Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Нягледзячы на маю пашаноту да навукі, я не ёсць сцыентыстам. Бо сцыентыст дагматычна верыць у аўтарытэт навукі, у той час як я не веру ні ў якія аўтарытэты і ўвесь час змагаўся і надалей паўсюдна змагаюся з дагматызмам, перадусім у навуцы. Я супрацьтэзы, што навуковец павінен верыцьу сваю тэорыю... Самае большае я веру ва ўжыванне веры ў этыцы і нават тут толькі ў паасобных выпадках. Я, да прыкладу, веру ў тое, што аб’ектыўная праўда ёсць каштоўнасцю: гэткім чынам, этычнай каштоўнасцю, мажліва, нават найвышэйшаю каштоўнасцю; і я веру ў тое, што брутальнасць ёсць найвялікшаю антыкаштоўнасцю.
I гэтаксама таму я таксама не-пазітывіст, бо я лічу маральна няслушным не верыць у сапраўднасць і ў бясконцую важнасць пакутаў людзей і жывёл, а таксама ў сапраўднасць і важнасць чалавечае надзеі ды чалавечае дабрыні.
Карл Попер. Пазнанне і фарміраванне рэчаіснасці. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Popper, К. R. Erkenntnis und Evolution. Gesammelte Werke 30. Tubingen,
2015. S. 352-356.
МІКАЛАЙ КРУКОЎСКІ
У вузкім філасофска-гнасеалагічным плане ісціна выступае ў агульным плане як адпаведнасць ці, гаворачы дакладней, гомамарфізм паміж сутнасцю пэўнага аб’екта рэчаіснасці і яго паняццевым адлюстраваннем у розуме суб’екта. У сэнсе ж культуралагічным яна бярэцца адначасова і ў больш канкрэтным, і ў больш шырокім аспекце, не толькі ў сваёй абстрактна-духоўнай, як бы дыстыляванай сутнасці, але і ў яе пэўным чынам матэрыялізаванай з’яўнай форме. Бярэцца пераважна як пэўны тэкст, зафіксаваны ў гутарковай або пісьмовай мове; тэкст, асноўнымі элементамі якога з’яўляюцца лагічныя выказванні, суджэнні, якія могуць быць ісціннымі або зманнымі. Ісціна застаецца тут катэгорыяй духоўнай культуры, але захоўвае і родавыя якасці культуры ўвогуле як сістэмы каштоўнасцяў створаных, гэта значыць, аб’ектываваных чалавекам.
Ісціна адлюстроўвае і выражае найбольш агульныя і глыбінныя рысы рэчаіснасці, яе сутнасці, якія выступаюць у форме законаў прыроды і якія праяўляюцца праз асаблівыя з’явы, што ўспрымаюцца ўжо як адносная выпадковасць. Адносная таму, што і гэтыя з’явы не носяць абсалютнага характару, а ўяўляюць сабою нейкія больш вузкія, але таксама сутнасці і таксама выражаюцца агульнымі паняццямі. Таму лагічныя суджэнні, якія могуць быць ісціннымі або фальшывымі, складаюцца з больш агульнага паняцця (прэдыката) і менш агульнага паняцця (суб’екта), якія звязаны паміж сабою па строга акрэсленых законах логікі і даюць нам ісцінны або фальшывы вывад, што таксама выражаецца пэўным агульным паняццем. Усе гэтыя паняцці ды суджэнні ў сваю чаргу выражаюцца, як ужо было сказана, словамі мовы, вуснай або пісьмовай, a то і чыста ўмоўнай сімволікай, як у матэматыцы, дзякуючы чаму яны і ўваходзяць у склад культуры, менавіта духоўнага яе пласта.
Мікалай Крукоўскі. Філасофія культуры. Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію. Мінск, 2000. С. 95-96.
МІШЭЛЬ ФУКО
Для мовы ў класічную эпоху характэрнае адначасова дамінантнае і малазаўважнае становішча.
