Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Сувязь паміж паняццем грамадскага супрацоўніцтва і канцэпцыяй асобы, якую я ўводжу, можна растлумачыць наступным чынам. Паняцце грамадскага супрацоўніцтва гэта не проста паняцце скаардынаванай грамадскай дзейнасці, эфектыўна арганізаванай і кіроўнай на падставе агульнапрызнаных правілаў дзеля дасягнення пэўнай супольнай мэты. Грамадскае супрацоўніцтва заўсёды на ўзаемную карысць, і адсюль вынікае, што яно прадугледжвае два элементы. Першы з іх такі: агульнае паняцце сумленных умоў супрацоўніцтва, з якімі, як рэзонна можна спадзявацца, пагодзіцца кожны супольнік, калі ўсе астатнія таксама іх прымаюць. У сумленных умовах супрацоўніцтва ўвасоблена ідэя ўзаемнасці і супольнасці: кожны чалавек, які ўдзельнічае ў грамадскім супрацоўніцтве, павінен атрымаць адпаведную карысць або раздзяліць агульны цяжар паводле зручнага параўнальнага крытэру. Гэты элемент грамадскага супрацоўніцтва я называю «рэзонным». Другі элемент заслугоўвае, каб быць названым «рацыянальным»: ён датычыць рацыянальнай схільнасці кожнага супольніка як асобы. Калі паняцці сумленных умоў супрацоўніцтва агульныя, то ўяўленні супольнікаў пра ўласныя рацыянальныя схільнасці прынцыпова адрозніваюцца. Адзінства грамадскага супрацоўніцтва апіраецца на асоб, якія пагаджаюцца з паняццем сумленных умоў.
Цяпер паняцце сумленных умоў грамадскага супрацоўніцтва залежыць ад прыроды самой супрацоўніцкай дзейнасці: ад фундаментальнага грамадскага кантэксту, ад мэтаў і спадзяванняў супольнікаў, ад іхняга стаўлення да сябе і адзін
33 Чалавек палітычны, чалавек эканамічны, чалавек-творца (лац.)
да аднаго як асоб і г. д. Тое, што можна лічыць сумленнымі ўмовамі супольнага партнёрства, каб далучыцца да асацыяцый або невялікіх груп ці камандаў, не прыдатнае для грамадскага супрацоўніцтва. Бо ў гэтым выпадку мы пачынаем з разгляду асноўнай структуры грамадства як формы супрацоўніцтва. Гэтая структура складаецца з галоўных грамадскіх інстытуцый: канстытуцыі, эканамічнага ладу, законнага парадку з яго стаўленнем да ўласнасці і да т. п„ а таксама з таго, як тыя інстытуцыі ўкладаюцца ў адну сістэму. Адметная рыса асноўнай структуры грамадства палягае ў тым, што яна забяспечвае поле для самадастатковага функцыянавання схемы супрацоўніцтва дзеля істотных мэтаў чалавечага жыцця, мэтаў, якім служыць разнастайнасць асацыяцый і груп у межах гэтага поля. Я мяркую, што грамадства, пра якое мы гаворым, закрытае, і нам трэба ўявіць, што няма іншага спосабу ўвайсці ў яго або выйсці з яго, апрача як праз нараджэнне і смерць; такім чынам, людзей фармуе грамадства як самадастатковая схема супрацоўніцтва, і мы павінны ставіцца да асобаў як да людзей, здольных быць нармальнымі і актыўнымі супольнікамі грамадства на працягу ўсяго жыцця. 3 гэтых абумовак вынікае, што грамадскае супрацоўніцтва можа быць жаданае і гарманічнае, і ў гэтым сэнсе добраахвотнае, але яно не добраахвотнае ў тым сэнсе, што наша далучэнне або прыналежнасць да асацыяцый і груп у межах грамадства добраахвотнае. Грамадскаму супрацоўніцтву няма альтэрнатывы, апрача як нежаданне і вымушанае падпарадкаванне або супраціў і грамадзянская вайна.
Джон Ролс. Асноўныя свабоды і іх прыярытэт. Пераклад пад рэдакцыяй В. Вайткевіча II Анталогія сучаснай палітычнай філасофіі. Мінск, 1999. С. 158-159.
