Уводзіны ў філасофію
нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
Навуковаму метаду ўласцівы наступныя прыкметы:
1) яснасць, або агульнадаступнасць;
2) неабходнасць, або адсутнасць стыхійнасці і адвольнасці ў яго ўжыванні;
3) скіраванасць, ці здольнасць забяспечваць дасягненне мэты;
4) плённасць, або здольнасць даваць не толькі вызначаныя, але і не менш значныя пабочныя вынікі;
5) надзейнасць, ці здольнасць з высокай імавернасцю забяспечваць жаданы вынік;
6) ашчаднасць, або здольнасць даваць вынік з найменшымі выдаткамі сродкаў і часу.
Метады, якія выкарыстоўваюцца ў пазнаўчай дзейнасці, можна падзяліць на тры групы. Да першай належаць агульналагічныя метады, якія ўжываюцца ў любым акце пазнання і на любым узроўні. Гэта аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, абагульненне, аналогія ды іншыя.
Да другой групы адносяцца метады, якія ўжываюцца ў пэўнай канкрэтнай тэорыі і прыстасаваныя для даследавання менавіта гэтага аб’екта. Адметнасцю гэтых метадаў з’яўляецца іх залежнасць ад аб’екта даследавання і спецыфікі пастаўленых задач.
Трэцюю групу складаюць агульнанавуковыя метады, якія больш незалежныя ад спецыфікі аб’екта даследавання і тыпу праблем, але пры гэтым залежаць ад узроўню і глыбіні даследавання. На гэтай падставе гэтыя метады можна падзяліць на метады эмпірычнага і тэарэтычнага пазнання, якія адпавядаюць эмпірычнаму
і тэарэтычнаму этапу даследавання. На эмпірычным этапе ажыццяўляецца збор фактаў, іх першасная апрацоўка, апісанне, класіфікацыя, выяўленне знешніх залежнасцяў. На тэарэтычным этапе ажыццяўляецца абагульненне эмпірычных залежнасцяў, выяўленне структуры аб’екта, устойлівых узаемадзеянняў, пабудова ідэальных мадэляў аб’екта і тэарэтычных схем здзяйснення пазнаўчых праграм.
На эмпірычным этапе ўжываюцца такія метады, як назіранне, класіфікацыя, эксперымент. Назіранне гэта наўмыснае і мэтанакіраванае ўспрыманне аб’екта, абумоўленае задачаю даследавання. Класіфікацыя гэта метад раздзялення мноства аб’ектаў даследавання на падмноствы на падставе зафіксаваных падабенстваў і адрозненняў. Эксперыментам называецца метад даследавання, пры дапамозе якога пэўны аб’ект або працэс даследуецца ва ўмовах, што кантралююцца і кіруюцца даследчыкам. Эксперымент ужываецца або для стварэння сітуацыі, якая дазваляе вывучаць аб’ект у чыстым выглядзе, або для праверкі ўжо існуючых гіпотэз і тэорый, або для фармулёўкі новых гіпотэз і тэарэтычных уяўленняў.
На тэарэтычным этапе выкарыстоўваюцца аксіяматычны, гіпатэтычна-дэдуктыўны метады, метад узыхожання ад абстрактнага да канкрэтнага, а таксама гістарычны і лагічны метады. Аксіяматычны метад спачатку задае набор зыходных аксіём, з якіх потым па вызначаных правілах ствараецца сістэма дэдуктыўных выказванняў. Сутнасць гіпатэтычеа-дэдуктыўнага метаду палягае ў тым, што спачатку фармулюецца адна або некалькі гіпотэз, з якіх пазней выводзіцца сістэма прыватных гіпотэз, што падлягае доследнай праверцы. Метад узыходжання ад абстрактнага да канкрэтнага арыентуе даследаванне на пошук і асэнсаванне такіх уласцівасцяў, сувязяў і адносінаў, якія першапачатковаму абстрактнаму вобразу аб’екта надаюць канкрэтнасць, выразнасць і акрэсленасць. Гістарычны метад патрабуе апісання фактычнай гісторыі аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго існавання. Лагічны ж метад гэта фармальная рэканструкцыя гісторыі аб’екта, ачышчаная ад усяго выпадковага, неістотнага і засяроджаная на выяўленні яго існасці.
