Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Для таго, хто займае пазіцыю эксцэнтрычнасці, яна азначае невырашальную ўнутраную супярэчнасць. Сапраўды, дзякуючы ёй ён уключаны ў навакольны свет ды ў свет блізкіх і ўнутрана спасцігае самога сябе як рэчаіснасць. Але гэты кантакт з быццём набыты за вялікі кошт: у сваёй эксцэнтрычнасці чалавек знаходзіцца там, дзе ён знаходзіцца, і адначасова не там, дзе ён знаходзіцца. Тое «тут», у якім ён жыве і да якога аднесена ў татальнай канвергенцыі ўсё яго навакольнае асяроддзе, тое абсалютнае, якое не рэлятывізуецца, «тут»-«цяпер» ягонага становішча прымаецца і адначасова не прымаецца ім. Ён пастаўлены ў сваім жыцці, ён знаходзіцца «за ім», «па-над ім» і ўтварае з прычыны гэтага сярэдзіну яго навакольнага асяроддзя, якая выходзіць па-за межы сваёй перыферыі. Але эксцэнтрычная сярэдзіна, нават стаўшы рэальнасцю, застаецца бязглуздзіцай. Калі, гэткім чынам, існаванне чалавека хавае ў сабе з чалавечага пункту погляду рэалізаваную бязглуздзіцу, празрысты парадокс, зразумелую невыразнасць, ён мае патрэбу ў апірышчы, якое б дапамагло яму выйсці з гэтай сітуацыі ягонае рэчаіснасці. Калі чалавек прывязаны ў сваім існаванні да апірышча, што знаходзіцца па-за межамі сапраўднай сферы, рэчаіснасць знешні свет, унутраны свет і свет блізкіх, што сутнасна карэлюе з чалавечым існаваннем, міжволі сама апынаецца пазбаўленай апірышча і, вызначаючыся сваім стаўленнем да гэтай трансцэндэнтнай рэчаіснасці, таго пункту, які стварае апірышча або замацоўвае і сцвярджае, змыкаецца ў Адзіны Свет, у Сусвет. Гэтак рэчаіснасць як сукупнае адзінства перажывае сваё аб’ектываванне, а тым самым і сваё адасабленне ад таго «штосьці», гэта значыць, выяўляе сваю недатычнасць да гэтага свету. Зрабіўшыся тым «штосьці», яна апынаецца вызначанай як «гэтая» рэчаіснасць і вылучаецца адносна сферы не «гэтага», а крыху іншага быцця. Яна выступае як Адзін індывідуальны свет, паколькі адкрывае абшар магчымасцяў быць таксама і іншым.
У гэтым такім, а не іншым чынам сапраўдным свеце індывід і становіцца індывідуальнасцю. Чалавек аказваецца для сябе ўжо не проста адлітаю ў адзіную форму непадзельнаю сутнасцю, але незамяшчальнаю, якая не можа быць заменена жыццём у «тут»-і-«цяпер»...
Гельмут Плеснэр. Ступені арганічнага свету і чалавек.
Уводзіны ў філасофскую антрапалогію. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Plessner, Н. Die Stufen des Organischen und der Mensch. Einfuhrung in die philosophische Anthropologic. Frankfurt am Main, 2003.
S. 383-385, 413-416, 418-420.
АРНОЛЬДГЕЛЕН
Чалавек як асаблівая біялагічная праблема
Патрэба ў вызначэнні ўласна чалавечага існавання, якую адчуваюць людзі, што займаюцца рэфлексіяй, гэта зусім не патрэба чыста тэарэтычнага кшталту. У залежнасці ад развязкаў, што прапануюцца ў адпаведным вызначэнні, далейшыя задачы робяцца відочнымі або прыхаванымі. У залежнасці ад таго, успрымае сябе чалавек як боскае стварэнне або як паспяховую малпу, узнікае выразная адрознасць у яго стаўленні да існых фактаў: у абодвух выпадках ён будзе чуць у сабе зусім розныя намовы.
Рэлігіі, светапогляды, навукі, натуральна, не застаюцца ўбаку ў спробах адказваць на пытанні адносна існасці чалавека. Але яны звычайна прапаноўваюць адказы або, сама меней, пункты погляду, з якіх можна рабіць высновы наконт гэтага. Пры гэтам не дасягаецца ніякай адзінай думкі, бо адказы як у выпадку з прыведзеным прыкладам могуць узаемавыключацца.
