• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

    Уводзіны ў філасофію

    нарысы, тэксты

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 332с.
    Мінск 2019
    148.63 МБ
    Асноўнымі формамі сацыяльнай дынамікі з’яўляюцца эвалюцыя і рэвалюцыя. Эвалюцыйныя змены ажыццяўляюцца шляхам паступовага рэфармавання розных бакоў грамадскага жыцця і ўдасканалення заканадаўства ў межах існуючага ладу. Рэвалюцыя ж гэта форма сацыяльнага развіцця шляхам радыкальных пераўтварэнняў усёй сістэмы грамадскіх адносінаў з карэнным змяненнем сацыяльна-класавай структуры і палітычных інстытутаў. Рэвалюцыйныя перамены ажыццяўляюцца шырокімі масамі людзей і суправаджаюцца мірнай або і гвалтоўнай ліквідацыяй існуючага грамадскага ладу. Рэвалюцыі звычайна адбываюцца ў краінах, у якіх улада адмаўляецца ад наспелых пераўтварэнняў (рэформаў), падаўляе іншадумства і грамадзянскую ініцыятыву, што адбываецца насуперак грамадскім чаканням. Процілегласцю працэсу сацыяльнай дынамікі можа быць толькі працэс стагнацыі, запаволення тэмпаў грамадскага жыцця, кансервацыі традыцыйных формаў і звядзення ўсіх індывідуальных і калектыўных практык да іх простага ўзнаўлення.
    Такім чынам, калі падагуліць:
    1)	грамадства з’яўляецца вынікам супольнай дзейнасці людзей і выступае складанаарганізаванай, здольнай да самаразвіцця сістэмаю. Грамадства нельга зводзіць да сумы індывідаў, а належыць разглядаць як сістэму сувязяў, адносінаў і формаў арганізацыі людзей. Несубстанцыяльнае разуменне грамадства разглядае сацыяльнае жыццё чалавека праз прызму грамадскіх практык, іх рэалізацыі і ўзнаўлення ў прасторы і часе-,
    2)	асновай грамадскага жыцця і формай актыўнага стаўлення чалавека да свету з’яўляецца сацыяльная дзейнасць, адметныя формы якой нараджаюць сферы грамадскага жыцця: эканамічную, сацыяльную, палітычную, духоўную;
    3)	грамадства ўяўляе сабою структураваную цэласнасць, якая ўключае ў сябе разнастайныя сацыяльныя групы, што класіфікуюцца на падставе класавага, этнічнага, дэмаграфічнага і іншых прынцыпаў-,
    4)	дынаміка сацыяльных працэсаў абумоўлена спалучэннем аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў, важнейшымі сярод якіх з’яўляюцца сацыяльнаэканамічныя патрэбы ды інтарэсы, прыродныя ўмовы, нацыянальны характар, духоўныя арыентацыі. Суб’ектамі сацыяльных дзеянняў выступаюць народ, класы, нацыі, гістарычныя асобы. Асноўнымі напрамкамі сацыяльнай дынамікі застаюцца працэсы эвалюцыі і рэвалюцыі.
    Р. Грудніцкі, П. Баркоўскі.
    Да сутнасці палітычнай філасофіі. Палітычная філасофія нарматыўная дысцыпліна. Яна адказвае на тры віды пытанняў. Першае пытанне: які прававы парадак справядлівы для грамадства? Другое пытанне: якім побытавым нормам супрацьстаяць сацыяльныя інстытуцыі? I трэцяе пытанне: як вызначыць нормы ацэнкі і падтрымкі прававога парадку? Адказ на першае пытанне дакладна акрэслівае прыярытэтны комплекс інстытуцый (напрыклад, лібералізм у каардынацыі рынкавай эканомікі і канстытуцыйныя абмежаванні, выбарнасць урада). Адказ на другое пытанне ўсталёўвае і падтрымлівае маральныя прымусы, якім прыярытэтныя інстытуцыі мяркуюць падпарадкоўваць, і ідэалы, якія яны мяркуюць падтрымліваць далей... Адказ на трэцяе пытанне ўзаконьвае тое, што мы можам апеляваць да палітычнай тэорыі... Аднак прымус не застрахаваны ад памылковых дзеянняў якой-небудзь высокай інстанцыі, і таму ён заўсёды мусіць быць апраўданы...
