнікненне інтэлекту, калі яна прасочвае яго прагрэсіўнае развіццё ў шэрагу жывёл. Параўнальная псіхалогія вучыць, што чым больш свядомая жывёла, тым больш яна імкнецца разважаць аб дзеяннях, якімі яно ўтылізуе прадметы, і такім чынам наблізіцца да чалавека; але тым самым яе дзеянні ўжо скіраваныя па галоўных лініях чалавечага дзеяння; яны вылучылі ў матэрыяльным свеце тыя ж агульныя напрамкі, што і мы, яны абапіраюцца на тыя ж самыя аб’екты, звязаныя тымі ж самымі дачыненнямі, так што, хоць інтэлект жывёл не ўтварае паняццяў ва ўласным сэнсе слова, але ён ужо рухаецца, так бы мовіць, у абстрактнай атмасферы. Ён у кожны момант абсарбаваны паводзінамі жывёлы і выкліканымі ім становішчамі яе, ён скіроўваецца імі вонкі, робячыся такім чынам, вонкавым у дачыненні да самога сябе; ён, несумненна, хутчэй разыгрывае ў асобах паказы, чым думае іх; але ў кожным выпадку гэтая гульня ўжо вызначае ў агульных рысах схему чалавечага інтэлекту. Тлумачэнне інтэлекту чалавека з інтэлекту жывёл і палягае проста ў тым, каб развіць, так бы мовіць, зародак чалавечнасці ў нешта чалавечае. Пры гэтым мы бачым, як ідуць, усё далей развіваючыся ў пэўным напрамку, усё больш і больш разумныя істоты. Але інтэлект выяўляецца ўжо з таго моманту, як мы паказалі кірунак руху.
Інтэлект, гэткім чынам, даецца адразу, як матэрыя, напрыклад, у касмагоніі Спенсера14; Спенсер паказвае нам, што матэрыя падпарадкавана законам, што
14 Англійскі сацыёлаг і філосаф XIX ст., адзін з родапачынальнікаў пазітывізму.
прадметы і з’явы звязаныя паміж сабой сталымі адносінамі, што свядомасць атрымлівае адбітак гэтых адносінаў і законаў, прыстасоўваючыся гэтак да агульнай карціны прыроды і вызначаючыся як інтэлект. Але тут зусім зразумела, што інтэлект падразумяваецца ўжо з таго моманту, калі бяруцца з’явы і прадметы. Ужо a priori, незалежна ад усялякіх гіпотэз аб сутнасці матэрыі, відавочна, што матэрыяльнасць цела не абмяжоўваецца тым пунктам, у якім мы дакранаемся да яго. Яна існуе паўсюды, дзе адчуваецца яе ўплыў. Але ж яе сіла прыцягнення, не закранаючы цяпер іншых сіл, уздзейнічае і на сонца, і на планеты, а магчыма, і на ўвесь сусвет. Чым далей развіваецца фізіка, тым больш яна знішчае індывідуальнасць цел і нават часцінак цел, на якія навуковае ўяўленне напачатку іх раскладала. Целы і часцінкі імкнуцца распусціцца ў сусветным узаемадзеянні. Нашы ўспрыманні хутчэй даюць нам выяву нашага магчымага ўздзеяння на рэчы, чым адлюстраванне саміх рэчаў. Абрысы, якія прыпісваюцца намі прадметам, проста паказваюць у іх тое, што мы можам дасягнуць і змяніць. Тыя лініі, якія, на нашу думку, пазначаюцца ў матэрыі, уяўляюць сабою лініі, на якіх нам даводзіцца дзейнічаць. Абрыс і дарожкі рабіліся згодна з тым, якім чынам рыхтавалася ўздзеянне свядомасці на матэрыю, г. зн. увогуле па меры фарміравання інтэлекту. Можна справядліва сумнявацца, каб жывёлы, збудаваныя паводле іншага плана, чым мы напр., малюскі або насякомыя бачылі ў матэрыі тыя самыя лініі, што і мы. Магчыма, няма нават ніякай неабходнасці, каб яны злучалі яе ў целы. Каб выконваць указанні інстынкту, няма ніякай патрэбы ўспрымаць прадметы дастаткова адрозніваць уласцівасці. Наадварот, інтэлект нават у самай сціплай форме, ужо імкнецца дасягнуць таго, каб матэрыя