Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Аднак у той жа час трэба прызнаць, што англійскія законы ахвяруюць дабром беднага дзеля дабра багатага і правамі большасці дзеля прывілеяў невялікае колькасці асоб. Вось чаму сённяшняя Англія гэта краіна крайнасцяў, у якой бедаў не менш, чым магутнасці і славы.
У Злучаных Штатах, дзе дзяржаўныя службоўцы не абараняюць класавых інтарэсаў, бесперапынны працэс кіравання ў цэлым прыносіць карысць, хоць кіраўнікі ў шматлікіх выпадках бываюць некампетэнтнымі і нават вартымі пагарды.
Можна, гэткім чынам, зрабіць выснову пра тое, што дэмакратычныя ўстановы маюць у сабе прыхаваную сілу, дзякуючы якой паасобныя людзі, нягледзячы на свае заганы і памылкі, спрыяюць агульнаму росквіту, у той час як у арыстакратычных установах ёсць нешта такое, у выніку чаго дзейнасць таленавітых і дабрадзейных людзей прыводзіць да пакутаў іх суграмадзян. Так, бывае, што ў арыстакратычных дзяржавах грамадскія дзеячы чыняць ліха, не жадаючы гэтага, а ў дэмакратычных хутчэй, не заўважаючы гэтага...
Аб паняцці правоў у Злучаных Штатах
...Самым выдатным паняццем пасля агульнага паняцця пра цноту ёсць паняцце аб правах. Дакладней кажучы, абодва гэтыя паняцці судакранаюцца: правы гэта не што іншае, як цноты, перанесеныя ў палітычнае жыццё.
Таму паняцце аб правах дазволіла людзям вызначыць, што ёсць усёдазволенасцю і тыраніяй. Яно дапамагае ім быць незалежнымі без пыхі і падпарадкоўвацца без самапрыніжэння. Пад пагрозаю чалавек згінаецца і прыніжаецца. Калі ж ён падпарадкоўваецца праву распараджацца, якое ён прызнае за сабе падобным, ён у нейкім сэнсе нават узвышаецца над тым, хто ім распараджаецца. He можа быць ані вялікіх людзей, не надзеленых цнотамі, ані вялікіх народаў, што не паважаюць правоў. Пры адсутнасці правоў наўрад ці можна казаць пра існаванне грамадства. Хіба можна назваць грамадствам групу разумных істот, калі іх еднасць заснавана на адной толькі сіле?..
Дэмакратычны спосаб кіравання даводзіць паняцці палітычных правоў да свядомасці кожнага грамадзяніна, гэтак сама як наяўнасць маёмасці робіць даступным усім людзям паняцце ўласнасці. У гэтым палягае, на маю думку, адна з яе галоўных вартасцяў.
Вядома, зусім нялёгка навучыць усіх карыстацца палітычнымі правамі, але дасягненне гэтай мэты дае велізарныя вынікі.
Варта яшчэ дадаць, што наша эпоха ўяўляецца самай прыдатнаю дзеля таго, каб паспрабаваць зрабіць гэта.
Рэлігія губляе сілу, і праз гэта знікае паняцце боскасці правоў. Ці вы не заўважаеце, што норавы псуюцца, і праз гэта слабне маральнае паняцце правоў?
Паўсюдна забабоны прыходзяць на месца развагі, а пачуцці на месца
разлікаў. I калі пасярод гэтага ўсеагульнага развалу не атрымаецца злучыць паняцце правоў з адзіным, што яшчэ не разбурана ў чалавечай душы, а менавіта з асабістым інтэрасам, то ў справе кіравання светам не застанецца нічога, акрамя страху.
Таму, калі мне кажуць, што законы недастаткова суровыя, а падданыя неўтаймоўныя, што жарсці палаюць, а дабрачыннасць нямоглая і таму нельга нават думаць аб пашырэнні дэмакратычных правоў, я адказваю, што пра гэта варта думаць менавіта з усіх гэтых прычын. Папраўдзе, урад зацікаўлены ў гэтым больш, чым грамадства. Бо ўрады гінуць, а грамадства неўміручае...
