Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Калі прыняць да ўвагі тое дамінантнае становішча, якое займае навука Новага часу ў межах філасофскага асвятлення і абгрунтавання паняццяў пазнання і праўды, пытанне гэтае ўяўляецца неапраўданым. Аднак нават у межах самое навукі без яго ніяк нельга абысціся. Феномен разумення не толькі пранізвае ўсе повязі чалавека з светам. Таксама і ў навуцы ён мае самастойнае значэнне і процідзейнічае ўсім спробам ператварыць яго ў які-небудзь навуковы метад. Прапанаваныя даследаванні апіраюцца на гэтае супрацьдзеянне, якое сцвярджае сябе ў межах самой сучаснай навукі насуперак універсальным прэтэнзіям навуковае методыкі. Іх задача палягае ў тым, каб раскрыць досвед спасціжэння праўды, які перавышае сферу, кантраляваную навуковаю методыкай, усюды, дзе мы з ім сутыкаемся, і паставіць пытанне аб яго ўласным абгрунтаванні. Такім чынам, навукі пра дух збліжаюцца з такімі спосабамі спасціжэння, якія ляжаць па-за межамі навукі: з досведам філасофіі, з досведам мастацтва, з досведам самое гісторыі. Усё гэта такія спосабы спасціжэння, у якіх выяўдяе сябе праўда, якая не падлягае верыфікацыі метадалагічнымі сродкамі навукі.
Філасофія нашых дзён выразна ўсведамляе азначаную сітуацыю. Аднак пытанне пра тое, да якой ступені можа быць па-філасофску легітымізаваная прэтэнзія на праўду падобных пазанавуковых спосабаў пазнання, гэта ўжо зусім іншае пытанне. Актуальнасць герменеўтычнага феномену грунтуецца, з майго пункту погляду, на тым, што толькі паглыбленне ў феномен разумення можа прывесці да падобнае легітымізацыі. Гэтае маё перакананне падмацоўваецца не ў апошнюю чаргу тым, якое значэнне атрымала ў сучаснай філасофскай працы гісторыя філасофіі. Разуменне гістарычнае філасофскае традыцыі паўстае перад намі як нейкі ўзнёслы досвед, які з лёгкасцю знішчае бачнасць гістарычнага метаду, што палягае ў гістарычна-філасофскіх пошуках. Да элементарнага досведу філасофствавання належыць тое, што класікі філасофскай думкі, калі мы спрабуем зразумець іх, вылучаюць такі замах на праўду, які сучасная свядомасць не ў змозе ані адхіліць, ані перасягнуць. Наіўнае самаадчуванне сучаснасці можа запярэчыць гэтаму: маўляў, філасофская свядомасць тым самым загадзя прызнае, што яе ўласнае філасофскае пазнанне стаіць на ніжэйшай у параўнанні з пазнаннем Платона і Арыстотэля, Ляйбніца, Канта ці Гегеля прыступцы. Шмат хто схільны бачыць пэўную слабасць сучаснага філасофствавання ў тым, што яно распачынае вытлумачэнне і распрацоўку класічнай спадчыны з гэткім адкрытым прызнаннем уласнай неплатаздольнасці. Цалкам зразумела, аднак, што
значна большай слабасцю філасофскай думкі ёсць такая ўстаноўка таго, хто філасофствуе, калі ён аддае перавагу таму, каб зусім не паддаваць сябе падобнаму выпрабаванню і строіць з сябе дурня на свой страх і рызыку. Той факт, што пры разуменні тэкстаў гэтых вялікіх філосафаў спасцігаецца праўда, не дасяжная аніякім іншым шляхам, варта прызнаць, нават калі падобнае прызнанне супярэчыць таму маштабу настойлівага даследавання і няспыннага прагрэсу, якімі сучасная навука вымярае саму сябе.
Тое самае можна сказаць і пра досвед мастацтва. У гэтым выпадку навуковае даследаванне, якім займаецца так званае мастацтвазнаўства, ад самага пачатку ўсведамляе, што яно не здольнае ані падмяніць сабою, ані перасягнуць непасрэдны досвед узаемадзеяння з мастацтвам. Той факт, што ў творы мастацтва спасцігаецца праўда, не дасяжная аніякім іншым шляхам, якраз і складае філасофскае значэнне мастацтва, якое сцвярджае сябе насуперак усялякаму рацыяналізаванню. Гэткім чынам, разам з досведам філасофіі досвед мастацтва выяўляе сябе самым настойлівым заклікам да навуковае свядомасці прызнаць свае ўласныя межы.