Трэба было б паспрабаваць прыцягнуць менавіта гэтыя акалічнасці дзеля вызначэння існасці чалавека; гэта б азначала наступнае: ёсць жывая істота, да найважнейшых характарыстык якой належыць фарміраванне пазіцыі ў дачыненні да сябе самой, дзеля чаго патрэбныя пэўны «вобраз», нейкая формула вызначэння. У дачыненні да сябе самой значыць: да ўласных усвядомленых сабе памкненняў і ўласцівасцяў але таксама і ў дачыненні да сабе падобных, да іншых людзей, бо іх трактаванне будзе залежаць ад таго, у якасці чаго трактуюць іх і ў якасці чаго трактуюць самога сябе. Але гэта значыць, што чалавек павінен вызначыць сваю існасць і ў сувязі з гэтым займаць актыўную пазіцыю ў дачыненні як да сябе самога, гэтак і да іншых а гэта не так лёгка сказаць.
Аднак адказ неабходны іначай заўсёды будзе дамінаваць меркаванне, нібыта ў гэтым пытанні можна заставацца «нейтральным» і не выпрацоўваць аніякага свайго стаўлення да спрэчных фармулёвак...
Гэтак, як анатомія ёсць агульнаю навукай пра будову чалавечага цела, павінна быць магчымаю таксама агульная канцэпцыя (Gesamtauffassung) «чалавека», бо, паколькі ў нас няма сумневаў адносна таго, ёсць дадзеная істота чалавекам або не, бо чалавек усё ж такі ўяўляе сабою чысты від, і ў сувязі з гэтым лагічным выглядае чакаць таго, што агульная антрапалогія будзе мець пэўны і адназначны прадмет вывучэння...
Калі гаворка ідзе пра асаблівае становішча чалавека, то неабходна растлумачыць, у чым палягае адрозненне чалавека. Менавіта таму немалая ўвага надаецца параўнанню ўласцівасцяў і дасягненняў людзей і жывёл, але гэткага кшталту параўнанне як яно амаль заўсёды было дагэтуль не робіцца з загадзя вызначаным намерам вывесці першых з апошніх з дапамогай бясконца расцягальнага паняцця «развіццё», якое вельмі лёгка з гіпатэтычнага ператвараецца ў метафізічнае; квазіэмпірычныя паняцці, якія напачатку выпрацоўваліся ў якасці проціпастаўлення метафізічным да прыкладу паняцце Тварэння таксама робяцца ўласна-аўтэнтычнымі і «метафізічнымі», калі яны функцыянуюць
як апошнія. У кожным разе, гэтае вывядзенне атрымоўваецца ў дачыненні да паасобных прыкмет або набораў прыкмет, але не ў дачыненні да «чалавека ў цэлым», і задача паказаць «чалавека» вельмі цяжкая; яе часта спрабавалі развязаць, але па вялікім рахунку зрабіць гэта не атрымалася...
Аб’ектыўны аналіз жывой істоты можа рабіцца толькі з біялагічнага гледзішча; пры гэтым яму паддаюцца таксама душэўныя і духоўныя жыццёвыя з’явы як факты, што знаходзяцца ў дачыненнях з іншымі фактамі. Пакуль тэарэтычнае асэнсаванне не можа знайсці ўнутры сябе самога падставу ахвяраваць сабою, гэтыя дачыненні немагчыма абысці. Але гэткае даследаванне не можа проста затрымацца на саматычным або, у дадатак, на параўнанні некалькіх, убачаных з гледзішча генетычна чужой псіхалогіі дасягненняў розуму або навукі з тымі, што маюць жывёлы. Такое даследаванне дасягне вынікаў толькі тады, калі будуць знойдзены спецыфічна чалавечыя законы, дзеянне якіх можна будзе адсочваць ва ўсёй сферы чалавечай канстытуцыі; у гэтым выпадку, аднак, было б пажаданым не браць падувагу агульныя ўяўленні, якія пастаянна напрошваюцца, узяць іх «у дужкі»...