    Палітычная філасофія ўлучаецца ў маральную філасофію: яна арыентаваная на прынцыпы справядлівасці і дабра. Адрозна ад маральнай філасофіі яна, аднак, дастасоўвае гэтыя прынцыпы не да асабістага кіраўніцтва, а да безабічных інстытуцый, прымусова ўведзеных правіл, дамоўленасцяў і звычаяў. Яна не пытаецца, як мы будзем жыць і дзейнічаць, а пытаецца, якога кшталту інстытуцыі мы будзем прымаць для ўзгаднення нашых дзеянняў і жыццяў.
    Янаш Кіш. 3 уводзінаў да кнігі
    «Анталогія сучаснай палітычнай філасофіі»30.
    30 Анталогія сучаснай палітычнай філасофіі. Пераклад пад рэд. В. Вайткевіча. Мінск, 1999. С. 7.
    тэксты
    ПЛАТОН / САКРАТ
    Ці ты не ведаеш, што адны гаспадарствы кіруюцца тыранскім ладам, іншыя дэмакратычным, а яшчэ іншыя арыстакратычным?
    Дык як жа ж не ведаць?
    I што ў кожным гаспадарстве той мае сілу, хто знаходзіцца пры ўладзе?
    Вядома.
    I розныя формы кіравання ствараюць законы на сваю карысць: дэмакратыя дэмакратычныя законы; тыранія тыранскія і падобна ў астатніх выпадках. Гэтак, устанавіўшы свае законы, агалошваюць іх справядлівымі для сваіх падуладных гэта якраз і ёсць тое, што карысна ўладам, а тых, хто пераступае іх, караюць як парушальнікаў законаў і справядлівасці. Дык вось гэта я і кажу, вельмі паважаны Сакрат, што ва ўсіх гаспадарствах пануе тая самая форма справядлівасці, якая з’яўляецца карыснаю для ўрада; і паколькі ўрад рэпрэзентуе сілу, дык адзінай разумнай высновай ёсць тое, што ўсюды існуе адзін прынцып, паводле якога справядлівасць ёсць карыснаю для моцнага.
    Цяпер я зразумеў, што ты кажаш, сказаў я. Але ці правільна гэта, ці не, паспрабую гэтаксама зразумець. Але дазволь мне заўважыць, Трасімах, што ў азначэнні справядлівасці ты сам ужыў слова «карыснаю», якое ты забараніў мне ўжываць. Гэтаксама і тое трэба сказаць, што ў тваёй дэфініцыі дададзеныя словы «для моцнага».
    Гэта толькі адзін малы дадатак, сказаў ён.
    Малы ці вялікі гэта нічога: мы мусім найперш даследаваць, ці тое, штб ты гаворыш, ёсць праўдаю. У дадзеную хвіліну мы абодва згодныя, што справядлівасць ёсць нечым карысным, але ты ідзеш далей і кажаш «для моцнага», аднак што да гэтага, я застаюся няпэўным, і таму гэта трэба яшчэ далей разгледзець.
    Разглядай тады, сказаў ён.
    Я гэтак і ўчыню, сказаў я. Ці не думаеш ты, што справядліва быць паслухмяным уладам?
    Я думаю.
    А валадары ў тым ці іншым гаспадарстве беспамылковыя, або і яны часамі могуць памыляцца?
    Вядома, і яны часамі могуць памыляцца, сказаў ён..
    Тады, ствараючы свае законы, яны адны законы створаць правільна, а іншыя няправільна? Што найменей гэтак я разумею. Правільныя законы выйдуць уладам на карысць, а няправільныя на шкоду. А можа, па-твойму інакш?
    I я гэтак думаю.
    Правільныя ўстанаўленні уладам на карысць, а няправільныя на шкоду. Ці як па тваім разуменні?
    Ды так.
    Якія б законы яны ні выдалі, падуладныя павінны іх выконваць, то гэта вось і будзе справядлівым?
    Дык як жа ж інакш?
    3 гэтага, паводле таго, як ты кажаш, выконваць не толькі карыснае мацнейшаму, але і процілеглае, гэта значыць некарыснае.
    Што гэта такое ты кажаш? запытаў ён.
    Як мне здаецца, я толькі паўтараю тое, што ты кажаш. Але давай разгледзім: ці ж не згадзіліся мы, што ўладары, абавязваючы грамадзян выконваць свае пастановы, часамі памыляюцца ў выбары карыснага для тых жа самых уладаў, і, нягледзячы на гэта, для саміх падуладных будзе справядлівым выконваць любы закон, створаны ўладамі? Ці ж не згадзіліся мы ў гэтым?