СТЫВЕН ТУЛМІН
Мы можам лічыць, што грамадства ў цэлым утварае адзіную функцыянальную «сістэму» толькі ў тым выпадку, калі ў нас не атрымліваецца аддзяліць больш свабодныя сацыяльныя і палітычныя сувязі паміж рознымі грамадскімі інстытутамі ад больш шчыльных і болып фармальных дачыненняў, якія існуюць у асобна ўзятых інстытутах. У кожным інстытуце цалкам магчымыя жорсткія функцыянальныя стасункі паміж рознымі ролямі, напрыклад, паміж старшынёй управы і генеральным дырэктарам або паміж галоўнакамандуючым і начальнікам штаба. Але будаваць стасункі, скажам, паміж арміяй і індустрыяй, царквою і заканадаўчымі ўстановамі.паводле адной і той жа сістэмнай мадэлі было б гэтак жа памылкова, як і лічыць дачыненні паміж механікай і оптыкай жорсткімі лагічнымі дачыненнямі, якія можна параўнаць з тымі, што існуюць у самой механіцы. У кожным выпадку, гэтая памылка выклікае адзін і той жа водгук. Калі складовыя элементы грамадства ў цэлым (або навукі ў цэлым) гэтак шчыльна звязаныя паміж сабою, як мае на ўвазе гэты пункт погляду, то ў такім выпадку іх нельга будзе мадыфікаваць паступова або па адным: адзіная магчымасць ажыццявіць радыкальныя перамены будзе палягаць у тым, каб адкінуць усю «сістэму» ў цэлым і пачаць усё з пачатку.
Наадварот, адзіны бяспечны спосаб пазбегнуць гэтага заключэння адным ударам разбіць і ультрасістэмны, і ультрарэвалюцыйны пункты погляду.
Стывен Тулмін. Чалавечае разуменне.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Toulmin, S. Human Understanding.
Princeton, 1972. P. 196-198.
ІСАЯБЭРЛІН
Mepy свабоды чалавека або народа ў сэнсе самастойнага выбару, пажаданага для яго жыцця, трэба ўзважваць разам з многімі іншымі каштоўнасцямі, сярод якіх, бадай, самыя відавочныя роўнасць, або справядлівасць, або шчасце, або бяспека, або грамадскі парадак. 3 гэтай прычыны яна не можа быць абмежаваная. Нам слушна нагадваюць..., што свабоду магутных фізічная гэта магутнасць або эканамічная неабходна абмяжоўваць. Гэтая сентэнцыя павінна выклікаць павагу не як вынік апрыёрнага правіла, у якім павага да свабоды аднаго чалавека лагічна ўтрымлівае ў сабе павагу да свабоды іншых людзей, а проста таму, што павага да прынцыпаў справядлівасці або адчуванне сораму за няроўнае стаўленне да людзей настолькі ж уласцівыя чалавеку, як і невыпадковая ісціна.
Ісая Бэрлін. Дзве канцэпцыі свабоды.
Пераклад пад рэдакцыяй В. Вайткевіча II Анталогія сучаснай палітычнай філасофіі.
Мінск, 1999. С. 85-86.
ЛЕШАК КАЛАКОЎСКІ
...Ці можна абараняць патрэбу і неабходнасць сакральнага з гледзішча культуры? Я думаю, што такі падыход і правамоцны, і слушны. Паспрабую тут выказаць, хутчэй, падазрэнне, чым упэўненасць: існуе цесная сувязь паміж працэсамі распаду сакральнага распаду, якому ў нашым грамадстве спрыяюць як розныя плыні ў хрысціянстве, так і яго ворагі з духоўнымі крызамі, якія, як я мяркую, пагражаюць культуры дэградацыяй ці нават ёсць прадвесцем калектыўнага самазабойства.
Тут я маю на ўвазе з’явы, якія найбольш агульным чынам можна назваць прагненнем да аморфнасці, аднароднасці ці поўнай аднолькавасці, ілюзіяй неабмежаваных здольнасцяў грамадства да самаўдасканальвання, іманентнымі эсхаталогіямі, інструментальным стаўленнем стасоўна індывідульнага жыцця...
Каб зрабіць грамадства лепшым, дык трэба верыць, што яго магчыма выправіць. Але пры гэтым заўсёды мусяць быць людзі, якія думаюць пра цану, што патрабуе кожнае такое выпраўленне. Сакральны парадак гэта таксама і адчувальнасць да зла, якая дазваляе нам узважыць гэтую цану і змушае да пытання, ці не ёсць яна залішняю?
