Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Ва ўсіх выпадках, пакуль існуе ўрад, заканадаўчая ўлада ёсць найвышэйшаю. Бо тое, што можа ствараць законы для іншых, неабходным чынам павінна быць вышэй за іх; а наколькі заканадаўчая ўлада ёсць заканадаўчаю ў грамадстве толькі таму, што яна валодае правам ствараць законы для ўсіх частак і для кожнага чальца грамадства, ствараючы ім правілы паводзінаў і даючы моц для пакарання, калі яны парушаны, нагэтулькі заканадаўчая ўлада неабходным чынам павінна быць найвышэйшаю, і ўсе астатнія ўлады ў асобе якіх-небудзь чальцоў або частак грамадства вынікаюць з яе іпадпарадкаваныя ёй...
Выканаўчая ўлада, калі яна знаходзіцца ў каго заўгодна, але толькі не ў руках асобы, якая ўдзельнічае таксама і ў заканадаўчым органе, відавочна падпарадкаваная і падсправаздачная заканадаўчай уладзе і можа быць на жаданне змененая і замененая; гэта значыць, што не вышэйшая выканаўчая ўлада вольная ад падпарадкавання, а вышэйшая выканаўчая ўлада, давераная аднаму чалавеку, які, прымаючы ўдзел у заканадаўчым органе, не мае асобнага вышэйпастаўленага заканадаўчага органа, якому ён падпарадкоўваецца і падсправаздачны, падпарадкаваны яму толькі ў гэткай ступені, у які ён сам далучыцца і дасць сваю згоду; вось жа, ён падпарадкаваны не ў большай ступені, чым ён сам будзе гэта лічыць патрэбным а гэта, як можна ўпэўнена зрабіць выснову, будзе толькі ў самай нязначнай ступені...
Няма аніякае неабходнасці і нават няма вялікае выгоды ў тым, калі заканадаўчы орган будзе дзейнічаць бесперапынна. Аднак гэта абсалютна неабходна для выканаўчай улады: бо не заўсёды маецца патрэба ў стварэнні новых законаў, але
заўсёды неабходна выконваць тыя законы, якія створаны. Калі заканадаўчы орган перадаў выкананне створаных ім законаў у іншыя рукі, то ў яго ўсё яшчэ застаецца ўлада забраць гэта з іншых рук, калі на тое будзе прычына, і пакараць за любое кепскае кіраванне, якое парушае законы. Тое ж самае справядліва і ў дачыненні да федэратыўнай улады, бо і яна, і выканаўчая ўлада абедзве міністэрыяльныя і падначаленыя ў дачыненні да заканадаўчай улады, якая, як было паказана, у канстытуцыйнай дзяржаве ёсць найвышэйшаю. У гэтым выпадку таксама мяркуецца, што заканадаўчы орган складаецца з некалькіх асоб {калі ён будзе складацца з адной асобы, то ён не можа не дзейнічаць бесперапынна, і, такім чынам, як найвышэйшая ўлада, натуральна, будзе валодаць найвышэйшай выканаўчай уладаю разам з заканадаўчаю), якія могуць збірацца і ажыццяўляць свае заканадаўчыя функцыі ў тыя тэрміны, якія прадугледжаны ў першапачатковай канстытуцыі або вызначаны іх рашэннем пры заканчэнні папярэдняй сесіі, або і тады, калі ім заманецца, калі нідзе не быў прадугледжаны які-небудзь час склікання або ж іх скліканне не было прадпісана якім-небудзь іншым чынам...
Калі заканадаўчы орган або якая-небудзь частка яго складаюцца з прадстаўнікоў, абраных на гэты тэрмін народам, якія пасля вяртаюцца ў звычайны стан падданых і не прымаюць удзелу ў заканадаўчым органе, акрамя як паводле новага выбару, то гэтае права выбару павінна таксама ажыццяўляцца народам або ў пэўныя прызначаныя тэрміны, або тады, калі ён будзе закліканы да гэтага...
