Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Потым варта галоўным чынам звярнуць яшчэ ўвагу на недарэчнае ўжыванне стасунку прычыннасці ў дачыненні да стасункаў фізічна-арганічных і духоўнага жыцця. Тое, што называецца прычынаю, выяўляе сябе тут, вядома, тым, што мае іншы змест, чым дзеянне, але гэта таму, што тое, што ўздзейнічае на жывое, ім самастойна вызначаецца, змяняецца і пераўтвараецца, бо жывое не дазваляе прычыне выклікаць яе дзеянне, г. зн. скасоўвае яе як прычыну. Так, недарэчна казаць, што ежа ёсць прычынаю крыві або што пэўныя стравы або холад, вільготнасць прычыны гарачкі і да т. п.; гэтак сама недапушчальна паказваць на клімат Іоніі як на прычыну твораў Гамера або на славалюбства Цэзара як на прычыну падзення рэспубліканскага ладу ў Рыме. Наогул, у гісторыі дзейнічаюць і ўзаемна вызначаюць сябе духоўныя масы ды індывіды; а прыродзе духу яшчэ ў больш высокім сэнсе, чым характару жывога наогул, уласціва хутчэй не прымаць у сябе іншага першапачатковага, інакш кажучы, не дапускаць у сабе працягу якой-кольвечы прычыны, а перапыняць і пераўтвараць яе. Але гэткага кшталту адносіны належаць ідэі і павінны быць разгледжаны толькі пры яе аналізе. Тут жа можна яшчэ адзначыць, што, паколькі дапускаецца стасунак прычыны і дзеяння хоць бы і не ва ўласным сэнсе, дзеянне не можа быць большым за прычыну, бо дзеянне ёсць не больш як выяўленнем сябе з боку прычыны. У гісторыі стала шырокавядомым дасціпнае выслоўе, што з малых прычын адбываюцца вялікія дзеянні, і таму дзеля тлумачэння значнай і сур’ёзнай падзеі падаюць які-небудзь
анекдот як першую прычыну. Гэткая так званая прычына павінна разглядацца толькі як падстава, толькі як вонкавае ўзбуджэнне, у якім унутраны дух падзеі мог бы і не мець патрэбы або замест якога ён мог бы скарыстацца незлічоным мноствам іншых падстаў, каб пачаць з іх у з’яве, працерабіць сабе шлях і выявіць сябе. Хутчэй наадварот, толькі самім гэтым унутраным духам падзеі штосьці само па сабе дробнае і выпадковае было вызначана як яе прычына. Гэты жывапіс гісторыі ў стылі арабесак, якая стварае з тонкага сцябла вялікі вобраз, ёсць таму хоць і дасціпнаю, але ў вышэйшай ступені павярхоўнаю трактоўкай. Што праўда, у гэтым узнікненні вялікага з малога мае месца наогул пераварочванне, якое здзяйсняецца духам у дачыненні да знешняга, але менавіта таму знешняе не ёсць прычынаю ўнутры духу інакш кажучы, само гэтае пераварочванне скасоўвае стасунак прычыннасці.
Г. В. Ф. Гегель. Навука логікі: Вучэнне пра існасць.
Пераклад Р. Грудніцкага паводле: Hegel, G. W. Е Wissenschaft der Logik. Erster Band. Die objective Logik. Zweites Buch.
Die Lehre vom Wesen. Nurnberg, 1813. S. 264-268.
