Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Хаця, здаецца, цалкам нельга адмаўляць магчымасць таго, што Сакрат спрабаваў зразумець феномен чалавека адносна самога сябе і, не выключана, нават у нейкай меры «суб’ектызаванага» чалавека. На карысць апошняга сведчыць апакрыфічнае «Я ведаю, што я нічога не ведаю», якое выглядае адказамканстантам на заклік, счытаны са сцяны дэльфійскага храма «Спазнай самога сябе».
Калі гэта сапраўды так, то ў выпадку з Сакратам мы маем «інтэграл» гісторыі
праблемы. Прынамсі, колькі б потым чалавек ні спрабаваў зразумець сябе, усе спробы сканчваліся тым самым «... я нічога не ведаю». Іншая рэч, чаму тады пад пытанне ніколі не ставілася сама праблема і далей, сам чалавек?
Аднак вернемся да антычнасці. Відавочна, што я-чалавек той пары не быў нейкай самасцю, а толькі прэзэнтуючай мерай універсальнага космасу і таму ведаў сябе адпаведна свайму веданню навакольнага свету.
Адным словам, ён быў не тым, чым (кім) быў, а тым, што ведаў (як вагі, якія ведаюць вагу таго, што важаць і не ведаюць сваёй вагі). Адсюль і прынцыповая няздольнасць антычнага я-чалавека да вылучэння сябе з унівэрсальнага цэлага ў нешта асобнае, асобавае.
Зрэшты (ці адпаведна), ён і не бачыў у гэтым патрэбы, паколькі ідэалагемы ўсіх мэтаў тады былі скіраваныя на ўлучэнне, а не на вылучэнне, з чаго татальнасць гармоніі цэлага паўставала яго абсалютным ідэалам.
У адцягнена-тэарэтычным плане такая ідэалогія светагляду, магчыма, выдае на найдасканалейшую, але, як на маё разуменне, менавіта ўтойванне я-чалавека ў тоеснасці з унівэрсальным цэлым сталася прычынай заняпаду антычнасці ва ўсіх яе значэннях.
Увогуле, самаанігіляцыя антычнай цывілізацыі адна з найвялікшых таямніцаў Тэкставай эры. He выдавала б на нешта дзіўнае, каб антычнасць трансфармавалася ў нешта іншае, прарасла новымі формамі сацыяльнасці і мыслення, нават, хай сабе, абярнулася нечым процілеглым, нейкай апазіцыяй самой сабе. Аднак нічога гэтага не сталася, антычнасць лічы без рэшткаў амаль на тысячагоддзе знікла з кантэксту еўрапейскага досведу.
Зноў жа, чаго толькі не знікае дазвання з гэтага свету, але за тое, што антычнасць мела ў сабе магутны патэнцыял для наступнасці, сведчыць яе татальнае вяртанне (герменеўтычна сканструяванае з ацалелых рэшткаў) у сусветны культуралагічны дыскурс.
Антычнасць вярнулася ў эпоху Рэнэсансу і з таго часу застаецца сярод актуалій сусветнай культуры... Дык што здарылася тады? Чаму вялікая і як на тую пару дасканалая цывілізацыя з безліччу адмысловых міфаў, магутнай філасофіяй, упарадкаванай сацыяльнасцю неўпрыкмет змарнела ў нішто?
На гэтае пытанне існуе шмат адказаў, іх занадта шмат, каб хоць нейкаму даць веры, нават найбольш папулярнаму, які ў самых розных мадыфікацыях абапіраецца на адну і тую ж вэрсію: урэшце чалавеку адкрыўся сапраўдны Бог і тым самым быў «пастаўлены крыж» на паганскіх багах і паганскім ладзе жыцця.
Антычная міфалогія ведала даволі багоў і герояў, якія пераўзыходзілі Хрыста ў пакутах за людства, антычная філасофія мела колькі заўгодна эмацыйналагічных канструкцый, кожная з якіх пры неабходнасці магла актуалізавацца ў монатэістычнага Бога, антычная этыка ў сваіх ідэальных формулах нічым не саступала этычнаму імператыву Нагорнай казані (згадаем хаця б «Залатыя вершы» піфагарыйцаў)... Дык чаму антычнасць не змагла вымкнуць з сябе падобнага хрысціянскаму Богу, які б з сярэдзіны перарэфармаваў яе структуру і лад адпаведна наспелым патрэбам, а чакала (дачакалася!) прышлага, што яе, урэшце, і згубіла?
Як на маё меркаванне, то адна з асноўных прычын татальнага адыходу еўрапейскага людства ад антычнай стратэгіі быцця палягае не ў тым, што хрысціянства запрапанавала яму «лепшы» міф, «лепшую» этыку, «лепшага» Бога (усё гэта «лепшае» падкрэслім маецца і ў інтэлігібельнай субстанцыі антычнасці), а ў тым, што ў хрысціянскай мадэлі быцця знайшлося персанальнае месца кожнаму асобнаму чалавеку.
