Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
У сферы ўплыву Гегеля паўстала адна характэрная з’ява, якая на першы погляд супярэчыла таму, што я казаў пра стаўленне да будучыні. Я маю на ўвазе гістарычнае вучэнне Маркса, пабудаванае на падмурку гегелеўскай дыялектыкі... Маркс здзейсніў у дачыненні да метаду Гегеля тое, што можна было б назваць сацыялагічнаю рэдукцыяй. Гэта значыць, што ён не думаў ствараць новую карціну свету, дый патрэбы ў ёй не было... He новую мадэль свету, а новую мадэль грамадства, а дакладней, мадэль новага шляху, на якім чалавечае грамадства дасягне мэты, вось што імкнуўся даць Маркс чалавеку сваёй эпохі. На месцы гегелеўскай ідэі, або сусветнага інтэлекту, пачынаюць панаваць чалавечыя вытворчыя адносіны, змяненне якіх выклікае і сацыяльныя трансфармацыі. Для Маркса вытворчыя адносіны былі тым істотным і першасным элементам, з якога ўзнікае і да якога зводзіцца ўсё астатняе; іншага пачатку і іншага вышэйшага прынцыпу ён не прызнаваў. Вядома, цяжка ўбачыць у гэтых адносінах пачатак і канец усяго, як у сусветным розуме Гегеля, але сацыялагічная рэдукцыя якраз і была адрачэннем ад той перспектывы быцця, у якой толькі і можна вылучыць сапраўдныя пачатак і канец. Дом, у якім можа жыць чалавек г. зн. у якім чалавек можа захацець жыць, калі ён будзе завершаны будуецца, паводле Маркса, толькі з вытворчых адносінаў. Чалавечы свет гэта грамадства. Дзякуючы сацыялагічнай рэдукцыі была дасягнутая тая ўпэўненасць, якую ўспрынялі і ўнеслі ў сваё жыццё прынамсі, на бліжэйшае стагоддзе пралетарскія масы.
Усялякая спроба, паводле прыкладу Энгельса, зліквідаваць уласцівую марксізму рэдукцыю і забяспечыць пралетара якою б там ні было навуковаю карцінаю свету разбаўляе ўжо апрабаваную жывую ўпэўненасць абсалютна беспадстаўнай інтэлектуальнай перакананасцю і пазбаўляе яе самабытнай сілы. Да гэтай рэдукцыі варта дадаць і яшчэ штосьці вельмі істотнае. Як вядома, Гегель бачыў у сваім часе адзін з этапаў здзяйснення ідэі, калі абсалютны дух набліжаецца да мэты. Маркс, зразумела, не мог угледзець у эпосе росквіту капіталізму (на змену якому і павінен быў прыйсці сацыялістычны лад) перадумоў ажыццяўлення сваіх ідэй; разам з тым ён і тут разгледзеў нешта, што ўжо ўзнікла, чыё быццё было і знакам, і гарантыяй іх трыумфу. Гэта быў пралетарыят. Яго быццё прадказвала ліквідацыю капіталізму «адмаўленне адмаўлення». «Калі пралетарыят, пісаў Маркс, абвяшчае знішчэнне ранейшага сусветнага парадку, ён толькі выдае таямніцу свайго быцця, бо яна і напраўду палягае ў ліквідацыі гэтага парадку». Гэтая асноўная тэза Маркса дала пралетарыяту гэткае неабходнае яму жыццёвае апірышча. 3 гэтага часу пралетару не трэба імкнуцца ні да чаго, акрамя працягу свайго роду, да таго часу, пакуль з яго быцця вырасце ягоная справа. Будучыня знаходзіцца тут у наўпроставай сувязі з сучаснасцю, якая непасрэдна перажываецца, і забяспечваецца ёю. Думка не мае здольнасці наладзіць сапраўднае жыццё чалавека. Гэткаю здольнасцю валодае само жыццё; дух далучаецца да яго, калі прызнае сілу жыцця; тады і яго ўласная сіла, іншая паводле паходжання і спосабу дзеяння, паяднаецца з сілаю жыцця.
