Уводзіны ў філасофію
нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
Вось жа, мы робім выснову, што народ пры Каралю можа захаваць дастаткова шырокую свабоду, калі толькі даможацца таго, каб патэнцыя Караля вызначалася толькі патэнцыяй народа і абаранялася самім народам. Гэта было адзінае правіла, якога я трымаўся, абгрунтоўваючы асновы манархічнае формы найвышэйшай улады.
...Нарэшце, мы пераходзім да трэцяй і цалкам абсалютнай формы найвышэйшай улады, якую мы будзем называць дэмакратычнай. Яе адрозненне ад арыстакратычнай палягае... галоўным чынам у тым, што ў апошняй ад адной толькі волі і свабоднага выбару найвышэйшае Рады (supremum Consilium) залежыць, каго зрабіць патрыцыем гэтак што ніхто не мае спадчыннага права голасу і права паступлення на дзяржаўную службу, як гэта мае месца пры той форме найвышэйшай улады, якую мы цяпер апісваем. Бо ўсе тыя, якія нарадзіліся ад грамадзян або ў межах айчыннай тэрыторыі, або аказалі важныя паслугі дзяржаве, або тыя, якім закон з іншых прычын наказвае надаць права грамадзянства, усе яны на законнай падставе могуць прэтэндаваць на права голасу ў найвышэйшай Радзе і права паступлення на дзяржаўную службу; і адмова ім у гэтым магчымая толькі з прычыны (здзяйснення) злачынства або даведзенае ганьбы.
Гэткім чынам, калі будзе вызначана законам, што толькі больш пажылыя, якія дасягнулі пэўнага ўзросту, або толькі першынцы, калі ім дазволіць узрост, або тыя, хто ўносіць дзяржаве пэўную суму, валодалі б правам голасу ў найвышэйшай Радзе і правам займацца дзяржаўнымі справамі, то, хоць пры гэтым і можа здарыцца, што найвышэйшая Рада будзе складацца з меншае колькасці грамадзян, чым найвышэйшая Рада арыстакратыі, пра якую мы казалі вышэй, тым не менш гэткія дзяржавы варта назваць дэмакратычнымі, бо іх грамадзяне, прызначаныя для кіравання дзяржавай, не абіраюцца, як лепшыя, найвышэйшай Радаю, але вызначаюцца на гэта самім законам. I хоць пры такой сістэме падобныя дзяржавы дзе менавіта да кіравання прызначаюцца не лепшыя, але ўзбагацелыя дзякуючы шчасліваму збегу абставінаў або першынцы, відаць, саступаюць арыстакратыі, аднак калі прыняць да ўвагі практыку або агульныя ўласцівасці людзей, то апынецца, што справа зводзіцца да таго самага. Бо патрыцыі заўсёды лічаць лепшымі багатых або сваіх блізкіх сваякоў, або сяброў. I, вядома, калі б з патрыцыямі справа ішла так, што яны абіралі б калегаў-патрыцыяў, вольныя ад усякага афекту і кіраваныя адным толькі імкненнем да агульнага дабра, то
ніводная форма найвышэйшае ўлады не вытрымала б параўнання з арыстакратычнай. Але, як у больш чым дастатковай меры паказаў досвед, стан рэчаў цалкам адваротны гэтаму, асабліва ў алігархіі, дзе праз адсутнасць супернікаў воля патрыцыяў менш за ўсё звязаная законам. Бо тут патрыцыі наўмысна не даюць найлепшым доступу ў Раду і шукаюць сабе такіх таварышаў у Радзе, якія ловяць кожнае іх слова; так што справы падобнага кшталту дзяржавы ідуць значна горш, бо абранне патрыцыяў залежыць ад абсалютна не звязанай аніякім законам волі асобных людзей...