Можна без перабольшання сказаць: мастацтва жыць вольным здольнае тварыць цуды, але ў той жа час няма нічога больш складанага, чым вучыцца жыць вольным. 3 дэспатызмам справа ідзе інакш. Ён часта ўяўляецца сродкам ад усіх перанесеных пакутаў, апірышчам законных правоў, падтрымкаю прыгнечаных, асноваю парадку. Народы прысынаюць сябе абстаноўкаю часовага дабрабыту, якую апошні нараджае, а абуджаюцца яны ўжо ў вартым жалю стане. Свабода, наадварот, звычайна нараджаецца ў бурах і сярод грамадзянскіх рознагалоссяў умацоўваецца з цяжкасцю. Яе вартасць можна спазнаць толькі тады, калі яна дасягае шаноўнага ўзросту.
Пра павагу да закона ў Злучаных Штатах
...He заўсёды магчыма наўпрост або ўскосна прыцягнуць цалкам увесь народ да стварэння закона. Але немагчыма адмаўляць тое, што, калі гэта атрымоўваецца, аўтарытэт закона істотна павышаецца. Народнае паходжанне законаў, якое часта шкодзіць іх дабраякаснасці ды мудрасці, дзіўным чынам спрыяе ўзрастанню іх моцы.
У волі, выяўленай цэлым народам, закладзена каласальная сіла. Калі яна рэалізуецца ва ўсёй сваёй моцы, уяўленне тых, хто хацеў бы процістаяць ёй, робіцца як бы прыгнечаным.
Гэтая праўда добра вядомая ўсім партыям.
Менавіта таму яны, дзе толькі могуць, і аспрэчваюць наяўнасць большасці. Калі, на іх думку, яе не складаюць тыя, хто галасаваў, яны сцвярджаюць, што яе складаюць тыя, хто не прымаў удзел у галасаванні; калі і там яе няма, яны знаходзяць яе сярод тых, хто пазбаўлены права голасу.
У Злучаных Штатах усе грамадзяне, акрамя нявольнікаў, слуг і беднякоў, якія жывуць за кошт грамады, маюць права голасу, і, такім чынам, усе ўскосна прымаюць удзел у заканадаўчай дзейнасці. Той, хто выступае супраць закона, вымушаны адкрыта рабіць адно з двух: або імкнуцца змяніць перакананні народа, або занядбаць яго волю.
Да гэтага трэба дадаць яшчэ адзін аргумент, больш канкрэтны і важкі: у Злучаных Штатах кожны ў нейкім сэнсе асабіста зацікаўлены ў тым, каб усе выконвалі законы. Бо той, хто сёння не належыць да большасці, можа далучыцца да яе заўтра, і тады ён будзе патрабаваць да сваёй волі такой самай павагі, якую ён сёння праяўляе да волі заканадаўцаў. Якім бы няўдалым ні быў закон, грамадзяне
Злучаных Штатаў выконваюць яго без прымусу і ставяцца да яго не толькі як да выніку працы большасці, але і як да ўласнае справы; яны глядзяць на яго як на кантракт, удзельнікам якога яны ёсць.
У Амерыцы няма шматлікай і турбулентнай праслойкі тых людзей, якія б глядзелі на закон са страхам і падазрэннем, як на свайго натуральнага ворага. Наадварот, нельга не заўважыць, што ўсе класы там цалкам давяраюць законам, паводле якіх жыве краіна, і адчуваюць да іх нешта накшталт бацькоўскае любові.
Сказаўшы «ўсе класы», я дапусціў недакладнасць. Паколькі піраміда еўрапейскіх палітычных сіл існуе ў Амерыцы ў перакуленым выглядзе, багатыя займаюць там такое самае становішча, якое ў Еўропе займаюць бедныя, і менавіта багатыя часта ставяцца да закона з недаверам. Я ўжо казаў пра тое, што рэальная перавага дэмакратычнага кіравання палягае не ў тым як гэта часам сцвярджаюць, каб забяспечыць усеагульныя інтарэсы, а толькі ў тым, каб ахоўваць інтарэсы большасці. У Злучаных Штатах, дзе кіруюць бедныя, багатым даводзіцца ўвесь час баяцца, як бы тыя не пачалі выкарыстоўваць сваю ўладу супраць іх.
