Уводзіны ў філасофію
нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
Джон Сцюарт Міл. Пра Свабоду: трактат. Пераклад Я. Пятроўскага II Ян Пятроўскі. Лепшыя думкі чалавека. Т. I. Гэйнсьвільл, Флярыда, 1977. С. 176-178. (Новая рэдакцыя).
КАРЛМАРКС
У грамадскай вытворчасці свайго жыцця людзі ўступаюць у пэўныя, неабходныя, не залежныя ад іх волі адносіны вытворчыя адносіны, якія адпавядаюць пэўнай ступені развіцця іх матэрыяльных вытворчых сіл. Сукупнасць гэтых вытворчых адносінаў складае эканамічную структуру грамадства, рэальны базіс, на якім узвышаецца юрыдычная і палітычная надбудова і якому адпавядаюць пэўныя формы грамадскай свядомасці. Спосаб вытворчасці матэрыяльнага жыцця абумоўлівае сацыяльны, палітычны і духоўны працэсы жыцця наогул. He свядомасць людзей вызначае іх быццё, а наадварот, іх грамадскае быццё вызначае іх
свядомасць. На вядомай прыступцы свайго развіцця матэрыяльныя вытворчыя сілы грамадства прыходзяць у супярэчнасць з існуючымі вытворчымі адносінамі, або што з’яўляецца толькі юрыдычным выразам апошніх з адносінамі ўласнасці, унутры якіх яны да гэтага часу развіваліся. 3 формаў развіцця вытворчых сіл гэтыя адносіны ператвараюцца ў іх кайданы. Тады наступае эпоха сацыяльнай рэвалюцыі. Са змяненнем эканамічнай асновы больш ці менш хутка адбываецца пераварот ва ўсёй велізарнай надбудове. Пры разглядзе такіх пераваротаў неабходна заўсёды адрозніваць матэрыяльны пераварот, які канстатуецца з натуральна-навуковай дакладнасцю ў эканамічных умовах вытворчасці ад юрыдычных, палітычных, рэлігійных, мастацкіх або філасофскіх, карацей кажучы ад ідэалагічных формаў, у якіх людзі ўсведамляюць гэты канфлікт і змагаюцца за яго вырашэнне. Як пра асобнага чалавека нельга меркаваць на падставе таго, што сам ён пра сябе думае, дакладна так жа нельга меркаваць пра падобную эпоху перавароту паводле яе свядомасці. Наадварот, гэтую свядомасць трэба вытлумачыць з супярэчнасцей матэрыяльнага жыцця, з існуючага канфлікту паміж грамадскімі прадукцыйнымі сіламі і вытворчымі адносінамі. Hi адна грамадская фармацыя не гіне раней, чым разаўюцца ўсе прадукцыйныя сілы, для якіх яна дае дастаткова прасторы, і новыя больш высокія вытворчыя адносіны ніколі не з’яўляюцца раней, чым саспеюць матэрыяльныя ўмовы іх існавання ў нетрах самога старога грамадства. Таму чалавецтва ставіць сабе заўсёды толькі такія задачы, якія яно можа дазволіць, таму што пры бліжэйшым разглядзе заўсёды аказваецца, што сама задача ўзнікае толькі тады, калі матэрыяльныя ўмовы яе вырашэння ўжо маюцца ў наяўнасці, або, па меншай меры, знаходзяцца ў працэсе станаўлення.
Карл Маркс. Да крытыкі палітычнай эканоміі: пераклад зверан з нямецкім выданнем 1934 г. Мінск, 1936. С. 6-7. (Новая рэдакцыя).
АЛФРЭД НОРТ ЎАЙТХЕД
...Мы зараз пераходзім да паняцця грамадства. Гэтае азначэнне стварае падставы для разгляду тыпаў парадку і яго генетычнае пашырэнне. Вызначэнне залежыць ад таго, як будуць прыняты ў разлік чыннікі, апушчаныя пры аналізе Роду Мадэляваных Нэксусаў.
