Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Тэадор Адорна. Негатыўная дыялектыка.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Adorno, Th. Negative Dialektik.
Frankfurt/M., 1996. S. 19-20.
29 Невыказнае, невымоўнае (ляц.).
VIL САЦЫЯЛЬНАЯ I ПАЛІТЫЧНАЯ ФІЛАСОФІЯ
Агульнае паняцце грамадства. Чалавек істота грамадская. Гэта было адзначана яшчэ Арыстотэлем у яго знакамітым вызначэнні. Але што такое грамадства, як яно ўзнікае, якая яго будова, паводле якіх прынцыпаў яно існуе і функцыянуе? Гэтыя пытанні складаюць прадметнае поле таго раздзела філасофскіх ведаў, які называецца сацыяльнай філасофіяй і на які абапіраюцца такія гуманітарныя канцэпцыі, як тэорыя і метадалогія гісторыі, сацыялогія, паліталогія і інш. Сацыяльная філасофія гэта філасофскае вучэнне аб умовах узнікнення, існавання і развіцця грамадскіх формаў чалавечага жыцця.
Паняцце «грамадства» ўжываецца ў вузкім і шырокім сэнсе. Пад грамадствам у вузкім сэнсе разумеюць аб’яднанні груп людзей для супольнай дзейнасці, альбо пэўны этап чалавечай гісторыі (першабытнае грамадства), ці гістарычнае жыццё асобнага народа або краіны (беларускае грамадства).
Грамадства ў шырокім сэнсе адасобленая ад прыроды, але шчыльна звязаная з ёю частка матэрыяльнага свету, якая ўяўляе сабою гістарычна зменлівую сістэму сувязяў, зносінаў і формаў аб’яднання людзей, што ўзнікае ў працэсе іх жыццядзейнасці.
Разнастайнасць даследчыцкіх праграм, метадалагічны плюралізм сацыяльнай філасофіі сведчыць аб складанасці тэмы грамадства і стварае аснову эфектыўнага пазнання сацыяльна-культурных працэсаў.
Грамадства як здольная да самаразвіцця сістэма. Незалежна ад арыентацыі на тую альбо іншую праграму даследавання, неабходна прызнаць, што грамадства гэта і людзі, і іх дзейнасць, і яе вынікі. Пры гэтым прырода выступае як неабходная натуральная перадумова існавання грамадства, хаця стаўленне яго да прыроды апасродкавана прыладамі і вынікамі дзейнасці, гэта значыць культурай. Грамадства існуе і функцыянуе ва ўзаемадзеянні з прыродаю як вынік свядомай і мэтанакіраванай дзейнасці людзей.
Грамадства гэта не проста супольнасць людзей, а найперш сувязі, узаемадзеянні, аб’яднанні, якія ўтвараюць складаную сістэму сацыяльных практык паміж асобнымі індывідамі, сацыяльнымі групамі і супольнасцямі людзей. Гэта азначае, што грамадства існуе і развіваецца як арганізаваная сістэмная цэласнасць, якая ўнутры сябе стварае ўмовы і механізмы ўласнага развіцця. 3 гэтага, сістэмнага, пункту погляду грамадства гэта складанаарганізаваная і здольная да самаразвіцця сістэма, усе элементы якой знаходзяцца ў бачыненнях узаемасувязі і ўзаемазалежнасці. Грамадства як здольная да самаразвіцця сістэма характарызуецца: 1) разнастайнасцю элементаў і сувязяў паміж імі; 2) інтэгратыўнасцю, якая забяспечваецца нормамі і схемамі паводзінаў надындывідуальнага
кшталту (мараль, традыцыі, права); 3) самадастатковасцю, гэта значыць здольнасцю аднаўляць умовы свайго існавання; 4) дынамічнасцю і альтэрнатыўнасцю шляхоў развіцця; 5) нелінейным характарам сацыяльных працэсаў.
Пры гэтым сёння мае вялікую вагу несубстанцыяльны падыход (Энтані Гідэнс, П’ер Бурдзьё) да разумення грамадства, які ўнікае нават самога ўжывання азначанага тэрміна, замяняючы яго паняццем сацыяльнага ці сацыяльных (грамадскіх) практык. Асноўную крытыку тут атрымлівае прынцып разгляду грамадства як нейкай надпрыроднай квазіаб’ектыўнай субстанцыі, якая існуе незалежна ад чалавека і падначальвае асобных індывідаў яе ўздзеянню. У той самы час як грамадскія стасункі прапануецца разглядаць у іх рэлятыўнасці, як сістэму практык, у якія залучаюцца людзі, рэалізуючы свае інтарэсы і ўзнаўляючы гэтыя практыкі ў прасторы (не толькі геаграфічнай, але і сацыяльнай практыкі «жывуць» на людзях) і часе (працяглыя практыкі ўтвараюць сацыяльныя традыцыі, іншыя маюць адносна кароткі век).