У сваіх поглядах на моц грамадскага быцця як такога Маркс і мае, і не мае рацыі. Ён мае рацыю ў тым сэнсе, што грамадскае быццё, як і любое іншае, сапраўды нараджае сілы, здольныя яго абнавіць. I ён не мае рацыі, бо чалавечае жыццё, да якога належыць грамадскае быццё, адрозніваецца ад іншых формаў жыцця тым, што ў ёй прысутнічае сіла рашэння, адрозная ад усіх іншых сіл, і адрозная таму, што яна не мае колькаснага вымярэння; яе моц пазнаецца толькі ў самім яе дзеянні. Ад скіраванасці і маштабу гэтай сілы будзе залежаць, наколькі далёка сягне абнаўленчае дзеянне жыццёвых энергій як такое і, у прыватнасці, ці не ператворацца яны ў энергіі разбурэння. Развіццё залежыць у значнай ступені ад таго, што немагчыма растлумачыць з яго самога. Інакш кажучы, пры даследаванні як прыватнага, так і грамадскага жыцця чалавека недапушчальна змешваць антрапалагічны час з касмалагічным, у тым ліку і там, дзе антрапалагічны час разумеюць як дыялектычны працэс напрыклад у знакамітым выказванні Маркса пра тое, што капіталістычная вытворчасць спараджае сваё адмаўленне «з заканамернасцю натуральнага працэсу». Пры ўсёй слушнасці прынцыпу сацыялагічнай рэдукцыі Маркс услед за Гегелем уводзіць у свае разважанні пра будучыню касмалагічны час, якому абыякавая чалавечая рэчаіснасць. Праблема чалавечага выбару як прычыны падзеі, у тым ліку і грамадскай падзеі, ды лёсу грамадства, тут наогул не ўзнікае. Такая навука можа настойваць на сваім прыярытэце да таго часу, пакуль не сутыкнецца з гістарычнымі акалічнасцямі, у якіх праблематыка чалавечага рашэння зробіцца пагрозліва востраю. Я маю на ўвазе тыя гістарычныя ўмовы, у якіх катастрафічныя грамадскія працэсы збіваюць з тропу і паралізуюць чалавечую здольнасць да рашэння і нярэдка прыводзяць яе
да капітуляцыі перад негатыўнай элітаю з ліку людзей, якія пазбаўлены маральных прынцыпаў і кіруюцца не сапраўдным рашэннем, а інтарэсамі сваёй улады. Чалавек, які імкнецца да абнаўлення грамадскага жыцця, г. зн. сацыялістычны чалавек, будзе рэальным удзельнікам вырашэння лёсу грамадства ў тым выпадку, калі ён упэўнены ў неабходнасці свайго рашэння і яго надзвычайнай важнасці, бо толькі тады ў наступствах яго рашэння актуалізуецца найвышэйшая ступень яго здольнасці да такога рашэння; ён удзельнік вырашэння лёсу грамадства ў той меры, у якой яго жыццёвыя погляды не супярэчаць яго жыццёваму досведу.
Марцін Бубер. Праблема чалавека.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Buber, М. Das Problem des Menschen.
Gutersloh, 2007. S. 46-48, 52-57.
ІГЕР ТЭЯРДЭ ШАРДЭН
3 чыста пазітывісцкага гледзішча чалавек самы таямнічы аб’ект навукі, які і збівае з тропу даследчыкаў. I варта прызнаць, што ў сваіх малюнках універсуму навука сапраўды яшчэ не знайшла яму месца. Фізіцы ўдалося часова акрэсліць свет атама. Біялогія здолела навесці пэўны парадак у канструктах жыцця. Абапіраючыся на фізіку і біялогію, антрапалогія ў сваю чаргу збольшага тлумачыць структуру чалавечага цела ды паасобныя механізмы яго фізіялогіі. Але атрыманы пры аб’яднанні ўсіх гэтых рысаў партрэт, відавочна, не адпавядае рэчаіснасці. Чалавек у тым выглядзе, у якім яго атрымоўваецца ўзнавіць сённяшняй навуцы, гэта жывёла, падобная да іншых. Паводле сваёй анатоміі ён гэтак мала адрозніваецца ад чалавекападобных малпаў, што сучасныя класіфікацыі заалогіі, вяртаючыся да пазіцый Лінэя, змяшчаюць яго разам з імі, у адно і тое ж сямейства гаміноідаў. Але калі меркаваць паводле біялагічных наступстваў яго з’яўлення, то не ці ўяўляе ён сабою якраз нешта зусім іншае?
Мізэрны марфалагічны скачок і разам з тым неверагоднае ўзрушэнне сфер жыцця у гэтым увесь парадокс чалавека... Таму цалкам відавочна, што ў сваіх рэканструкцыях свету цяперашняя навука грэбуе істотным чыннікам, ці, лепш сказаць, цэлым вымярэннем універсуму.