Барух Спіноза. Палітычны трактат.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле:
https://la.wikisource.org/wiki/Tractatus_Politicus
джонлок
. ..Калі пэўная колькасць людзей гэтак аб’яднана ў адно грамадства, што кожны з іх адмаўляецца ад сваёй выканаўчай улады, уласцівай яму паводле закона прыроды, і перадае яе грамадству, то тады, і толькі тады, існуе палітычнае грамадства, або грамадзянская супольнасць. I гэта адбываецца, калі пэўная колькасць людзей, якія знаходзяцца ў натуральным стане, уступае ў грамадства, каб скласці адзін народ, адно палітычнае цела пад уладаю аднаго найвышэйшага ўрада, або калі хто-небудзь далучаецца да іх і прымаецца ў якую-небудзь ужо існуючую дзяржаву. Тым самым ён упаўнаважвае грамадства ці, што тое самае, яго заканадаўчую ўладу ствараць дзеля яго законы, якіх будзе патрабаваць грамадская карысць; ён павінен спрыяць выкананню гэтых законаў (як сваім уласным устанаўленням). I гэта пераносіць людзей з натуральнага стану ў дзяржаву, паколькі на зямлі з’яўляецца суддзя, які мае ўладу вырашаць усе спрэчкі і кампенсаваць усялякую шкоду, што можа быць нанесена любому чальцу дзяржавы; гэтым суддзёю ёсць заканадаўчая ўлада або прызначаныя ёю магістраты...
Людзі, як ужо было сказана, паводле прыроды свабодныя, роўныя і незалежныя; ніхто не можа быць выведзены з гэтага стану і падпарадкаваны палітычнай уладзе іншага без яго ўласнае згоды, якая дасягаецца праз пагадненне з іншымі людзьмі адносна аб’яднання ў супольнасць дзеля таго, каб зручна, шчасна і мірна жыць разам, спакойна карыстаючыся сваёю ўласнасцю і знаходзячыся ў большай бяспецы, чым той, хто да яе не належыць. Гэта можа зрабіць любая колькасць людзей, бо тут няма шкоды для вольнасці астатніх людзей, якія, як і раней, застаюцца ў натуральным стане свабоды. Калі любая колькасць людзей гэткім чынам пагадзілася стварыць супольнасць або дзяржаўную ўладу, то гэтыя людзі тым самым ужо аб’яднаныя і складаюць адзіны палітычны арганізм, у якім большасць мае права дзейнічаць і вырашаць за астатніх.
Бо калі людзі ў пэўнай колькасці стварылі са згоды кожнага індывіда супольнасць, то яны тым самым зрабілі гэтую супольнасць адзіным арганізмам, якія валодаюць правам выступаць як адзіны арганізм, што можа адбывацца толькі паводле волі і рашэння большасці. Бо тое, што прыводзіць у дзеянне якую-небудзь супольнасць, ёсць толькі згодаю асоб, што яе складаюць, а паколькі тое, што ёсць
адзіным цэлым, павінна рухацца ў адным кірунку, то неабходна, каб гэтае цэлае рухалася туды, куды яго цягне вялікая сіла, якую складае згода большасцг, у адваротным выпадку яно не здольнае выступаць як адзінае цэлае або працягваць заставацца адзіным цэлым, адзінаю супольнасцю, як на тое пагадзіліся ўсе згуртаваныя ў ім асобныя людзі; і, такім чынам, кожны дзякуючы гэтай згодзе абавязаны падпарадкоўвацца большасці. I вось чаму мы бачым, што ў заканадаўчых сходах, надзеленых уладай сілаю пазітыўных законаў, у тых выпадках, калі ў тым пазітыўным законе, які надзяліў іх уладаю, не падаецца колькасць, дзеянне болыйасці лічыцца дзеяннем цэлага і, зразумела, вызначае сілу цэлага, якой паводле закона прыроды і розуму яно валодае.
...Вялікаю і галоўнаю мэтай аб’яднання людзей у дзяржавы і перадачы імі сябе пад уладу ўрада ёсць захаванне іх уласнасці. А дзеля гэтага ў натуральным стане не хапае шмат чаго...
Заканадаўчая ўлада гэта тая ўлада, якая мае права ўказваць, якім чынам павінна быць ужытая сіла дзяржавы дзеля захавання супольнасці ды яе чальцоў...