Хрысціянства вылучыла кожнага асобнага чалавека з эйдасу чалавека і адкрыла яму: Ты ёсць як Ты. Але яно не толькі пазначыла персанальную наяўнасць я-чалавека ў каардынатах рэальнага быцця, яно яшчэ і паабяцала яму месца ў быцці ірэальным. Займеўшы перспектыву быць тут і цяпер, там і потым, я-чалавек не схацеў болей быць як не-быць энтэлехіяй эйдасу чалавека тут і ўласна эйдасам там. Ён без асаблівай шкадобы да назапашаных багаццяў пакінуў залатыя харомы антыкі ды выправіўся прэчкі, каб хутчэй сустрэць самога сябе як найвялікшую з магчымых для сябе каштоўнасцяў быцця.
Заакцэнтуем увагу на слове «пакінуў», бо ў маім разуменні яно з’яўляецца лёсавызначальным што да антычнай цывілізацыі: ніхто гэтую цывілізацыю не бурыў, не знішчаў, не заваёўваў (хаця, натуральна, і бурылі, і зніштажалі, і заваёўвалі ды не пра тое тут гаворка), чалавек яе проста пакінуў, пакінуў з ўсёй матэрыяльнай і духоўнай раскошай, і не знайшлося ў антычнасці нічога, што магло б затрымаць пры сабе чалавека.
У антычнай цывілізацыі, здаецца, было ўсё, акрамя патэнцыі да актуалізацыі я-чалавека як адзіна перспектыўнай для яго падзеі быцця адкуль і вядомы вынік, які сама яна нават не здолела асэнсаваць: неўпрыкмет сканала, шчасліва не разумеючы, што здарылася і з чаго так здарылася?!..
... Бог, які прыйшоў да еўрапейскага людства з Тэкстаў Вялікай Кнігі юдэяў, быў гранічна чалавечым Богам. Ён перадусім апекаваўся чалавекам і таму ў яго атрымалася забяспечыць я-чалавеку наспелую перамену статусу: пад апякунствам гэтага Бога я-чалавек з меры існага стаўся тым, што вымяраецца існым як ягоная, існага, ісціна.
У Богу я-чалавек знайшоў найбольш важкі аргумент на карысць каштоўнасці самога сябе. Калі Бог стасуецца непасрэдна да мяне, калі ён заангажаваны мною, то пэўна я патрэбны Богу як тое, без чаго яму цяжка абысціся. Адсюль вынікае, што ў нейкім сэнсе маё «я» апірышча Бога і значыць у прасторы а-рэальнасці яно ўяўляе супольную з падзеяй Бога падзею быцця.
Бог, як я-чалавек, адсунуты ад самога сябе ў неверагодную далеч і я-чалавек, як Бог, ссунуты з гэтай неверагоднай далечы ў прыхапкі я-чалавеку такой была аснова новай сытуацыі, якая далей аб’ектыўна вымагала натуралізацыі богачалавека ў значэннях чалавекабога.
Персаналізаваўшы Бога ў Ісусе Хрысце, хрысціянскі чалавек канчаткова паставіў знак тоеснасці паміж сабой і Богам і тым самым улучыў сябе ў ісціну быцця. Разам з тым гэтая працэдура сталася і вырашэннем праблемы я-чалавека ўвогуле, бо дзякуючы персаналізацыі Бога, чалавек амаль на тысячагоддзе пазбег пытання: хто я? Яно цалкам патанула ў праблеме Бога: што ёсць Бог і наколькі Бог вымыкаецца са сваёй трансцэндэнцыі для чалавечага ведання?
Урэшце, феномен Бога быў ні чым іншым, як татальным адказам на ўсе верагодна магчымыя запытанні я-чалавека пра змест існага і сэнс прысутнасці яго, я-чалавека, у бытнаванні быцця. I тут цяжка пазбегнуць спакусы, каб не высунуць меркаванне, якое б тлумачыла неабходнасць феномену Бога вылучна тым, што Бог сваёй прысутнасцю, хай і ўскосна, апасродкавана, але адказаў на пытанне: хто я, чалавек?
Бог гэта Адказ. А ўсе астатнія яго функцыі прыкладныя. з іх маглі выцярэблівацца багі, але не мог паўстаць Бог.
Хрысціянства эпоха вялікага запытання.
Бог роўнавялікі адказ на яго.
