Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Потым, пачаўшы ўважліва даследаваць, што такое я ёсць, і ўбачыўшы, што
я магу ўявіць, быццам не маю цела і няма ніякага свету, ні месца, у якім бы я быў, але не магу ўявіць, быццам праз гэта мяне зусім няма, а якраз наадварот, менавіта з таго, што я думаю і сумняваюся ў сапраўднасці іншых рэчаў, вынікае абсалютна ясна і несумненна, што я ёсць, а вось каб я перастаў думаць, дык нават калі б усё астатняе, што я калі-небудзь сабе ўяўляў, было сапраўдным, гэта не давала б яшчэ ніякай падставы меркаваць, быццам я ёсць, з усяго гэтага я зразумеў, што я субстанцыя, уся сутнасць, або прырода, якой заключаецца ў тым, каб думаць, і якая дзеля свайго быцця не мае патрэбы ні ў якім месцы, ані не залежыць ад чаго б там ні было матэрыяльнага; так што гэтае я, ці то душа, праз якую я і ёсць тым, чым я ёсць, цалкам адрозная ад цела і спазнаць яе нават лягчэй, чым цела, і нават калі б цела ўвогуле не было, яна ўсё адно не перастала б быць тым, чым яна ёсць.
Пасля гэтага я разгледзеў, штб ўвогуле патрабуецца, каб тое ці іншае палажэнне было сапраўдным і пэўным; бо цяпер, калі адно такое палажэнне было мною знойдзенае, я, на маю думку, мусіў высветліць, у чым заключаецца гэтая пэўнасць. I зазначыўшы, што ў праўдзівасці палажэння «я думаю, значыць я ёсць» мяне нішто не пераконвае так, як абсалютна яснае ўсведамленне, што, каб думаць, трэба быць, я разважыў, што магу ўзяць за агульнае правіла, што ўсё, усведамлянае намі цалкам выразна і ясна, сапраўднае, хоць пры гэтым, зрэшты, існуе пэўная цяжкасць правільна вызначаць, што менавіта мы ўсведамляем цалкам выразна.
Тады, разважыўшы, што, паколькі я сумняваюся, значыць, маё існаванне не зусім дасканалае (бо я выразна ўсведамляў, што ведаць ёсць нечым больш дасканалым, чым сумнявацца), я захацеў знайсці, адкуль у мяне гэтае ўменне думаць пра нешта дасканалейшае за мяне, і я відавочна зразумеў, што яно мусіць паходзіць ад нечага па прыродзе сваёй напраўду больш дасканалага. Што тычыцца думак пра розныя іншыя рэчы, якія знаходзяцца па-за мною, пра неба, зямлю, святло, цяпло і тысячу іншых, дык тут мне было зусім не так цяжка зразумець, адкуль яны ў мяне бяруцца, бо не заўважаючы ў гэтых думках нічога, што магло б іх паставіць вышэй за мяне, я мог меркаваць, што іх праўдзівасць залежыць ад маёй натуры ў той ступені, у якой яна дасканалая, а калі яны не праўдзівыя значыць, яны бяруцца з нічога, іначай кажучы, узнікаюць ува мне ў сувязі з пэўнай маёй заганай. Але ж ідэя аб існасці, дасканалейшай за маю, не магла ўзнікнуць такім самым чынам, бо атрымаць яе з нічога было рэччу яўна немагчымаю, а паколькі дапусціць, што нешта больш дасканалае залежыць ад і паходзіць з нечага менш дасканалага, непрымальна настолькі ж, як і меркаваць, што нешта можа ўзнікнуць з нічога, значыць, гэтая ідэя не магла паходзіць з мяне самога, адкуль заставалася зрабіць выснову, што яна была закладзеная ў мяне тым, чыя прырода напраўду дасканалейшая за маю і хто ўвогуле валодае ўсімі дасканаласцямі, якія я здольны ўявіць, адным словам, Богам. Да гэтага я дадаў, што, паколькі мне вядомыя пэўныя дасканаласці, якімі сам я зусім не валодаю, значыць, я ёсць не адзінай істотай у гэтым быцці (калі вы дазволіце мне тут скарыстацца свабодна гэтымі школьнымі тэрмінамі), і значыць, абавязкова павінен быць нехта іншы, болып дасканалы, ад каго я залежу і ад каго атрымаў усё, што маю, бо, калі б я быў адзін і ні ад каго іншага не залежаў, так што меў бы
