Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
LXXIV
Указанні трэба таксама браць з росту і развіцця філасофіі ды навук. Бо тое, што заснавана на прыродзе, расце і множыцца, а тое, што грунтуецца на думцы, мяняецца, але не расце. Таму, калі б гэтыя тэзы не былі падобнымі да раслін, адарваных ад сваіх каранёў, а трымаліся б каля дрэва прыроды і сілкаваліся б ад яго, то ніяк бы не здарылася таго, што мы бачым ужо на працягу двух тысячагоддзяў: навукі не выходзяць са сваёй каляіны, застаюцца амаль у тым самым стане і не атрымліваюць прыкметнага развіцця; яны нават больш квітнелі ў часы сваіх стваральнікаў, а потым занепадалі. А ў механічных мастацтвах, падстава якіх прырода і святло досведу, мы бачым, адбываецца адваротнае. Механічныя мастацтвы (з таго часу, як яны прыцягнулі да сябе ўвагу), як бы напоўнены нейкім дыханнем, пастаянна мацнеюць і ўзрастаюць. У сваім бесперапынным узвышэнні яны спачатку здаюцца грубымі, пасля ацэньваюцца як карысныя, аж урэшце іх пачынаюць шанаваць...
ХСІХ
Але і ў самым багацці механічных досведаў ёсць найвялікшы недахоп такіх досведаў, якія больш за ўсё спрыялі б і дапамагалі разуменню. Бо механік аніякім чынам не клапоціцца аб даследаванні праўды, а накіроўвае намаганні розуму і сваіх рук толькі на тое, што служыць яго працы. Надзею ж на далейшы рух навук наперад можна добра абгрунтаваць толькі тады, калі натуральная гісторыя атрымае і збярэ шматлікія вынікі доследаў, якія, хоць самі па сабе не прыносяць карысці, але стымулююць адкрыццё прычын і стварэнне аксіём; гэтыя доследы мы звычайна называем асветніцкімі, у адрозненне ад тых, што прыносяць непасрэдную выгоду. Доследы гэтага першага гатунку ўтрымліваюць у сабе выдатную ўласцівасць і прыроду, а менавіта: яны ніколі не падманваюць і не расчароўваюць вас; праведзеныя толькі дзеля таго, каб адкрыць у чым-небудзь яго натуральную прычыну, яны, незалежна ад іх выніку, якраз і задавальняюць вашы памкненні, вырашаючы пастаўленае пытанне...
СІ
Аднак і пасля таго, як ужо здабытыя і знаходзяцца пад рукою факты ды матэрыялы натуральнай гісторыі і досведу, што патрабуюцца дзеля справы розуму або дзеля філасофскай справы, сілы розуму ўсё яшчэ будзе зусім не дастаткова, каб ён сам па сабе і з дапамогаю памяці жыў у гэтым матэрыяле; гэта было б тое ж самае, як спадзявацца ўтрымаць у памяці і адолець якія-небудзь складаныя каляндарныя вылічэнні. Да гэтага ж часу ў даследаванні больш значэння мела разважанне, чым пісанне, і да гэтага часу доследы не былі належным чынам апісаныя. Аднак даследаванне не можа быць здавальняльным, калі яно не сфармулявана на паперы. I толькі, калі гэта ўвойдзе ў звычай, можна будзе звязваць з ім лепшыя спадзяванні...
СПІ
Але і пасля таго як мноства прыватнасцяў будзе належным чынам як бы выкладзена перад вачыма, не варта адразу пераходзіць да даследавання і адкрыцця новых прыватнасцяў або здабывання практычных вынікаў; ці, прынамсі, калі
гэта зроблена, то не варта на гэтым спыняцца. Бо, хоць мы і не адмаўляем, што пасля таго, як з усіх навук будзе сабраны ды сістэматызаваны ўвесь досвед і ён засяродзіцца ў ведах і ацэнках аднаго чалавека, і ў выніку пераносу досведу адной навукі ў іншую з дапамогаю таго досведу, які мы называем навуковым, можа быць адкрыта шмат новага карыснага для жыцця чалавека, ад гэтага, аднак, не варта чакаць шмат чаго, як ад новага святла аксіём, якія паводле вядомых спосабаў і правілаў выводзяцца з тых прыватнасцяў і ў сваю чаргу паказваюць ды вызначаюць новыя прыватнасці. Бо шлях не праходзіць па роўнядзі у яго ёсць пад’ёмы і стромкія спускі: спачатку ўзыходзяць да аксіём, а потым спускаюцца да практыкі.
