Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
і вялікіх князёў, паноў нашых тую ўладу і вольнасць у руках сваіх маем, а правы самі сабе ствараем, як найбольш можам вольнасць сваю ва ўсім ахоўваем. Бо не толькі сусед і любы наш абываталь у айчыне, але і сам гаспадар пан наш ніякага вяршэнства над намі выкарыстоўваць не можа, аднак столькі, колькі яму права дапускае. Таму маем такі скарб у руках нашых, які ніякай сумай пераплачаны быць не можа. Патрэбна кожнаму прыстойнаму чалавеку, каб пра яго ведаў, а будучы добра дасведчаным, каб як сам сябе і сваю запальчывасць стрымліваў і згодна з правам пісаным дзейнічаў і нікога не крыўдзіў, так быццам бы кімнебудзь быў пакрыўджаны, каб ведаў, дзе абарону і лекі ў крыўдзе сваёй павінен шукаць. Бо як адзін сенатар рымскі іншага штрафаваў, што правоў айчыны сваёй не ведаў, так кожны жыхар заслугоўвае ганьбавання, каторы свабодай выхваляецца, а правоў умець і разумець не хоча, каторым правам усю свабоду сваю абароненую мае. А калі якому народу сорамна права свайго не ведаць, асабліва нам, якія не чужой якой мовай, але сваёй уласнай правы запісаныя маем і ў любы час, што нам неабходна да адбіцця ўсякай крыўды, можам ведаць. А паколькі тая цяжкасць да таго нямала таму перашкаджала, што статут не кожны мог мець з-за цяжкага і доўгага перапісвання, тады і ў тым патрэбы кожнага абывацеля палягчаючы і крысці рэчы паспалітай служачы, рашыўся на тое, тую працу на сябе ўзяць, а кошту і выдаткаў сваіх не шкадуючы, тое ў друк перадаў і дарогу зручную і лёгкую кожнаму да вывучэння права паказаў, калі ж ужо ў руках сваіх кожны, калі захоча мець можа.
Леў Сапега. Зварот да ўсіх саслоўяў Вялікага Княства Літоўскага. Пераклад А. Шагун II Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Мінск, 2002. С. 16.
БАРУХ (БЕНЕДЫКТ) СПІНОЗА
...Дзяржаўная ўлада (imperium), дабрабыт якое залежыць ад чыёй-небудзь сумленнасці і справы якое могуць весціся належным чынам толькі пры той умове, што тыя, што іх вядуць, захочуць дзейнічаць добрасумленна, будзе найменш устойліваю; але дзеля таго, каб яна магла вытрываць, яе справы павінны быць упарадкаваныя гэткім чынам, каб тыя, хто накіроўвае іх, не маглі быць схільнымі да нядобрасумленнасці ці кепскіх учынкаў няважна, кіруюцца яны розумам або афектамі. А дзеля бяспекі дзяржавы і не істотна, якія матывы маюць людзі, належным чынам кіруючы справамі, абы гэтыя апошнія кіраваліся належным чынам. Бо свабода або моц душы ёсць прыватным дабрадзействам, а дабрадзейства дзяржавы бяспека...
...Кожны бывае пад чужым правам (alterius juris) да таго часу, пакуль знаходзіцца пад уладаю іншай, і ў сваім праве (sui juris) у той меры, у якой можа адлюстраваць усялякі гвалт, адпомсціць паводле свайго жадання за нанесеную яму шкоду і наогул, наколькі ён можа жыць так, як хоча.
Адзін чалавек мае пад уладаю іншага ў тым выпадку, калі трымае яго звязаным, або пазбавіў яго прыладаў і сродкаў для самаабароны або ўцёкаў, або
настолькі прывязаў да сябе добрымі чынамі, што той аддае перавагу яго вяршэнству перад сваім уласным і хоча жыць лепш паводле ягоных загадаў, чым сваім розумам. Той, хто трымае другога ва ўладзе першым або другім спосабам, мае ва ўладзе толькі яго Цела, але не Дух. Пры трэцім жа і чацвёртым спосабе ён падпарадкоўвае свайму праву як Дух, гэтак і Цела іншага, аднак толькі пры ўмове працягу страху ці надзеі, пры ліквідацыі якіх другі застаецца ў сваім праве.