На тэарэтычным этапе даследавання ўжываюцца і такія метады, як ідэалізацыя, фармалізацыя, мадэляванне (у тым ліку матэматычнае і кампутарнае). Гэтая разнастайнасць навуковых метадаў забяспечвае адэкватнасць вынікаў пазнання, лагічную несупярэчлівасць навуковых ведаў, эмпірычную абгрунтаванасць і магчымасць прынцыповай праверкі атрыманых ведаў.
Гэткім чынам, найбольш абгрунтаванай формай пазнаўчай дзейнасці лічыцца навуковае пазнанне, для ажыццяўлення якога ствараюцца разнастайныя метады, што забяспечваюць адэкватнасць вынікаў пазнаўчага працэсу.
Дыялектычны і метафізічны метады. У самой філасофіі гістарычна склаліся і шырока ўжываліся два асноўныя метады: дыялектычны і метафізічны. У сваёй развітай форме дыялектычны метад уяўляе сабой сістэму прынцыпаў, катэгорый і законаў, якія забяспечваюць змястоўнае адлюстраванне прадмета ў яго дынаміцы. Рух, зменлівасць, развіццё як вынік унутранай супярэчлівасці ўсяго існага вось аснова дыялектычнага метаду. Ён патрабуе разглядаць свет і асобныя з’явы як узаемазвязаныя і залежныя адно ад аднаго. Крытычнасць ёсць
істотнай рысай гэтага метаду. Ён дае магчымасць асэнсаваць свет як разнастайнасць адзінства, у якім проціборства асобнага не знішчае адзінства, а змушае яго да развіцця, да нараджэння новай якасці ў межах гэтага адзінства. Эўрыстычныя магчымасці гэтага метаду распаўсюджваюцца не толькі на аб’ектыўную рэальнасць, але і на творчае мысленне, што надае яму ўніверсальнасць.
Метафізічны метад сфарміраваўся і набыў шырокае прымяненне ў новаеўрапейскай навуцы і філасофіі. Дакладней кажучы, ён узнікае ў новым эксперыментальным прыродазнаўстве, асновай якога была механіка. Яе поспехі, дакладнасць і ападыктычнасць яе ведаў прывялі да абсалютызацыі метадаў механікі і пераносу прынцыпаў механістычнага прыродазнаўства ў светапогляд і філасофскую метадалогію. Сфарміраваўся гэты метад на той стадыі развіцця навукі, калі перад ёю стаяла задача назапашвання фактаў. Дзеля гэтага асобныя прадметы неабходна было «вырваць» з іх сувязяў і разгледзець такімі, якімі яны былі самі па сабе. Вось чаму метафізічны метад скіроўвае пазнанне на канкрэтныя адзінкавыя прадметы, ніяк паміж сабой не звязаныя, ізаляваныя адзін ад аднаго, статычныя. Калі метафізіка і прызнае зменлівасць ды развіццё, то толькі як перамену месца ў прасторы пад уздзеяннем знешніх сіл, як простае павелічэнне і змяншэнне. Адсюль вынікае аднабаковасць метафізічных ведаў, іх абмежаванасць, арыентацыя пазнання на фіксацыю нязменнай прыроды рэчаў, іх устойлівасці. Таму калі навука перайшла ад канстатацыі фактаў да выяўлення прычын зменлівасці і развіцця, то адразу відавочнай стала абмежаванасць гэтага метаду і рост папулярнасці дыялектыкі.
Р. Грудніцкі.
тэксты
ФРЭНСІС БЭКАН
LXIX
Усялякія заганныя доказы ёсць як бы абаронаю і прыкрыццём рознага кшталту ідалаў. Тыя доказы, якія мы маем у дыялектыцы, зводзяцца амаль цалкам да таго, што аддаюць свет у паняволенне да чалавечага мыслення, а чалавечае мысленне у паняволенне да слоў. Між тым, доказы паводле сваёй прыроды належаць філасофіі ды навукам. Бо, якія яны слушна ці дрэнна пабудаваныя, гэткія і філасофія, і сузіранне, што за імі ідуць. Фальшывыя і нягеглыя тыя доказы, якімі мы карыстаемся на тым агульным шляху, што вядзе ад рэчаў і пачуццяў да аксіём і высноў. Гэты шлях складаецца з чатырох частак і мае гэтулькі сама заганаў. Па-першае, заганныя ад прыроды ўражанні самога пачуцця, бо пачуццё і збівае з тропу, і ўводзіць у зман. Таму трэба выправіць тое, што ўводзіць у зман, і папярэдзіць тое, што збівае з тропу. Па-другое, паняцці кепска адцягнены ад уражанняў пачуццяў, а яны павінны быць вызначанымі і добра размежаванымі. Па-трэцяе, кепская тая індукцыя, якая робіць высновы пра пачаткі навук з дапамогаю простага пераліку, не прыцягваючы выключэнняў і раскладанняў або
дыфэрэнцыяцый, якіх патрабуе прырода. Урэшце, маткаю памылак і бядою ўсіх навук ёсць той спосаб адкрыцця і спраўджвання, калі спачатку будуюцца самыя агульныя падставы, а потым да іх прыстасоўвацца і праз іх правяраюцца сярэднія аксіёмы. Але пра гэта, што мы цяпер закранаем пабежна, мы скажам больш грунтоўна, калі, цалкам ачысціўшы і вылечыўшы розум, мы пакажам праўдзівы шлях інтэрпрэтацыі прыроды.