Дамінантнае ў той меры, у якой словы атрымалі задачу і мажлівасць «рэпрэзентаваць думку». Але ў гэтым выпадку рэпрэзентаваць не значыць выказваць, даючы выразны пераклад, вырабляць пэўны дублікат, які ў сваіх вонкавых формах мог бы дакладна ўзнавіць думку. Рэпрэзентаваць трэба разумець у наўпроставым сэнсе слова: мова рэпрезентуе думку гэтак, як думка рэпрэзентуе сябе сама. Каб утварыць мову ці ўдыхнуць у яе жыццё знутры, патрэбны не сутнасны і першапачатковы акт абазначэння, а толькі прысутная ў сарцавіне ўяўлення ўласцівая яму здольнасць рэпрэзентаваць саму сябе, г. зн. аналізаваць саму сябе, размяшчаючыся частка за часткаю пад кантролем рэфлексіі, і адсылаць сябе да свайго замяшчальніка, які дае ёй працяг. У класічную эпоху ўсё дадзена толькі праз рэпрэзентаванне; аднак праз гэта аніякі знак не ўзнікае, аніякае
слова не выказваецца, аніякае слова або аніякі сказ ніколі не мае на ўвазе аніякага зместу без гульні прэзентавання, што адхіляецца ад сябе самога, раздвойваецца і адбіваецца ў іншым, раўназначным яму прэзентаванні. Прэзентаванні не замацоўваюцца ў свеце, ад якога яны запазычылі свой сэнс; самі па сабе яны выходзяць у прастору, уласцівую ім, унутраная структура якое генеруе сэнс. I тут, у гэтым прамежку, які рэпрэзентаванне вызначае для сябе самое, знаходзіцца мова. Гэткім чынам, словы не ўтвараюць тонкае пелікулы, якая б дублявала думку з боку фасаду; яны заклікаюць думку, паказваюць на яе, але перадусім знутры, сярод усіх гэтых прэзентаванняў, што прэзентуюць іншыя. Класічная мова нашмат бліжэйшая, чым мяркуецца, да думкі, якую яна павінна выявіць, але яна не ёсць паралельнаю да яе; яна ўлучана ў яе сетку і ўватканая ў саму тканіну, якую яна разгортвае. Мова гэта не вонкавая праява думкі, а сама думка.
Мішэль Фуко. Словы і рэчы. Пераклад Р. Грудніцкага (рэдакцыя паводле: Foucault, М.
Les mots et les choses. Paris, 1966. P. 92-93).
МЕРАБ МАМАРДАШВІЛІ
Свядомасць гэта перш за ўсё свядомасць іншага. Але не ў тым сэнсе, што мы ўсведамляем, бачым іншы прадмет, а ў тым сэнсе, што чалавек адхілены ад звыклага для яго, штодзённага свету, у якім ён знаходзіцца. У гэты момант чалавек глядзіць на яго як бы вачыма іншага свету, і ён пачынае здавацца яму нязвыклым, не само сабою зразумелым... Гэта і ёсць свядомасць як сведчанне. Гэта значыць, я падкрэсліваю, па-першае, што ёсць свядомасць і, па-другое, што тэрмін «свядомасць» абазначае нейкую сувязь або суаднесенасць чалавека з іншай рэальнасцю паўзверх або праз галаву навакольнае рэальнасці. Назавем гэта ўмоўна абвостраным пачуццём рэальнасці. Яно звязана ў той жа час з нейкаю іншасветнаю настальгіяй.
Але, вызначыўшы гэтак свядомасць, я хачу далей сказаць, што ёю вылучаецца нейкая кропка ў свеце і ўплеценасць яе ў сусветныя счапленні. Гэтая кропка вылучана, і тым самым яна дыферэнцыяльная, адрозная. Гэта значыць: свядомасць ёсць адначасова і адрозніваннем...
...Чалавек, у адрозненне ад усіх астатніх вядомых нам істот, мае свядомасць. А гэта значыць, што ён мае магчымасць перажываць, адчуваць як раз тыя рэчы або станы, якія натуральным чынам, у якасці прадукту, скажам, якога-небудзь фізіялагічнага механізму, атрымаць немагчыма. Напрыклад, немагчыма мець думкі, атрыманыя праз просты працяг адпушчаных чалавеку натуральных псіхічных сіл, бо гэта будуць не яго думкі. Або мець пачуцці ў выніку зноў жа толькі дадзеных чалавеку натуральных псіхічных здольнасцяў. У філасофіі такога кшталту рэчы паводле традыцыі называюць звычайна «чыстымі» («чыстая свядомасць», «чыстая думка», «чыстае каханне» і г. д.). Але не ў сэнсе прадукту абстракцыі або абагульняльнага паняцця, а ў сэнсе, хоць і натуральным чынам для чалавека немагчымага, але тым не менш выпадку з ім у нейкіх асаблівых станах. Якія ж гэта станы? Станы, што спалучаны або сумешчаны ўчалавеку з сімваламі...
