Уводзіны ў філасофію
нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
У змесце паняцця свядомасці можна вылучыць тры асноўныя аспекты: 1) кагнітыўны, які ўказвае на свядомасць як сродак пазнання, арганізацыі практычнай дзейнасці, рэгуляцыі і ацэнкі ўзаемаадносінаў паміж людзьмі, камунікацыі і перадачы досведу; 2) фенаменалагічны аспект адлюстроўвае адметнасці структуры свядомасці, каардынацыі ды субардынацыі разнастайных ідэальных з’яў (феноменаў), працэсаў і станаў свядомасці; 3) інтэнцыянальны аспект характарызуе скіраванасць свядомасці на пэўны аб’ект, выражае яе здольнасць мэтапакладання і сувязь свядомасці з умовамі, сродкамі і формамі адлюстравання свету.
Можна вызначыць тры асноўныя стратэгіі філасофскага даследавання свядомасці: па-першае, вывучэнне паходжання, структуры і функцый свядомасці, па-другое, выяўленне соцыякультурнай абумоўленасці свядомасці і сувязі яе са знакавымі сістэмамі, па-трэцяе, пошук «субстрату» свядомасці і шляхоў і сродкаў яе штучных мадыфікацый.
Паходжанне свядомасці, яе структура і функцыі. Сутнасць і паходжанне свядомасці доўгія часы як праблема непакоіла філасофію, хаця ў класічнай традыцыі звычайна пераважалі ідэалістычныя інтэрпрэтацыі свядомасці і яго паходжання: натуралістычная ды супернатуралістычная версіі субстанцыяльнага падыходу. Першая разглядала свядомасць чалавека як уласцівасць ягонай душы,
17 Дыскусіі наконт прыроды свядомасці адбываюцца і за нашым часам, бо веды, наяўныя ў гэтай галіне, не дазваляюць канчаткова даць адказ на пытанні: ці могуць валодаць свядомасцю, або інтэлектам, іншыя біялагічныя формы жыцця, акрамя чалавека? Ці з’яўляецца здольнасць свядомасці выключнай характарыстыкай homo sapiens, або ў космасе могуць існаваць іншыя формы розуму? Ці магчыма штучнае стварэнне інтэлектуальных сістэм, так званы «штучны інтэлект», або свядомасць на ўзроўні (аўта-)праграмаваных электравылічальных сістэм?
што ўспрымалася як пнеўма (дыханне) ці псіхея (уласна душа, ці тонкае цела), натуральна існай і распаўсюджанай у космасе субстанцыі (напрыклад, асобныя атамы душы ў Дэмакрыта), што ўваходзіць у канкрэтнага чалавека па прынцыпе абмену энергіямі. Другая ж хутчэй атаесамляла свядомасць з дзеяннем нейкай спрадвечнай сусветнай субстанцыі Логасу, Розуму, Бога, у адносінах да прыроды якой вызначалася і сутнасць канкрэтнай чалавечай свядомасці. Пытанне паходжання душы па гэтай прычыне альбо не ўздымалася зусім, альбо тлумачылася дзейнасцю першапачатковай субстанцыі-творцы, звычайна Бога.
У Новы час пачынае пераважаць функцыяналісцкі падыход да прыроды свядомасці, які разглядае апошнюю як пэўную функцыю матэрыяльнай сістэмы чалавечага цела, што спараджае працэсы інфармацыйнага абмену з навакольным светам, адпаведна прыроджаным здольнасцям сістэм адчування. У такім разе паходжанне свядомасці звязваецца з натуральным працэсам развіцця біялагічных сістэм і ўдасканаленнем іх функцый, дзе ўнікальнасць чалавечага розуму тлумачыцца яго найбольш складанай і дастасаванай для падобных працэсаў арганічнай структурай.
У межах фенаменалагічнага падыходу да прыроды і паходжання чалавечай свядомасці робіцца выснова, што свядомасць паўстае як самастваральны працэс генерацыі структур Я, уласцівай яму часавасці і інтэнцыянальных структур значэння ў межах індывідуальнага і калектыўнага развіцця яе плану (актыўны і пасіўны генезіс). Сама свядомасць звязваецца з інтэнцыянальнасцю, сістэмнай скіраванасцю ўнутранай рэфлексіі чалавека на аб’екты, якія выходзяць за межы сферы яго ўнутранага досведу, што дазваляе казаць пра зыходную пустату свядомасці (свядомасць ёсць «нішто»: Сартр). У гэтым выпадку паўставанне свядомасці разглядаецца як асобны акт спараджэння ўнікальных структур асэнсавання свету, якія ажыццяўляюць уласнае напаўненне за кошт працы з вонкавай прадметнасцю.