Грамадства гэта такая сувязь-нэксус, якая «ілюструе» пэўны тып «сацыяльнага парадку» ці «ўдзельнічае» ў ім. «Сацыяльны парадак» можна вызначыць наступным чынам: нэксус валодае «сацыяльным парадкам», калі (1) існуе пэўны агульны элемент формы, які выяўляецца ў канкрэтнасці кожнай з уключаных у яе актуальных сутнасцяў; калі (2) гэты агульны элемент формы ўзнікае ў кожным элеменце нэксусу ў выніку ўмоў, якія накладаюцца на яго праз здольнасць схоплівання гэтага агульнага элемента іншымі элементамі нэксусу, і (3) гэтыя схопліванні накладаюць такую ўмову пашырэння ў выніку таго, што яны ўключаюць у сябе пазітыўныя адчуванні, што змяшчаюць гэтую агульную форму, а яна ёсць «вызначальнаю характарыстыкай» гэтага грамадства.
Гэтае ж вызначэнне можа быць выказана іначай: «сутнасць «грамадства», як яно тут разумеецца, палягае ў самападтрыманні самога сябе г. зн. грамадства ёсць прычынаю самога сябе. Гэткім чынам, грамадства гэта не проста сукупнасць (актуальных) існасцяў, да якіх мае дачыненне адно і тое самае імя класа; пад тэрмінам «грамадства», інакш кажучы, разумеецца нешта большае, чым простае матэматычнае разуменне «парадку». Каб скласці грамадства, агульнае імя класа неабходна прыкласці да кожнага чальца грамадства, зыходзячы з яго генетычнага паходжання ад іншых чальцоў гэтага самага грамадства. Усе чальцы грамадства падобныя паміж сабою, бо, валодаючы агульнымі рысамі, яны ствараюць для іншых чальцоў варункі, якія прыводзяць да гэтага падабенства».
3 гэтага апісання паняцця грамадства (у тым сэнсе, у якім яно тут ужываецца) зразумела, што сукупнасць сумежных адначасовых падзей не ўтварае поўнага грамадства, бо гэткая сукупнасць не здольная адпавядаць умове генетычнага паходжання. Зразумела, такая сукупнасць адначасовых элементаў можа належаць да грамадства. Але грамадства як такое павінна ўключаць і папярэднія, і наступныя падзеі. Інакш кажучы, грамадства павінна валодаць спецыфічнаю ўласцівасцю часавай працягласці. Усе рэальныя актуальныя рэчы, якія валодаюць часавай працягласцю, ёсць грамадствамі, а не актуальнымі падзеямі. Уваходжанне ў зман, якое перашкаджае развіццю еўрапейскай метафізікі з часоў грэкаў, якраз і палягае ў тым, што грамадствы атаесамляюцца з цалкам рэальнымі падзеямі. Грамадства валодае і сутнаснымі рысамі, дзякуючы якім яно і ёсць грамадствам, і выпадковымі якасцямі, якія змяняюцца ў залежнасці ад акалічнасцяў. Такім чынам, грамадства як суцэльнае існаванне і як тое, што захоўвае адзін і той жа метафізічны статус, мае гісторыю, якая выяўляе, якім чынам змяняюцца яго рэакцыі на змену акалічнасцяў. Актуальная ж падзея такой гісторыі не мае, бо яна ніколі не змяняецца. Яна толькі адбываецца і знікае. Яе знікненне ёсць прыняццем ёю новай метафізічнай функцыі ў творчым развіцці Сусвету.
A. Н. Ўайтхед. Прыгоды ідэй. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Whitehead, A. N. Adventures of Ideas.
N.Y., 1969. P. 260-261.
АРНАЛД ДЖОЗЭФ ТОЙНБІ
Памылковасць канцэпцыі «адзінства цывілізацыі»
Адказаўшы на пярэчанне, згодна з якім цывілізацыі занадта разнастайныя для таго, каб іх параўноўваць, адкажам на дакладна процілеглае яму, але таксама дапушчальнае пярэчанне, што цывілізацыі, з’яўляючыся аднароднымі, па сутнасці тоесныя, і мы фактычна маем дачыненне не з дваццаццю адной цывілізацыяй, а толькі з адной-адзінаю, Цывілізацыя гэтая ўнікальная, і яе няма з чым параўноўваць. Гэты тэзіс пра «адзінства цывілізацыі» фальшывая канцэпцыя, вельмі папулярная сярод сучасных заходніх гісторыкаў, мысленне якіх знаходзіцца пад моцным уплывам сацыяльнага асяроддзя.