Такім чынам, мы бачым наступную фундаментальную дзеля пабудовы філасофскага апарату рэч. А менавіта, што свядомасць гэта вылучэнне, адрознасць. Дык вось гэтая адрознасць мае яшчэ адзін вельмі важны сэнс з пункту погляду свядомасці як сведчання. У гэтай сведкавай свядомасці змяшчаецца, папершае, штосьці, што я ўсведамляю або думаю ці адчуваю. I, па-другое: я думаю, што я думаю. Або: я адчуваю, што я адчуваю. Ну, скажам, я адчуваю, што я люблю. Але гэта ў прынцыпе можа не супадаць з тым, што я сапраўды люблю. Адна рэч «я кахаю» і зусім іншая «я адчуваю, што люблю». Ці «я думаю» і «я думаю, што я думаю». Гэтыя рэчы прынцыпова розныя, і ніякае пераўтварэнне, ніякае дапушчэнне, ніякае разважанне не могуць знішчыць гэтае адрозненне...
.. .Уступіўшы ў тую сферу, якую я назваў свядомасцю, мы яшчэ маем дачыненне з такімі рэчамі, якія мы павінны прыняць як гэткія, што ўзнікаюць адразу і цалкам і што не паддаюцца складанню па частках і ў паслядоўнасці. Ніводную мову нельга атрымаць па частках. Гэтак яна не ўзнікала. А як яна ўзнікала? Як узнікала паняцце квадрата або круга ў нашай галаве? Філосаф можа адказаць, што тут дзейнічае ўсёзлучанасць свядомасці, што гэта ўжо ёсць. I толькі калі ёсць, то яно можа быць зразуметае. Значыць, гэта як бы нейкі сведка і суддзя адначасова; нейкая ўсёвідушчая істота, сумешчаная са станам нашай свядомасці, калі дадзены гэтыя рэчы. Свядомасць як сведчанне пра ўсе гэтыя рэчы або пра іншасветы. Назавем іх умоўна так. Інша-светныя значыць тыя, якія мы не можам зразумець, калі ўжо іх не разумеем. Ці ўжо не маем. А калі маем, то маем цалкам.
...Уводзячы свядомасць як месца суаднесенасці і звязнасці таго, што мы не можам суаднесці натуральным чынам, мы толькі гэтак і можам вызначыць свядомасць. Гэтая звязнасць ёсць тым, што можна ўбачыць як бы толькі ў нейкім зруху...
.. .Уводзячы свядомасць як дыферэнцыял, як адрозніванне, я меў на ўвазе, вядома, што тая свядомасць, пра якую я кажу, ёсць онталагічна паскоранаю свядомасцю, а не якою-небудзь суб’ектыўнасцю. Гэтая пэўная, так бы мовіць, касмалагічная пастаянная, якая мае онталагічны статус. «Думаю» гэта адно. I «думаю, што думаю» другое. Але ў якіх тэрмінах можна адрозніць тое і іншае? ...Гэта фундаментальнае адрозненне, уведзенае яшчэ Дэкартам. Дэкарт сказаў бы з нагоды першага боку гэтага адрознення, што гэта нейкі невербальны стан актыўнасці ў момант тут і цяпер, які бытуе ўнутры выканання свайго ж быцця...
Такім чынам, у нас ёсць нешта, пра што мы кажам: «думаю». Назавем гэта дзейнасцю, або думка-дзейнасцю. Напрыклад, інтуіцыяністы адрознівалі матэматыку як дзейнасць і як мову. Гэта значыць, яны бачылі ў акце матэматычнай думкі («думаю») адно, а ў «думаю, што думаю» іншае слоўна-знакавае афармленне таго, што падумалася, якое не ёсць тым, што афармляецца... Гэткім чынам, «я думаю, што думаю», гэта заўсёды аформлена знакамі. Наша мысленне заўсёды ёсць апераванне нашым уласным мысленнем. I яно заўсёды прынцыпова іншае, чым тое, чым мы аперуем. Ці можна сказаць гэтак: ёсць быццё і ёсць спосаб быцця і гэта ў прынцыпе розныя рэчы.
Мераб Мамардашвілі. Праблема свядомасці і філасофскае пакліканне. Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Мамардашвмлн, М. Как я понммаю фнлософмю. Москва, 1992. С. 42-44, 48-50.
ДЭВІДДЖОН ЧЭЛМЕРС
Што такое свядомасць?