CIV
He варта ўсё ж дапускаць, каб розум пераскокваў ад прыватнасцяў да як бы аддаленых і амаль што самых агульных аксіём (якімі ёсць так званыя пачаткі навук і рэчаў) і паводле іх нібыта непахіснай праўдзівасці адчуваў бы і ўсталёўваў сярэднія аксіёмы. Так было да гэтага часу: розум схіляецца да гэтага не толькі натуральным прымусам, але і таму, што ён ужо даўно прывучаны да гэтага доказамі праз сілагізмы. Для навук жа варта чакаць дабра толькі тады, калі мы будзем падымацца праўдзівымі сходамі, паслядоўна, не па хісткіх прыступках ад прыватнасцяў да меншых аксіём, а потым да сярэдніх, адна вышэй за другую, і нарэшце да самых агульных. Бо самыя ніжэйшыя аксіёмы крыху адрозніваюцца ад простага досведу. Найвышэйшыя ж і самыя агульныя аксіёмы (якія цяпер існуюць) ёсць паняццева абстрактнымі, і ў іх няма нічога трывалага. Сярэднія ж аксіёмы праўдзівыя, цвёрдыя і жывыя, ад іх залежаць чалавечыя справы ды лёсы. А над імі, нарэшце, размешчаныя найбольш агульныя аксіёмы не абстрактныя, але слушна абмежаваныя гэтымі сярэднімі аксіёмамі.
Таму чалавечаму розуму трэба дадаць не крылы, а хутчэй, колькі волава ды вагі, каб яны стрымлівалі любы яго скачок і палёт. Гэтага, аднак, да сёння не зроблена. Калі ж гэта будзе зроблена, то можна будзе звязваць з навукамі больш трывалыя спадзяванні.
CV
Дзеля пабудовы аксіём павінна быць прыдумана іншая форма індукцыі, чым тая, якою карысталіся да гэтага часу, і гэтая форма павінна ўжывацца не толькі дзеля адкрыцця і выпрабавання таго, што называецца пачаткамі, але нават і да меншых і сярэдніх, а ўрэшце, і да ўсіх аксіём. Індукцыя, якая палягае ў простым пераліку, гэта дзіцячая рэч: яна дае хісткія высновы і паддадзеная небяспецы з боку супярэчных прыватнасцяў, выносячы рашэнні найчасцей на падставе меншай, чым неабходна, колькасці фактаў і прытым толькі тых, што маюцца ў наяўнасці. Індукцыя ж, якая будзе карысная для адкрыцця і доказаў у навуках і мастацтвах, павінна падзяляць прыроду з дапамогаю належных размежаванняў ды выняткаў. I толькі пасля атрымання дастатковай колькасці адмоўных суджэнняў яна павінна рабіць высновы на падставе станоўчых. Гэта да гэтага часу не здзейснена, і нават не зроблена спроба, калі не лічыць Плато-
на, які збольшага карыстаўся гэтай формаю індукцыі дзеля таго, каб здабываць дэфініцыі ды ідэі. Але каб добра і слушна будаваць гэткую індукцыю або доказ, трэба ўжыць шмат такога, што да гэтага часу не прыходзіла ў галаву аніводнаму са смяротных, і выканаць больш працы, чым да гэтага часу было выканана пры ўжыванні сілагізмаў. Карыстацца ж дапамогаю гэтай індукцыі трэба не толькі дзеля адкрыцця аксіём, але і дзеля вызначэння паняццяў. У названай індукцыі і палягае, несумненна, найбольшае спадзяванне...
СХІІ
У гэты час няхай ніхто не мае боязі перад мноствам прыватнасцяў, няхай гэткім чынам ён хутчэй здабывае новыя спадзевы. Бо прыватныя з’явы мастацтваў і прыроды ў рэальнасці складаюць толькі якую жменьку ў параўнанні з выдумкамі ўяўлення, адарванымі і адцягненымі ад відавочнасці фактаў. Зыход нашага метаду зразумелы і амаль што знаходзіцца пад рукою; у той час як шлях зыходу не мае, а бясконца заблытаны. Людзі ж да гэтага часу мала пераймаліся досведам і толькі злёгку да яго датыкаліся, а на разважанні ды выдумкі розуму марнавалі безліч часу. Калі б сярод нас быў хто-небудзь, хто адказваў бы нам на пытанні пра факты прыроды, то адкрыццё ўсіх прычын і завяршэнне навук было б справаю нядоўгіх гадоў...
CXXVII
У каго-небудзь можа з’явіцца таксама сумнеў (хутчэй, чым нязгода): ці мы сцвярджаем, што толькі натуральная філасофія або таксама і астатнія навукі логіка, этыка, палітыка павінны стварацца паводле прапанаванага намі шляху? Мы, вядома, разумеем тое, што сказана, у агульным сэнсе. Падобна да таго, як агульнапрынятая логіка, што трактуе рэчы з дапамогаю сілагізмаў, адносіцца не толькі да натуральных, але і да ўсіх навук, так і наша логіка, якая рухаецца з дапамогай індукцыі, ахоплівае ўсё. Бо мы складаем нашу гісторыю і табліцы адкрыцця як для цяпла і холаду, святла, росту і г. д., так і для гневу, страху, павагі і да т. п., а таксама і для прыкладаў грамадскіх з’яваў, і для душэўных рухаў памяці, супастаўлення, адрознівання, суджэння ды інш. Але з іншага боку, паколькі наш спосаб інтэрпрэтацыі (пасля таго як гісторыя падрыхтаваная і ўпарадкаваная) бярэ пад увагу не толькі рухі і дзейнасць розуму (падобна, як у звычайнай логіцы), але таксама і прыроду рэчаў, у гэткай меры мы скіроўваем розум так, каб ён мог заўсёды прыдатнымі спосабамі звярнуцца да прыроды рэчаў. I таму ў навуцы інтэрпрэтацыі мы даём шмат разнастайных указанняў пра змены ў спосабах адкрыцця ў дачыненні да якасці і стану таго аб’екта, які мы даследуем...