Гэты настолькі ж сінтэтычны, як і аналітычны момант суджэння, згодна з якім першапачатковае ўсеагульнае вызначае сябе з самога сябе як іншае ў дачыненні да сябе, павінен быць названы дыялектычным. Дыялектыка гэта адна з тых старажытных навук, якая больш за ўсё ігнаравалася ў метафізіцы Новага часу, а потым наогул у папулярнай філасофіі як антычнасці, так і Новага часу. Пра Платона Дыяген Лаэрцкі кажа, што падобна да таго, як Фалес быў творцам філасофіі прыроды, Сакрат маральнай філасофіі, гэтак Платон быў творцам трэцяй навукі, якая адносіцца да філасофіі, дыялектыкі; старажытныя лічылі гэта найвялікшай яго заслугаю, якую, аднак, часта пакідаюць зусім па-за ўвагаю тыя, хто больш за ўсё гаворыць пра Платона. Дыялектыку часта разглядалі як пэўнага кшталту мастацтва, нібыта яна грунтуецца на нейкім суб’ектыўным таленце, а не належыць да аб’ектыўнасці паняцця. Які выгляд яна набыла ў філасофіі Канта і які вынік атрымала гэта было паказана вышэй на пэўных прыкладах яго поглядаў. Варта разглядаць як бясконца важны крок тое, што дыялектыка зноў была прызнана неабходнаю для розуму, хоць вынік быў процілеглы таму, які мусіў атрымацца з гэтага. Акрамя таго, што дыялектыка звычайна ўяўляецца чымсьці выпадковым, яна, як правіла, мае тую больш дакладную форму, што адносна якога-небудзь прадмета напрыклад, адносна свету, руху, пункту і г. д. сведчаць, што яму ўласцівае якое-небудзь вызначэнне: прыкладам (у парадку названых прадметаў), концасць у прасторы або часе, знаходжанне ў гэтым месцы, абсалютнае адмаўленне прасторы; але што, апроч гэтага, яму гэтак жа неабходна ўласцівае і процілеглае вызначэнне: напрыклад, бясконцасць у прасторы і часу, незнаходжанне ў гэтым месцы, дачыненне да прасторы і тым самым прасторавасць. Найстаражытнейшая элеацкая школа ўжывала сваю дыялектыку галоўным чынам супраць руху; у той жа час Платон часта ўжывае дыялектыку супраць уяўленняў і паняццяў свайго часу, асабліва супраць сафістаў, але таксама і супраць чыстых катэгорый і азначэнняў рэфлексіі; пазнейшы развіты
скептыцызм пашырыў яе не толькі на непасрэдныя так званыя факты свядомасці і максімы штодзённага жыцця, але і на ўсе навуковыя паняцці. Выснова ж, якую робяць з такой дыялектыкі, гэта наогул супярэчлівасць і нікчэмнасць вылучаных сцвярджэнняў. Але такая выснова можа мець дваісты сэнс: або той аб’ектыўны сэнс, што прадмет, які такім чынам сам сабе супярэчыць, скасоўвае сябе і ёсць нікчэмным (такою, напрыклад, была выснова элеатаў, згодна з якою адмаўлялася праўдзівасць, напрыклад, свету, руху, пунктаў), або ж той суб’ектыўны сэнс, што нездавальняльным ёсць само пазнанне. Гэтую апошнюю выснову разумеюць або так, што толькі сама гэтая дыялектыка вырабляе штукарствы, якія ствараюць гэткага кшталту фальшывую бачнасць. Такі звычайны погляд гэтак званай здаровай чалавечай развагі, якая прытрымліваецца пачуццёвай відавочнасці і звыклых уяўленняў ды выказванняў; часам ён выяўляецца больш спакойна (як, напрыклад, у Дыягена-сабакі, які паказваў беспадстаўнасць дыялектыкі руху з дапамогаю маўклівага хаджэння сюды-туды), а часам пачынае злаваць з нагоды гэтай дыялектыкі, лічачы яе або проста глупствам, або, калі справа датычыць важных для маральнасці прадметаў, блюзнерствам, якое імкнецца пахіснуць самыя асновы і дае довады заганы гэткі погляд сакратаўскай дыялектыкі, скіраванай супраць дыялектыкі сафістаў, гэткі той гнеў, які, у сваю чаргу, каштаваў жыцця самому Сакрату. Вульгарнае абвяржэнне, якое проціпастаўляе, як гэта зрабіў Дыяген20, мысленню пачуццёвую свядомасць і мяркуе, што ў ім яно атрымоўвае праўду, павінна быць пакінута самому сабе; аднак у той меры, у якой дыялектыка скасоўвае маральныя вызначэнні, трэба мець давер да розуму ён здолее аднавіць іх, аднак у іх праўдзе і ва ўсведамленні іх права, але таксама і іх межаў. Ці ж выснова пра суб’ектыўную нікчэмнасць датычыцца не самое дыялектыкі, а хутчэй, таго пазнання, супраць якога яна скіраваная, і у сэнсе скептыцызму, а роўным чынам кантаўскай філасофіі пазнання наогул?