Таму прапанаваныя даследаванні распачынаюць з крытыкі эстэтычнае свядомасці, імкнучыся ахаваць той досвед праўды, да якога мы робімся датычнымі дзякуючы твору мастацтва, ад эстэтычнае тэорыі, звужанай і збедненай тым разуменнем праўды, што склалася ў навуцы. На тым, каб апраўдваць праўду мастацтва, яны, аднак, не спыняюцца. Мы імкнёмся, хутчэй, зыходзячы з гэтага пункта, развіць паняцце пазнання і праўды, якое адпавядае цэласнасці нашага герменеўтычнага досведу. У досведзе мастацтва мы маем дачыненне з праўдамі, якія выразна ўзвышаюцца па-над сфераю метадычнага пазнання; тое ж самае можна сцвярджаць і адносна навук пра дух у цэлым, навук, у якіх наша гістарычнае паданне ва ўсіх яго формах, хоць і робіцца аб’ектам даследавання, аднак разам з тым само здабывае голас у сваёй праўдзе. Досвед гістарычнай традыцыі прынцыпова ўзвышаецца над тым, што ў ёй можа быць даследавана. Ён ёсць не толькі сапраўдным або фальшывым у тым дачыненні, якое падуладна гістарычнай крытыцы, ён заўсёды абвяшчае такую праўду, да якой варта далучыцца.
Ганс-Геарг Гадамер. Праўда і метад. Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Gadamer, H.-G. Wahrheit und Methode.
Gesammelte Werke. Bd. 1. Tubingen, 2010. S. 2-4.
КАРЛПОПЕР
Напачатку пра пазнанне. Мы жывём y часе, калі ірацыяналізм зноў увайшоў у моду. Таму я пачну з прызнання ў тым, што я лічу навукова-прыродазнаўчае пазнанне найлепшым і найважнейшым хоць далёка і не адзіным. Галоўныя пункты навукова-прыродазнаўчага пазнання наступныя:
1.	Яно зыходзіць з праблем, а менавіта як з практычных, гэтак і з тэарэтычных праблем.
Прыклад вялікае практычнае праблемы змаганне медыцыны супраць хва-
роб, якіх можна пазбегнуць. Гэтае змаганне прывяло ўжо да вялікіх поспехаў, і выбуховы рост колькасці насельніцтва адзін з яго непажаданых вынікаў. Гэта значыць, што іншая даўняя праблема набыла новую актуальнасць праблема кантролю нараджальнасці. Адна з найважнейшых задач медыцынскае навукі палягае ў тым, каб знайсці здавальняльнае рашэнне гэтае праблемы.
Падобным чынам нашы найвялікшыя поспехі вядуць да новых праблем.
Прыкладам вялікай тэарэтычнай праблемы ў касмалогіі ёсць далейшая праверка тэорыі гравітацыі і далейшае даследаванне адзіных тэорый поля. Вельмі істотная праблема, якая мае важнае як тэарэтычнае, гэтак і практычнае значэнне, далейшыя даследаванні імунітэту. Калі выказацца агульна, тэарэтычная праблема мае сваёй задачаю зрабіць зразумелым цяжка вытлумачальны прыродны працэс і пераправерыць вытлумачальную тэорыю з дапамогаю прагназавання.
2.	Пазнанне гэта пошукі праўды, пошукі аб’ектыўна праўдзівых, вытлумачальных тэорый.
3.	Яно не ёсць пошукам пэўнасці ў нечым. Траплянне ў зман уласцівасць чалавека: усялякае чалавечае пазнанне патэнцыйна памылковае (fehlbar) і таму няпэўнае. 3 гэтага вынікае, што мы павінны праводзіць выразную мяжу паміж праўдаю і пэўнасцю. Тое, што траплянне ў зман ёсць чалавечаю ўласцівасцю, азначае, што мы ўвесь час павінны змагацца з памылкамі, але нават пры ўсіх нашых намаганнях ніколі не можам быць упэўненымі ў тым, што мы ўсё-такі не зрабілі нешта няслушна.