    Я думаю, што мы згадзіліся, сказаў ён„
    Тады ты мусіш згадзіцца, што справядлівасць не выйдзе на карысць мацнейшага, калі ўладары ненаўмысна загадваюць выконваць рэчы, якія дзейнічаюць на іх уласную шкоду. Бо калі, як ты кажаш, справядлівасць ёсць паслухмянасцю, якую падуладны дэманструе на іхні загад, дык у падобным выпадку, мудры Трасімах, немагчыма ўхіліцца ад высновы, што слабейшым загадваецца выконваць тое, што не ёсць на карысць, што шкодна мацнейшаму.
    Нічога не можа быць больш зразумелым за гэта, Сакрат, усклікнуў Палемарх.
    Асабліва, калі ты засведчыш гэта, заўважыў Клейтафонт, беручы слова.
    Нашто патрэбны тут сведка? Сам Трасімах згадзіўся, што часамі валадары даюць загады выконваць тое, што выходзіць ім самім на шкоду, тады як для падуладных лічыцца справядлівым выконваць гэтыя загады.
    Так, Палемарх, Трасімах сказаў, што для падуладных справядлівым ёсць выконваць тое, што загадваюць улады.
    Так, Клейтафонт, ён таксама лічыў справядлівым тое, што карысна для мацнейшага. Выказаўшы гэтыя два сцверджанні, ён таксама пацвердзіў, што тыя, што маюць уладу, бывае, загадваюць тое, што ім самім ідзе на шкоду, аднак жа слабейшыя і падуладныя ўсе ж павінны гэта выконваць. Адсюль робіцца выснова, што справядлівасць гэтаксама ёсць шкоднаю, як і карыснаю, для мацнейшага.
    Але, адказаў Клейтафонт, пад карысным мацнейшаму ён разумеў тое, што мацнейшы лічыў для сябе карысным і гэта якраз і было тым, што выконваць павінен быў слабейшы; і гэта ён прызнаў справядлівым.
    He, ён не гэтак гаварыў, сказаў Палемарх.
    Гэта нічога, Палемарх, заўважыў я, калі цяпер Трасімах гэтак кажа, дык так мы і будзем разумець яго. Скажы ты мне, Трасімах, казаў я далей, ці ты надалей лічыш справядлівым тое, штб мацнейшы лічыць для сябе карысным, незалежна ад таго, будзе яно яму карысным ці не? Ці павінны мы меркаваць, што ты гэтак думаеш?
    Зусім не, сказаў ён.Няўжо ты думаеш, што я назаву мацнейшым таго, хто памыляецца, нават тады, калі ён памыляецца?
    Што найменей гэтак думаў я быў мой адказ, што так трэба цябе разумець, каі ты згадзіўся, што ўлады не ёсць беспамылковымі, але, наадварот, часамі могуць і памыляцца...
    Калі мы ўявім сабе гаспадарства ў працэсе свайго ўзнікання, тады мы бу-
    дзем бачыць справядлівасць і несправядлівасць гаспадарства гэтаксама ў працэсе прыходу свайго да быцця, ці не так?
    Вельмі магчыма, сказаў ён.
    Калі гаспадарства ўжо сфармуецца, тады болей будзе надзеі, што прадмет нашага доследу можна будзе лягчэй разгледзець. Бо, калі мы пойдзем у гэтым напрамку, я думаю, гэта будзе вельмі паважная справа, і працы будзе шмат. Вырашэнне ў вашых руках.
    Ужо вырашана, сказаў Адэймант. Тады пачынай.
    Гаспадарства, сказаў я, узнікае, як я мяркую, калі кожны з нас не здольны забяспечыць сам сябе, і патрабуе яшчэ шмат чаго. А можа, ты ўяўляеш сабе якінебудзь іншы першапачатак заснавання гаспадарства?
    He, ніякі іншы.
    Таму, калі нехта мае асабістыя патрэбы, тады ён кліча таго і іншага, каб забяспечыць гэтыя патрэбы; адзін бярэ сабе памочніка з аднае прычыны, а іншы з іншае; і калі гэтыя ўдзельнікі і памочнікі збіраюцца ў грамаду, у адно паселішча, тады гэткую супольнасць мы называем гаспадарствам, ці не так?
    Так.
    Яны ўзаемна абменьваюцца: адзін дае, а іншы атрымлівае; і атрымліваюць, маючы на ўвазе, што іхні абмен будзе дабром для іх?
    Вядома.
    Тады, сказаў я, давайце зоймемся ў думках пабудоваю гаспадарства з самага пачатку. Як выяўляецца, яго ствараюць нашы патрэбы?
    Натуральна.
    Цяпер, першая і найбольшая з усіх патрэбаў гэта ежа, неабходная для падтрымання існавання і жыцця.