Калі ідзецца пра чалавека, нельга... яго біялагічнае вывучэнне абмяжоўваць выключна саматычным, цялесным. У чым жа палягае сутнасць антрапалагічнабіялагічнай пастаноўкі пытання? Яна палягае толькі ў пытанні варункаў існавання чалавека. Трэба разглядаць гэтыя асаблівыя і ні з чым не параўнальныя істоты, якія не маюць жывёльных варункаў існавання, і ставіць сабе пытанне: якія задачы мае перад сабою гэтая істота, калі яна хоча проста прыйсці ў жыццё, мець сваё тут-быццё і папросту вытрываць, праіснаваць на свеце? I тады выявіцца пасля доўгіх і напружаных доследаў, пры ўмове дамінавання адной галоўнай думкі наступнае: што для гэтага адназначным і неабходным ёсць спасціжэнне ўсёй паўнаты элементарнай чалавечай унутранай сутнасці; думкі і мова, фантазія, асаблівыя, аздобленыя ўяўленнем памкненні, якія адсутнічаюць у жывёл, своеасаблівыя маторыка і рухі усе гэтыя прыкметы мы будзем адну за адною разглядаць, каб заўважыць нешта; і яны тады будуць тлумачыць узаемна адна адну і ўказваць адна на адну. Патрабуецца надзвычай складаны комплекс дасягненняў, каб нейкая істота менавіта такога цялеснага складу магла яшчэ пражыць і заўтрашні дзень, і наступны тыдзень, і наступны год. Так выглядае біялагічнае вывучэнне, калі гаворка ідзе пра чалавека.
Арнольд Гелен. Чалавек: яго прырода і яго становішча ў свеце. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Gehlen, A. Der Mensch. Seine Natur und seine Stellung in der Welt. Frankfurt a. M„ 2016. S. 3, 6,11-12.
Дзе знаходзіцца антрапалогія сёння15? Мяркую, што карціна чалавека, створаная Фройдам, ужо губляе свае фарбы, яна ўсё-ткі не здолела вытрымаць дзве су-
15 Цытаваная тут праца ўяўляе сабою пераклад фрагмента лекцыі, прачытанай аўтарам у вышэйшай гандлёвай школе горада Санкт-Галена (Швейцарыя) 15 студзеня 1952 г.
светныя вайны; можна сказаць, што яго аналіз паступова набывае індывідуальную і не прадбачаную раней вабнасць праз часавае касцюмаванне (Zeitkostiimierung) пачуццяў і думак.
Я мяркую таксама, што істотная розніца паміж карцінаю чалавека, што памалу выпрацоўваецца цяпер дзякуючы цярплівай працы шмат каго, і ранейшымі грандыёзнымі праектамі... палягае ў тым, што мы больш не займаемся вытлумачэннем пэўнаму чалавеку таго, што або сталася ў чалавеку гіпертрафаваным, або чым ён быў перакормлены духу або парыванняў. Што мы ўбачылі сэнс у тым, што ў чалавеку ёсць плюралістычным, ды нават у тым, што, па магчымасці, ёсць анархічным. I адначасова мы бачым яго на тле адпаведных грамадскіх і працоўных дачыненняў. Можна сказаць таксама: месца побач з псіхалогіяй унутранага займае псіхалогія вонкавага...
Кожнае вучэнне пра чалавека трэба разглядаць на тле часу яго ўзнікнення. Кожны ведае, што разумовы аптымізм Канта адпавядаў уздыму буржуазнага грамадства ў яго памкненнях наперад. Вядома, сённяшнюю антрапалогію нам самім нельга ўспрымаць як толькі гістарычную з’яву, але яна мусіць даваць свае фармулёўкі наконт чалавека з усведамленнем таго, што яна бярэ іх з таго асяроддзя, што існуе ва ўнікальных і непаўторных варунках сучаснасці. Тут палягае вялікае адрозненне ад таго, што казаў Фройд: мы бачым сёння чалавека не толькі хворым або здаровым паводле лёсаў яго інстынктыўных памкненняў, але гэтыя лёсы яго інстынктыўных памкненняў самі змяняюцца разам з яго сацыяльным асяроддзем; і мы павінны выразна бачыць тое, што ў сваёй сутнасці погляд знутры і погляд звонку ўзаемна патрабуюць адно аднаго.
Арнольд Гелен. Карціна чалавека ў святле сучаснай антрапалогіі. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле:
Philosophenlesebuch. Bd. 3.
Berlin, 1991. S. 614-615.
РЫГОР ГРУДНІЦКІ