Адна з прычын, што выклікалі гэта памылковае меркаванне, палягае ў тым, што сучасная заходняя цывілізацыя пашырыла сваю эканамічную сістэму па ўсім свеце. Следам за эканамічнай уніфікацыяй, якая грунтуецца на заходнім падмурку, рушыла і ўніфікацыя палітычная, якая мае той самы падмурак і якая зайшла амаль гэтак сама далёка. Нягледзячы на тое, што палітычная экспансія заходняга свету ў нашыя дні не такая відавочная і наступальная, як экспансія эканамічная, каля 60-70 дзяржаў сучаснага свету, уключаючы таксама існуючыя незаходнія дзяржавы, тым не менш, апынуліся ў цяперашні час складнікамі (у рознай ступені ўключанасці) адзінай сусветнай сістэмы дзяржаваў з адзіным міжнародным правам.
Заходнія гісторыкі перабольшваюць значнасць гэтых з’яваў. Па-першае, яны лічаць, што ў цяперашні час уніфікацыя свету на эканамічнай аснове Захаду больш ці менш завершаная, а значыць, на іх думку, завяршаецца ўніфікацыя і па іншых напрамках. Па-другое, яны блытаюць уніфікацыю з адзінствам, перабольшваючы такім чынам ролю сітуацыі, якая гістарычна склалася зусім нядаўна і якая не дазваляе пакуль казаць аб стварэнні адзінай Цывілізацыі, а пагатоў атаесамляць яе з заходнім грамадствам.
Заходняе грамадства абвяшчаецца, тым не менш, цывілізацыяй унікальнаю, адзінаю і непадзельнаю, цывілізацыяй, якая пасля працяглага перыяду змагання дасягнула нарэшце мэты сусветнага панавання. А тая акалічнасць, што яе эканамічная сістэма трымае ў сваіх сілках усё чалавецтва, падаецца як «нябесная свабода дзяцей Божых».
Тэза аб уніфікацыі свету на падмурку заходняй эканамічнай сістэмы як заканамерны вынік адзінага і бесперапыннага працэсу развіцця чалавечай гісторыі вядзе да велізарных скажэнняў фактаў і да дзіўнага звужэння гістарычнага кругагляду.
Па-першае, падобны погляд на сучасны свет варта абмежаваць толькі эканамічным і палітычным аспектамі сацыяльнага жыцця, але недапушчальна распаўсюджваць яго на культуру, якая не толькі глыбейшая ад першых двух пластоў, але і больш фундаментальная. У той час як эканамічная і палітычная карты свету сапраўды амаль цалкам «вестэрнізаваныя», культурніцкая карта і дагэтуль застаецца такою, якою яна была да пачатку заходняе эканамічнае і палітычнае экспансіі...
Па-другое, догма «адзінства цывілізацыі» прымушае гісторыка ігнараваць тое, што бесперапыннасць гісторыі дзвюх роднасных цывілізацый адрозніваецца ад бесперапыннасці двух паслядоўных раздзелаў гісторыі аднае цывілізацыі. He лічачыся з гэтым адрозненнем, гісторыкі пачынаюць разглядаць старагрэцкую гісторыю як адзін з раздзелаў гісторыі заходняй цывілізацыі (які яны ўжо безумоўна зрабілі тоесным з Цывілізацыяй). У гэтым самым ракурсе разглядаюць і гісторыю мінойскага грамадства. Такім чынам, тры цывілізацыі аб’ядноўваецца ў адну, а гісторыя адзінае Цывілізацыі апынаецца выпрастанаю ў лінію, што ідзе ўніз ад усёабдымнае сучаснае заходняе цывілізацыі да прымітыўнага грамадства неаліту, а ад неаліту праз верхні і ніжні слаі матэрыяльнай культуры палеаліту да дагістарычных продкаў Чалавека.
Па-трэцяе, яны папросту ігнаруюць этапы або раздзелы гісторыі іншых цывілізацый, калі тыя не ўпісваюцца ў іх агульную канцэпцыю, апускаючы іх як «напалову варварскія» ці «дэградаваныя» або адносячы іх да Усходу, які, маўляў, фактычна выключаўся з гісторыі цывілізацыі. Нарэшце, яны зусім не бяруць пад увагу наяўнасць іншых цывілізацый. Праваслаўнае хрысціянства, напрыклад, або лічыцца часткаю заходняга хрысціянства, што можна вывесці з назвы, або малюецца як часовы нарост на целе заходняга грамадства. Праваслаўнае хрысціянства, паводле гэтай версіі... служыла апірышчам заходняга грамадства ў барацьбе з Усходам...