Лешак Калакоўскі. Рэванш сакральнага ў свецкай культуры II Яго ж. Наш вясёлы апакаліпс: [эсэ]. Пераклад А. Ластоўскага і Т. Нядбай. Мінск, 2012. С. 91, 95
...Якім чынам таталітарныя ідэалогіі сілкуюцца ў дэмакратычных сістэмах?
Са шматлікіх аспектаў гэтага пытання я вылучу тыя, якія, як мне здаецца, звязаныя з традыцыяй ліберальнай ідэі.
Дзесяцігоддзямі пішуць пра тое, што ўзрослая эканамічная роля дзяржавы ў дэмакратычных краінах назапасіла ў сабе значны таталітарны патэнцыял, і хоць праз гэтую дзяржаўную экспансію ніводная з істотных грамадзянскіх свабод у апякунчых дзяржавах Захаду не была ліквідаваная, аднак мацнее пачуццё, што ўлада імкнецца ўсё больш кантраляваць кожнае персанальнае жыццё. Залішнім тут будзе падкрэсліваць, што сама з сябе апякунчая дзяржава зусім не запэўнівае ані «дэмакратызацыі» эканамічнай улады, ані яе эгалітарнага падзелу.
Традыцыйная ліберальная дактрына лічыла, што свабода эканамічных дзеянняў ёсць калі і не дастатковай, дык неабходнай умоваю палітычных свабод, аб чым сведчыла як гісторыя дзвюх формаў сацыяльнага жыцця, так і непасрэдны досвед ужо нашага часу. Што да другой складовай гэтай тэзы, дык гісторыя камуністычных дзяржаў выдаецца за instantia crutis34: дэспатычныя формы кіравання, знішчэнне грамадзянскіх свабод і правоў чалавека ў гэтых краінах відавочна звязаныя з дзяржаўнай манаполіяй над вытворчасцю і гандлем. Заступнікі дэмакратычнага сацыялізму адказваюць на гэта, што ў вядомай нам рэтраспектыве дэспатычны камунізм узнік зусім не ў выніку адзяржаўлення сродкаўвытворчасці, але (і гэта без выключэнняў) праз выкарыстанне палітычнага гвалту, што палітычная экспрапрыяцыя заўсёды папярэднічала эканамічнай экспрапрыяцыі, і таму аргументы лібералаў не маюць сілы. 3 іншага боку, кажуць сацыял-дэмакраты, частковае адзяржаўленне, што мае месца ў заходніх краінах, і рэгуляванне коштаў, даходаў, замежнага гандлю ды інвестыцый зусім не прывялі да паўставання таталітарных сістэм. Таму сувязь паміж узмацненнем ролі дзяржавы і таталітарызмам, які падкрэсліваць лібералы, зусім не відавочная.
Такая абарона мае грунтоўныя падставы, але сфера яе выкарыстання залежыць ад таго, як вызначаецца свабода гаспадарчага дзеяння. Сацыялісты ўжо даўно звяртаюць увагу на тое, што свабода ў неабмежаванай форме стварае такое ж неабмежаванае назапашванне капіталу і ўрэшце прыводзіць да манаполіі, а значыць, праз сваю паслядоўную рэалізацыю знішчае базавыя прынцыпы вольнасці і супрацоўніцтва (адсюль і паўстаюць розныя спробы антыманапольнага заканадаўства). 3 іншага боку, усе сучасныя прыклады плюралістычных грамадстваў гэта прыклады змяшаных эканомік; і няма ніводнага выпадку, які б сведчыў, што татальнае адзяржаўленне эканомікі можа быць узгодненым з палітычнай свабодаю. Як здаровы розум, так і гістарычны досвед не даюць нам падстаў меркаваць неяк інакш.
Падобна, што дзеля захавання палітычных свабод істотным ёсць не столькі падзел уласнасці, колькі само існаванне рынку. Пакуль дзейнічае рынак, не так эканамічна важна, чыя ўласнасць сродкаў вытворчасці (прыватная, індывідуальная, карпаратыўная ці кааператыўная), як бы тое ні было істотным
34 Вырашальнае выпрабаванне (лац.).
для падзелу прыбыткаў, дзеля прадукцыйнасці ды з іншых падстаў. «Эканамічна няважнае» тут азначае «якое не мае непасрэднага дачынення да абмену»...