Існуе яшчэ адна ўлада ў кожнай дзяржаве, якую можна назваць прыроднаю, бо яна адпавядае той уладзе, якою ад прыроды валодаў кожны чалавек перад тым, як ён далучыўся да грамадства. Бо хоць у дзяржаве яе чальцы ёсць адрознымі адна ад аднае асобамі і ў якасці такіх кіруюцца законамі грамадства, усё ж у дачыненні да астатняе часткі чалавецтва яны складаюць адно цэлае, якое, як раней кожны з яго чальцоў, усё яшчэ знаходзіцца ў натуральным стане датычна астатняй часткі чалавецтва; адсюль вынікае, што ўсе спрэчкі, якія ўзнікаюць паміж кімнебудзь з людзей, якія знаходзяцца ў грамадстве, з тымі, якія знаходзяцца па-за грамадствам, вядуцца народам; і шкоду, нанесеную аднаму з яго чальцоў, закранае, у пытанні аб кампенсацыі гэтае шкоды, увесь народ. Такім чынам, прымаючы гэта пад увагу, уся супольнасць уяўляе сабою адно цэлае, якое знаходзіцца ў натуральным стане ў дачыненні да ўсіх іншых дзяржаў або асоб, якія не належаць да гэтай супольнасці.
Гэткім чынам, да гэтага належаць: права вайны і міру, права ўдзельнічаць у кааліцыях і хаўрусах, гэтак сама як і права весці ўсе справы з усімі асобамі і супольнасцямі па-за адпаведнай дзяржаваю; гэтую ўладу, калі хочаце, можна назваць федэратыўнаю. Гэтак павінна быць зразуметая сутнасць, а што да назвы, то мне гэта абыякава.
Гэтыя дзве ўлады, выканаўчая і федэратыўная, хоць яны ў сапраўднасці адрозніваюцца адна ад аднае, бо адна з іхуключае ў сябе выкананне муніцыпальных законаў супольнасці ўнутры яе самое ў дачыненні да ўсяго, што ёсць яго часткамі, другая ж уключае ў сябе кіраванне знешняй бяспекаю і інтарэсамі грамадства ў стасунках з усімі тымі, ад каго яно можа атрымаць выгаду або пацярпець шкоду, усё ж гэтыя дзве галіны ўлады амаль заўсёды аб’яднаныя. I хоць гэтая федэратыўная ўлада пры добрым ці дрэнным яе ажыццяўленні мае вялікае значэнне для дзяржавы, усё ж яна менш здольная кіравацца папярэднімі пастаяннымі пазітыўнымі законамі, чым выканаўчая ўлада; і таму яна неабходным чынам павінна быць пакінута разважлівасці і мудрасці тых, у чыіх руках яна знаходзіцца, дзеля таго каб яна была накіравана на карысць грамадства. Бо за-
коны, якія датычацца ўзаемаадносінаў падданых паміж сабою, прызначаныя для кіравання іх дзеяннямі і ў поўнай меры могуць папярэднічаць ім. Але тое, што варта зрабіць у дачыненні да іншаземцаў, шмат у чым залежыць ад іх учынкаў і ад розных задум і інтарэсаў, і гэта збольшага варта пакідаць разважлівасці тых, каму даверана гэтая ўлада, каб яны маглі кіравацца самым лепшым, што дае іх умельства, дзеля карысці дзяржавы.
Хоць, як я сказаў, выканаўчая і федэратыўная ўлада ў кожнай супольнасці ў сапраўднасці адрозніваюцца паміж сабою, усё ж іх наўрад ці варта падзяляць і перадаваць адначасова ў рукі розных асоб. Бо абедзве гэтыя ўлады патрабуюць дзеля свайго ажыццяўлення моцы грамадства, і амаль што немагчыма засяроджваць сілу дзяржавы ў руках розных і адна адной не падпарадкаваных асоб або давяраць выканаўчую і федэратыўную ўладу асобам, якія могуць дзейнічаць сепаратна, у выніку чаго сіла грамадства будзе знаходзіцца пад рознай камандаю, а гэта можа рана ці позна прывесці да беспарадку і руйнавання.
Хоць у канстытуцыйнай дзяржаве, што апіраецца на свой уласны базіс і дзейнічае ў адпаведнасці са сваёй уласнай прыродаю, г. зн. дзеля захавання супольнасці, можа быць толькі адна найвышэйшая ўлада, а менавіта заканадаўчая, якой усе астатнія падпарадкоўваюцца і павінны падпарадкоўвацца усё ж такі заканадаўчая ўлада ўяўляе сабою толькі ўладу, заснаваную на грамадскім даверы (fiduciary), якая павінна дзейнічаць дзеля пэўных мэтаў; таму па-ранейшаму ў народа застаецца найвышэйшая ўлада адхіляць або замяняць заканадаўчы орган, калі народ бачыць, што заканадаўчая ўлада дзейнічае насуперак аказанаму ёй даверу...