Згодна з агульнаю гіпотэзай, якая скіроўвае нас з першых старонак дадзенай кнігі да цэласнага і выразнага вытлумачэння цяперашняга вонкавага аблічча Зямлі, у гэтай новай частцы, прысвечанай думцы, я хацеў бы паказаць, што дзеля выяўлення натурапьнага становішча чалавека ў свеце, якім ён нам дадзены ў досведзе, неабходна і дастаткова ўзяць пад увагу як знешні, так і ўнутраны бок рэчаў. Гэты метад ужо дазволіў нам ацаніць веліч і сэнс развіцця жыцця. Гэты ж самы метад належным чынам атабарыць у нашым уяўленні мізэрнасць і найвышэйшае значэнне феномена чалавека ў шэрагу, гарманічна сыходным да жыцця і матэрыі.
Што ж здарылася паміж апошнімі пластамі пліяцэну, дзе яшчэ няма чалавека, і наступным узроўнем, дзе ашаломлены геолаг знаходзіць першыя абчасаныя кварцыты? I якая праўдзівая велічыня гэтага скачка?..
Гэтак, як сярод біёлагаў дагэтуль пануе няўпэўненасць адносна наяўнасці
напрамку і пагатоў пэўнай восі эвалюцыі, так з гэткіх самых прычын паміж псіхолагамі ўсё яшчэ маюць месца самыя сур’ёзныя рознагалоссі ў пытанні аб тым, ці адрозніваецца спецыфічна (паводле «прыроды») чалавечая псіхіка ад псіхікі тых жывых істот, якія з’явіліся раней за яго. Сапраўды, большасць «навукоўцаў» хутчэй адмаўляе наяўнасць падобнага разрыву. Чаго толькі не пісалі і не пішуць сёння наконт розуму жывёл!
Дзеля канчатковага вырашэння пытання аб «перавазе» чалавека над жывёламі (яго неабходна вырашыць у інтарэсах этыкі жыцця, гэтак жа як у інтарэсах чыстых ведаў...) я бачу толькі адзін сродак рашуча прыбраць з сукупнасці чалавечых учынкаў усе другарадныя і двухсэнсоўныя праявы ўнутранай актыўнасці і разгледзець цэнтральны феномен рэфлексію.
3 пункту погляду, якога мы прытрымліваемся, рэфлексія гэта набытая свядомасцю здольнасць засяродзіцца на самой сабе і авалодаць сабою як аб’ектам, які мае сваю спецыфічную ўстойлівасць і сваё спецыфічнае значэнне, здольнасць ужо не проста пазнаваць, а пазнаваць сябе, не проста ведаць, а ведаць, што ты ведаеш. 3 дапамогаю гэтай індывідуалізацыі самога сябе ўнутры сябе жывы элемент, перад тым распылены і падзелены ў няпэўным коле ўспрыманняў і дзеянняў, упершыню ператварыўся ў кропкавы цэнтр, у якім усе ўяўленні і досвед злучаюцца і змацоўваюцца ў адзінае цэлае, што ўсведамляе сваю арганізацыю.
Якія ж наступствы падобнага ператварэння? Яны неабсяжныя, і мы іх гэтак жа выразна бачым у прыродзе, як любы факт, зарэгістраваны фізікай або астраноміяй. Істота, якая рэфлексуе, у выніку самазасяроджвання на самой сабе раптам робіцца здольнаю развівацца ў новай сферы. У рэчаіснасці гэта ўяўляе сабою ўзнікненне новага свету. Абстракцыя, логіка, абдуманы выбар і вынаходлівасць, матэматыка, мастацтва, разлічанае ўспрыманне прасторы ды працягласці, трывогі і мроі кахання... Уся гэтая дзейнасць унутранага жыцця не што іншае, як узбуджэнне зноў утворанага цэнтра, што запальваецца ў самім сабе.
Высветліўшы гэта, я пытаюся: калі сапраўды «разумная» істота характарызуецца «рэфлексіўнаю здольнасцю», як яно вынікае з папярэдняга выкладу, то ці можна сур’ёзна сумнявацца, што розум ёсць эвалюцыйным здабыткам толькі чалавека? I гэткім чынам, ці можам мы праз нейкую ўдаваную сціпласць вагацца ды не прызнаваць, што валоданне розумам дае чалавеку вырашальную перавагую над усім жыццём, што папярэднічала яму? Зразумела, жывёла штосьці ведае. Але, безумоўна, яна не ведае пра сваё веданне іначай яна б даўным-даўно развіла сваю вынаходлівасць і ўтварыла б сістэму ўнутраных пабудоў, якая б не схавалася ад нашых назіранняў. Такім чынам, перад жывёлаю закрытая адна частка рэчаіснасці, у якой мы развіваемся, але куды яна не можа ўступіць. Нас падзяляе прорва ці парог, непераадольныя для яе. Маючы здольнасць да рэфлексіі, мы не толькі адрозніваемся ад жывёлы, але мы іншыя ў параўнанні з ёю. Мы не простая змена ступені, а вынік змянення прыроды, як вынік змены стану.