тыя крыхі дасканаласці, якімі валодаю сёння, толькі ад сябе самога, дык на гэткіх самых падставах я мог бы атрымаць ад сябе і ўсё астатняе, чаго, як я ведаю, мне бракуе, і сам быў бы бясконцы, вечны, нязменны, усёведны, усёмагутны і валодаў бы ўрэшце ўсёю той дасканаласцю, якую здольны ўгледзець у Богу. Такім чынам, у адпаведнасці з гэтымі апошнімі разважаннямі, мне, каб спазнаць прыроду Бога, наколькі гэта дазваляла мая прырода, было цяпер дастаткова разгледзець усе якасці, пра якія я меў уяўленне, з пункту погляду, стасуецца ці не валоданне кожнай з іх з дасканаласцю, а я быў перакананы, што ніводная якасць, адзначаная пэўнай недасканаласцю, не была яму ўласцівая, тым часам як усе астатнія ў ім прысутнічалі (я ўсведамляў, напрыклад, што сумнення, непаслядоўнасці, суму і падобных рэчаў быць у ім не можа, бо я і сам быў бы рады ад іх пазбавіцца). Апроч таго, я меў пэўныя ідэі аб шматлікіх аспектах пачуццёвага і рэчыўнага свету, бо, хоць і меркаваў, што мрою і што не ўсё бачанае ці ўяўлянае мною адпавядае сапраўднасці, тым не менш, я не мог адмаўляць, што гэтыя ідэі насамрэч прысутнічаюць у маім мысленні. Але паколькі я ўжо вельмі выразна ўсведамляў, што разумовая прырода ўва мне адрозная ад цялеснай (рэчыўнай), і прымаючы пад увагу, што ўсякае спалучэнне сведчыць аб залежнасці, а залежнасць ёсць праявай недасканаласці, я зрабіў з гэтага выснову, што для Бога быць складзеным з дзвюх гэтых прыродаў не было б дасканалым, а значыць, ён з іх не складаецца; калі ж у свеце і ёсць нейкія рэчыўныя, разумовыя ці іншыя па сваёй прыродзе целы, якія не валодаюць поўнаю дасканаласцю, дык іх існаванне мусіць цалкам залежаць ад яго ўлады, так што яны не маглі б пратрываць без яго ні хвіліны.
Пасля гэтага я вырашыў шукаць іншыя праўды і, пачаўшы з прадмета, які вывучаюць геометры і які мне ўяўляўся як нейкае непарыўнае цела, або прастора, што неабмежавана распасціраецца ў даўжыню, шырыню і вышыню або глыбіню і можа падзяляцца на розныя часткі, якія могуць мець розныя памеры і формы і ўсякім чынам рухацца і перамяшчацца (бо геометры мяркуюць, што ўсё гэта ўласціва даследаванаму імі прадмету), я прагледзеў некаторыя з іхніх найпрасцейшых довадаў; і, прыняўшы пад увагу, што вялікая пераканаўчасць, якую ім усе прыпісваюць, грунтуецца толькі на тым, што гэтыя доказы вельмі наглядныя і выразна ўсведамляюцца адпаведна з толькі што выведзенымі мною правіламі, я ўсвядоміў таксама, што разам з тым у іх няма нічога, што пераконвала б мяне ў існаванні самога гэтага даследаванага прадмета: так я, напрыклад, выдатна разумеў, што, калі мы ўяўляем трохкутнік, сума яго трох кутоў мусіць быць роўная суме двух простых кутоў, але ж я не бачыў у гэтым нічога, што пераконвала б мяне ў існаванні ў свеце нейкіх трохкутнікаў; у той жа час, наадварот, вяртаючыся да ідэі, якую я меў аб дасканалай існасці, я знаходзіў, што існаванне гэтай існасці закладзенае ў ідэю аб ёй гэткім самым чынам, як у ідэю аб трохкутніку, чые тры куты роўныя двум простым, ці аб сферы, усе часткі якой роўна аддаленыя ад цэнтра, ато нават з яшчэ большаю відавочнасцю; а значыць тое, што Бог, які і ўвасабляе сабой гэту найдасканалейшую існасць, ёсць, ці існуе, праўдзіва не менш, чым можа быць праўдзівым любы геаметрычны довад.
