Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Цяпер жа, калі пазнанне Бога і душы пераканала нас у вышэй памянёным правіле, няцяжка зразумець, што мроі, якія нам бачацца ў сне, ніякім чынам не павінны прымушаць нас сумнявацца ў праўдзівасці думак, якія нам прыходзяць наяве. Бо нават калі б здарылася, што нейкаму чалавеку ў сне прыйшла вельмі дакладная ідэя, напрыклад, калі б геометр вынайшаў новы доказ, яго сон не перашкодзіў бы гэтаму доказу быць слушным; а што да звычайна пашыранай падманлівасці нашых сноў, якая заключаецца ў тым, што розныя рэчы паўстаюць у іх перад намі гэтак сама, як будучы ўспрыманымі праз вонкавыя органы пачуццяў, дык няма бяды, што гэтая падманлівасць дае нам падставу не давяраць праўдзівасці такіх уяўленняў, бо досыць часта яны могуць падманваць нас, і калі мы не спім: так, хворыя на жаўтуху бачаць усё ў жоўтых колерах, а зоркі ці вельмі аддаленыя прадметы здаюцца нашмат меншымі, чым ёсць напраўду. Бо ўрэшце, спім мы ці не спім, мы заўсёды павінны давярацца ў сваіх меркаваннях толькі відавочнасці розуму. I варта падкрэсліць, што я тут вяду гаворку менавіта пра розум, а не пра нашы ўяўленні ці нашы пачуцці: так, зноў-такі, мы вельмі ясна бачым Сонца, але праз гэта не павінны меркаваць, што яно такой велічыні, якім мы яго бачым, або мы можам выразна ўявіць ільвіную галаву на казліным целе, але з гэтага не трэба рабіць выснову, што ў свеце існуе хімера, бо розум зусім не ўказвае нам, быццам усё, што мы бачым ці ўяўляем падобным чынам, адпавядае сапраўднасці, але ж ён указвае, што ў аснове ўсіх нашых думак або паняццяў мусіць ляжаць пэўная праўда; бо без гэтага было б немагчыма, каб Бог, будучы ўседасканалым і ўсепраўдзівым, іху нас уклаў; а паколькі ў сне нашае разважанне ніколі не бывае ні такім ясным, ні такім завершаным, як тады, калі мы не спім (хоць часам мроі і бываюць не меней выразнымі і жывымі), то розум указвае, што, калі і не ўсе нашыя думкі могуць быць слушнымі з прычыны нашай няпоўнае дасканаласці, дык ужо тое, што ў іх ёсць ад праўды, мусіць несумненна ў болыпай ступені сустракацца ў тых думках, што нам прыходзяць наяве, чым у тых, што прыходзяць у сне.
Рэнэ Дэкарт. Развагі аб метадзе.
Пераклад Зм. Коласа. Мінск, 2007. С. 39-49.
БЕНЕДЫКТ ДАБШЭВІЧ
Этыялогія
Прычына рэчаў гэта ў сваёй сутнасці прынцып, які са сваёй уласцівасці выводзіць што-небудзь недастатковае для існавання. Апроч таго яшчэ адна прычына існага фізічная, а менавіта: стваральная, матэрыяльная, фармальная; другая маральная, да якой належаць дэфінітыўныя і прыкладныя. Фізічная стваральная прычына падзяляецца на першасную і другасную. Насуперак Дэкарту і Мальбраншу мы сцвярджаем, што другасным прычынам уласцівая ўласная сіла рэчаў і праўдзівае тварэнне, і не адзін Бог ствараў сілаю закона, вызначыў тое, што яны прыпісваюць існаванню другасных прычын, якія, як яны мяркуюць, дзе б яны ні мелі месца, маюць толькі выпадковы характар... зразумела, што самі другасныя прычыны таксама могуць усё рабіць ды ствараць. Паміж прычынаю
ды вынікам павінна быць не адно повязь паводле існасці, але таксама і повязь самога часу і месца гэтак, каб ні ў іншы час, ні ў іншым месцы, чым тое, у якім знаходзіцца прычына, што-кольвечы не магло адбыцца...
Бенедыкт Дабшэвіч. Погляды новых філосафаў, растлумачаныя і праілюстраваныя фізічнымі з’явамі, матэматычнымі доказамі, развязаннямі задач, назіраннямі ды эксперыментамі, (выкладзеныя ў Наваградку і Вільні,) 1760 г. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Памятннкн фялософской мыслм Белорусспм XVII первой половмны
XVIII в. Мннск, 1991. С. 252. Перевод А. Цукермана.