LXX
Самым лепшым сярод усіх доказаў ёсць досвед, калі ўся працэдура шчыльна звязана з ім. Бо, калі ён адзін пераносіцца і на іншае, што лічыцца падобным, і гэтае перанясенне не робіцца належным чынам, то досвед можа апынуцца фальшывым. Але той спосаб выканання эксперыментаў, якім людзі цяпер карыстаюцца, сляпы і неразумны. I з тае прычыны, што яны вандруюць і блукаюць без усялякай дакладнай дарогі ды кіруюцца толькі тымі рэчамі, што ім трапляюцца, яны звяртаюцца шмат да чаго, але іх рух наперад мізэрны. Часам яны моцна імкнуцца, часам рассейваюцца і заўсёды знаходзяць аб’ект сваіх далейшых пошукаў. Можна сказаць, што людзі легкадумна і, нібы забаўляючыся, ставяць эксперыменты, крыху мяняючы ўжо вядомыя доследы, і, калі ў іх не атрымліваецца, яны маюць таго досыць і пакідаюць спробу...
Калі ж яны спрабуюць вывесці з доследаў якую-небудзь навуку або тэорыю, то амаль заўсёды з залішне паспешлівай і несвоечасовай рупнасцю адхіляюцца ў бок практыкі. Яны так робяць не гэтулькі дзеля таго, каб атрымаць такім спосабам карысць і прыбытак, але дзеля таго, каб у якой-небудзь новай працы здабыць доказ таго, што яны не без карысці здолеюць займацца і іншым, а таксама і дзеля таго, каб паказаць сябе іншым і надаць большую вагу таму, чым яны занятыя. Так яны, накшталт Аталанты [са старагрэцкае легенды], збочваюць са шляху дзеля таго, каб падняць залаты яблык, перапыняючы тым часам свой бег і выпускаючы перамогу з рук. А на праўдзівым шляху досведу, на прывядзенні яго да новых тварэнняў павінны быць усімі ўзятыя за ўзор боская мудрасць і парадак. Бог у першы дзень тварэння стварыў толькі святло, аддаўшы гэтаму чыну цэлы дзень і не зрабіўшы ў гэты дзень нічога матэрыяльнага. Такім жа кшталтам перш за ўсё трэба з разнастайнага досведу здабываць адкрыццё сапраўдных прычын і аксіём і трэба шукаць досведаў, якія нясуць асвету хутчэй, чым даюць канкрэтны плён. Але слушна адкрытыя і ўсталяваныя аксіёмы ўзбройваюць практыку не павярхоўна, а глыбака і цягнуць за сабою шматлікія шэрагі практычных ужыванняў. Аднак пра шляхі досведу, якія загрувашчаныя і абцяжараныя не менш, чым шляхі меркавання, мы будзем разважаць пазней. Тут мы казалі толькі пра звычайны досвед як пра кепскі доказ. Цяпер жа парадак рэчаў патрабуе, каб мы далучылі да гэтага што-небудзь пра тыя прыкметы (пра іх мы згадвалі раней), што сведчаць пра кепскае ўжыванне філасофій і тэорый ды аб прычынах гэтай з’явы, якая на першы погляд здаецца гэткаю дзіўнаю і непраўдападобнаю. Бо разуменне прыкмет або ўказанняў рыхтуе згоду, а тлумачэнне прычын ліквідуе ўяўнае дзіва. I тое, і другое шмат у чым дапамагае больш лёгкаму і спакойнаму выкараненню ідалаў з розуму...