Тут у мяне могуць запытаць: што адбудзецца, калі выканаўчая ўлада, валодаючы магутнасцю дзяржавы, выкарыстоўвае гэтую магутнасць, каб перашкодзіць скліканню і працы заканадаўчага органа, у той час як першапачатковая канстытуцыя ці народныя патрэбы патрабуюць гэтага? Я сцвярджаю, што ўжыванне гвалту ў дачыненні да народа без усялякага на тое права і ў супярэчнасці з даверам, аказаным таму, хто гэтак робіць, уяўляе сабою стан вайны з народам, які валодае правам аднавіць свой заканадаўчы орган, каб ён ажыццяўляў яго ўладу. Бо народ стварыў заканадаўчы орган дзеля таго, каб ён ажыццяўляў яго заканадаўчую ўладу або ў пэўны час, або тады, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, а калі яму якаянебудзь сіла перашкаджае рабіць тое, што неабходна для грамадства і ад чаго залежыць бяспека або захаванне народа, народ мае права ліквідаваць гэтую сілу таксама з дапамогаю гвалту. Ва ўсіх сітуацыях і пры любых умовах сапраўдны сродак супраць гвалту самавольства гэта процідзейнічаць яму таксама з дапамогаю гвалту. Ужыванне гвалту без паўнамоцтваў заўсёды ставіць таго, хто яго ўжывае, у стан вайны як агрэсара і дае права абыходзіцца з ім адпаведным чынам.
Права склікаць і распускаць заканадаўчы орган права, якім валодае выканаўчая ўлада, не дае выканаўчай уладзе вяршэнства над заканадаўчаю, а ёсць проста давераным паўнамоцтвам, дадзеным ёй у інтарэсах бяспекі народа ў тым выпадку, калі нявызначанасць і пераменнасць чалавечых спраў не могуць вынесці рэгулярна ўстаноўленага правіла. Бо немагчыма, каб першыя стваральнікі дзяржавы дзякуючы якому-небудзь провіду ў такой ступені змаглі прадбачыць будучыя падзеі, каб быць здольнымі ўсталяваць дакладна вызначаныя перыяды скліканняў і працягласці працы заканадаўчых органаў ва ўсе часы, прычым так,
каб гэта ў дакладнасці адпавядала ўсім патрэбам дзяржавы; найлепшым сродкам супраць гэтага недахопу было даверыць гэта разважлівасці тых, хто заўсёды будзе ў наяўнасці і чыёю задачай ёсць дапільноўваць грамадскую карысць.
Джон Лок. Два трактаты аб кіраванні.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Locke, J. Two Treatises of Government.
London-Dublin, 1823. P. 142-143,159, 167-173.
ЖАН-ЖАКРУСО
Чалавек народжаны свабодным, a між тым ён паўсюдна закуты ў кайданы. Нехта лічыць сябе валадаром над іншымі, а сам не перастае быць нявольнікам у яшчэ большай ступені, чым тыя. Якім жа чынам адбывалася гэтае змяненне? Я не ведаю. Што можа зрабіць гэтае змяненне законным? Лічу, што я магу вырашыць гэтае пытанне...
Сама агульная свабода гэта вынік чалавечай прыроды. Яе першы закон палягае ў клопаце пра самазахаванне, яе першыя турботы тыя, што чалавек абавязаны мець у дачыненні да сябе самога; і як толькі чалавек дасягае разумнага ўзросту, ён робіцца гаспадаром самога сябе і ёсць адзіным суддзёю ў дачыненні да сродкаў, прыдатных дзеля яго самазахавання...
Паколькі ніводзін чалавек не мае прыроднай улады над сабе падобнымі і паколькі сіла не стварае нікага права, то падмуркам усялякае законнае ўлады сярод людзей застаюцца дамовы...
Адмовіцца ад сваёй свабоды гэта значыць адмовіцца ад сваёй чалавечай годнасці, ад права чалавека, нават ад яго абавязкаў. Няма такой узнагароды, якая магла б кампенсаваць адмову ад усяго. Гэткая адмова несумяшчальная з чалавечай прыродаю; забраць усялякую свабоду ў сваёй волі гэта тое самае, што пазбавіць свае ўчынкі любых маральных матываў. Урэшце, дамова, у якой, з аднаго боку, абумоўлена абсалютная ўлада, а з другога бязмежная паслухмянасць, ёсць пустою і супярэчліваю дамовай.