ўздзейнічала на матэрыю. Калі матэрыя з якога-небудзь боку дапускае падзел на дзейныя і масіўныя элементы ці хоць бы на асобныя часткі, якія суіснуюць, то менавіта гэты бок і прымае пад увагу інтэлект. Чым больш ён займаецца раскладаннем матэрыі на часткі, тым больш ён надае ёй, так бы мовіць, прасторавы характар, разглядаючы яе як размяшчэнне ў шэраг працяглых частак; несумненна, што такі характар уласцівы матэрыі, але ўсё ж такі яе часткі знаходзяцца ў стане змешвання і ўзаемнага пранікнення. Гэткім чынам, той жа самы працэс, які ператварае свядомасць у інтэлект, г. зн. у сістэму выразных паняццяў, прыводзіць матэрыю да падзелу на зусім вонкавыя ў дачыненні адзін да аднаго аб’екты. Чым больш інтэлектуальны характар прымае свядомасць, тым больш прасторавы выгляд атрымоўвае матэрыя. А гэта значыць, што калі эвалюцыйная філасофія ўяўляе сабе ў прасторы матэрыю, разрэзаную па тых лініях, па якіх будзе адбывацца наша дзейнасць, гэтая філасофія загадзя прымае гатовы інтэлект, паходжанне якога яна хацела растлумачыць.
Бергсон, А. Творчая эвалюцыя. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Bergson, Н. Creative Evolution.
In the Authorized Translation by A. Mitchell.London, 1922.
P. 196-199.
АЛФРЭД НОРТ ЎАЙТХЕД
Пад рэчывам, або матэрыяй, я маю на ўвазе ўсё тое, што валодае ўласцівасцю проста займаць пэўнае месца. Пад існаваннем у пэўным месцы маецца на ўвазе некаторая асноўная характарыстыка, якая адносіцца роўным чынам да прасторы і часе, і пэўныя менш значныя характэрыстыкі, па-рознаму звязаныя з прастораю і часам.
Уласцівасць, агульная як для прасторы, гэтак і для часу, палягае ў тым, што пра рэчыва можна казаць як пра тое, што знаходзіцца тут у часе і тут у прасторы, або тут у прасторы-часу ў зусім пэўным сэнсе, які дзеля свайго разумення не патрабуе аднясення да іншых участкаў прасторы-часу. Вельмі цікава, што ўласцівасць, што знаходзіцца дзе-небудзь, выяўляецца менавіта тады, калі мы разглядаем пэўную сферу прасторы-часу з гледзішча яе абсалютнай ці рэлятыўнай абумоўленасці.
Алфрэд Норт Ўайтхед. Навука і сучасны свет. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Whitehead, A. N. Science and the Modern World. Cambridge Univ. Press, 1953. P. 61-62.
УЛАДЗІМІР ВЯРНАДСКІ
Жывое рэчыва ёсць носьбітам і стваральнікам свабоднай энергіі, якая не існуе ў гэткім маштабе ні ў якай зямной абалонцы. Гэтая свабодная энергія біягеахімічная энергія ахоплівае ўсю біясферу і вызначае збольшага ўсю яе гісторыю.
У межах жывога рэчыва ў апошнія дзесяць тысяч гадоў ізноў ствараецца і хутка павялічваецца ў сваім значэнні новая форма гэтай энергіі, яшчэ большая паводле сваёй інтэнсіўнасці і складанасці. Гэтая новая форма энергіі, звязаная с жыццядзейнасцю чалавечых супольнасцяў, роду Homo і іншых (гамінідаў), блізкіх да яго, захоўваючы ў сабе праяву звычайнае біягеахімічнае энергіі, выклікае ў той жа самы час новага кшталту міграцыі хімічных элементаў, якія ў сваёй разнастайнасці і магутнасці пакідаюць далёка за сабою звычайную біяхімічную энергію жывога рэчыва планеты.
Гэтая новая форма біягеахімічнае энергіі, якую можна назваць энергіяй чалавечай культуры ці культурнаю біягеахімічнаю энергіяй, ёсць тою формай біягеахімічнае энергіі, якая стварае ў цяперашні час наасферу...