Тое, што мы робім няслушна памылка, палягае ў сферы навукі ў значнай ступені ў тым, што мы лічым праўдзівай тэорыю, якая не ёсць праўдзіваю. (Нашмат радзей яна палягае ў тым, што мы лічым тэорыю непраўдзіваю, хоць яна праўдзівая). Пераадолець няслушна зробленае, памылку азначае, гэткім чынам, шукаць аб’ектыўую праўду і рабіць усё магчымае, каб адкрываць і выключаць непраўдзівасці. Гэта задача навуковае дзейнасці. Можна таксама сказаць: наша мэта як навукоўцаў аб’ектыўная праўда; больш праўды, цікавейшая праўда, больш зразумелая праўда. Пэўнасць рацыянальна не можа быць нашай мэтаю. Калі мы ўсведамляем тое, што чалавечае пазнанне патэнцыйна памылковае, тады мы таксама ўсведамляем тое, што мы ніколі не можам быць цялкам упэўненымі, ці мы не зрабілі штосьці няслушна. Гэта можна было б сфармуляваць і наступным чынам:
Ёсць няпэўныя праўды нават праўдзівыя палажэнні, якія мы лічым непраўдзівымі, але не бывае няпэўных пэўнасцяў.
Паколькі мы не можам ведаць дарэшты пэўна, менавіта таму гэта не ёсць запарукаю ў пошуках пэўнасці; а мы гэта робім галоўным чынам праз тое, што мы шукаем памылкі, каб іх выправіць.
Навуковае пазнанне, навуковыя веды, гэткім чынам, заўсёды гіпатэтычныя. Гэта веды, заснаваныя на меркаваннях (Vermutungswissen). I метадам навуковага пазнання ёсць крытычны метад: метад пошуку памылак і выключэння памылак на службе пошуку праўды, на службе праўдзе.
Натуральна, што нехта задасць мне «даўняе і знакамітае пытанне», як яго называе Кант: «Чым ёсць праўда?». У сваёй галоўнай, на 884 старонкі, працы («Кры-
тыка чыстага розуму») Кант адмаўляецца ад далейшых спроб даць іншы адказ на гэтае пытанне, акрамя наступнага што праўда ёсць «супадзеннем пазнання з яго аб’ектам». Я выказаўся б зусім падобным чынам: Нейкая тэорыя або нейкае палажэнне праўдзівыя, калі стан рэчаў, які апісваецца праз гэтую тэорыю, супадае з рэчаіснасцю. I да гэтага я хацеў бы дадаць яшчэ тры заўвагі:
1.	Кожнае недвухсэнсоўна сфармуляванае выказванне або праўдзівае, або непраўдзівае, тады праўдзівым ёсць яго адмаўленне.
2.	Ёсць гэтулькі сама праўдзівых, як і непраўдзівых выказванняў.
3.	Кожнае гэткае недвухсэнсоўнае выказванне (нават калі мы з пэўнасцю не ведаем, ці яно праўдзівае) або само праўдзівае, або яго адмаўленне ёсць праўдзівым. Таксама з гэтага вынікае, што няслушна ставіць на адну дошку праўду і несумненную або пэўную праўду. Праўда і пэўнасць павінны быць рэзка размежаваныя...
Філасофскі рэлятывізм, які хаваецца за «даўнім і знакамітым» пытаннем «чым ёсць праўда?», разнасцежвае брамы і дзверы перад ілжывым цкаваннем чалавека. Гэтага, відаць, не ўбачыла большасць тых, хто рэпрэзентуе рэлятывізм. Але яны павінны былі і маглі гэта ўбачыць. Бачыў гэта Бертран Расэл...
Рэлятывізм гэта адно са шматлікіх злачынстваў інтэлектуалаў. Гэта здрада розуму і чалавечнасці. Мяркую, што рэлятывізм праўды пэўных філосафаў ёсць вынікам памнажэння ідэй праўды і пэўнасці; бо з пэўнасцю ў сапраўднасці справы складаюцца так, што можна сказаць, што маюцца ступені пэўнасці гэта значыць існуе большая або меншая імавернасць. Пэўнасць таксама адносная ў тым сэнсе, што ў дачыненні да пэўнасці заўсёды ўсё залежыць ад таго, штб пастаўлена на карту. Гэткім чынам я мяркую, што тут пераблытваюцца праўда і пэўнасць; і ў шэрагу выпадкаў гэта магчыма таксама даказаць...
Усё, пра што я казаўперад гэтым, несумненна, наводзіць на думку зноўку прыгадаць азначэнні «пазітывіст» і «сцыентыст». Мяне гэта не абыходзіць і нават не абыходзіць, калі гэтыя словы ўжываюцца як лаянкавыя. Але мяне пэўным чынам абыходзіць, калі тыя, хто ўжывае іх, або не ведаюць, пра што кажуць, або перакручваюць факты.