Здольнасць суджэння таксама можа быць пад чужым правам у той меры, у якой Дух можа быць уведзены ў зман іншым. 3 гэтага вынікае, што Дух цалкам у сваім праве нагэтулькі, наколькі ён можа належным чынам карыстацца розумам. Далей, паколькі людская патэнцыя павінна ацэньвацца не гэтулькі паводле моцы Цела, колькі паводле сілы Духу, то адсюль вынікае, што найбольш у сваім праве знаходзяцца тыя, чый розум мае найбольшы абсяг і хто найбольш ім кіруецца. I таму я наогул называю чалавека свабодным толькі ў той ступені, у якой ён кіруецца розумам, бо (у гэтым выпадку) ён вызначаецца здольным да дзеянняў прычынамі, якія могуць быць адэкватна зразуметыя з яго прыроды, хоць імі ён неабходным чынам вызначаецца здольным да дзеянняў. Бо свабода (як мы паказалі вышэй) не знішчае неабходнасці дзеянняў, але мае на ўвазе...
Наяўнасць якой бы там ні было найвышэйшае ўлады стварае грамадзянскі стан, сукупнае ж цела найвышэйшай улады называецца дзяржаваю (civitas), а агульныя справы найвышэйшай улады, што накіроўваюцца тым, у чыіх руках найвышэйшая ўлада, называюцца справамі кіравання (respublica). Пасля гэтага людзі, паколькі яны паводле цывільнага права карыстаюцца ўсімі выгодамі дзяржавы, называюцца грамадзянамі, а паколькі яны абавязаны падпарадкоўвацца ўстанаўленням, або законам, дзяржавы падданымі. Урэшце (як мы сказалі paHeft) існуюць тры разнавіднасці грамадзянскага стану, а менавіта: дэмакратычны, арыстакратычны і манархічны. Але перш чым пачаць казаць пра кожны паасобку, я раней пакажу тое, што належыць да грамадзянскага стану наогул; з гэтага ж варта перш за ўсё разгледзець найвышэйшае права дзяржавы, або найвышэйшай улады.
3 ранейшых высноў вынікае, што права найвышэйшае ўлады ёсць не чым іншым, як натуральным правам, але вызначаным не патэнцыяй кожнага паасобку, а патэнцыяй народа, кіраванага як бы адзіным духам, гэта значыць, як асобны чалавек у натуральным стане, сапраўды гэтак жа цела і дух (mens) усяе найвышэйшае ўлады маюць столькі правоў, колькі патэнцыі; а таму кожны асобны грамадзянін або падданы мае тым менш правоў, чым сама дзяржава мацнейшая за яго... і, такім чынам, кожны грамадзянін толькі тады праўна дзейнічае і праўна валодае чым-небудзь, калі можа абараняць гэта паводле агульнага рашэння дзяржавы.
Калі дзяржава саступае каму-небудзь права, а значыць, і ўладу бо ў адваротным выпадку... усё звядзецца да адных слоў жыць, як некаму хочацца, то тым самым яна адмаўляецца ад свайго права і пераносіць яго на таго, каму дала гэткую ўладу. Калі ж яна дала гэткую ўладу дзвюм або шматлікім асобам, каб менавіта кожны чалавек жыў, як ён хоча, то тым самым яна падзяліла найвышэйшую ўладу; і калі, нарэшце, яна дала гэтую ўладу кожнаму з грамадзян, то тым самым яна разбурыла саму сябе, і няма ўжо больш дзяржавы, але ўсё вяртаецца
ў натуральны стан усё гэта з поўнай відавочнасцю вынікае з папярэдняга. I адсюль выснова, што немагчыма аніякім чынам сабе ўявіць, каб кожнаму грамадзяніну пасля ўсталявання дзяржавы было дазволена жыць так, як ён хоча, і, гэткім чынам, тое натуральнае права, што кожны ёсць суддзёю самому сабе, у грамадзянскім стане неабходным чынам спыняецца. Я наўмысна падкрэсліваю: пасля ўсталявання дзяржавы, бо натуральнае права кожнага (у чым мы пераканаемся, калі належным чынам разгледзім пытанне) у грамадзянскім стане не спыняецца. Бо чалавек як у натуральным стане, гэтак і ў грамадзянскім дзейнічае паводле законаў сваёй прыроды і арыентуецца на сваю ўласную карысць; чалавек, кажу я, як у тым, так і ў іншым стане падштурховаецца страхам або надзеяй да таго, каб што-небудзь зрабіць ці ад чаго-небудзь устрымацца; але галоўнае адрозненне паміж імі палягае ў тым, што ў грамадзянскім стане ўсё баяцца аднаго і таго самага і для ўсіх адна і тая самая прычына бяспекі ды агульны лад жыцця, што, вядома, не зводзіць на нішто здольнасці суджэння кожнага. Той, хто вырашыў падпарадкоўвацца ўсім загадам дзяржавы ці таму, што баіцца яе моцы, ці таму, што шануе свой спакой, той, вядома, арыентуецца на сваю ўласную бяспеку і карысць.