Гэтая форма біягеахімічнае энергіі ўласцівая не толькі Homo sapiens, але ўсім жывым арганізмам. Хоць, аднак, у іх яна мізэрная, у параўнанні са звычайнаю біягеахімічнаю энергіяй, і ледзь прыкметна выяўляецца ў балансе прыроды, і тое толькі ў геалагічным часе. Яна звязана з псіхічнай дзейнасцю арганізмаў, з развіццём мозгу ў найвышэйшых праявах жыцця і выяўляе сябе ў форме, якая ажыццяўляе пераход біясферы ў наасферу толькі са з’яўленнем розуму.
Уладзімір Вярнадскі. Філасофскія думкі натураліста.
Пераклад А. Сцяпанавай паводле: Вернадскмй, В. й.
Фллософскме мыслм натуралнста. Москва, 1988. С. 508-509.
БЕРТРАН РАСЭЛ
Калі, грунтуючыся на звычайным здаровым сэнсе, людзі кажуць пра вялікую прорву паміж духам і матэрыяй, яны ў сапраўднасці маюць на ўвазе вялікую прорву паміж візуальнымі або тактыльнымі адчуваннямі і «думкаю» напрыклад, памяццю, пачуццём задавальнення або жаданнем. Але гэта, як мы бачылі, адрозненне ўнутры свету свядомасці; успрыманне, што ёсць гэткаю самаю псіхічнаю з’яваю, як і «думка». Больш спрактыкаваныя людзі могуць думаць пра матэрыю як пра невядомую прычыну адчування, як пра «рэч-у-сабе», якая, відавочна, не мае другасных якасцяў і, магчыма, не мае таксама і першасных. Але колькі б яны ні падкрэслівалі неспазнавальны характар рэчы-ў-сабе, яны ўсё ж мяркуюць, што дастаткова ведаюць пра яе, каб быць упэўненымі ў яе адрозненні ад духу. На маю думку, гэта адбываецца з тае прычыны, што яны яшчэ не пазбавіліся звычкі ўяўляць сабе матэрыяльныя рэчы як нешта цвёрдае, з чым можна сутыкнуцца. Вы можаце сутыкнуцца з целам вашага сябра, але не з яго духам; такім чынам, яго цела адрозніваецца ад яго духу. Гэты аргумент як прадукт уяўлення моцна трымаецца ў людзей, якія не прынялі яго на падставе рацыянальных меркаванняў.
Бертран Расэл. Чалавечае пазнанне.
Яго маштаб і межы. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Russell, В. Human Knowledge.
Its Scope and Limits. London, 1948. P. 243.
ГАСТОН БАПІЛЯР
Такім чынам, y хіміі, якая доўгі час была пераважна субстанцыялісцкай навукаю, знаходзяць, што пазнанне матэрыі робіцца ўсё больш тонкім. Калі меркаваць пра аб’ект згодна з довадамі на карысць яго аб’ектыўнасці, то варта сказаць, што аб’ект матэматызуецца, што ён выяўляе характэрнае збліжэнне эксперыментальных довадаў з довадамі матэматычнымі. Метафізічная прорва паміж духам і знешнім светам, гэткая непераадольная з пазіцый метафізічных непасрэдных уяўленняў, паўстае як менш шырокая для метафізікі дыскурсіўнай, якая імкнецца паспяваць за навуковым прагрэсам. Можна нават казаць тут пра сапраўднае змяненне месца рэальнага, ачышчэнне рэалізму, пра метафізічную сублімацыю матэрыі. Напачатку рэальнасць трансфармуецца ў матэматычны рэалізм, а пасля матэматычны рэалізм імкнецца да таго, каб, растварыўшыся, перайсці ў нейкі гатунак рэалізму квантавых імавернасцяў, што адпавядае нормам квантавай тэорыі schola quantorum. Філосаф атрымлівае навык думаць усё рэальнае ў яго матэматычнай арганізацыі, або, лепей сказаць, нават прывыкае метафізічна вымяраць рэальнае праз яго магчымасці ў напрамку, наўпрост процілеглым рэалістычнаму спосабу мыслення. Выкажам гэтую двайную перавагу ліку над рэччу і імавернасці над лікамі палемічнаю формулай: хімічнае рэчыва, хімічная субстанцыя гэта не што іншае, як цень ліку.