Такі настрой багатых можа ператварыцца ў глухую незадаволенасць, але ён не можа спарадзіць буйных узрушэнняў у грамадстве. Тая ж прычына, з якой багатыя не давяраюць законам, перашкаджае ім занядбаць іх выкананне. Багатыя адхілены ад заканатворчае дзейнасці менавіта таму, што яны багатыя; з тае ж прычыны яны не адважваюцца парушаць закон. У цывілізаваных краінах паўстанні звычайна ўчыняюць толькі тыя, каму няма чаго губляць. Гэткім чынам, хоць законы дэмакратычнага грамадства не заўсёды вартыя найвялікшае павагі, іх заўсёды выконваюць. Бо тыя, хто часцей за ўсё парушае закон, не могуць не падпарадкоўвацца законам, якія былі створаны імі самімі і прыносяць ім карысць, а тыя, хто мог бы быць зацікаўлены ў іх парушэнні, паводле свайго характару і становішча ў грамадстве схільныя выконваць якую заўгодна волю заканадаўца. Акрамя таго, амерыканцы паважаюць законы не толькі таму, што яны іх самі ствараюць, але яшчэ і таму, што яны могуць іх змяняць у выпадку, калі законы прычыняюць ім шкоду. Яны падпарадкоўваюцца законам як свядома неабходнаму ліху, але таксама і як часоваму ліху.
Алексіс дэ Таквіль. Дэмакратыя ў Амерыцы.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Alexis de Tocqueville. De la democratic en Amerique. Pagnerre, 1848. Vol. I, p. 84-86, 89-90. Vol. II. P. 102-108, 113-120.
ДЖОН СЦЮАРТ MUI
...Найбольш пераканаўчаю прычынай абмежавання ўмяшання ўраду ёсць тое вялікае зло, якое непатрэбна дадаецца да ягонае ўжо наяўнае сілы. Кожны элемент, дададзены звыш да ўжо практыкаваных урадам функцый, спрычыняе выкліканне спадзеваў і адначасна страхаў, што ён можа быць яшчэ болей пашыраным і ператвараць больш і больш актыўную ды амбітную частку насельніцтва ў асоб, залежных ад урада, або пэўнай часткі людзей, якія плануюць стацца
ўрадам. Калі б дарогі, чыгуначныя шляхі, страхавыя ўстановы, вялікія аб’яднаныя акцыянерныя кампаніі, універсітэты і публічныя дабрачынныя арганізацыі сталіся галінамі ўрада; калі б, у дадатак, муніцыпальныя карпарацыі і мясцовыя рады з усім тым, што развіваецца, дзякуючы ім сталіся аддзеламі цэнтральнае адміністрацыі,; калі б службоўцы ўсіх гэтых устаноў прызначаліся і аплачваліся ўрадам і азіраліся на ўрад, каб займець любое падвышэнне ў жыцці, тады ўся свабода прэсы і народныя органы заканадаўства не ўчынілі б ані гэтае, ані якое-небудзь іншае краіны свабоднаю інакш, як толькі з назвы. I зло будзе нагэтулькі болыпым, наколькі больш падрыхтаваны і больш будзе разбудаваны адміністрацыйны апарат ...
Чым французы ёсць у вайсковай службе, тым амерыканцы у розным цывільным бізнэсе: няхай давядзецца апошнім застацца без урада, кожнае ўтварэнне, цела амерыканцаў здольнае наладзіць кіраванне, выконваць тыя ці іншыя грамадскія абавязкі з дастатковым праяўленнем інтэлігентнасці, парадку і выкананнем пастаноў. Гэта і ёсць тым, чым свабодныя людзі павінны быць і людзі, здольныя да гэтага, безумоўна, свабодныя; гэткія людзі ніколі не дазволяць, каб іх хто-небудзь індывід ці група людзей паняволіў, бо яны застаюцца здольнымі ўзяць у свае рукі ўладу і здзяйсняць яе пры дапамозе цэнтральнае адміністрацыі. Ніякая бюракратыя не можа разлічваць на тое, каб узгадаваць людзей падобнае ініцыятывы, або праводзіць нешта такое, чаго яны не любяць. Але там, дзе кожная справа выконваецца шляхам бюракратыі, нічога наогул не можа быць выканана з таго, супроць чаго бюракратыя выступае. Канстытуцыя падобных краін гэта арганізацыя досведу і практычнае здольнасці нацыі існаваць у здысцыплінаваным целе з мэтаю кіравання рэштаю людзей; і чым болей дасканалая гэтая арганізацыя сама па сабе, тым болей паспяховая яна ў прыцягванні да сябе і ўзгадоўванні дзеля сябе людзей большае здольнасці з усіх слаёў супольнасці тым болей эфектыўным ёсць паняволенне ўсіх, уключна з людзьмі бюракратычных схільнасцяў. Бо губернатары ў гэткай самай ступені нявольнікі іхняе ж арганізацыі і дысцыпліны, колькі кіраваныя імі асобы ёсць нявольнікамі губернатараў.