Грамадства як сістэмнае ўтварэнне ўключае ў сваю структуру асобных індывідаў, сацыяльныя групы і супольнасці (сям’ю, класы, нацыі), дзяржаву з яе інстытутамі і вызначаецца праз розныя формы духоўных практык мараль, рэлігію, мастацтва, навуку і т.п. Гэтыя элементы маюць больш або менш складаную прыроду і самі выступаюць як арганізаванае цэлае. Гэта так званыя структурныя падсістэмы, якія ўтвараюць сферы грамадскага жыцця эканамічную, сацыяльную, палітычную, духоўную.
Эканамічная сфера ўключае ў сябе матэрыяльную вытворчасць, а таксама адносіны паміж людзьмі, якія ўзнікаюць у працэсе вытворчасці, абмену, размеркавання і спажывання матэрыяльных каштоўнасцяў.
Элементамі сацыяльнай сферы з’яўляюцца малыя і вялікія сацыяльныя групы і аб’яднанні, слаі, класы і нацыі, а таксама формы і спосабы іх узаемадзеяння. Сюды можна аднесці, прыкладам, дзейнасць розных прафесійных груп і суполак, дабрачынных аб’яднанняў, спартыўных клубаў, таварыстваў па інтарэсах і т.п.
Палітычная сфера аб’ядноўвае дзяржаву і яе інстытуты, прававую сістэму, палітычныя партыі і аб’яднанні. Менавіта тут ажыццяўляецца палітычная дзейнасць людзей і ажыццяўляюцца іх палітычныя інтарэсы. У працэсе станаўлення палітычных груповак і партый вялікую ролю адыгралі разнастайныя ідэалогіі, сярод якіх найбольшы ўплыў мелі ў мінулым або маюць і цяпер кансерватыўная, ліберальная, хрысціянска-дэмакратычная, сацыялістычная, нацыяналісцкая-, некаторыя з іх такія як фашысцкая і камуністычная прыводзілі да ўзнікнення грамадстваў тагалітарнага тыпу.
У духоўную сферу ўваходзяць такія формы грамадскіх практык, як мараль, права, рэлігія, мастацтва, навука і т.п., якія разам утвараюць духоўную культуру грамадства.
Усе сферы грамадства не толькі ўзаемазвязаныя, але і ўзаемна абумоўліваюць адна адну. Так, напрыклад, эканоміка нараджае і абумоўлівае прававыя адносіны, але апошнія самі могуць істотна ўплываць на сферу эканомікі: спрыяць альбо перашкаджаць прытоку інвестыцый, стымуляваць эканамічную актыўнасць людзей або стрымліваць яе.
Крыніцы і факпгары сацыяльнай дынамікі. Складанасць грамадства, разнастайнасць яго элементаў і, адначасова, яго цэласнасць ставяць перад даследчыкамі праблему выяўлення і тлумачэння сістэмаўтваральных фактараў сацыяльнай дынамікі. У працах розных філосафаў асновай жыццядзейнасці грамадства выступае супольная дзейнасць людзей і сацыяльныя адносіны паміж імі. Менавіта дзейнасць з’яўляецца асноваю класіфікацыі сфер грамадскага жыцця і ўмоваю адзінства грамадства. Пад дзейнасцю разумеюць спецыфічна чалавечую форму актыўнага стаўлення да прыроднага і сацыяльнага свету з мэтаю яго змянення і пераўтварэння. Сацыяльныя ж адносіны гэта разнастайныя формы і спосабы сувязяў і ўзаемадачыненняў вялікіх сацыяльных груп, якія ўзнікаюць у працэсе супольнай дзейнасці ў розных сферах грамадскага жыцця.