Праблема генезісу свядомасці сістэматычна распрацоўвалася ў межах соцыякулыпурнага падыходу, а найперш у марксісцкай філасофіі. Тут свядомасць разглядаецца як вынік гістарычнай эвалюцыі ўласцівасці, характэрнай для ўсёй матэрыі, адлюстравання. Адлюстраванне гэта здольнасць адной матэрыяльнай сістэмы ў працэсе ўзаемадзеяння аднаўляць унутры сябе некаторыя ўласцівасці другой матэрыяльнай сістэмы і пры гэтым захоўваць сваю цэласнасць. Адлюстраванне ўласцівае ўсёй матэрыі і выяўляецца ў разнастайных формах, якія залежаць ад узроўню яе структурнай арганізацыі. У працэсе развіцця на аснове фізіка-хімічных працэсаў, характэрных для неарганічнага свету, узнікаюць біялагічныя формы адлюстравання: раздражняльнасць, адчувальнасць і псіхіка. На ўзроўні псіхікі, уласцівай вышэйшым жывым арганізмам, пад уздзеяннем разнастайных чыннікаў як прыродна-біялагічнага, так і, галоўным чынам, сацыяльнага кшталту сфарміравалася свядомасць як найвышэйшая форма псіхічнага адлюстравання свету ў ідэальных вобразах.
Развіццё псіхалогіі, фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці, медыцыны дазволіла выявіць найбольш істотныя структурныя элементы свядомасці: інтэлект, эмоцыі, волю, увагу, памяць. Пад інтэлектам разумеюць здольнасць
да мыслення і пазнання на падставе паняццяў. Важную ролю ў структуры свядомасці выконваюць эмоцыі. Эмацыянальныя працэсы адлюстроўваюць унутраны стан чалавека, яго стаўленне да знешняга свету, іншых людзей і самога сябе. Прырода эмоцый двузначная: яны адначасова выступаюць і як пазнаўчаінфармацыйны сродак, і як інструмент ацэнкі. Воля забяспечвае рэгуляцыю чалавечай жыццядзейнасці і пераадоленне перашкод на шляху дасягнення мэтаў. Воля надае чалавеку здольнасць і гатоўнасць дзейнічаць, нараджае настойлівасць у дасягненні мэты. Памяць як фактар свядомасці дазваляе чалавеку захоўваць і аднаўляць свой жыццёвы досвед, звязваць сябе са сваімі папярэднікамі, уключацца ў культуратворчы працэс. Але памяць нельга інтэрпрэтаваць як звернутасць да мінулага. Памяць гэта сродак аднаўлення мінулага ў сучаснасці і прагназаванне на гэтай падставе будучыні. Памяць надае свядомасці адзінства і цэласнасць.
Развіццё псіхааналізу і кагнітыўных навук у ХІХ-ХХ стст. дазволіла выявіць у духоўным жыцці чалавека шырокую сферу неўсвядомленага, куды не пранікае свет розуму. Гэтая сфера неўсвядомленых і неасэнсаваных перажыванняў шмат у чым вызначае дзейнасць свядомасці ды ўплывае на паводзіны чалавека. Гэта азначае, што свядомасць не зводзіцца толькі да мыслення і пазнання, а ўключае ў сябе шматлікія і разнастайныя формы і элементы псіхічнага жыцця чалавека.
У гэтым шырокім сваім значэнні свядомасць выконвае цэлы шэраг функцый, якія маюць важнае значэнне ў жыццядзейнасці чалавека. Пазнаўчая функцыя выяўляецца ў здольнасці чалавека здабываць, назапашваць і захоўваць веды пра свет і пра сябе самога. Мэтапакладальная функцыя адлюстроўвае здольнасць свядомасці фармуляваць мэты і распрацоўваць планы дзейнасці чалавека ў прыродным і сацыяльным асяроддзі. Рэгулятыўная функцыя дазваляе рэгуляваць і кантраляваць разнастайныя адносіны паміж людзьмі, а таксама паміж людзьмі і знешнім светам. Крэатыўная функцыя адлюстроўвае здольнасць свядомасці чалавека вызначаць каштоўнасці ды каштоўнасныя арыентацыі існавання і творча перарабляць умовы свайго быцця.