Галоўныя прымхі палягаюць тут у тым, што нібыта дыялектыка мае толькі адмоўны вынік; гэта цяпер будзе вызначана больш дэталёва. Але перш за ўсё варта заўважыць адносна згаданай формы, у якой звычайна выступае дыялектыка, што паводле гэтай формы дыялектыка ды яе вынік датычацца даследванага прадмета ці суб’ектыўнага пазнання, і абвяшчаюць нікчэмным або гэтае пазнанне, або прадмет; вызначэнні ж, якія паказваюцца ў прадмеце як у чымсьці трэцім, не разглядаюцца і мяркуюцца як значныя самі па сабе. Адна з бясконцых заслуг кантаўскай філасофіі палягае ў тым, што яна звярнула ўвагу на гэты некрытычны спосаб дзеяння і гэтым дала штуршок да аднаўлення логікі і дыялектыкі ў сэнсе разгляду азначэнняў мыслення ў сабе і для сябе. Прадмет, якім ён ёсць без мыслення і без паняцця, гэта пэўнае ўяўленне або нават толькі назва; толькі ў вызначэннях мыслення і паняцця ён ёсць тым, чым ён ёсць. Таму ў сапраўднасці ідзецца пра іх адны; яны сапраўдны аб’ект і змест розуму, і ўсё тое, што звычайна разумеюць пад прадметам і зместам, у адрозненне ад іх, мае значэнне толькі праз іх і ў іх. Вось жа, нельга лічыць віною якога-кольвечы прадмета або працэсу пазнан-
20 Старагрэцкі філосаф-кінік, які жыў у IV ст. да н. э. і прапаведаваў скрайні аскетызм.
ня, калі яны паводле свайго характару і праз пэўную знешнюю сувязь выяўляюць сябе дыялектычнымі. I тое, і другое такім чынам прэзентуюцца як суб’ект, у які азначэнні ў выглядзе прэдыкатаў, уласцівасцяў, самастойных усеагульнасцяў прыўнесены так, што іх мяркуюць як трывалыя і самі па сабе слушныя толькі шляхам чужога ім і выпадковага злучэння іх у чымсьці трэцім і праз яго ў дыялектычныя стасункі і ў супярэчнасць. Гэткага кшталту знешні і нерухомы суб’ект уяўлення і развагі, гэтак сама, як і абстрактныя азначэнні, замест таго каб лічыць іх апошнімі, якія трывала застаюцца ляжаць у падмурку, павінны, хутчэй, самі разглядацца як нешта непасрэднае, а менавіта як гэткае меркаванае і распачынальнае, якое, як паказана вышэй, само па сабе павінна быць падпарадкавана дыялектыцы, бо яго варта прымаць за паняцце ў сабе. Гэтак усе процілегласці, якія прымаюцца за нешта трывалае напрыклад, канечнае і бясконцае, адзінкавае і ўсеагульнае, знаходзяцца ў супярэчнасці не праз нейкую вонкавую сувязь, a як паказаў разгляд іх прыроды самі па сабе ёсць пэўным пераходам; сінтэз і суб’ект, у якім яны з’яўляюцца, ёсць прадуктам уласнай рэфлексіі іх паняцця. Калі беспаняццевы разгляд не ідзе далей за іх знешнія стасункі, ізалюе іх і пакідае іх у якасці трывалых перадумоў, то менавіта найперш паняцце, якое разглядае іх саміх, рухае імі, як іх душа, і выяўляе іх дыялектыку.
Г. В. Ф. Гегель. Навука логікі: Суб’ектыўная логіка, або Вучэнне пра паняцце. Перакдад Л. Баршчэўскага паводле: http://www.zeno.Org/Philosophie/M/Hegel,+ Georg+Wilhelm+Friedrich/Wissenschaft+der+Logik/
АРТУР ШОПЭНГАЎЭР
Пра філасофію і яе метад
§1
Асноваю і падмуркам, на якім знаходзяцца ўсе нашы веды і навукі, заўсёды ёсць невытлумачальнае. Таму ўсялякае тлумачэнне вяртаецца да яго праз большую ці меншую колькасць прамежкавых звёнаў, падобна да таго, як лот, апушчаны ў мора, на большай ці на меншай глыбіні, павінен у кожным разе ўрэшце дасягнуць дна. Гэты невытлумачальны пачатак прыпадае на долю метафізікі.
§2
Амаль усе людзі ніколі не перастаюць думаць пра тое, што яны ёсць гэткім і гэткім чалавекам (тіс; avQpwnoc;), з усімі караларыямі21, што вынікаюць адсюль; але што яны ўяўляюць сабою наогул чалавека (6 dvQpwnoq) і якія адсюль вынікаюць караларыі, рэдка каму прыходзіць у галаву; між тым менавіта апошняе і ёсць самым важным. Нешматлікія людзі, якім больш даспадобы другі прынцып, чым першы, гэта філосафы. У той жа час, напрамак іншых абумоўлены тым, што яны