Усё, што ёсць, ёсць для чалавека таму, што яно памыслена чалавекам. У тым ліку і Бог. Верагодна, утоенае ад рыторыкі разуменне, што Бог для чалавека ёсць толькі таму, што ён можа быць памыслены чалавекам (і памыслены як Бог) і сфармавала ідэю каштоўнасці чалавека як аб’екта, у якім знаходзіць сабе месца феномен мыслення.
Рашуча высунутае наперад усяго (і Бога) «Я» чалавека сведчыць, што ў сітуацыі дэсакралізацыі Словабога чалавек ужо быў патэнцыйна гатовы сам, непасрэдна, не дзелячыся ні з кім сваім прадстаўніцтвам, прадстаўляць перад сабой самога сябе ў значэнні ісціны быцця. I гарантам гэтага ганаровага права, гэтай самадастатковасці самога сябе, гэтага апраўдання сэнсу свайго самаіснавання сталася ні што іншае, як «я мыслю...»
Аднак мысленне было толькі альтэрнатывай слову, а новая сітуацыя адпаведна патрабавала і альтэрнатывы Богу, гэтая альтэрнатыва была неўпрыкмет прадэманстраваная разам з усёй формулай: «Я мыслю, значыць я існую».
Я сам мыслю, я сам існую, я сам бог. Толькі не будзем «я сам» атаясамліваць з асобасным, персаналізаваным чалавекам. Альтэрнатывай Словабогу стаўся не чалавек як чалавек, а чалавек як суб’ект (гэтым актам праблема я-чалавека была зноў мінімізаваная на нейкі час, бо патэнцыя пытання хтоя? утаймавалася ў адказе, сфармуляваным рацыяналістычным мысленнем: ты суб’ект).
Ідэя суб’ектнасці я-чалавека онталагічна паходзіць з ідэі суб’ектнасці Бога. Суб’ект гэта тое, што мае прычыну самога сябе ў самім сабе і паўстае з гэтага самім сабою, усведамляючы сябе сабою і маючы на мэце самога сябе як ісціну сябе-быцця.
Бог, безумоўна, суб’ект. А вось я-чалавек мог быць аб’яўлены суб’ектам адно з нецярплівасці выяўлення сябе ў значэнні суб’екта. Суб’ектызаваўшы сябе, чалавек надаў свайму «я» значэнне, якое яно не мела і не магло мець у сапраўднасці. Патлумачыць падзею суб’ектывізацыі я-чалавека можна адно хіба тым, што мысленне ў эпоху рацыяналізму легітымавала а-рэальнасць у панятках ды катэгорыях рэальнасці, з чаго і з’явілася магчымасць вылучыць рэальнае «я» ў форме суб’екта, паколькі ў прасторы а-рэальнасці памысленае робіцца яўленым...
У прасторы а-рэальнасці тое, што мысліць, стварае сябе само з сябе, са свайго акту мыслення, а значыць яно мае нашмат болей прыкмет суб’екта, чым тое, што дзеіць у рэальным.
Суб’ектывізацыя я-чалавека стаецца яскравым прыкладам таго, што напры-
канцы эры Тэксту чалавек пачаў татальна перасоўвацца сваім быццём з прасторы рэальнага ў прастору а-рэальнасці ці, інакш, а-рэальніваць прастору рэальнасці і займаць там, на правах суб’екта, цэнтрапалеглае месца, браць на сябе значэнне адцягненага «Я» абстракцыі «Ты» трансцэндэнтнага Бога.
Валянцін Акудовіч. Мяне няма: роздум на руінах чалавека: http://kamunikat.org/k_filazofija. html?pubid=3881 (С. 18, 20-23, 25).
(Правапіс зменены).
V. СВЯДОМАСЦЬ. ПАЗНАННЕ
Паняцце і стратэгіі даследавання свядомасці. Свядомасць адна з фундаментальных філасофскіх катэгорый, якая прайшла доўгі і складаны шлях фарміравання: ад першых анімалістычных уяўленняў да сучасных навуковых канцэпцый. Свядомасць з’яўляецца асновай духоўнасці чалавека, выяўляе яго здольнасць да пазнання, выступае сродкам рэгуляцыі міжчалавечых адносінаў, абмену досведам і перадачы яго ад пакалення да пакалення. Свядомасць аб’ядноўвае творчыя магчымасці чалавека, забяспечвае каштоўнасныя арыентацыі, з’яўляецца сродкам камунікацыі ды ўмовай рацыянальных паводзінаў чалавека, што хутчэй за ўсё адрознівае яго ад усіх іншых жывых істот. Свядомасць гэта асноўная характарыстыка (пераважна ці выключна17) чалавечай здольнасці да самарэфлексіі (разумення ўласнай мысленчай дзейнасці і сябе як асобы), якая забяспечвае пазнанне ды асэнсаванне свету і рэгуляцыю жыццядзейнасці.