Акрамя таго, мы не можам нават уявіць сабе, што кожны грамадзянін меў бы дазвол тлумачыць дзяржаўныя ўстанаўленні або законы. Бо, калі б гэта было законным для кожнага з іх, то ён бы ўжо выступаў у ролі свайго ўласнага суддзі, бо яму было б зусім лёгка апраўдаць ці ўпрыгожыць свае ўчынкі бачнасцю права, і, такім чынам, ён уладкаваў бы сваё жыццё гэтак, як хоча, што (паводле папярэдняга выказвання) ёсць абсурдным.
Мы бачым, гэткім чынам, што кожны грамадзянін не жыве ў сваім праве, але падпарадкаваны праву дзяржавы, усе загады якое ён абавязаны выконваць, і што ён не мае ніякага права вырашаць пытанне аб справядлівым, несправядлівым, пабожным або непабожным. Але, наадварот, паколькі цела найвышэйшае ўлады павінна быць кіраваным як бы адзіным духам і, гэткім чынам, волю дзяржавы варта лічыць воляю ўсіх, то рашэнне дзяржавы адносна справядлівага і добрага, якое б яно ні было, павінна быць прызнана рашэннем кожнага паасобку; вось чаму грамадзянін абавязаны выконваць загады дзяржавы, хоць бы ён і лічыў іх несправядлівымі...
Дзяржавам, якія заключылі мір, належыць права рэгуляваць пытанні, што могуць узнікнуць адносна ўмоў або ўстанаўленняў міру, якія яны ўзаемна абавязаліся захоўваць, бо права міру ёсць правам не кожнага паасобку, але дагаворных бакоў разам... Калі ж яны не здольныя прыйсці да згоды датычна іх, то гэтым самым яны вяртаюцца да стану вайны.
Чым болей дзяржаў заключае супольна мір, тым менш страху ўчыняе кожная паасобку ўсім іншым, ці тым менш улады ў кожнае пачаць вайну, але тым больш яна абавязана ахоўваць умовы міру, бо... тым менш яна знаходзіцца ў сваім праве і тым больш абавязана прыстасоўвацца да агульнай волі дзяржаў-хаўруснікаў...
Які ж найлепшы стан кожнае формы найвышэйшай улады, лёгка пазнаецца паводле мэты грамадзянскага стану: яна ёсць не чым іншым, як мір і бяспека жыцця. I таму тая найвышэйшая ўлада найлепшая, пры якой людзі праводзяць жыццё ў згодзе і калі яе правы шануюцца непарушна. Бо не выклікае пярэчанняў
тое, што паўстанні, войны, пагарду або парушэнне законаў варта прыпісваць не гэтулькі зласлівасці падданых, колькі кепскаму стану найвышэйшае ўлады. Бо людзі не нараджаюцца грамадзянамі, але становяцца імі, Акрамя таго, натуральныя афекты людзей паўсюдна адны і тыя самыя; таму, калі ў адной дзяржаве злосць пануе шырэй і здзяйсняецца болып злачынстваў, чым у іншай, то тлумачыцца гэта, без сумневу, тым, што гэтая дзяржава недастаткова клапоціццца пра агульную згоду і што яна недастаткова разважліва ўсталявала права, а такім чынам, і не валодае абсалютным правам дзяржавы. Бо грамадзянскі стан, які не ліквідаваў прычын паўстанняў, у якім заўсёды варта асцерагацца вайны і ў якім, нарэшце, часта парушаюцца законы, не шмат чым адрозніваецца ад натуральнага стану, дзе кожны жыве як хоча, паддаючы вялікай небяспецы сваё жыццё...