Розныя аўтары па-рознаму ацэньваюць ролю тых альбо іншых фактараў у жыцці грамадства. Усе прычыны, якія абумоўліваюць сацыяльную дынаміку, можна падзяліць на аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары. Да аб’ектыўных фактараў можна аднесці сацыяльна-эканамічныя (узровень развіцця эканомікі, яе характар, патрэбы, узровень развіцця навукі і тэхнікі ды інш.), прыроднагеаграфічныя (клімат, ландшафт, наяўнасць альбо адсутнасць прыродных рэсурсаў), дэмаграфічныя (колькасць і якасць насельніцтва, суадносіны полаў і пакаленняў). Да суб’ектыўных адносяцца этнакультурныя фактары (менталітэт, традыцыі, звычаі, духоўныя каштоўнасці, мэты, інтарэсы). Першыя фактары фарміруюцца незалежна ад волі і свядомасці як асобных індывідаў, так і супольнасцяў людзей, другія ж з’яўляюцца вынікам свядомай дзейнасці сацыяльных суб’ектаў.
Неабходна адзначыць той факт, што працэс развіцця грамадства, гэта значыць гістарычны працэс, хоць і ажыццяўляецца праз свядомую дзейнасць людзей, але носіць пераважна аб’ектыўны характар, гэта значыць з’яўляецца вытворнай сукупнасці дзейных фактараў самога развіцця, а не простым вынікам чалавечай дзейнасці. Гэта, з іншага боку, не азначае, што гісторыя грамадства фатальна прадвызначаная, а чалавек у гісторыі адно толькі марыянетка. У супольнай арганізаванай дзейнасці людзі здольныя вырашаць самыя грандыёзныя задачы, дасягаць самых высокіх мэтаў, але мусяць лічыцца з тымі аб’ектыўнымі чыннікамі, якія з’яўляюцца вынікам папярэдняй гісторыі, ад іх волі не залежаць і служаць перашкодаю на шляху адвольнага суб’ектывізму. Ігнараванне суб’ектыўнага чынніка вядзе да фаталізму, які выключае свабоду, а чалавека ператварае ў раба падзей. Недаацэнка ж аб’ектыўнага чынніка з’яўляецца асновай валюнтарызму, які волю разглядае як вышэйшы і вызначальны фактар гістарычнага працэсу. У рэальнай жа гісторыі аб’ектыўны ход падзей дапаўняецца свядомай мэтанакіраванай дзейнасцю людзей.
Менавіта людзі, індывіды і іх супольнасці, выступаюць суб’ектамі сацыяльнага развіцця. Гэта народныя масы, сацыяльныя групы, грамадскія аб’яднанні, гістарычныя асобы, якія сваёй дзейнасцю спрыяюць сацыяльнаму прагрэсу. Саслоўі (станы), класы і нацыі, якія аб’ядноўваюць вялікія масы людзей, у працэсе сваёй дзейнасці вырашаюць найбольш значныя праблемы грамадскага жыцця. Што да гістарычных асоб, то іх роля ў сацыяльным працэсе тым вышэйшая, чым
больш поўна і паслядоўна яны выяўляюць, абараняюць і праводзяць у жыццё рэальныя інтарэсы людзей.
Праблема сацыяльнай дынамікі шчыльна звязана з пытаннем аб скіраванасці сацыяльных працэсаў. Пытанне гэтае вырашалася неадназначна. Адны даследчыкі грамадскага жыцця адстойвалі ідэю паступальнага ўзыходжання ад простых і ніжэйшых формаў арганізацыі да больш складаных ды вышэйшых і абгрунтоўвалі канцэпцыю сацыяльнага прагрэсу. У XX ст. гэтая ідэя знайшла ўвасабленне ў тым ліку ў ідэалогіі тэхнакратызму, заснаванай на веры ў неабмежаваныя магчымасці навукі і тэхнікі ды эфектыўнасць кіравання тэхнічных ■ спецыялістаў. Па-рознаму вырашаецца і праблема крытэрыяў прагрэсіўнага развіцця. У сучасным грамадазнаўстве сцвярджаецца, што крытэрыем сацыяльнага прагрэсу з’яўляецца комплексны паказчык, які ўключае ў сябе становішча чалавека ў грамадстве, узровень яго свабоды, ступень сацыяльнай і экалагічнай бяспекі, меру духоўнасці.
Аднак неадназначнасць сацыяльных працэсаў і супярэчлівасць шляхоў іх развіцця нараджае ідэю сацыяльнагарэгрэсу і гістарычнага песімізму. Прыхільнікі гэтай ідэі альбо зусім адкідаюць здольнасць людзей да паступальнага развіцця, альбо лічаць, што развіццё цывілізацыі прыводзіць да пагаршэння стану чалавечай прыроды (канцэпцыя «шляхетнага дзікуна» Ж.-Ж. Русо), альбо абмяжоўваюць прагрэсіўныя тэндэнцыі сферай лакальных цывілізацый.