Жан-Жак Русо. Пра грамадскую дамову, або прынцыпы палітычнага права. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле:
Rousseau, J.-J. Du Contrat social, ou Principes du droit politique. Collection complete des oeuvres, Geneve, 1780-1789, vol. 1, in-4°, edition en ligne: www.rousseauonline.ch, version du 2012. P. 190-191, 195-197.
ЎІЛЬЯМГОДВІН
Пра роўнасць людскога роду
...Людзі роўныя не толькі фізічна і не толькі маральна. Іх фізічная роўнасць можа разглядацца з гледзішча іх цялеснай сілы або разумовых здольнасцяў. Гэтае сцверджанне было аб’ектам нападкаў і пярэчанняў.
Казалі, што «з нашага досведу вынікае адмаўленне такой роўнасці». Сярод індывідаў нашага роду мы фактычна не можам знайсці двух аднолькавых. Адзін чалавек моцны, а іншы слабы. Адзін чалавек разумны, а другі дурны. Уся існая на свеце няроўнасць умоў павінна быць узведзена да згаданае як да сваёй крыніцы. Моцны чалавек валодае магчымасцю падпарадкоўваць сабе, а слабы адчувае патрэбу ў хаўрусніку дзеля сваёй абароны. Адсюль непазбежная выснова: роўнасць умоваў гэта хімерычная здагадка, якая не можа быць практычна ажыццёўлена, а калі б яе і магчыма было ажыццявіць, гэта было б непажадана».
У адказ на гэтае сцверджанне трэба зрабіць дзве заўвагі. Па-першае, гэтая няроўнасць была першапачаткова значна меншаю, чым цяпер. Калі людзі былі нецывілізаванымі, то не існавала хвароб, распешчанасці і раскошы, і ў выніку кожны чалавек сваёю сілаю стаяў значна бліжэй да свайго суседа, чым цяпер. Калі людзі былі нецывілізаванымі, іх розум быў абмежаваны, іх патрэбы, думкі і погляды заставаліся амаль аднолькавымі. Трэба было чакаць, што пры першым іх адыходзе ад такога стану паўстануць самі па сабе вялікія няслушнасці; і задачай мудрасці, што развілася, ёсць залагодзіць гэтыя няслушнасці.
Па-другое, нягледзячы на тое, што адбылося парушэнне роўнасці людзей, усё ж надалей існуе вялікая і істотная роўнасць. Сярод людзей не маецца такога разрыву, які дазваляў бы аднаму чалавеку трымаць у падпарадкаванні некалькі іншых людзей, акрамя выпадкаў, калі яны самі згодныя на гэта. Любы ўрад апіраецца на грамадскую думку. Людзі цяпер жывуць пры пэўнай форме кіравання, бо яны лічаць яе адпаведнай сваім інтарэсам. Вядома, якая-небудзь частка грамадства або дзяржавы можа быць стлумленая гвалтам, але гэта не асабістая сіла дэспата; гэта павінна быць сіла іншае часткі грамадства, якая лічыць, што ў сваіх інтарэсах ёй варта падтрымліваць яго ўладу. Разбурыце гэтую грамадскую думку, і ўвесь будынак, узведзены на яго падмурку, разваліцца. 3 гэтага вынікае, што людзі ў сваёй сутнасці незалежныя. Усё сказанае адносіцца да фізічнае роўнасці.
Маральная роўнасць усё яшчэ менш схільная да разумных абмежаванняў. Пад маральнаю роўнасцю я разумею прынцып ужывання адзінага нязменнага правіла справядлівасці да ўсіх выпадкаў, што могуць надарыцца. Гэты прынцып не можа падлягаць сумневу, калі не звяртацца да довадаў, што абвяргаюць самую сутнасць дабрадзейнасці. Сцвярджаюць, што «роўнасць будзе няўцямнаю фікцыяй датуль, пакуль здольнасці людзей застаюцца рознымі і прэтэнзіі, якія яны выстаўляюць, пазбаўленыя гарантый або санкцый, з дапамогаю якіх іх можна было б ажыццявіць»32. Але бясспрэчна, што прынцып справядлівасці сам па сабе зусім уцямны, незалежна ад таго, ажыццёўлены ён ці не на практыцы. Пачаткі справядлівасці адносяцца да істот, надзеленых здольнасцю пазнаваць і адчуваць задавальненне і пакуты. 3 самой прыроды гэтых істот, незалежна ад гвалтоўнага