Але прычына, што ёсць нямала такіх, хто перакананы, нібыта існуе пэўная цяжкасць спазнаць, што такое Бог, і нават спазнаць, што ўяўляе сабой іх душа, за-
ключаецца ў тым, што яны ніколі не ўздымаюцца розумам вышэй за рэчы, спазнавальныя праз пачуцці, і што яны настолькі прызвычаеныя разглядаць усё з дапамогаю ўяўлення, якое ёсць усяго толькі адмысловым спосабам мыслення аб рэчах матэрыяльных, што ўсё, чаго немагчыма ўявіць, здаецца ім недасягальным і для разумення. Гэта дастаткова яскрава праяўляецца ў тым, што нават філосафы ўсіх школаў лічаць за непарушнае правіла, нібы ў розуме не можа быць нічога, чаго не было папярэдне ў пачуццях, хоць якраз у пачуццях ідэяў аб Богу і душы не было ніколі; і мне здаецца, што тыя, хто хоча спазнаць іх, карыстаючыся ўяўленнем, робяць тое самае, як калі б спрабавалі чуць гукі ці пахі, карыстаючыся вачыма, з той, зрэшты, розніцаю, што зрок пераконвае нас у сапраўднасці ўлоўлеваных ім аб’ектаў не менш, чым гэта робяць нюх і слых, тым часам як ані ўяўленне, ані пачуцці ніколі не змогуць пераканаць нас у чым-небудзь, калі да іх не далучыцца наш розум.
Нарэшце, калі ўсё яшчэ ёсць людзі, якіх прыведзеныя мною довады недастаткова пераканалі ў існаванні душы і Бога, дык мне хацелася б ім сказаць, што сапраўднасць усяго іншага, у чым, можа быць, яны адчуваюць сябе больш упэўненымі, у тым, напрыклад, што маюць цела ці што ёсць зоркі, зямля і іншыя падобныя рэчы, што сапраўднасць усяго гэтага мае меншую пэўнасць, бо хоць маральна мы перакананы ў існаванні гэтых рэчаў настолькі, што сумненне ў іх выглядала б прынамсі дзівацтвам, тым не менш, калі гаворка заходзіць пра іх сапраўднасць з метафізічнага пункту погляду, ніхто, не адступіўшы ад рацыі, не будзе адмаўляць, што ёсць дастатковыя падставы не быць у ёй цалкам упэўненым, беручы пад увагу, што падчас сну мы можам роўным чынам уявіць, што маем іншае цела і бачым іншыя зоркі і зямлю, хоць папраўдзе нічога такога няма. Бо адкуль вядома, што думкі, якія нам прыходзяць у сне, фальшывейшыя за іншыя, калі часцяком яны бываюць не менш выразныя і жывыя? Хай разумнейшыя галовы даследуюць гэтае пытанне, колькі заўгодна, але не думаю, каб яны знайшлі нейкі дастатковы довад зняць звязаныя з ім сумненні, калі толькі ў якасці перадумовы не дапусцяць існаванне Бога. Бо, па-першае, ужо сам прынцып, узяты мною за правіла, а менавіта, што рэчы, успрыманыя намі цалкам выразна і ясна, ёсць усе сапраўднымі, з’яўляецца пэўным толькі таму, што Бог ёсць, ці існуе, што ён дасканалая існасць і што ўсё ў нас паходзіць ад яго; адкуль вынікае, што нашы ідэі ці паняцці, будучы рэальнымі і паходзячы ад Бога, не могуць (у тым, у чым яны ёсць яснымі і выразнымі) не быць сапраўднымі. А калі ў нас і ўзнікаюць даволі часта ідэі ў той ці іншай ступені фальшывыя, дык гэта якраз тыя ідэі, у якіх ёсць нешта блытанае і цьмянае з той прычыны, што яны спрычыняюцца з небыцця, іначай кажучы, яны ў нас такія блытаныя таму, што мы самі не зусім дасканалыя. Разам з тым, відавочна, што ў роўнай ступені немагчыма дапусціць, ні каб фальшывасць (пастолькі, паколькі яна ёсць недасканаласцю) паходзіла ад Бога, ні каб праўда, ці дасканаласць, паходзіла з небыцця. Але ж калі б мы не ведалі, што ўсё рэальнае і сапраўднае ў нас паходзіць ад бясконцай і дасканалай існасці, дык якія б ясныя і выразныя ні былі нашы ідэі, мы не мелі б ніякай падставы быць упэўненымі, што яны валодаюць дасканаласцю адпавядаць рэальнасці.