Арыгінальны тэкст у: Dobszewicz, В. Placita recentiorum philosophorum explanata nec non phenomenis physicis, demonstrationibus mathematicis, resolutionibus problematam, observationibus ac experimentis, adornata in Nowogrudek et Vilna. Vilnae, 1760.
ІМАНУЭЛЬ KAHT
Калі б мы прымалі прадметы пачуццёвага свету за рэчы самі ў сабе, а вышэйзгаданыя законы прыроды за законы рэчаў саміх у сабе, дык супярэчнасць была б непазбежнаю. Гэтаксама, калі б мы ўяўлялі сабе суб’ект свабоды нароўні з іншымі прадметамі як простую з’яву, дык мы таксама не маглі б унікнуць супярэчнасці; бо адначасова ў дачыненні да аднаго і таго прадмета ў адным і тым самым значэнні тое самае сцвярджалася б і адмаўлялася б. Калі, аднак, натуральная неабходнасць будзе аднесеная выключна да з’яваў, а свабода да рэчаў саміх у сабе, дык ніякай супярэчнасці не ўзнікне, нават калі прыняць альбо дапусціць абедзве разнавіднасці каўзальнасці альбо нават калі паняцце каўзальнасці тае другой разнавіднасці было б вельмі складаным альбо і зусім незразумелым.
У з’яве кожны вынік ёсць падзеяй, альбо нечым такім, што адбываецца ў часе; у адпаведнасці з агульным законам прыроды гэтаму павінна папярэднічаць вызначэнне каўзальнасці яго прычыны (яго пэўны стан), за якім дзеянне адбываецца паводле пастаяннага закона. Але гэтае вызначэнне прычыны дзеля каўзальнасці таксама павінна быць нечым тым, што здзяйсняецца альбо адбываецца-, прычына павінна пачаць дзейнічаць, бо ў іншым выпадку паміж ёю і дзеяннем было б немагчыма думаць ніякую часавую паслядоўнасць: дзеянне існавала б заўсёды, гэтаксама як і каўзальнасць прычыны. Вось жа, сярод з’яваў павінна было ўзнікнуць вызначэнне прычыны да дзеяння, а таму яно павінна, гэтаксама як дзеянне, быць падзеяй, якая зноў-такі мусіць мець сваю прычыну, і г. д.; значыць натуральная неабходнасць павінна быць умовай, якая вызначае дзейныя прычыны. Калі, аднак, свабода мае быць уласцівасцю пэўных прычын з’яваў, дык у дачыненні да гэтых апошніх як падзеяў яна павінна быць здольнасцю пачынаць іх сама сабою (sponte), г. зн. без таго, каб каўзальнасць прычыны павінна была рабіцца пачаткам сябе самой і, як вынік, іншай падставы, што вызначае гэты пачатак. Але тады прычына, паводле яе каўзальнасці, не павінна падпарадкоўвацца часавым вызначэнням яе стану, г. зн. зусім не павінна быць з’яваю, г. зн. яна павінна быць прызнаная як рэч сама ў сабе, а дзеянні толькі ў якасці з’яваў. Калі, не патрапляючы ў супярэчнасці, можна думаць гэткі ўплыў інтэлігібельных рэчаў на з’явы, дык,
хоць любая повязь прычыны і дзеяння ў пачуццёвым свеце будзе падпарадкаваная прыроднай неабходнасці, але, з іншага боку, будзе прызнаная свабода за тою прычынаю, якая сама не ёсць з’яваю (хоць ляжыць у падмурку з’яваў); гэткім чынам, прырода і свабода могуць быць без супярэчнасцяў дастасаваныя да той самай рэчы, але ў розных дачыненнях: у адным выпадку як з’яве, у другім як рэчы самой у сабе.
Мы маем у сабе здольнасць, якая не толькі выяўляе сябе ў повязі са сваімі суб’ектыўна-вызначальнымі падставамі, што ёсць натуральнымі прычынамі яе дзеянняў, і, гэткім чынам, ёсць здольнасцю істоты, што сама належыць да з’яваў, але і суадносіцца з аб’ектыўнымі падставамі, якія ёсць проста ідэямі наколькі яны гэтую здольнасць могуць вызначаць; і гэтая повязь выказваецца праз павіннасць. Гэтая здольнасць называеццарозумам, і наколькі мы разглядаем нейкую істоту (чалавека) выключна ў дачыненні да гэтага розуму, які можа быць вызначаны аб’ектыўна, нагэтулькі яна не можа ўважацца за пачуццёвую істоту, а думаная ўласцівасць ёсць уласцівасцю рэчы самой у сабе, магчымасць якой мы не можам зразумець, як менавіта павіннасць, якая ёсць тым, што, аднак, ніколі не адбылася, вызначае дзейнасць гэтай істоты і можа быць прычынаю дзеянняў, вынікам якіх ёсць з’ява ў пачуццёвым свеце. Тым не менш, аднак, каўзальнасць розуму датычна вынікаў дзеянняў у пачуццёвым свеце ёсць свабодаю настолькі, наколькі аб’ектыўныя падставы, якія самі ёсць ідэямі, разглядаюцца як вызначальныя. Бо тады дзеянне залежала б не ад суб’ектыўных, а таму часавых умоваў і, як вынік, не ад натуральнага закона, што іх вызначае, бо падставы розуму даюць дзеянням правілы наогул, выводзячы іх з прынцыпаў, незалежна ад уплыву акалічнасцяў часу альбо месца.