Соцыякультурная прырода свядомасці. Носьбітам свядомасці з’яўляецца асобны чалавек. Але гэтая індывідуальная здольнасць можа сфармавацца толькі ў грамадстве, у складанай сістэме сацыяльных стасункаў паміж людзьмі ў працэсе іх жыццядзейнасці. Прырода ў працэсе эвалюцыі стварае толькі біялагічныя перадумовы свядомасці, але гэтыя перадумовы рэалізуюцца толькі ў грамадстве.
Соцыякультурная прырода свядомасці можа быць абгрунтавана з гледзішча біясацыяльнага падыходу, увасобленага, прыкладам, у «гіпотэзе пра працоўнае паходжанне розуму» Фрыдрыха Энгельса. Біялагічная эвалюцыя стварае перадумовы пераходу да працы як прадметна-практычнай дзейнасці, заснаванай на стварэнні і сістэматычным прымяненні прылад працы. Але праца гэта перадусім працэс стасункаў паміж людзьмі, складаная сістэма ўзаемадачыненняў, звязаных са стварэннем і ўжываннем сродкаў дзейнасці, рэгуляваннем і арганізацыяй дзейнасці ды размеркаваннем яе вынікаў. На гэтай падставе развіваецца і ўдасканальваецца псіхіка, фарміруюцца здольнасці стварэння паняццяў, лагічнага мыслення, рацыянальнага спасціжэння свету з дапамогаю абстрактна-лагічных
сродкаў. Працоўная дзейнасць патрабавала таксама новых, больш развітых і эфектыўных сродкаў рэгулявання і зносінаў, што вяло да ўзнікнення мовы. Развіццё працоўнай дзейнасці, гістарычныя падзелы працы нараджаюць мараль, мастацтва, навуку, рэлігію, фарміруюць сацыяльныя праграмы паводзінаў чалавека, вядуць да фарміравання культуры як сферы спецыфічна чалавечай жыццядзейнасці.
Сацыяльная абумоўленасць свядомасці праяўляецца таксама функцыянальна. Свядомасць узнікае ў працэсе жыццядзейнасці чалавека, скіраванай на пераўтварэнне прыроднага асяроддзя і задавальнення на гэтай падставе сваіх патрэб, таму свядомасць ёсць не чым іншым, як іх адлюстраваннем. Свядомасць гэта заўжды ўсвядомленае быццё, усвядомлены працэс жыцця людзей. Паводле свайго зместу і функцый свядомасць абумоўлена сацыяльна-гістарычнаю практыкай, з’яўляецца яе ўвасабленнем.
Сацыяльны характар свядомасці раскрываецца і ў камунікатыўным падыходзе да яе. Гэты падыход патрабуе выяўлення сувязі свядомасці з моваю як універсальным сродкам камунікацыі. Мова гэта сістэма знакаў, з дапамогаю якіх ажыццяўляюцца зносіны людзей, пазнанне свету і самога сябе, захаванне і перадача інфармацыі, а таксама кіраванне паводзінамі. 3 гэтага азначэння вынікаюць і асноўныя функцыі мовы: камунікатыўная, пазнаўчая (кагнітыўная), экспрэсіўная, кумулятыўная і рэгулятыўная.
Нарэшце, сацыяльная прырода свядомасці выяўляецца ў яе творчым, актыўна-канструктыўным характары. Свядомасць не проста і не толькі адлюстроўвае прадметы, яна фармулюе праграмы дзейнасці, мэты і задачы яе, выступае асновай творчай дзейнасці чалавека.
Дзейнасць гэта спосаб існавання чалавека, бо толькі ў дзейнасці і праз дзейнасць чалавек стварае неабходныя для свайго існавання ўмовы. Аб’ектам гэтай дзейнасці выступае не толькі прыроднае асяроддзе, але і грамадства, а мэтаю асэнсаванае пераўтварэнне прыроднага ды сацыяльнага свету і задавальненне на гэтай аснове разнастайных патрэб. Дасягненне гэтай мэты немагчымае без шырокай сістэмы ведаў пра свет і грамадства. Вось чаму пазнавальнае стаўленне чалавека да рэчаіснасці ёсць неабходным элементам усёй сістэмы яго стаўлення да свету. Пазнанне гэта сацыяльна-гістарычны працэс арганізаванай духоўнай дзейнасці чалавека, скіраванай на адлюстраванне і асэнсаванне рэальнасці з мэтаю атрымання імаверных ведаў пра яе.