сххх
Цяпер нам ужо час прапанаваць само мастацтва інтэрпрэтацыі прыроды. I хоць мы лічым, што даём у ім самае карыснае і самае пэўнае, аднак мы не прыпісваем яму ані абсалютнай неабходнасці (быццам бы нішто не магло быць зроблена без яго), ані поўнае дасканаласці. Бо мы трымаемся наступнага меркавання: калі людзі будуць мець для сябе сапраўдную гісторыю прыроды і досведу
і рупліва ёй аддадуцца, і прытым будуць здольнымі да двух рэчаў: па-першае, адысці ад прынятых думак і паняццяў, па-другое, утрымаць на пэўны час свой розум ад самага агульнага і ад таго, што блізка яму, тады яны здолеюць прыйсці да нашага спосабу вытлумачэння праз уласную прыродную моц розуму і без дапамогі якога-кольвечы іншага сродку. Бо вытлумачэнне ёсць праўдзівым і натуральным заняткам розуму, вядома ж, вызваленага ад усіх перашкод. Аднак, несумненна, дзякуючы нашым правілам усё будзе больш даступным і значна больш пэўным. Мы, аднак, не сцвярджаем, што да іх ужо немагчыма будзе нічога дадаць. Наадварот, мы, якія трактуем розум не толькі з гледзішча яго ўласнай здольнасці, але і ў яго повязі з рэчамі, павінны быць перакананымі, што разам з адкрыццямі можа таксама развівацца мастацтва здзяйснення адкрыццяў.
Фрэнсіс Бэкан. Новы Арганон. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Novum Organum by Lord Bacon. N. Y„ MCMII.
P. 43-46, 51-52, 78-84, 88, 99-103, 105,107.
РЭНЭДЭКАРТ
He ведаю, ці трэба расказваць вам пра першыя разважанні, якія ў мяне тут узніклі, бо яны такія метафізічныя і нязвыклыя, што, напэўна, будуць не ўсім даспадобы; і тым не менш я адчуваю, што пэўным чынам вымушаны пра іх згадаць, бо толькі так вы зможаце меркаваць, ці з’яўляюцца прынятыя мной падставовыя палажэнні дастаткова трывалымі. Я здавён заўважыў, што ў пытаннях маралі часам існуе патрэба трымацца поглядаў яўна сумнеўных, прычым так, быццам яны ёсць абсалютна бясспрэчнымі, пра што ўжо было сказана вышэй; але паколькі тады я хацеў прысвяціць сябе выключна пошукам праўды, то разважыў, што мушу зрабіць цалкам наадварот і адкінуць як абсалютна фальшывае ўсё, што магло б абудзіць ува мне хоць найменшы сумнеў, каб пасля паглядзець, ці не застанецца сярод таго, што аказалася вартым майго даверу, чаго-небудзь напраўду бясспрэчнага. Так, зыходзячы з таго, што пачуцці нас часам падманваюць, я вырашыў дапусціць, што ніводная рэч не ёсць такой, якою пачуцці прымушаюць нас яе ўяўляць; а паколькі ёсць людзі, якія памыляюцца ў развагах нават адносна найпрасцейшых пытанняў геаметрыі і мысляць паралагізмамі, то я, лічачы і сябе здольным памыляцца, як усякі іншы, адкінуў як непраўдзівыя ўсе довады, якія раней прымаў за яўныя доказы; і нарэшце, узяўшы пад увагу, што ўсе тыя самыя думкі, якія мы маем, знаходзячыся ў бадзёрым стане, могуць прыходзіць нам гэтаксама і ў сне, не будучы ў гэты час ніяк звязанымі з рэальнасцю, я вырашыў уявіць, быццам усё, што калі-небудзь прыходзіла мне ў галаву, адпавядае рэальнасці не больш, чым відзежы з маіх сноў. Але адразу пасля я ўсвядоміў, што ў той самы час, як я вырашыў прыняць думку пра несапраўднасць усяго на свеце, сам я, думаючы так, мушу сапраўды існаваць; і зазначыўшы, што гэтая праўда «я думаю, значыць я ёсць» з’яўляецца настолькі пэўнаю і трывалай, што яе няздольныя пахіснуць усе самыя дзівакаватыя дапушчэнні скептыкаў, я разважыў, што магу без ваганняў прыняць яе за першы прынцып шуканай мной філасофіі.