Імануэль Кант. Пралегомены да любой будучай метафізікі, што можа ўзнікнуць як навука.
Пераклад Л. Баршчэўскага. Мінск, 2006. С. 90-92.
ГЕАРГ ФРЫДРЫХ ВІЛЬГЕЛЬМ ГЕГЕЛЬ
Тоеснасць прычыны з сабою ў яе дзеянні гэта скасаванне яе моцы і адмоўнасці і таму абыякавае да адрозненняў формы адзінства, змест. Вось чаму ён толькі ў сабе суаднесены з формаю, у гэтым выпадку з прычыннасцю. Тым самым яны пакладзеныя як розныя, і форма ў дачыненні да зместу ёсць толькі непасрэдна сапраўднай формаю, выпадковаю прычыннасцю.
Далей, змест, узяты гэткім чынам як нешта пэўнае, гэта розны ў самім сабе змест; і прычына, а тым самым і дзеянне, вызначаны паводле свайго зместу. Паколькі рефлектаванасць ёсць тут таксама непасрэднаю рэчаіснасцю, то змест ёсць сапраўднаю, але канчатковаю субстанцыяй.
Такі цяпер стасунак прычыннасці ў яго рэальнасці і канчатковасці. 3 фармальнага боку ён ёсць бясконцым стасункам абсалютнае моцы, зместам якой служыць чыстае выяўленне сябе, або неабходнасць. Наадварот, як канчатковая прычыннасць ён мае пэўны дадзены змест і развіваецца як знешняе адрозненне ў тоесным, якое ў сваіх вызначэннях ёсць адною і тою ж субстанцыяй.
Дзякуючы гэтай тоеснасці зместу дадзеная прычыннасць ёсць аналітычным палажэннем. Адна і тая самая рэч выступае ў адным выпадку як прычына, а ў іншым як дзеянне, там як яе ўласная ўстойлівасць, тут як трывалая вызначанасць або вызначэнне ў чымсьці іншым. Паколькі гэтыя вызначэнні формы ёсць знешняю рэфлексіяй, то гэта, па сутнасці справы, таўталагічны погляд на суб’ектыўную развагу, калі тую ці іншую з’яву вызначаюць як дзеянне і ўзыходзяць ад яго да яго прычыны, дзеля таго каб зразумець і растлумачыць яго; паўтараецца толькі адзін і той жа змест; у прычыне няма нічога такога, чаго няма ў дзеянні. -
Напрыклад, дождж прычына вільготнасці, якая ёсць яго дзеяннем; «Дождж дасць вільгаць» гэта аналітычнае палажэнне; тая самая вада, якая ўтварае дождж, і ёсць вільгаццю; як дождж гэтая вада маецца ў форме асобнай рэчы, а як вільготнасць або вадзяністасць яна дадатак, нешта пакладзенае, якое, як мяркуюць, ужо не мае сваёй устойлівасці ў самім сабе; і тое, і іншае вызначэнне аднолькава вонкавыя датычна вады. Гэтак сама прычына вось гэтага колеру нешта, якое афарбоўвае, пігмент, які ёсць адною і тою ж рэчаіснасцю, якая выступае ў адным выпадку ў знешняй што да яе форме чагосьці дзейнага, г. зн. як вонкава звязаная з адрозным ад яе дзейным, а ў другім выпадку у гэтак сама знешнім для яе вызначэнні дзеяння. Прычына таго ці іншагаўчынку гэта ўнутранае перакананне дзейнага суб’екта, якое як вонкавае тут-быццё, што набываецца гэтым перакананнем дзякуючы дзейнасці, ёсць тым жа зместам і тою ж каштоўнасцю. Калі рух якога-небудзь цела разглядаецца як дзеянне, то прычына яго нейкая штурхальная сіла; але і да і пасля штуршка маецца адна і тая ж колькасць руху, адно і тое ж існаванне, якое змяшчалася ў целе, якое штурхала, і было перададзенае ім штурхнутаму целу; і колькі яно перадае, гэтулькі ж яно само і губляе...